Вы тут

ІT і інклюзія: трывалы саюз


Не сакрэт, што выбар прафесіі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця абмежаваны станам здароўя і далёка не заўсёды іх патрэбы і жаданні супадаюць з шанцамі авалодаць той ці іншай спецыяльнасцю. Але дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям адукацыйныя магчымасці для людзей з інваліднасцю пашыраюцца.


— Прафадукацыя імкнецца да таго, каб максімальна ўкараніць вэб-тэхналогіі ў працэс навучання. Рэгулярна праводзяцца конкурсы сайтаў, каб вызначыць, наколькі яны даступныя людзям з абмежаваннямі па слыху ці зроку, — падкрэслівае начальнік аддзела Цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Алена ФАЛЕВІЧ. — Таксама шырока выкарыстоўваюцца электронныя адукацыйныя рэсурсы. Сёлета на базе Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа арганізавана эксперыментальная пляцоўка для асоб з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата. Іх навучанне вядзецца з максімальным прыцягненнем элементаў дыстанцыйнага навучання.

Алена Фалевіч дадала, што сёлета каманда маладых спецыялістаў, якія маюць пэўныя псіхафізічныя парушэнні, возьме ўдзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkіlls Belarus. Анлайн-пляцоўкі будуць працаваць у Магілёўскай вобласці для навучэнцаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата, а ў Мінску — для тых, хто мае праблемы са слыхам або зрокам.

Начальнік Цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій БДПУ імя М. Танка Аксана МІНІЧ паведаміла, што ў краіне рэалізуецца шэраг праграм па інфарматызацыі адукацыі. Згодна з Нацыянальным планам дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь, на перыяд да 2025 года павінны быць выкананы патрабаванні па адаптыўнасці інфармацыі для студэнтаў са слабым зрокам.

Таксама на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта дзейнічае рэспубліканскі рэсурсны Цэнтр інклюзіўнай адукацыі, дзе рыхтуюць настаўнікаў, лагапедаў, дэфектолагаў, аказваюць кансультатыўную дапамогу як дзецям з псіхафізічнымі парушэннямі, так і іх бацькам.

— У БДУ ў навучальным працэсе задзейнічана шмат інфармацыйных адукацыйных рэсурсаў, у тым ліку для студэнтаў з псіхафізічнымі парушэннямі, — расказала загадчыца вучэбна-метадычнай лабараторыі інавацый у адукацыі ўніверсітэта Наталля МАРОЗАВА. — На сёння сістэма кіравання навучаннем вядзецца праз адукацыйны партал, створаны на базе даных у сістэме Moodle: у ёй функцыянуе каля дзвюх тысяч навучальных дысцыплін практычна па ўсіх спецыяльнасцях. Карыстаюцца паслугамі адукацыйнага партала прыблізна 12 тысяч студэнтаў. Да таго ж у БДУ навучаюцца 84 студэнты з пэўнымі асаблівасцямі, для іх створаны індывідуальны план і графік навучання.

— Інклюзія — гэта пра сацыялізацыю і адаптацыю тых, у каго ёсць асаблівыя патрэбы, — упэўнены майстар вытворчага навучання Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, невідушчы карыстальнік інтэрнэту Аляксандр СЕВЯРЫН. — Я быў уключаны ў працэс вочнай і дыстанцыйнай формы навучання як выкладчык і як навучэнец у розныя часы: дваццаць гадоў таму, дзесяць і цяпер. Лічу, што ў 2020 годзе трэба перастаць здзіўляцца таму, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі карыстаюцца камп'ютарнай тэхнікай і гаджэтамі. Тэхнічны прагрэс рушыць хутка. У 2011 годзе ў мяне з'явіўся мабільны тэлефон, яшчэ раней, у 2004 годзе, — камп'ютар. Гэтага дастаткова для таго, каб з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій атрымліваць адукацыю. Аднак варта разумець: яны даступныя не ўсім і не аднолькава. Таму трэба ствараць адаптаваны кантэнт, удасканальваць навыкі па выкарыстанні ІT і ўкараняць іх. Напрыклад, карыстанню сэнсарным смартфонам трэба навучыцца, і не ўсе невідушчыя могуць гэта зрабіць самастойна, а настаўнікі або выкладчыкі не заўсёды могуць дапамагчы. Што датычыцца сістэмы Moodle, то яна для нас даступная, але кантэнт, размешчаны ў ёй, часам бывае няякасны: каля 40 працэнтаў матэрыялаў даецца ў скрыншотах — для нас гэта перашкода...

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.