Вы тут

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі


Ёгурт разладу цi што iншае?

Крама «Страла», што на праспекце Кастрычнiка ў Гомелi. На другiм паверсе продаж прамысловых тавараў, на першым — харчовых, дзе адразу на ўваходзе «разляглася» рэклама: 6, 7 i 8 лютага — «чорная пятнiца». Знiжкi, значыць.

Я зайшоў туды па пакупкi сёмага чысла i ўпэўнiўся, што знiжкi на самай справе былi значныя i гэта прыцягвала людзей. Не скажу, што было iх там цэлае мора, але дзве касiркi ледзь спраўлялiся з работай.

Звярнуў увагу на дзяўчынку, вiдаць, трохгадовага ўзросту, якая стаяла каля палiцы з прысмакамi i нацэльвалася пальчыкам на блакiтны слоiк ёгурту, не адыходзячы адтуль некалькi хвiлiн. Мацi тым часам знаходзiлася ў разлiковай чарзе i клiкала дачку да сябе. А дзяўчынка моўчкi ўпарцiлася, не iшла туды. I тады мама вярнулася да яе i з лагоднымi словамi: «У нас жа, Тася, дома ёсць ёгурт», — хацела забраць яе да сябе, як тая прамовiла: «А я яшчэ хачу!» I мацi толькi сабралася задаволiць яе просьбу, як да iх падляцеў такога ж, а можа, трохi большага ўзросту хлапчук i выхапiў з палiчкi ёгурт коштам 79 капеек.

Тут жа раздаўся рэзкi крык яго мацi:

— А ну, пакладзi на месца!

Хлапчук засунуў ёгурт у кiшэню, але яна вырвала адтуль яго руку i ўдарыла па ёй. Ёгурт застаўся там жа, i хлапчук заплакаў. Не спынiўшыся на гэтым, яна пачала матляць яго туды-сюды. I тады мацi Тасi сказала дачушцы: ты не хочаш падарыць хлопчыку ёгурт? I тая моўчкi кiўнула галоўкай: хачу.

Гэта выклiкала такую злосць у мацi хлапчука, што яна не толькi з падвоенай энергiяй стала матляць яго, але i абрушылася на маму Тасi:

— Не лезь куды не трэба! У мяне свой метад выхавання! Без тваiх падачак абыдуся!

Тут i я не сцярпеў, заўважыўшы ёй, што жанчына нiчым яе не пакрыўдзiла, не абразiла, а хацела зрабiць добрую справу, i пачуў:

— I ты, дзед, таксама не лезь куды не трэба.

Яна выцягнула з партманета рубель i пагардлiва кiнула яго ў кошык Тасiнай мамы, сказаўшы з'едлiва пры гэтым: «А рэшта табе на калготкi». I, шмаргануўшы сына за рукаў, пацягнула яго з крамы, мiнаючы касу. А той дарогай ударыў нагой шчанюка, якога на почапе трымаў нейкi хлапчук каля самага выхаду. А жанчына, закурыўшы на ганку цыгарэту, рушыла на тралейбусны прыпынак.

— Што з яе возьмеш? — прамовiла бабулька, якая ўсё гэта бачыла. — Як яна ўжываецца з мужам?

— З нашага дома яна, — уключылася ў размову другая жанчына. — Муж цярпеў-цярпеў яе ды збег.

А мне падумалася: дзе выхоўвалася гэтая, мiж iншым, сiмпатычная малодка? Адкуль у яе столькi злосцi i непавагi да людзей? Якi прыклад падае яна свайму дзiцяцi? I як будзе адносiцца да яе сын, калi вырасце i не будзе такi бездапаможны, як цяпер?

Фота: scanport.ru

Эксперымент з аплявухамi

— Я не бачу прычыны, каб не прыняць яшчэ па адной, — Сяргей Васiлевiч запытальна зiрнуў на свайго напарнiка Пятра Iванавiча.

— А хто супраць? — весела адазваўся той i тут жа булькнуў спiртнога ў два кiлiшкi. Але свята жыцця парушылi мiлiцыянеры, якiя падышлi да лаўкi каля лазнi, на якой уладкавалiся прыяцелi, i нагадалi, што распiваць спiртное ў грамадскiм месцы забаронена.

Падалiся да Пятра Iванавiча дамоў — жонка, Любоў Паўлаўна, дазволiла.

— Выбiраў яе не ў карагодзе, а ў агародзе, — хвалiўся ён. — У адной вёсцы раслi. З юнацкiх гадоў ведаю. Працавiтая вельмi. Але дужа раўнiвая. Крыксай становiцца, калi западозрыць мяне ў сiмпатыi да якой-небудзь маладзiцы.

Алкаголь памалу браў сваё, i Сяргей Васiлевiч неяк спахмурнеў, разнюнiўся i пачаў жалiцца, што яго жонка, Людмiла Ягораўна, хоць i любiць яго моцна, а вось чамусьцi нiколi не раўнуе. А ёсць жа за што, ёсць. А ў яе нi грама рэўнасцi няма, хоць ты плач.

— У народзе кажуць: усе чэрцi адной шэрсцi, — запярэчыў гаспадар. — Аднолькавыя, значыць. А ў бабскай душы — не адна песня. То-бок у кожнай жанчыны каханне пульсуе, а рэўнасць фантанам б'е, калi правiнiшся. Твая Людмiла Ягораўна — не выключэнне. Хочаш — праверым.

— Хачу. Хачу даведацца, якая яна ў рэўнасцi.

Узрост у абодвух мужыкоў пенсiйна-паважаны, i яны ва ўсiх сваiх учынках i дзеяннях, здаецца, павiнны быць салiдныя. Але ж у дадзеным канкрэтным выпадку гэта не спрацавала. Цi то алкаголь сцебануў па iхняй мазгаўнi, цi то ў iхнiх душах успыхнула былая хлапечая дураслiвасць, толькi яны тут жа вырашылi правесцi над Людмiлай Ягораўнай эксперымент. I вось што з гэтага атрымалася.

...Яна, як заўсёды (калi вярталася з работы), зайшла ў перадпакой кватэры цiхенька, без стуку i груку, i скрозь спецыяльна прыадчыненыя мужыкамi, якiя перамясцiлiся да iх у кватэру, дзверы на кухню — каб кантраляваць час яе прыходу — пачула прыглушаны голас мужа:

— Пекная маладзiчка, скажу я табе. У самай расквiтнеўшай жаноцкасцi. Гнуткi стан, прывабныя ямачкi на шчочках. Усё пры ёй. Самы цымус.

— А якiя багатыя грудзi! — гэта ўжо голас Пятра Iванавiча. — Як у расiйскай пявуннi Семяновiч.

— Ды не, куды большыя. Калi выйшла яна ў фае да гардэроба, каб адпачыць пасля лазнi, i кiнула, я гэта засёк, прызыўны позiрк на мяне, дык я вырашыў: маёй каханкай будзе. Перамог сваю нясмеласць i падышоў да яе.

— I што ж?

— Ды ты сам бачыў. Пастаялi, пагутарылi. Удава, сорак восем гадоў ёй. Адна ў двухпакаёўцы жыве. Недалёка ад мяне.

— Мабыць, i адрас дала?

— А як жа! I нумар тэлефона. Прадчуваю: гульня будзе яшчэ тая. Мужык я не зношаны. Ёсць яшчэ порах.

— Бог не без лiтасцi, казак не без шчасця, — як бы падвёў рысу пад пачутым Пётр Iванавiч. — Дзейнiчай. Удачы табе. Булькнi ў апошнюю сёння чарэнцыю.

Слухаць далей мужыкоў у Людмiлы Ягораўны не хапiла нi сiл, нi цярпення. Сабраўшы ўсю волю ў кулак, стукнула дзвярыма i пайшла на кухню. Прывiталася, спытала, можа якой закусi iм дабавiць, ды мужыкi адмовiлiся. Госць падаўся дадому. Гаспадыня не стала высвятляць адносiны з мужам па гарачых слядах. Пракруцiўшы ўсё саракагадовае сумеснае жыццё з мужам, згадаўшы ўсё добрае i не вельмi добрае (чаго толькi ў сям'i не бывае), яна апынулася на раздарожжы: верыць пачутаму цi не? А што, калi Сяргей Васiлевiч з п'яных вачэй вырашыў пахвалiцца перад сябрам: маўляў, вось якi я! Таму, каб у сваiм гневе не нарабiць памылак, вырашыла прасачыць за мужам, якi на некаторыя тэлефонныя званкi пачаў адказваць не так, як звычайна, а абмяжоўваўся аднымi i тымi словамi: «так», «не», «я патэлефаную сам», «маю на ўвазе» i г. д.

Некалькi разоў слухаўку падымала сама гаспадыня, i сувязь у ёй адразу ж абрывалася. I гэта, вядома, пасiльвала падазронасць у нявернасцi мужа, але сваiмi паводзiнамi жанчына нiчым не выказвала яе. Чакала больш пераканаўчых аргументаў. I адзiн з iх неўзабаве з'явiўся. А менавiта: у паштовай скрынi выявiла пiсьмо да мужа без зваротнага адраса. Не вытрымала, прачытала яго. Божа ты мой! Словы кахання i запрашэнне прыйсцi ў госцi.

Такiм чынам, у руках жанчыны апынуўся «казырны туз», якiм яна магла б пабiць усе карты мужа, усе яго прыдуманыя апраўданнi, доказы адваротнага i г. д. Але рабiць гэта яна не стала, пiсьмо тое апусцiла ў тую ж скрыню i вырашыла чакаць, што будзе далей.

Пад вечар Сяргей Васiлевiч схадзiў унiз па пошту, камусьцi патэлефанаваў i сказаў Людмiле Ягораўне, што пойдзе падыхаць свежым паветрам. Яе ж з сабой не запрасiў. А яна, як той казаў, следам за дзедам назiркам. Што не прайшло па-за яго ўвагай. Улучыўшы зручны момант, Сяргей Васiлевiч зашыўся ў натоўп людзей на тралейбусным прыпынку, а потым узяў курс да сябра, ды тры гадзiны гуляў з iм у шахматы.

А калi вярнуўся дадому, то з жахам убачыў каля дзвярэй кватэры свой чамадан. I колькi потым нi енчыў перад тымi дзвярыма, каб жонка выслухала яго, бо, маўляў, здарылася недарэчнасць, колькi нi ўмольваў яе, усё было дарэмна. Начаваць яму давялося ў Пятра Iванавiча.

А назаўтра Любоў Паўлаўна, якой мужыкi ва ўсiм прызналiся, назвала iх дурнiламi i павалакла з сабой «эксперыментатараў», якiя плялiся «падтулiўшы хвасты», да Людмiлы Ягораўны. Выслухаўшы вiзiцёраў, тая дала Пятру Iванавiчу аўтаручку i прымусiла яго пад яе дыктоўку напiсаць некалькi сказаў на аркушы паперы. I калi па почырку ўпэўнiлася, што гэта яго рукой было напiсана тое пiсьмо, i здагадаўшыся, якiя намеры мелi «эксперыментатары», шырока размахнулася i... з усяе сiлы ўрэзала поўху спачатку яму, пасля свайму мужу.

Затым апусцiлася на канапу i горка заплакала. А Пётр Iванавiч прагугнiў Сяргею Васiлевiчу:

— А ты не верыў, што ўсе чэрцi адной шэрсцi i што ў бабскай душы не адна песня. I яшчэ — твая жонка ў рэўнасцi куды круцейшая, чым мая.

Уладзiмiр Пернiкаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.

Грамадства

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Ідэя стварыць гурток авіямадэлістаў у нейкім сэнсе звязана і з размяшчэннем побач з райцэнтрам былога ваеннага аэрадрома.

Грамадства

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Будаўнічыя ідэі распрацоўваюцца ў лабараторыі аднаго брэсцкага вучонага.