Вы тут

Фільм «Наш HLEB» пакажуць 17 сакавіка на «Беларусь 1»


Ён — адна з яркіх зорак не толькі айчыннага, але і еўрапейскага футболу. Замежныя трэнеры і сябры па клубах у адзін голас называюць яго «крэйзі Алекс», а юныя «дынамаўцы» з захапленнем адзначаюць: лепш за ўсё на полі Аляксандр Глеб умее «тварыць цуды». Днямі ў Мінску адбыўся закрыты паказ дакументальнага фільма пра ягоную ашаламляльную кар'еру, ад «Штутгарта» да «Арсенала» і «Барселоны». Гэта прыгожая кропка: самы славуты беларускі футбаліст абвясціў аб завяршэнні кар'еры. «Футбаліст недзе ўнутры яшчэ не сышоў, але разумею: хопіць, нагуляўся. Сёлета ўжо 39, хочацца ўдзяліць увагу сям'і, дзецям... Але дакладна застануся ў футболе — хачу яго развіваць, прасоўваць, бо наш беларускі футбол пакуль што ў самым нізе», — сказаў Аляксандр.


Магчыма, падсалодзіць горкую пілюлю балельшчыкам абяцанне правесці на стадыёне «Дынама» развітальны матч, у якім плануецца сабраць топавых беларускіх і еўрапейскіх гульцоў. Але гэтай гульні давядзецца чакаць як мінімум некалькі месяцаў (самі разумееце: і арганізацыйныя складанасці, і пагрозы каранавіруса), а вось паглядзець фільм «Наш HLEB» у эфірнай версіі можна будзе ўжо 17 сакавіка на «Беларусь 1». Пашыраная, працягласцю амаль 1,5 гадзіны, яна неўзабаве з'явіцца на афіцыйным YouTube-канале Белтэлерадыёкампаніі.

«Мы працавалі над фільмам амаль год, — расказвае яго аўтар Ганна Эйсмант, — адштурхнуліся ад моманту, калі БАТЭ ў плэй-оф Лігі Еўропы згуляў з «Арсеналам». Саша, канешне, вельмі саромеўся, калі ў Лондане яго пастаянна пазнавалі балельшчыкі, ён вельмі сціплы, што мяне ўражвае ўсе гады знаёмства з ім. Але нам удалося зрабіць так, каб Саша разняволіўся і быў самім сабой — праз гэта мноства жартаў і цікавінак засталося па-за кадрам. Затое ў фільме няма ніводнай пастановачнай сцэны і нам далі інтэрв'ю практычна ўсе важныя для Сашы людзі, якія паўплывалі на яго жыццё і кар'еру. І я спадзяюся, што нам удалося паказаць аматарам футболу рознага Глеба — вельмі простага, добрага і вясёлага, зусім не «зорнага» хлопца, такога, якім яго, магчыма, многія не ведалі».

— Ведаеце, як быццам зноў упершыню выйшаў на поле, — прызнаўся футбаліст пасля прагляду фільма «імя сябе». — Перажыў наноў самыя розныя эмоцыі, у пэўныя моманты нават слёзы падступалі... Затое дакладна будзе што расказаць і паказаць дзецям, калі яны падрастуць.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Глеб наш: Гісторыя легенды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».