Вы тут

Чаго нельга i што трэба класцi на стол?


Мы з сынам майстравалi вулей i адначасова ладзiлi крыж, якi меркавалi на Вялiкдзень паставiць на шляху ў вёску. Да нас завiтаў трыццацiгадовы сусед Андрэй, заклапочаны, разгублены. Пытаемся: «Што здарылася, чаго сам не свой?» Расказвае: «Прыбiраў у хаце ды ўзяў i палажыў на стол венiк, то ад бабулi атрымаў такую прачуханку, што аж разнерваваўся. Растлумачце, чаму нельга было так рабiць?»


Нашы продкi надзялялi стол надзвычайным статусам, таму што ён быў своеасаблiвым сакральна-магiчным, рытуальна-абрадавым i маральна-этычным цэнтрам сямейна-родавай светабудовы, увасабленнем дабрабыту сям'i, знакам яе яднання i перспектывы жыватворнага працягу на блiжэйшыя сто гадоў... Выключны высокi этнакультурны статус стала спрыяў стварэнню вялiкай колькасцi разнастайных прадпiсанняў i рэгламентацый.

У традыцыйных уяўленнях стаўленне чалавека да прасторы вакол стала i асаблiва яго паверхнi можна было параўнаць толькi з адносiнамi да зямлi. Да Дабравешчання нельга было ўбiваць кол або ўтыкаць нож у зямлю, тое ж самае нiколi нельга было рабiць i ў дачыненнi да стала. Асаблiва забаранялася класцi той нож, якiм нешта наразалi. Мелася на ўвазе: стол яднае, злучае сям'ю ў адзiнае цэлае, таму тая рэч, якая дзелiць цэлае на часткi, не можа знаходзiцца на яго паверхнi. На яго забаранялася садзiцца, класцi шматлiкiя рэчы (шапку, сумку, ключы, грошы). За стол нельга было сядаць, не памыўшы перад гэтым рукi.

Стол павiнен быў быць накрыты абрусам. У адваротным выпадку спрацоўваў прынцып падабенства: «голы» (ненакрыты) стол (яго параўноўвалi з мужчынам, якi адправiўся ў далёкi шлях без шапкi) пагражаў хаце спусташэннем, няшчасцямi. Уважлiва сачылi за тым, якiм бокам рассцiлалi абрус: адваротны, цi «левы», бок абруса сiмвалiзаваў выключнасць або выключанасць з паўсядзённага жыцця — «левым» бокам засцiлалi толькi жалобныя сталы! На Беларусi казалi: «Калi на стол паслаць настольнiк навыварат, то людзi будуць цурацца тае хаты».

Сярод славян iснавала няпiсанае, але абавязковае да выканання правiла: калi аддавалi (цi прадавалi) свой стол суседзям, напрыклад, для вяселля, то яго неабходна было выносiць з хаты толькi пакрытым абрусам.

У свядомасцi народа сфармiраваўся комплекс рэгламентацый, скiраваных на падтрымку статусу святасцi i адначасова на забарону цэламу шэрагу рэчаў трапляць у прастору стала: гэта перш за ўсё нож (ён сiмвалiзаваў дзяленне цэлага на часткi, што супярэчыла асноўнай iдэi стала — яднанню), грошы (увасаблялi як шчасце, дабрабыт, дастатак, так i варожасць, сварку), ключы (каб не апынуцца там, дзе зачыняюць «на ключ», г. зн. у турме), грэбень (каб галава не балела), шапка (каб не згалець i не «пайсцi з шапкай ды торбай» па свеце; «бо не выйдзеш з даўгоў»); сякера («бо ваўкi прычэпяцца ды гавяда i будуць залазiць аж у хлявы»).

Самым лепшым знакам дабрабыту i дастатку ў хаце служыў хлеб на стале. Ад людзей сталага ўзросту не адзiн раз даводзiлася чуць наступнае павучанне: «Калi вы жадаеце, каб у вашай хаце заўсёды былi спакой i паразуменне, каб вы нiколi не сварылiся са сваiмi гасцямi, перш за ўсё на стол, якi сервiруецца, пакладзiце бохан непачатага хлеба i толькi потым стаўце ўсё астатняе».

Давайце яшчэ раз прасочым за нашымi дзеяннямi, калi мы пачынаем рыхтаваць святочны стол. Мы заслалi «правым» бокам прыгожы абрус, а затым пачынаем расстаўляць талеркi, посуд для розных напояў, кладзём персанальныя вiдэльцы, нажы, лыжкi. Што атрымлiваецца — на працягу нейкага часу наш сiмвал дабрабыту стаiць «лысы», «голы», з пустым посудам. Якую перспектыву жыцця на найблiжэйшы час мы такiм чынам закладваем — тую ж галечу i пустэчу? Значыць, тут нешта не тое, недзе мы iстотна памылiлiся. Менавiта хлеб трэба пакласцi пасярэдзiне стала на толькi што засцелены абрус. А вось пасля гэтага вы можаце ставiць «пустыя» талеркi (мы спецыяльна акцэнтуем на гэтай дэталi вашу ўвагу). Але хлеб — сiмвал жыцця — не вельмi стасуецца з пустым посудам. Памятаеце: як толькi вы разлiлi па бакалах якое-небудзь пiтво, то пустую бутэльку са стала хутка прыбiраюць. Усё правiльна, вы лагiчна разважаеце, засталося зрабiць толькi адзiн iстотны крок, i ўсё стане на свае месцы. Пустымi талеркамi нашы продкi нiколi гасцей не сустракалi. Той бохан хлеба, вакол якога пачалося фармiраванне (сервiроўка) стала, вы вымаеце з рытуальнага цэнтра, наразаеце i кладзяце (!) на кожную iндывiдуальную талерку па два (!) кавалачкi (па пары). Людзi прыйдуць на святочную iмпрэзу сямейнымi парамi, а гаспадары гасцiнна сустрэнуць iх той жа цотнасцю — двума кавалачкамi хлеба. Вось гэта наш этыкет, нашы правiлы добрасуседства, наш клопат аб дабрабыце кожнай пары гасцей.

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытаннi пра каранi i прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных i сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыi з пазнакай «Пра радзiннае».

Прэв'ю: gs.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.