У Канстанцiна Рачко шмат спецыяльнасцяў — медбрат, вадалаз-выратавальнiк, кухар, рэзчык па дрэве, мэбельшчык. Але, бадай, галоўная яго прафесiя — шматдзетны бацька. Канстанцiн з жонкай выхоўваюць семярых сыноў.
Нi пугай, нi пернiкам
— Самы старэйшы ў сям'i Эрнест, яму 17 гадоў, малодшаму Венiямiну споўнiўся год. Эрнест вучыцца ў будаўнiчым каледжы, але кажа, што гэта не яго. Ён гуманiтарый, захапляецца гiсторыяй, музыкай, — расказвае шчаслiвы тата. — Глеб займаўся музыкай, але не захацеў працягваць, i мы яго не сталi прымушаць. Глеб на канiкулах любiць праводзiць час у вёсцы. Дапамагае мне па гаспадарцы, кормiць трусоў, любiць корпацца ў агародзе. У яго вельмi лёгкая рука. З'есць яблык, кiне ў зямлю семечка, з якога хутка вырастае дрэўца. Барыс iграе на балалайцы, робiць розныя вырабы, выразае спецыяльнай пластыкавай ручкай разнастайныя фiгуркi. Леў — вельмi шустры, добра вучыцца ў школе, атрымлiвае толькi дзявяткi i дзясяткi. Хочам уладкаваць яго ў тэатральны гурток або на спевы. Вельмi харызматычны i артыстычны хлопец. Навуму шэсць гадоў, сёлета пойдзе ў школу. Мяркуем яго аддаць у спорт: ладзiць сам з сабой спаборнiцтвы, спартыўны i спрытны. Платону чатыры гады, наведвае садок. Ну а любiмы занятак Венiямiна — пiць матулiна малако i спаць.
— I як спраўляецеся з такой армiяй? — цiкаўлюся ў свайго суразмоўнiка.
— Цяжка, вядома. Але жонцы цяжэй, чым мне. Ды мы праваслаўная сям'я, iмкнёмся выхоўваць сыноў у хрысцiянскiм духу, прывiваць маральныя нормы. Свет настолькi поўны спакус, што ўберагчы ад iх дзяцей складана.
— Цi даводзiцца чаргаваць мiж сабой пугу i пернiк?
— Усякiя метады спрабавалi, — смяецца Канстанцiн. — А калi сур'ёзна, то шмат перачыталi спецыяльнай лiтаратуры, але далёка не ўсе метады, пра якiя пiшуць спецыялiсты, псiхолагi, падыходзяць на практыцы. Залатая сярэдзiна — моцна балаваць нельга, трымаць у строгасцi — таксама.
Канстанцiн згадвае свой падлеткавы ўзрост. Хлопец i вуха праколваў, i валасы фарбаваў, i прыходзiў дадому пад ранiцу. Але мацi на гэта рэагавала спакойна. Знаёмыя нават здзiўлялiся, калi дапамагала яму завушнiцу ў вуха засоўваць. Ды жанчына паступала мудра — адной забаронай нiчога не даб'ешся, толькi аддалiш сына ад сябе. I сапраўды, прахадзiў сын з завушнiцай месяц i адмовiўся ад iдэi, маўляў, нiякага кайфу!
— У чатырнаццаць гадоў я пачаў сам зарабляць грошы, прывык разлiчваць на свае сiлы. I мяне раздражняе, калi бацькi лiчаць, што яны павiнны забяспечыць дзяцей кватэрамi. Чаму яны ўскладваюць гэтыя абавязкi на сябе? Гэта справа дзяцей — купiць жыллё або здымаць. Мы часцяком хочам, каб нашы дзецi займалiся тым, чым займаемся самi, або, наадварот, навязваем сваё меркаванне наконт выбару прафесii. У вынiку атрымлiваецца канфлiкт пакаленняў. Нi ў якiм выпадку не трэба гэтага рабiць. Галоўнае — зразумець, якiя ў сына або дачкi здольнасцi, i скарэктаваць iх. А дзецi самi зробяць выбар, будуць займацца тым, што iм цiкава.
Прыехаў за iндыком, а купiў дом
Канстанцiн даўно марыў жыць у вёсцы i займацца сельскай гаспадаркай. Нарэшце мара ажыццявiлася. I дапамог гэтаму выпадак. Мужчына завiтаў у вёску Ачыжа Чэрвеньскага раёна да сваяка, каб купiць у яго iндыка. А заадно набыў тут дом на ўсе грошы, што меў, аформiў асабiстую сялянскую гаспадарку, узяў гектар зямлi.
Дом можна было назваць жылым домам умоўна. Але гэтыя абставiны не спынiлi няўрымслiвага чалавека, энтузiяста i рамантыка. Наадварот, цяжкасцi i праблемы дадалi задору. Давялося пачынаць практычна з нуля. З цягам часу ўдалося перакрыць дах, замянiць падлогу, правесцi электрычнасць, а варыўню прыстасаваць пад хлевушок для хатняй жывёлы. Гаспадар набыў бензапiлу, самаробны мiнi-трактар, дрэваапрацоўчы станок, на старэнькiх «Жыгулях» зрэзаў кузаў, каб вазiць розныя матэрыялы. У планах пачынаючага фермера шмат задум: адкрыць лесапiльню, пабудаваць свiнаферму, прымножыць гаспадарку. Але для гэтага неабходна спярша ўзвесцi пабудовы, каб жывёле было камфортна. А з цягам часу Канстанцiн марыць уладкаваць дзiцячую пляцоўку з альтанкамi (арэлi тут ужо стаяць) i стварыць нешта накшталт кантактнага заапарку. Канстанцiн Рачко робiць усё сваiмi рукамi, яму дапамагаюць сябры, сваякi. Iмкнецца рухацца паступова, максiмальна эканомна з улiкам бюджэту.
Пакуль у двары Канстанцiна не так шмат хатняй жывёлы: iндыкi, куры, перапёлкi, трусы, в'етнамскiя парсючкi, цасаркi. Сваiх гадаванцаў гаспадар iмкнецца кармiць натуральным кормам, з мiнiмальным дабаўленнем камбiкорму. Магчыма, жыўнасць расце не так хутка i не такая вялiкая, у вынiку мяса i яек атрымлiваецца менш, але затое прадукцыя экалагiчна чыстая. А нядаўна фермер завёў пчол.
— Я сам вельмi люблю мёд, сям'я — таксама, — прызнаецца ён. — Калi пачынаў займацца пчалаводствам, веды былi вельмi павярхоўныя. Вывучаў тэматыку па iнтэрнэце, унiкаў ва ўсе нюансы справы. Зрэшты, як i ва ўсiм астатнiм. I паступова шляхам спроб i памылак прыходзiў да высновы, чым займацца выгадней, якую жывёлу трымаць.
У фермера ўжо з'явiлiся пастаянныя пакупнiкi, бо ведаюць, што яго прадукцыя натуральная, экалагiчная. Канстанцiн лiчыць, што выгадней прадаваць вырашчанае сваiмi рукамi ў рознiцу — штучны тавар будзе каштаваць даражэй. Як кажуць, лепш менш, ды лепш.
Вядома, цягам часу, калi ў гаспадарцы ўсё ўсталюецца, мужчына перавязе сюды сям'ю, каб дзецi жылi на свежым паветры, харчавалiся натуральнай ежай. Жонка яго падтрымлiвае.
Век жывi, век вучыся
Канстанцiн Рачко — асоба публiчная, вядзе свой ютуб-канал «Тата вам не мама». Ён дзелiцца з чытачамi тым, якiя змены адбываюцца ў ягонай гаспадарцы, куды расходуе грошы. Канстанцiн прызнаны адным з найбольш перспектыўных вiдэаблогераў YouTube: ён трапiў у спiс пераможцаў мiжнароднага конкурсу NextUp. Гэтая праграма працуе з 2011 года. За час яе iснавання больш чым 500 аўтараў прайшлi навучальны курс у 14 краiнах. У конкурсе бралi ўдзел усе ахвотныя з Расii, Беларусi, Казахстана i Азербайджана з каналамi ад 10 да 100 тысяч падпiсчыкаў. З 675 заявак эксперты выбралi 12 каналаў-пераможцаў. Сярод асноўных крытэрыяў — арыгiнальнасць кантэнту, цэласнасць гiсторыi.
— Я здзiвiўся, калi мне патэлефанавалi з незнаёмага нумара i запрасiлi на курсы ў Маскву. Паехалi з жонкай, якая мне дапамагае з iдэямi для вiдэа. З сабой узялi маленькага Венiямiна. У Ачыжы на гаспадарцы засталася мая мацi, а цешча даглядала дзяцей у Мiнску, дапамагаў ёй старэйшы сын. Дарогу i пражыванне аплацiў YouTube. Акрамя таго, выдзелiлi сертыфiкат на набыццё тэхнiкi. Курсы далi шмат ведаў, iнфармацыi, новыя падыходы да здымак, iншае бачанне навакольных.
— Цяпер вы даяце парады чытачам?
— Ды не, што вы, наадварот, яны мне падказваюць, як весцi гаспадарку. У сваiх каментарыях. Пачытаеш — i вiдаць, што я нiчога не ведаю, — кажа Канстанцiн.
Фермер верыць, што ўсё ў яго атрымаецца. I гэта сапраўды так. У аптымiста, чалавека, якi не можа сядзець на месцы, у няспынным пошуку, прагнага да ведаў i ўсяго новага, усё павiнна быць добра.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.