Вы тут

Каранік: Рост колькасці пацыентаў з каранавірусам не звязаны з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне


Рост колькасці пацыентаў з каранавірусам не звязаны з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне, заявіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік у праграме «Размова ў Прэзідэнта» на канале «Беларусь 1».


Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра выяўленне інфіцыраваных ўсярэдзіне «перыметра»: ва ўстановах аховы здароўя, куды былі шпіталізаваны грамадзяне, якія кантактавалі з хворымі.

«Сітуацыя пастаянна мяняецца, але мяняецца яна ў кіраваным ключы. Калі людзі бачаць лічбы тых пацыентаў, у якіх лабараторна выказана падазрэнне альбо ўстаноўлена РНК віруса COVID-19, шмат у каго ўзнікае адчуванне, што тут у нас эпідэмія або сітуацыя пагаршаецца. На самай справе гэта вынік планамернай работы Міністэрства аховы здароўя. Мы, калі выяўлялі станоўчыя выпадкі, праводзілі працу па ўсталяванні тых людзей, з якімі інфікаваныя вельмі шчыльна кантактавалі, і своечасовай іх ізаляцыі», — сказаў міністр.

«На момант ізаляцыі, — растлумачыў далей Каранік, — тэсты ва ўсіх былі адмоўныя, вірус з арганізма яны не вылучалі. Але ў частцы, напэўна, усё-ткі інфікаванне вірусам адбылося. Перыядычна мы зараз бачым, ужо па сканчэнні часу, лабараторнае пацверджанне наяўнасці віруса ў арганізме. Таму гэты лік павялічваецца. Але гэта не ў сувязі з тым, што сітуацыя пагаршаецца за межамі ўстаноў аховы здароўя».

«Як мы кажам, гэта адбываецца ўнутры перыметра, які мы своечасова зачынілі, і мы чакалі, што частка з гэтых пацыентаў стане носьбітамі дадзенай інфекцыі, але ранняя іх ізаляцыя і медыкаментознае суправаджэнне, ранняе ўмяшанне пры найменшых праявах хваробы прыводзіць да таго, што гэта, па-першае, лакалізуе ачаг, па-другое, зніжае рызыку развіцця цяжкіх і сярэднецяжкіх формаў захворвання і спрыяе больш хуткай папраўцы пацыента», — адзначыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

Паводле яго слоў, калі браць статыстыку, 81% інфікаваных пераносяць гэта захворванне ў лёгкай форме, многія «наогул на нагах». 14% пацыентаў патрабуюцца «нейкая медыкаментозная падтрымка і назіранне медперсаналу», але ў іх гэта «таксама не выклікае істотнай рызыкі для здароўя і для жыцця».

«У 5%, гэта ў першую чаргу ўразлівыя кантынгенты, патрабуецца ўжо інтэнсіўная тэрапія, шматлікім — тэрапія ва ўмовах аддзялення рэанімацыі, і тут ужо ёсць рызыка для здароўя і для жыцця», — заявіў Каранік.

Задача сістэмы аховы здароўя, падкрэсліў міністр, паменшыць распаўсюд віруса сярод уразлівых пацыентаў, «а, калі ён туды трапіў, забяспечыць адэкватную медыцынскую дапамогу».

На вечар 12 сакавіка ў Беларусі зафіксаваны 21 выпадак COVID-19. Носьбіты віруса знаходзяцца ў бальніцах, іх стан здавальняючы. Траіх, у якіх апошнія аналізы на каранавірус далі адмоўныя вынікі, рыхтуюць да выпіскі, паведаміла раней Міністэрства аховы здароўя.

Урад прыняў рашэнне абмежаваць да 6 красавіка правядзенне культурна-масавых, спартыўных і навуковых мерапрыемстваў з міжнародным удзелам.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.