Вы тут

Як прымусіць дзяржсектар працаваць эфектыўна


Адказ на гэта пытанне спрабавалі знайсці дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разам з вучонымі і бізнесменамі. Круглы стол на тэму «Дзяржаўная палітыка ў сферы рэгулявання дзейнасці дзяржаўных арганізацый і гаспадарчых таварыстваў з удзелам дзяржавы. Прававыя і практычныя аспекты фарміравання і рэалізацыі» адбыўся ў Акадэміі кіравання Прэзідэнта.


З-за чаго «тармозіць» эканоміка

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Леанід БРЫЧ растлумачыў журналістам, што такім чынам дэпутаты распачынаюць грамадскае абмеркаванне распрацаванай Міністэрствам эканомікі канцэпцыі законапраекта аб дзяржаўных арганізацыях і акцыянерных таварыствах з удзелам дзяржавы.

«На жаль, статыстыка сведчыць: прадпрыемствы дзяржсектара аказваюць стрымліваючы эфект на эканамічныя вынікі краіны. Не сакрэт, што на прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасці ўзровень прадукцыйнасці працы ў 1,5-2 разы ніжэйшы, чым у арганізацыях прыватнай формы ўласнасці, на прадпрыемствах з удзелам замежнага капіталу на тэрыторыі Беларусі яна яшчэ вышэйшая, а калі казаць пра сумежныя дзяржавы — там яна вышэйшая ў разы, — канстатаваў парламентарый. — Захоўваецца нізкі ўзровень збытавога і інавацыйнага менеджменту. Не менш важная праблема — нізкі ўзровень унутранай кааперацыі, няўменне працаваць у бізнес-звязках, што зніжае эфектыўнасць кіравання вытворчасцю. На працягу апошніх трох гадоў у дзяржсектары фактычна не фарміраваўся рост дабаўленага кошту ў рэальным выражэнні».

У той жа час тэмпы росту прыватнага сектара эканомікі, па словах старшыні парламенцкай камісіі, склалі каля 103 працэнтаў, у арганізацыях замежнай формы ўласнасці — больш за 108 працэнтаў.

«Вырашэнне існуючых праблем нясе ў сабе вялізны патэнцыял для развіцця нацыянальнай эканомікі. Пра гэта кажуць прадстаўнікі і органаў улады, і бізнес-суполкі. Вынікам стане рост ВУП, зніжэнне міжрэгіянальнай дыферэнцыяцыі і павышэнне прадукцыйнасці працы, — перакананы Леанід Брыч. — Нам патрэбна знайсці эфектыўныя прававыя механізмы, якія прымусілі б дзяржсектар працаваць на новым якасным узроўні, які адпавядаў бы самым высокім патрабаванням».

Акцыі замест крэдытаў

«Дасягнуць ВУП 100 мільярдаў долараў (да 2025 года, такую сярэднетэрміновую мэтавую ўстаноўку паставіў кіраўнік дзяржавы ў 2018 годзе. — «Зв.») можна, толькі калі павысім эфектыўнасць функцыянавання дзяржаўнага сектара, бо ён займае вялікую долю, — пагадзіўся загадчык кафедры дзяржаўнай эканамічнай палітыкі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання Уладзіслаў ШЧЭПАЎ. — Чыста матэматычна трэба пачынаць менавіта з павышэння прадукцыйнасці працы і тэхналагічнага абсталявання прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара. Па пэўных звестках некаторыя з такіх прадпрыемстваў адстаюць у выручцы на аднаго работніка ў разы».

Прадстаўнік навуковай суполкі ўпэўнены, што абмяркоўваць трэба і пытанні аб ролі дзяржавы ў эканоміцы, бо беларускія арганізацыі павінны быць прывабныя для інвестыцый.

«Нізкая рэнтабельнасць і закрэдытаванасць многіх дзяржпрадпрыемстваў не дазваляюць праводзіць іх мадэрнізацыю за кошт прыцягнутых сродкаў, — адзначыў Уладзіслаў Шчэпаў. — У нас вельмі шмат ААТ са стапрацэнтнай доляй дзяржавы, што выклікае пытанні. ААТ ствараліся для таго, каб прыцягваць інвестыцыі, прадаваць мінарытарныя пакеты, часам — мажарытарныя. Структура ўласнасці, галасаванне назіральнага савета, работа сходу акцыянераў непасрэдна ўплываюць на дзейнасць прадпрыемства, яго эфектыўнасць. Адсутнасць кансенсусу, пастаянныя скаргі перашкаджаюць інвестыцыйнаму працэсу. Ёсць аптымальная структура капіталу, якая дазваляе прадпрыемству развівацца».

Акрамя таго, у Беларусі слаба выкарыстоўваецца фінансавы рынак як інструмент прыцягнення інвестыцый, дадаў загадчык кафедрай.

«У нас свет клінам сышоўся на крэдытах і продажы альбо арэндзе плошчаў, але ў свеце асноўная крыніца фінансавання — акцыі (эмісія, дадатковая эмісія і продаж пэўнай часткі акцый). Гэты рынак трэба запускаць, бо мы трацім час і грошы — вельмі шмат інвестараў ходзіць вакол краіны і глядзіць. Яны не разумеюць, як працуе наша заканадаўства. Даводзіцца кожнаму інвестару тлумачыць, але ўсім не растлумачыш. Ёсць фонды, якія не жадаюць працаваць індывідуальна, яны купляюць альбо прадаюць акцыі на фінансавым рынку па зразумелых законах і правілах», — абгрунтаваў свой тэзіс Уладзіслаў Шчэпаў.

Ён дадаў, што патэнцыйна ў нас вельмі добры інвестыцыйны клімат: нізкі ўзровень карупцыі і ўдалае эканоміка-геаграфічнае становішча.

Выбар шляху

Распрацаваная Міністэрствам эканомікі канцэпцыя законапраекта аб дзяржаўных арганізацыях і акцыянерных таварыствах з удзелам дзяржавы прадугледжвае фарміраванне новай сістэмы кіравання дзяржактывамі, звярнуў увагу першы намеснік старшыні дзяржаўнага камітэта па маёмасці Аляксей ВАСІЛЬЕЎ. Але ці так ужо неабходна ламаць існуючую сістэму, задаўся ён пытаннем. «Другі варыянт — паступова вырашаць пытанні ў рамках дзеючай сістэмы. Нам трэба вызначыцца, якім шляхам мы пойдзем, каб больш прадметна працаваць над складнікамі», — сказаў прадстаўнік ведамства.

Канцэпцыя законапраекта была ўхвалена кіраўніком дзяржавы ў лістападзе 2019 года, паведаміў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый ЯРАШЭВІЧ. У маі Мінэканомікі ўжо павінна ўнесці законапраект у парламент, але гэта, па словах намесніка міністра, будзе прамежкавы варыянт.

«Пры падрыхтоўцы канцэпцыі мы разглядалі два сцэнарыі. Першы — сабраць пад адной вокладкай увесь масіў заканадаўства, які рэгулюе асновы функцыянавання дзяржаўных арганізацый. Другі — не толькі сабраць, але і істотна мадэрнізаваць гэты масіў. Калі мы ацанілі памеры работы, якая патрабуецца, то прыйшлі да высновы, што няма вострай неабходнасці разгортваць глабальнага характару работу, калі яна будзе зводзіцца да простага збірання нормаў у адно. Падрыхтоўка новага закона неабходная толькі ў тым выпадку, калі ён дазволіць прынамсі зняць вастрыню праблем».

Дзмітрый Ярашэвіч праблемай нумар адзін назваў грувасткі, надзвычай дыферэнцыраваны і часам неэфектыўны дзяржаўны сектар.

«Сёння ён налічвае больш за 17,5 тысячы розных арганізацыйна-прававых формаў: звыш 15 тысяч розных устаноў, больш за 1600 унітарных прадпрыемстваў, каля 1600 гаспадарчых таварыстваў з удзелам дзяржавы, 42 дзяржаб'яднанні. Дзяржава сёння прысутнічае ва ўсіх галінах, відах дзейнасці, не абмяжоўваючыся аб'ектамі стратэгічнага значэння, як гэта прынята ў пераважнай большасці краін», — растлумачыў ён.

Дзяржава бярэ актыўны ўдзел у малым і сярэднім прадпрымальніцтве, дадаў прадстаўнік Мінэканомікі. Сёння каля 70 працэнтаў усіх дзяржаўных арганізацый — гэта суб'екты мікра-, малога і сярэдняга бізнесу. Пры гэтым вынікі дзейнасці дзяржсектара, эфектыўнасць яго работы, на жаль, не такія значныя, як яго памеры, і, мякка кажучы, вымушаюць жадаць лепшага.

«Канкурэнтаздольнасць дзяржсектара на знешніх рынках зніжаецца, пра што сведчыць нездавальняючая тэндэнцыя скарачэння экспарту тавараў. З гэтага вынікае, што дзяржава павінна сканцэнтравацца на стратэгічна важных актывах, якія прыносяць даход, і дапамагчы ў гэтым павінна адэкватнае заканадаўства, якое дакладна вызначае палітыку і правілы функцыянавання дзяржсектара», — лічыць намеснік міністра.

Праблема нумар два, на думку Дзмітрыя Ярашэвіча, — адсутнасць выразнай і лагічна пабудаванай сістэмы кіравання дзяржсектарам.

«Што мы маем на сёння? Канцэпцыю «кіруй як разумееш», — ахарактарызаваў ён сітуацыю. — Кожны дзяржорган кіруе дзяржарганізацыяй з пазіцыі вузкаведамасных інтарэсаў. Таму нярэдка ўзнікаюць перакосы, і, што самае галоўнае, няма арыенціраў, да чаго імкнуцца».

Намеснік міністра абазначыў найбольш характэрныя кіраўніцка-арганізацыйныя праблемы: адсутнасць дакладна вызначанага пераліку відаў дзейнасці, у якой удзел дзяржавы вітаецца і з'яўляецца абгрунтаваным; тое ж самае і ў дачыненні да кіравання дзяржаўнымі актывамі.

«Цывілізаванае кіраванне гаспадарчымі таварыствамі немагчыма наладзіць пры дзеючай сістэме ўладальніцкага нагляду, — дадаў Дзмітрый Ярашэвіч. — Адсутнасць неабходнай колькасці часу, ведаў і кампетэнцый, вопыту не дазваляе прадстаўнікам дзяржавы робіць належны ўнёсак у развіццё таварыстваў. А іх удзел у рабоце савета дырэктараў зводзіцца, як правіла, да фармальнай прысутнасці, давядзення кіраўнічых указанняў і даручэнняў органаў, якія ажыццяўляюць уладальніцкі нагляд».

Міністэрства эканомікі мяркуе, што гэтая частка заканадаўства патрабуе сістэмнага змянення падыходаў, і чым раней яны адбудуцца, тым лепей.

«У нас не ўстаноўлены нават мінімальныя дзяржаўныя стандарты карпаратыўнага кіравання ў дзяржсектары, — працягнуў пералік заканадаўчых прабелаў намеснік міністра. — Толькі ў дачыненні да кіраўнічых кампаній, холдынгаў удалося правесці мінімальнае патрабаванне да членаў саветаў дырэктараў, іх складу. Неабходна прызнаць, што ў частцы карпаратыўнага кіравання мы істотна адстаём ад краін — суседзяў».

Яшчэ адна неўрэгуляваная сфера — кадравая палітыка.

«Адказаў на тое, як неабходна фарміраваць органы кіравання дзяржаб'яднанняў, у якіх межах вызначаць кампетэнцыю і адказнасць органаў кіравання дзяржаб'яднанняў альбо ўнітарных прадпрыемстваў, заканадаўства не дае», — кажа намеснік міністра эканомікі.

Няма і адзіных падыходаў да пытанняў правядзення дывідэнднай палітыкі, вызначэння памеру дывідэндаў, парадку і тэрмінаў іх выплаты, выпадкаў, калі дывідэнды не выплачваюцца.

«Гэты закон патрэбны толькі ў тым выпадку, калі мы гатовы прызнаць шэраг разнапланавых праблем, якія звязаныя з заканадаўчым рэгуляваннем дзяржсектара, і рашуча мяняць правілы гульні для гэтай часткі эканомікі, — падсумаваў Дзмітрый Ярашэвіч. — Базавае правіла рызыкі — калі ад нейкіх выклікаў церпіць дзяржаўны сектар, гэта адбіваецца на бюджэце з усімі наступствамі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.