Вы тут

Фолк, фэнтэзі і трошкі хуліганства, або Шляхта з тутэйшым каларытам


Гэтай зімой артысты з розных краін актыўна пераспявалі новы хіт — саўндтрэк з неверагодна папулярнага серыяла Netflix «Вядзьмак» паводле аднайменнай кніжнай серыі польскага фантаста. Дзяржаўныя ансамблі, самадзейныя і прафесійныя вакалісты, YouTube-блогеры кожны на свой лад цягнулі песню «Ведзьмару заплаціце чаканнай манетай» і збіралі порцыі лайкаў, захапленняў і крытыкі. Вірусны хіт дакаціўся і да Беларусі: першымі «Ведзьмака» на беларускай выканаў фальклорны ансамбль «Тутэйшая шляхта», які да Дня роднай мовы зрабіў слухачам падарунак — кліп, зняты ў Нацыянальным мастацкім музеі.


Следам трэнд падхапілі маладая спявачка LEAR (Валерыя Суравіцкая) і гусляр, вакаліст «Старога Ольсы» Алесь Чумакоў, чыім голасам будзе размаўляць бард—сябар ведзьмара ў беларускамоўнай агучцы серыяла. І падобна на тое, што творчае спаборніцтва на гэтым не завершыцца.

...Яшчэ да канца лютага колькасць праглядаў кліпа на розных платформах перавысіла 60 тысяч. Мастацкі кіраўнік «Тутэйшай шляхты» Вольга МАХНАЧ і аўтар беларускамоўнага перакладу, вакаліст гурта Дзяніс СЦЯПУРА прызналіся «Звяздзе», што нават не чакалі такой маштабнай і прыязнай рэакцыі на «творчае хуліганства», і расказалі, што будзе з «Ведзьмаком» далей і наогул чым ансамбль жыве сёння.

— Вы зрабілі кавер, паглядзеўшы, як гэта рабіў Омскі хор, ці самім стала цікава? А мо, хтосьці з ансамблю захапляецца фэнтэзі?

— Гісторыя была наступнай: калі выйшаў серыял The Witcher, наш сябар і калега Ахрэм Белабровік, які робіць праект «VKL 3D», прапанаваў ансамблю зрабіць кавер на вірусную песню пра ведзьмара. Ідэя спадабалася, і мы вырашылі трошкі пахуліганіць. Літаральна за некалькі дзён зрабілі пераклад, адштурхоўваючыся і ад англамоўнага арыгіналу, і ад версій суседніх краін — украінскай, рускай, польскай — такую працу я рабіў першы раз у жыцці. Хацелася зрабіць не дубляж, а асобны мастацкі твор паводле фільма. Каб песня была зразумелай нават тым, хто не вельмі добра ведае беларускую мову, падбіраў простыя, зразумелыя словы; а каб дадаць нацыянальны каларыт, адметную беларускасць і шляхецкі дух, з’явіўся радок «ведзьмару дайце талер», — гаворыць Дзяніс Сцяпура. — Вольга хуценька стварыла аранжыроўку ў стылі «Тутэйшай шляхты», у выходны дзень запісалі дэма-відэа — дарэчы, падчас здымак за нашымі спінамі пападалі харугвы, і гэты момант вырашылі пакінуць: шалець дык шалець... Нечакана жарт выбухнуў у медыяпрасторы — толькі на нашым канале відэа паглядзелі больш 20 тысяч разоў, шматлікія СМІ «расшарылі» гэту навіну, а сотні чалавек у каментарах прасілі запісаць больш якасную студыйную версію. Яе і здымкі кліпа з дапамогай Symbal.by мы зладзілі ў рэкордныя два дні.

— Мой муж у студэнцкія гады вельмі любіў чытаць фэнтэзі, а вось я ні серыял не глядзела, ні кніг Сапкоўскага, паводле якіх ён зняты, не чытала, — усміхаецца Вольга Махнач. — Да таго ж мы наогул ніколі не рабілі кавераў — ансамбль выконвае альбо ўласную музыку, альбо апрацоўкі народных песень. Таму вопыт атрымалі даволі цікавы.

— Пасля атрыманага хайпу ўзнікае лагічнае пытанне: што далей? Пахуліганілі і забыліся, альбо песня будзе гучаць?

Дзяніс: На жывых канцэртах, канешне, будзе гучаць у акустычным выкананні.

Дасье «Звязды»

Фальклорны ансамбль «Тутэйшая шляхта» створаны пры Белдзяржуніверсітэце ў 1992 годзе, яго заснавалі супрацоўнікі БДУ браты Лявон і Анатоль Махначы. Калектыў стаў лаўрэатам шэрагу нацыянальных і міжнародных фестываляў, у 2000 годзе атрымаў званне народнага, у 2013-м — стаў пераможцам фестывалю народнай творчасці «Сузор’е». На сёння «Тутэйшая шляхта» мае ў складзе 17 чалавек, безліч запісаных сінглаў і два асобныя калектывы: уласна народны ансамбль і студыйны фолк-рок праект «TS» (існуе з 2016 года).

Дзе можна пачуць і ўбачыць «Тутэйшую шляхту», акрамя як у інтэрнэце? Гэтай вясной музыкі плануюць даволі вялікі сольны канцэрт, пра які абяцаюць расказаць загадзя ў сацсетках, а наогул яны часта выступаюць у невялікіх культурніцкіх імпрэзах — універсітэцкіх, музейных ды іншых. Улетку ж збіраюцца на гастролі ў Польшчу, таксама рыхтуюць да выпуску два сінглы — «Ведзьмаку дайце талер» з караоке-дадаткам для ўсіх ахвотных і «Ведзьмакі» (не, гэта не тое ж самае), і два паўнавартасныя альбомы — зборнік старажытнавайсковых песень у фолк-рок-стылістыцы і сімфа-рокавы альбом дзявочага трыа «Anna Maria».

— Ёсць некалькі кірункаў, у якіх мы працуем, — распавядае Вольга Махнач. — Калі «Тутэйшая шляхта» толькі пачыналася, амаль 30 гадоў, трымаліся фальклорнага кірунку: выконвалі апрацоўкі народных беларускіх песень, якія рабіў наш заснавальнік Леанід Махнач (напрыклад, калектыў апрацаваў любімую песню Уладзіміра Караткевіча «Пад дубам, дубочкам» — Аўт.). Тады, дарэчы, ансамбль і касцюмаў уласных не меў, пазычаў у іншых калектываў народныя строі, саламяныя капелюшы ды кашулі. Потым пачалі з’яўляцца аўтарскія творы, а ў 1997-м з’явіліся і першыя шляхецкія ўборы, зробленыя, дарэчы, беларускай мастачкай па гістарычных эскізах.

Я трапіла ў ансамбль вельмі юнай, у 15 год, і адпаведна ўзросту бунтавала, хацелася дадаць у аркестравую групу больш сучаснага гучання. У 2006 годзе мы запісалі першую песню ў рок-стылістыцы — і практычна забыліся на той эксперымент, тым больш у радыёратацыю кампазіцыя не трапіла. Але праз колькі гадоў звярнуліся зноў да року, да якога мы ўсё больш схіляліся ў студыйных запісах. І цяпер паралельна развіваюцца розныя музычныя кірункі. Напрыклад, наш саліст Андрэй Сцяпанаў (ён выканаў галоўную партыю і ў «Ведзьмары» — Аўт.) больш любіць джаз-рок, а Анастасія Сянько, якую мы называем Зорка Крэва, мае моцны «народны» голас і больш любіць фолк-рок, аздоблены дудой і адпаведнымі інструментамі, і ёсць яшчэ тры дзяўчыны з акадэмічнымі галасамі — яны адказваюць за «палацавы», акурат шляхецкі кірунак, ад Станіслава Манюшкі да музычнай спадчыны Радзівілаў, і за сімфанічны рок. Дзяніса таксама на ўсіх канцэртах называюць «ваяром» і «шляхціцам, які нібы сышоў з партрэту».

— Кажуць, што выпраўка Дзяніса наўпрост звязаная са званнем капітана міліцыі?

Дзяніс: Штосьці ад гэтага ёсць (смяецца). Я ж вучыўся ў Акадэміі МУС чатыры гады, працаваў у міліцыі і даслужыўся да капітана, але пры гэтым заўжды быў творчым чалавекам. Схільнасць да музыкі і голас, напэўна, пераняў ад маці, якая працавала ў Ніжагародскім оперным тэатры, грала на піяніна і гітары.

Наогул, ансамбль — суполка не толькі студэнцка-выкладчыцкая, але і сямейная. Вольга Махнач прыйшла ў калектыў следам за бацькам і дзядзькам, а цяпер ужо яе сын, малады піяніст Альгерд Грышчанка, бярэ ўдзел у запісах і канцэртах. Падобная гісторыя і ў Дзяніса Сцяпуры, які трапіў у гурт дзякуючы будучай жонцы Марыі Копцель — паслухаўшы той самы першы фолк-рок запіс «Тутэйшая шляхты» — песню «Ах вы, столікі мае», Дзяніс зразумеў: гэта тое, чым хочацца займацца далей. З ролі адміністратара вельмі хутка перайшоў да бэк-вакаліста, тым больш, што ўжо меў пастаўлены голас — як жартуюць калегі, «камандны», хоць на сцэне спачатку і саромеўся.

Што здзіўляе, ніхто з салістаў ансамблю не мае вакальнай музычнай адукацыі. Заснавальнік «Тутэйшай шляхты» Лявон Махнач наогул хімік па прафесіі, Андрэй Сцяпанаў — духавік, дудар, Вольга Махнач — інструменталістка і дырыжор, вакальныя здольнасці развівала дадаткова з педагогамі, а цяпер ужо сама «ставіць» галасы іншым удзельнікам.

Вольга: Ва ўніверсітэце ёсць пазіцыя, што калектывы павінны займаць студэнтаў і выкладчыкаў, таму перыядычна мы прымаем новых людзей. Хто патрэбны зараз? Спевакі, асабліва мужчынскія галасы, а таксама музыкі — але ім давядзецца цяжка, бо патрабаванні высокія, вучыцца не будзе калі, трэба адразу ўмець граць.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з архіва ансамблю

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.