Як нявеста ў няроднай сям’і,
ты пасагу сабе не надбала;
Залатыя кляйноты свае
ў пыху сёстрам сваім даравала.
Гэта радкі з верша Язэпа Лёсіка «Беларусь, Беларусь!», які ён напісаў у 1914 годзе ў Саратаве падчас ссылкі. Акрамя вершаў, яго пяру належаць апавяданні, дзе апісаў свой час, людзей, абмаляваў шэраг народных характараў. Слынны мовазнаўца, гісторык, грамадскі і палітычны дзеяч, Лёсік мог бы стаць выбітным пісьменнікам, але палічыў, што сітуацыя вымагае іншага: трэба рыхтаваць беларускі народ да падзей, да змен…
У межах XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася прэзентацыя 99 тома серыі «Беларускі кнігазбор» (выдавецтва «Беларуская навука»), які летась пабачыў свет. У «Выбранае» ўвайшла спадчына Язэпа Лёсіка: вершы, апавяданні, публіцыстыка, гістарычныя нарысы, літаратуразнаўчыя і мовазнаўчыя артыкулы, а таксама нарысы пра яго асобу Алеся Гаруна, Усевалада Ігнатоўскага, Антона Лёсіка і іншых дзеячаў, якія яго ведалі; творы, прысвечаныя яму. Акрамя таго, на старонках кнігі ёсць і шматлікія фотаздымкі Язэпа Лёсіка і яго сям’і (нават фрагмент следчай справы). Уклаў выданне Кастусь Александровіч.
Новым пакаленням беларусаў адкрыў імя Лёсіка даследчык Алесь Жынкін. Каб сабраць і падрыхтаваць матэрыялы, ён сустракаўся з дзецьмі Язэпа Лёсіка, зрабіў шмат цікавых запісаў.
Што да адметных звестак з біяграфіі, вядома, што Лёсік не паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую скончыў яго славуты пляменнік Канстанцін Міцкевіч (маці пісьменніка — старэйшая сястра Язэпа Лёсіка) з-за таго, што… размаўляў з беларускім акцэнтам! Прынялі яго ў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю.
Даследчыкі жыцця і творчасці абодвух пісьменнікаў адзначаюць, што калі Колас быў трохі больш асцярожным, то Лёсік — смялейшым, адкрыта вёў гутаркі з сялянамі, раздаваў пракламацыі. Арыштоўвалі яго неаднаразова, а пазней царскі ўрад палічыў яго палітычна небяспечным і выслаў на катаргу ў Сібір, у Іркуцкую вобласць.
У Мінск Язэп Лёсік вярнуўся ў 1917 годзе, загартаваны і палітычна адукаваны, пачаў грамадскую дзейнасць. Стаў галоўным рэдактарам самай першай «баявой» газеты «Вольная Беларусь», якая падтрымлівала ідэі Беларускай сацыялістычнай грамады, арганізоўвала грамадства з незалежных дэмакратычных пазіцый. Так, Язэп Лёсік адным з першых адкрыта выказаў ідэю незалежнасці Беларусі. Спачатку ён быў прыхільнікам аўтаномнасці рэспублікі ў складзе РСФСР, але пасля стаяў на пазіцыі самастойнасці. Што таму паспрыяла? Магчыма, з’явіўся недавер да ўлады… Даследчык творчасці Лёсіка пісьменнік Генрых Далідовіч падчас прэзентацыі распавядаў, што Лёсік пабачыў дакументы аднаго з партыйных кіраўнікоў, Мяснікова, якія той не паспеў знішчыць, калі ўцякаў з Мінска ў 1918 годзе перад прыходам немцаў… На паперах быў выкладзены план наконт І Усебеларускага з’езда: правесці раскол і ўсіх перасварыць. Калі гэта не атрымалася, з’езд вырашана было разагнаць, значылася ў чарнавых запісах...
Язэп Лёсік пісаў падручнікі, па якіх вучылася ўся краіна, працаваў у Тэрміналагічнай камісіі, выкладаў у сярэдніх школах і Беларускім тэхнікуме, чытаў лекцыі на Мінскіх беларускіх настаўніцкіх курсах. Гісторык і літаратуразнавец Вітаўт Кіпель падкрэсліваў, што Лёсік быў у той час бадай найбольшым аўтарытэтам не толькі ў мове, але і наогул у беларусазнаўстве. З ім лічылася ўсё беларускае грамадства. Ён стаў першым аўтарытэтам і ў навуковых колах. Дарэчы, менавіта ён упершыню сцвярджаў (і паказаў у сваіх даследаваннях), што Вялікае Княства Літоўскае — беларуская дзяржава… Праз асобу Язэпа Лёсіка беларуская мова і беларускасць паступова ўваходзілі ў штодзённае жыццё. Беларускасць была яго жыццём. Сваёй моцнай натурай ён змушаў і іншых да гэткага стаўлення, уважаў адзіны падыход: на Беларусі павінна панаваць беларушчына... «Беларуссю тады кіравалі тры “Л”: Іван Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі і Язэп Лёсік», — казаў Вітаўт Кіпель. На самых розных пасадах і ў друку Лёсік рабіў усё мажлівае, каб Беларусь атрымала самастойнасць.
Значныя ў Язэпа Лёсіка і літаратуразнаўчыя працы. Яны не страцілі актуальнасці і цяпер: і пра «Энеіду навыварат», і пра творчасць Якуба Коласа, і Максіма Багдановіча.
Тады ж, у савецкі час, сабралі творчую спадчыну Язэпа Лёсіка з мэтай яе выдання. Нават выплацілі частку ганарару. Але… палічылі, што ў творах Лёсіка ёсць нацыяналістычныя і рэлігійныя матывы — выдання не адбылося. У 1930 годзе, калі Язэп Лёсік быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», многія яго творы былі спалены...
Як адзначыў кіраўнік і галоўны рэдактар праекта «Беларускі кнігазбор» Кастусь Цвірка, у выданні 99 тома істотна дапамагла сям’я Якуба Коласа — Марыя і Вера Міцкевіч. Знайшоўся подпіс Язэпа Лёсіка. Але архіў яго яшчэ чакае сваіх адкрывальнікаў і даследчыкаў. Магчыма, ён знаходзіцца ў Саратаве — горадзе, які стаў апошнім прытулкам пісьменніка, дзе 1 красавіка 1940 года ў турэмных засценках скончылася яго жыццё (па афіцыйнай версіі — ад голаду).
У рамане Генрыха Далідовіча «Свой дом» постаць слыннага мовазнаўцы выведзена пад імем інтэлігента Лашковіча. «Гэтая асоба напаўняе душу адчуваннем: нават у самых цяжкіх умовах чалавек павінен заставацца чалавекам», — падзяліўся пісьменнік...
Яна БУДОВІЧ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!