Вы тут

Як расіянка з беларусам стварылі амаль на мяжы дзвюх краін турыстычны рай


Пасёлак з незвычайнай назвай Каробчына — лічы, ускраіна Мсціслава. Прыезджы нават не зразумее, дзе заканчваецца адзін населены пункт і пачынаецца другі. Але ўжо ад адной прасторы, якая адкрываецца воку, дух захоплівае. Менавіта тут пасяліліся Сяргей і Таццяна Рыбаковы — некалькі гадоў таму яны памянялі маскоўскую мітусню на вясковыя маляўнічыя краявіды. Думалі, што купляюць дачу, а аказалася — дом для пастаяннага жыхарства.


Белыя клубніцы і зялёныя памідоры

— Мы сюды і раней прыязджалі да сваякоў мужа капаць бульбу, а калі даведаліся, што ў Каробчыне прадаецца пусты дом, вырашылі набыць яго, — Таццяна расказвае аб узнікненні ідэі сядзібы «Духмяны сад». — Прырода, самі бачыце, чароўная, паветра — крыштальнае. Такога ў горадзе ні за якія грошы не купіш. Там наогул дыхаць нечым.

Ад Мсціслава да Расіі рукой падаць, і назвы на беларускай мове тут сустракаюцца не вельмі часта, а вось Рыбаковы вырашылі на гэтым зрабіць акцэнт. Беларускамоўны варыянт дакладней перадае той стан, якім, уласна, іх сад і зачароўвае. Стартавы капітал сужэнцы зараблялі як маглі: каля года здавалі дом будаўнікам, якія рыхтавалі раённы цэнтр да «Дажынак». Прадалі дзве машыны і купілі адну бюджэтную. Трэба ж было не толькі дом прывесці ў парадак, але і, каб адпавядаць назве, закласці сад. Саджанцы і расаду бралі выключна ў гадавальніках, каб атрымаць стапрацэнтны ўраджай. Свайго вопыту па вырошчванні садавіны-агародніны не было, і Таццяна гадзінамі маніторыла інтэрнэт-прастору ў пошуку карысных ідэй. Гэтыя намаганні былі ўзнагароджаныя. У першы ж год сям'я атрымала цэлых паўтары тоны смачных памідораў.

Сёння памідораў у аграсядзібе — звыш шасці дзясяткаў відаў! Для запякання, напрыклад, патрэбен адзін сорт, для супу — другі, для салатаў — трэці. Клубніцы таксама прадстаўлены амаль у сарака варыянтах. Асабліва ўсе прыходзяць у захапленне ад Pіneberry («Ананасавая ягада») — клубніц незвычайнага белага колеру з чырвонымі зярняткамі. А яшчэ Рыбаковы вырошчваюць нязвыклы для вока сорт памідораў «Балато» — у спелым выглядзе яны зялёныя. Белымі клубніцамі і зялёнымі памідорамі могуць ласавацца нават алергікі: Рыбаковы паклапаціліся, каб у іх гаспадарцы былі бяспечныя прадукты і для такіх людзей. А яшчэ Сяргей і Таццяна паспелі паэксперыментаваць з бахчавымі: кавуны атрымаліся смачныя, а вось дыні пакуль не даспелі.

Продажу вітамінаў таксама давялося вучыцца з нуля. Агульнае ўяўленне было, кажа Таццяна, але ніколі дагэтуль не мелі справу з сельскагаспадарчай прадукцыяй. Навуку спасцігалі метадам спроб і памылак: вывозілі тавар у найбліжэйшыя раёны Расіі і Беларусі, шукалі пастаянных кліентаў, вывучалі попыт.

Грант на развіццё

Любы бізнес — справа рызыкоўная. Вось і Таццяна з Сяргеем прызнаюцца, што страшна было пачынаць, а калі ўцягнуліся, і цікавасць з'явілася, і ідэі пачалі прыходзіць адна за другой. У Мсціславе ёсць Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, які дапамагае вось такім ініцыятыўным людзям шукаць магчымасці атрымаць пад свае ідэі капітал. Менавіта гэта ўстанова дапамагла паўдзельнічаць у праекце «Малыя гарады», што праводзіўся па Праграме развіцця ААН і Міністэрства эканомікі. Бізнес-ідэя сям'і Рыбаковых аказалася ў ліку пераможцаў і атрымала грант — шэсць тысяч рублёў. За гэтыя грошы яны купілі вялікую цяпліцу плошчай 160 квадратных метраў і пачалі там вырошчваць расаду. Хапае месца і для эксперыментаў. Рыбаковых сёння ў вёсцы называюць не інакш як селекцыянерамі. Іх расада і саджанцы заўсёды даюць добры ўраджай. Таму і ахвотных набыць пасадачны матэрыял робіцца ўсё больш. А заадно з'яўляецца цікавасць да садоўніцтва, працы на зямлі. І Рыбаковы задаволены, што яны не адзіныя ў сваіх памкненнях зрабіць месца, дзе жывуць, лепшым. Самі яны цесна супрацоўнічаюць з тым жа Цэнтрам падтрымкі прадпрымальніцтва, пішуць бізнес-ідэі, удзельнічаюць у конкурсах.

— Прафесіяналы заўсёды могуць даць каштоўныя парады, падказаць, у якім кірунку рухацца. А мы гэтай інфармацыяй дзелімся з іншымі. Павінна быць каманда, толькі так мы зможам зрабіць нешта карыснае і для сябе, і для раёна, — кажа суразмоўніца.

Кластарнае мысленне

У сваім жыцці Таццяна шмат падарожнічала па краінах, цікавілася традыцыямі і звычкамі розных народаў. Яе канёк — смачныя стравы. А гэта, як той казаў, справа тонкая. Яшчэ не ўсякія памідоры падыдуць да таго ж іспанскага гаспача. Таму ў цяпліцы Рыбаковых так шмат сартоў гэтай агародніны. І гаспача, усміхаецца Таццяна, атрымліваецца з іх яшчэ лепшае, чым у іспанцаў. Іспанія і Італія — гэта наогул тыя краіны, якімі яна захапляецца. Не дзіўна, што ў меню аграсядзібы так шмат страў гэтых народаў — паэлья, прафітролі з далікатным заварным крэмам, булачкі з джэмам з асаблівага сорту кабачкоў, італьянская піца. Для гаспадыні «Духмянага сада» гатаванне страў — сапраўдная творчасць. Бывае, што ёй даводзілася гатаваць абеды адначасова на паўсотні чалавек. Большасць інгрэдыентаў, дарэчы, вырошчваецца на ўласным агародзе. «Цяжка, — прызнаецца Таццяна. — Але ж мы з мужам спраўляемся».

Адзін ў полі не воін, гэта не проста прыказка — гэта праўда жыцця. Сужэнцы сталі своеасаблівым цэнтрам прыцягнення для іншых людзей, якія, магчыма, і раней марылі пачаць сваю справу, але не ведалі, як гэта зрабіць. Рыбаковы далі ім такую магчымасць. «Для маіх страў патрэбна і мяса, і малако, і сыры, — тлумачыць Таццяна. — Але трымаць жывёлу і адначасова займацца садам — немагчыма. Трэба рабіць нешта сваё. І мы прапануем іншым уступаць з намі ў кааперацыю. Некаторыя нават кардынальна мяняюць стыль жыцця. Сусед, настаўнік фізкультуры, паслухаўшы нас, купіў кароў і адкрыў сялянска-фермерскую гаспадарку «Ваструха». Мы ў яго купляем малако. Цяпер у яго, дарэчы, ужо пяць кароў. Неяк пазнаёміліся з сыраварам з Крычава Надзеяй Сямёнавай, цяпер яна наш асноўны пастаўшчык сыроў. Прапанавала ёй рабіць яшчэ сыры з цвіллю, і яна ўжо ў пошуках прыдатнага рэцэпта. З афармленнем сядзібы нам дапамагаюць мясцовыя майстры, робяць розную прыгажосць пад заказ.

Дом з водарам гарбаты

Не менш сіл і душы ўкладваюць сужэнцы ў дом, над канцэпцыяй якога не перастаюць працаваць і цяпер. Хочацца, каб ён быў цёплы і ўтульны для ўсіх. І ў ім, дарэчы, пахне не толькі печывам. Таццяна захапляецца яшчэ і фітатэрапіяй, у яе чайнай калекцыі ёсць падтыннік, палын, крывасмок, піжма і шмат іншых траў. Травяныя напоі вельмі падабаюцца турыстам. Гэта не толькі смачна, але і карысна для здароўя. І Таццяна аўтарытэтна пра гэта заяўляе, бо мае дыплом медыцынскай ВНУ.

Каб уключыцца ў турыстычны маршрут, Рыбаковы заключылі з раённым Цэнтрам культуры і народнай творчасці дамову.

— Пакуль мы прымаем аднадзённыя туры, але ў будучыні хочам зрабіць умовы, каб турысты змаглі заставацца ў нас столькі, колькі душа пажадае, — удакладняюць суразмоўцы. — Наш Мсціслаў падобны да расійскага Суздаля. Тут ёсць што паглядзець, чым замілавацца. А сваё Каробчына мы параўноўваем з маленькай Швейцарыяй. Кароўкі на лузе пасвяцца, на гары — бярозавы гай, унізе струменіцца лагодная Віхра, і вакол кветкавы рай. Летам так прыемна прайсціся басанож па лузе, нарваць букет палявых кветак, паназіраць за матылькамі. У горадзе ж яны амаль зніклі, а тут якіх толькі няма! А яшчэ можна завітаць на якое-небудзь народнае свята — у нас іх вельмі шмат. Ну, а пра Мсціслаўскі фэст у стылі Сярэднявечча, напэўна, і нагадваць не трэба. На яго людзі прыязджаюць, нават з далёкага замежжа.

Загадчык сектара спорту і турызму Мсціслаўскага райвыканкама Дзмітрый Селіванаў кажа:

— Турызм развіваем у розных кірунках. Чым болей суб'ектаў мы задзейнічаем, тым лепш. Пачалі вазіць турыстаў на конезавод — і матэрыяльны стан яго стаў крыху паляпшацца. За год турысты прывозілі туды, вобразна кажучы, цэлы бензавоз паліва. У грашовым эквіваленце гэта каля шасці тысяч рублёў. Цікава і турыстам, і конезаводу. Часова экскурсіі туды спынены, ідзе рэканструкцыя, але ёсць іншыя не менш цікавыя варыянты. Развіваем вытворчы турызм з удзелам нашых прадпрыемстваў, цяпер узгадняем такую магчымасць з заводамі «Бабуліна крынка» і «Дамачай». Нашы сядзібы, вядома ж, прыцягваюць турыстаў, але гасцям трэба яшчэ нешта паглядзець у раёне. Таму працуем у звязцы — паказваем музеі, архітэктуру горада, вытворчы патэнцыял. Кіраўніцтва раёна ўсяляк спрыяе росту экспарту турыстычных паслуг. Апошнім часам у нас вельмі добра развіваецца гастранамічны турызм. Тэмп задае «Духмяны сад», яго дапаўняе яшчэ адна сядзіба «Хутарок», дзе робяць гарбату з самавара з ботам. У самім Мсціславе адкрылася сядзіба «Слабада», якая будзе развіваць арт-турызм. Па законе, наш райцэнтр адносіцца да тых населеных пунктаў, дзе можна адкрываць аграсядзібы. Трэба толькі напісаць заяву і мець свой сельскагаспадарчы ўчастак і прадукцыю, напрыклад, жывёлагадоўлі. Чым больш у нас будзе прывабных для турыстаў аб'ектаў, тым з большым жаданнем яны будуць сюды прыязджаць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Ірыны САВОСІНАЙ і з архіва Сяргея і Таццяны РЫБАКОВЫХ

Загаловак у газеце: Духмяны сад сям'і Рыбаковых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.