Вы тут

Беларускі хочуць самі будаваць жыццё сваёй мары


32-гадовая хатняя гаспадыня з Глыбокага кажа, што хоча стаць прадпрымальніцай, таму што ёй надакучыла залежаць ад мужа. 55-гадовая журналістка з Віцебскай вобласці адчувае сябе на парозе жыццёвых перамен з прычыны ўзросту і шукае, чым заняцца на пенсіі. Надзея, былая настаўніца французскай мовы, пераехала з мужам з Мінска на хутар, там яны стварылі сваю экагаспадарку і хочуць, каб яна акуплялася. «Я шмат што ўмею рабіць, праўда, яшчэ не ўмею гэта прадаваць», — кажа Надзея...


Дзяржаўныя служачыя, інжынеры, настаўнікі, менеджары, фрылансеры і архітэктары, якія хочуць змяніць від дзейнасці, але пакуль яшчэ не ведаюць, куды пайсці, — усё гэта пра ўдзельніц бізнес-школы для жанчын «Я сама», якая прайшла ў Полацку ў канцы лютага. Яны ўсе вельмі розныя. Але ёсць і тое, што іх аб'ядноўвае, — гэта актыўнасць, ініцыятыва і жаданне змяніць сваё жыццё да лепшага.

Якія бар'еры сустракаюцца на іх шляху? Што перашкаджае заняцца бізне сам? Мужчыны, адказваючы на падобныя пытанні, часцей за ўсё гавораць пра тое, што ім не хапае фінансаў і ведаў, а вось жанчыны, як правіла, на першае месца ставяць няўпэўненасць у сабе, страх перамен, вялікую долю сямейных абавязкаў. Таму, калі мы хочам, каб прадпрымальніц у краіне стала больш, трэба працаваць з гэтымі страхамі, павышаць у нашых жанчын упэўненасць у сабе, лічыць кіраўнік праекта «Малыя гарады» Марына Каліноўская.

«Хоць у нас і створаны роўныя ўмовы для мужчын і жанчын, але ў апошніх усё ж ёсць свае асаблівасці. Тое, як нас выхоўвалі, перакананні і стэрэатыпы, з якімі нас гадавалі, тое, да якіх сацыяльных роляў рыхтавалі, роўна як і недахоп прыкладаў паспяховага вядзення жанчынамі бізнесу, — усё гэта абмяжоўвае беларусак», — кажа яна.

* * *

Праект ПРААН «Малыя гарады» накіраваны на тое, каб падтрымаць людзей, якія хочуць адкрыць сваю справу або маштабаваць яе, але пакуль не могуць вырашыцца на гэта.

У яго рамках з восені мінулага года праводзяцца бізнес-школы для жанчын, на якіх іх вучаць асновам маркетынгу, а таксама таму, як пачаць сваю справу, як праверыць рынак, на якім будучая прадпрымальніца збіраецца працаваць, як вызначыцца са сваімі ідэямі і мэтамі.

«З іншага боку, мы ўключылі ў праграму таксама і блок аб тым, як сумяшчаць сацыяльныя ролі прадпрымальніцы, жонкі і мамы, — расказвае Марына Каліноўская. — Як быць эфектыўным кіраўніком і пры гэтым заставацца чароўнай жанчынай... А яшчэ многія нашы жанчыны вырастаюць з перакананнямі, якіх яны часта не ўсведамляюць, але якія прыпыняюць іх, перашкаджаюць папрасіць павышэння зарплаты або пасады, не даюць пакінуць сваю часцяком малааплатную работу і пачаць сваю справу. Пра гэта важна гаварыць і важна працаваць са сваімі страхамі і ўстаноўкамі, што абмяжоўваюць нас».

* * *

Вырашыцца адкрыць свой бізнес нярэдка дапамагае вопыт іншых жанчын. Таму на кожнай бізнес-школе «Я сама» выступаюць дасведчаныя прадпрымальніцы, паспяховыя жанчыны, гатовыя падзяліцца сваім вопытам.

«Я зусім яшчэ свежая прадпрымальніца, — кажа Алена, настаўніца англійскай мовы, якая нядаўна стала займацца рэпетытарствам. — Прыклады тых, хто ўжо чагосьці дамогся, прайшоўшы праз цяжкасці, натхняюць і паказваюць, што многае можна пераадолець». Другая слухачка бізнес-школы «Я сама», у якой ужо ёсць свой бізнес (яна займаецца грузаперавозкамі) апавядае, што прыехала паўдзельнічаць у двухдзённым семінары, каб знайсці новыя ідэі і знаёмствы, таму што «энтузіязм часам знікае».

— У рамках гэтага праекта мы працуем ужо тры гады, маем стасункі з прадпрымальніцамі Віцебскай і Магілёўскай абласцей, — кажа кіраўнік праекта «Малыя гарады». — І ўжо бачым гісторыі поспеху. Бачым, як жанчыны не са сталіцы і не з багатых сем'яў у сваіх маленькіх гарадках сталі адкрываць уласныя бізнесы. Дзіцячы цэнтр у Чавусах, касметычны кабінет там жа, аграсядзіба ў Мсціславе... Гісторыі гэтых жанчын паказваюць, што ўсё гэта магчыма, і яны могуць натхніць іншых — тых, хто пакуль што знаходзіцца на ростанях і сумняваецца ў сабе...

Юбілейная пятая бізнес-школа для жанчын «Я сама» прайшла ў Полацку 22-23 лютага. Яна была арганізавана праектам ПРААН «Малыя гарады» сумесна з бізнес-школай ІПМ, Міністэрствам эканомікі Беларусі і пры фінансавай падтрымцы Расіі і кампаніі Vіsa. Да гэтага такія ж бізнес-школы праходзілі ў Мінску, Віцебску, Горках і Магілёве. Усяго ў мерапрыемствах узялі ўдзел 300 жанчын з усіх канцоў Беларусі.

Святлана Бусько, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».