Вы тут

Мядоцкія сцежкі Рыгора Барадуліна


Мой Барадулін! Адзіны ў нашай літаратуры варажбіт роднага слова, творчасць якога так захапіла ў свой вечны палон. Спачатку — вясковага хлопца, потым — студэнта ўніверсітэта, яшчэ праз гады — настаўніка, а сёння — сталага чалавека і ўжо дзядулю ўласных унукаў. Прычым любоў да барадулінскага радка прысутнічала ў маім жыцці штодня, калі не штохвілінна. Чытаў жа Барадуліна не похапкам і не запоем: няспешна ўваходзіў, «як у сцюдзёную ваду», у кожны яго верш, у кожную новую кнігу.


Рыгор Барадулін і Алесь Камоцкі ў Мётчы, 2001 г

І сёння я ўсцешаны, што амаль усе кнігі паэта стаяць на палічках маёй хатняй бібліятэкі. Каля сямідзесяці асобнікаў пазначаны дарагімі для мяне і маёй сям’і аўтографамі. Толькі апошнія з іх  — «У неба пехатою», «Сны сасны», «Дзённікі і запісы (1951— 1993 гг.)» — без аўтографаў, бо былі выдадзены сябрамі пасля смерці паэта.

Хвіліны, гадзіны і дні, праведзеныя з Рыгорам Іванавічам... За амаль сорак пяць гадоў знаёмства іх назбіралася, дзякаваць богу, многа. То былі заўсёды найлепшыя моманты майго жыцця. Ад тых сустрэч і размоў цяплела душа, добра і ўзнёсла думалася і стваралася. Таксама, як і ад сустрэч і размоў з яго мілай, добрай і мудрай жонкай Валянцінай Міхайлаўнай.

Усё жыццё сваё я вышукваў сімвал асобы паэта, тое, што злучае яго з космасам Беларусі, з родным бацькоўскім краем. І вось у апошнія гады ўжо без Барадуліна на зямлі думкі сфарміраваліся ў словы, пачуцці — у вобразы.

Калі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч — магутныя волаты-дубы ў беларускім літаратурным лесе, калі Кузьма Чорны, Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Арлоў — разложыстыя ясені, калі Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева, Яўгенія Янішчыц — беластвольныя прыгажуні бярозы, то Рыгор Барадулін — гэта, безумоўна, разгалісты вяз.

Гэтае вельмі дарагое для сэрца паэта дрэва — адтуль, з дзяцінства і юнацтва. «Ля весніц толькі зноў твой вяз / Крануў галінамі за плечы». І тады, калі родная вушацкая хата засталася без маці, паэта «ад самоты ратуе» пасаджаны бацькам у гонар сына вяз. Мне пашчасціла быць сведкам размовы паэта са сваім родным дрэвам. Яно жывіла гаспадара, слухала яго трапяткую душу, бласлаўляла яго ва ўсе дні і гады жыцця.

Быў я шчаслівы, калі Рыгор Барадулін падыходзіў да магутнага вяза на маёй мядоцкай сядзібе. Менавіта тады, здавалася, паядноўваліся нябачнай повяззю той, вушацкі, і гэты, мядоцкі, вязы. А Рыгор Іванавіч быў медыумамвешчуном, правадніком паміж матэрыяльным светам і светам тонкім, паэтычным, касмічным. Імгненна скарачаліся адлегласці, злучаліся ў адно мінулае і сучаснасць, а недзе там, у засмужанай далечы, паўставалі загадкавыя прывіды будучыні.

І сапраўды, неўзабаве, у 2014 годзе, будзе закладзена Алея вязаў на маёй мядоцкай сядзібе, заснаваная ў гонар пісьменнікаў: Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Яўгеніі Янішчыц, Алеся Пісьмянкова, Васіля Быкава, Чынгіза Айтматава, Ніла Гілевіча, Яўгена Еўтушэнкі. Восем маладых вязаў строміста сягаюць у мядоцкае неба, заручыўшыся падтрымкай і апорай свайго амаль стагадовага сябра — вяза-аксакала.

Але і той вушацкі вяз, які праводзіў у апошні шлях свайго гаспадара, і той памятны вушацкі маладзічок, на рожках якога адплывала ў вечнасць душа майго найлепшага старэйшага сябра, засталіся назаўсёды ў жыцці і  ў  памяці. Як і працягвае ўражваць барадулінскі першы паэтычны зборнік «Маладзік над стэпам». У рэпрынтным выданні гэтай кнігі — аўтограф, датаваны 5 лістапада 2010 года: «Уладзіміру Лайкову — мой першы агрэх».

Прыгадваюцца сотні сустрэч, тэлефанаванняў і шчырых размоў. Але ўжо амаль шэсць гадоў мне штодня не хапае Рыгора Іванавіча. Хіба толькі ў думках калі-нікалі прамовіш штосьці, узіраючыся ў блізкія табе барадулінскія вочы, што глядзяць з  вялікага музейнага партрэта і са шматлікіх фотаздымкаў. Ці гартаеш адну за адной кнігі паэта, перачытваючы зноў і зноў паэтавы радкі.

І каторы раз дзякуеш нястомнай і руплівай Наталлі Давыдзенцы — за ўжо шэсць кніг барадулінскіх дзённікаў, што з’явіліся на Беларусі за апошнія чатыры гады. На іх старонках — вядомы і невядомы Рыгор Барадулін. А як пачынае трымцець сэрца, калі нечакана напаткаецца запіс, дзе згаданы ты і твая родная Мётча! І думаеш: а як жа іначай, бо паэт тройчы завітваў у наш Мядоцкі край. А колькі было размоў пра наш паэтычны кут! Здараліся ў паэта нават пра яго і вершы. І не аднойчы.

Першы прыезд паэта адбыўся зімой 1988 года. Вось што напісаў тады Рыгор Барадулін у нашым «Мядоцкім дыярыюшы»: «У марозныя дні абагрэўся душой у сценах Мётчанскай школы, дзе найшчырым гаспадаром Уладзімір Піліпавіч Лайкоў, абагрэўся, бо пачуў, як шчыра, як натуральна, як спаконвечнанязводна гучыць у самых маладых вуснах кожнае слова беларускае святое Мовы! Хай гучыць, пакуль зоры не абсыплюцца! Вечна! Паклон! 30.01.88 г. Мётча. Рыгор Барадулін».

А напрыканцы лютага 1995 года не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і далёка за межамі яе шырока адзначалася 60-годдзе народнага паэта. Да святкавання рыхтавалася таксама і  наша Мётчанская школа. Мы прапанавалі Рыгору Іванавічу адзначыць яго юбілей у  тым ліку і ў Мётчы. Паэт ахвотна пагадзіўся і  11 сакавіка завітаў на барысаўскую зямлю.

Школа наша ў той дзень выглядала ўрачыста. Рыхтаваліся ўсе: вучні, настаўнікі, бацькі, шматлікія госці з  суседніх школ. Стэнды, святочныя выпускі газет, кветкі і кнігі, кнігі, кнігі… Помніцца, напярэдадні я аб’язджаў ці не ўсе навакольныя кнігарні — шукаў і выкупляў барадулінскія кнігі, якія пасля бясплатна раздаваў усім ахвочым. Ім, шчаслівым уладальнікам, Рыгор Барадулін і падпісваў аўтографы больш за дзве гадзіны напрыканцы сустрэчы.

Выступаў сам паэт, выступалі вучні, выступалі настаўнікі. Менавіта тады Рыгор Іванавіч упершыню прачытаў свой нядаўна напісаны верш «Мова беларуская»:

Ускалыханы,

Узгадаваны,

Табой да скону

Закаханы

У кожны гук

Чароўны,

Крэўны!

Мая князёўна

І царэўна…

З табой

Ў свяце,

Ў свеце,

Ў хаце,

Бо ты ў мяне

Адна,

Як маці!

Мова беларуская!

Асабіста мне Рыгор Барадулін падпісаў сваю апошнюю па тым часе кнігу вершаў «Евангелле ад мамы», якую ўручыў у прысутнасці ўсёй школы, уголас зачытаўшы аўтограф:

«Спадару

Уладзіміру Лайкову,

Змагару

За нашу рану-раніцу.

Ён і любіць,

І галубіць мову,

Як матулю,

Як дачушку,

Як абранніцу!»

А ў нашай школьнай Кнізе ганаровых гасцей, дзе за апошнія 30 гадоў сабралася амаль 400 запісаў, паэт занатаваў:

«Лёс,

Не глядзі на нас, як вотчым,

Будзь цёплым бацькам,

Як Лайкоў.

Хай зорам зорыцца над Мётчам

З прабеларушаных вякоў!»

Трэці прыезд паэта меркаваўся на канец мая 1997 года. Якраз тады ў нашай школе ладзіўся літаратурнафальклорны фестываль і была выдадзена кніга «Мядоцкі край і яго таленты». З-за хваробы Рыгор Барадулін не змог наведаць наш Мядоцкі край, але ў той жа дзень перадаў з Мінска водгук:

«Спадар Уладзімір! Даўно ўжо я не меў гэткае асалоды ад даведачнай кніжкі. “Мядоцкі край і яго таленты” — гэта паэма ў лічбах, фактах, фотаабліччах, народных песнях, звычаях, гэта хваласпеў роднаму краю, нашай крынічнай крывіцкай мове, беларускім людзям, нашай вечнай, як неба, як вецер і вада, Беларусі.

Пакуль будуць рупіцца такія апантанцы, як Уладзімір Лайкоў і спадкаемцы яго, пакуль будуць маці беларускія нараджаць такіх шчырабеларускіх дзяцей, як на Мядоччыне, жыць будзе Беларусь нашая.

Паклон Мядоцкаму краю,

Людзям яго нязломным,

Абсягам мядоцкім!

Дзякуй, вяльможны спадар

Уладзімір,

Бацькам Вашым за Вас!

Жыве Беларусь!

Рыгор Барадулін, Любоў Лайкова, Уладзімір Лайкоў. Мінск, кватэра Барадуліных, 2008 г.

1 чэрвеня 1997, Мінск, Рыгор Барадулін». Быў перададзены таксама і  верш, напісаны рукой паэта. Яго надрукуе газета «Звязда» 22 ліпеня 1997 года побач з вершамі, прысвечанымі Марку Шагалу і Міхаілу Фінбергу:

Мядоцкі край

Божа гасцінны!

Павек карай

Гэтакімі прымусамі,

Якія чыніць

Мядоцкі край,

Робячы ўсіх беларусамі.

Мётча —

Мяцеліца лёд мяце.

Мётча —

Борцямі гурбіны.

Мётча —

Салодкі на кожнай вярсце

Мёд

З губ гарачых прыгублены.

 Мётча —

Тут меціўся

Вітаўтаў шлях.

Казкі раслі мядоцкімі.

Квас журавінавы

Борам пах,

Клёк

Сілкаваўся клёцкамі.

Не выпускаў у свет

Лайдакоў

 Уважаны паняй працаю

Дырэктар школы

Спадар Лайкоў

З падмётчанай рэпутацыяй.

А ўвосень 2001 года Рыгор Іванавіч усё-ткі завітаў у нашу школу разам са сваім малодшым сябрам, паэтам-бардам, колішнім барысаўчанінам, Алесем Камоцкім. Яго песні на словы народнага паэта і сёння лунаюць над нашым краем.

Крыху раней, у тым жа 2001 годзе, яшчэ адзін мой дзень быў асветлены паэтам. 8 студзеня. Каляды. Рыгор Барадулін надыктаваў на мой тэлефонны аўтаадказчык каляднае зычанне дзецям і дарослым Мядоцкага краю:

Для злых душою — вотчына,

Для шчырадушных — рай!

Хай будзе не сурочана

Твая краса, Мядоччына, —

Малечых вёснаў грай!

Няхай табе не плачацца —

Смяецца, тчэцца, скачацца, —

Па ўдачы час звярай!

Хай неруш Беларушчыны

На тлум не будзе пушчаны —

Звіні, Мядоцкі край!

Рыгор Барадулін заўсёды здзіўляў вечным аптымізмам, цікавымі і  займальнымі, спрэс аздобленымі гумарам, гісторыямі са свайго ўнікальнага жыцця. І ён жа радаваў сваім добрым позіркам, мудрай усмешкай, дасціпным народным словам. Паэзіяй і жыццём Рыгора Барадуліна трэба было «загрузіцца». І  я  вельмі шчаслівы ад таго, што мне зрабіць на гэтым свеце тое змаглося.

Уладзімір ЛАЙКОЎ

Фота з асабістага архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.