Дзяўчынка, якой на выгляд было не больш за чатыры гадкі, забегла ў краму першая.
— Маша, пачакай, — сказала жанчына, якая ўвайшла следам.
Гэта была Машына мама.
— А ты дагані! — засмяялася дзяўчынка і пабегла па краме далей.
У дворыку каля дома Маша вельмі любіла гуляць у даганялкі і жмуркі з мамай і татам, з такімі ж, як і сама, дзяўчынкамі і хлопчыкамі. Ёй вельмі падабалася кагосьці даганяць, хавацца і каб яе шукалі.
— Маша, ну я ж не паспяваю за табой! — крыкнула ёй услед мама. — А мне ж
яшчэ трэба што-небудзь выбраць.
Але дзяўчынка нібы і не чула. Яна забегла за прадуктовы стэлаж і стала чакаць, пакуль мама яе знойдзе. Чакаць давялося некалькі хвілін. Потым Маша пачула знаёмы мамін голас: «А, вось ты дзе!»
Малая засмяялася, зірнула на маму і зноў пабегла, каб схавацца за новым стэлажом. Такая гульня забаўляла яе.
Гэтым разам чакаць давялося крыху даўжэй. Маша ўжо хацела выйсці са схованкі, як мама яе ўбачыла.
«Нагулялася?» — запыталася ў дачкі.
«Не-а», — адказала Маша і зноў некуды пабегла.
Ахоўнікі яе не спынялі. Хтосьці з пакупнікоў назіраў за малой гарэзай са здзіўленнем, хтосьці неадабральна ківаў галавой. Маўляў, зусім дарослыя не пільнуюць сваіх дзяцей і дазваляюць ім такія вольнасці.
Дзяўчынка прастаяла за наступным стэлажом больш, чым за іншымі. Але мама не з'яўлялася, не было чуваць і яе голасу. Хутка малой надакучыла стаяць на адным месцы, і яна пачала разглядваць прадукты.
Вось ляжаць яе любімыя цукеркі «Алёнка», вафлі, печыва. Усё, што яна любіць. Дзяўчынка думала аб тым, каб хутчэй з'явілася мама і знайшла яе. Яна больш нікуды не пабяжыць, не стане хавацца. Яна папросіць маму ўзяць ёй цукеркі,
і яны разам пойдуць дадому.
Але знаёмы голас не клікаў яе — той, самы родны, да якога яна так прывыкла за сваё яшчэ невялікае жыццё. Вакол хадзілі чужыя людзі. Яны не звярталі на яе ніякай увагі. Маша не вытрымала і выбегла са сваёй схованкі, стала на віднае месца. Але і тут мама да яе не падышла. Умомант стала страшна. Нібы самі па сабе, па шчоках пабеглі слёзы. «Мама!» — закрычала дзяўчынка. Ніхто не адгукаўся. «Мама!» — зноў паклікала яна.
Але ў адказ была цішыня. Каля яе сталі прыпыняцца людзі.
— А чыя гэта малая? — прыязна запыталася бабуля. — Плакаць не трэба. Зараз мы адшукаем тваю маму.
Але дзяўчынка не чула старую. Яна пабегла туды, дзе, як ёй здавалася, знаходзіўся выхад з крамы. Можа, мама і сапраўды забылася пра яе і пайшла дадому? Больш за ўсё Маша баялася згубіцца і застацца ў гэтай краме назаўжды.
— Мама! — зноў закрычала яна.
— Маша! — раптам пачула ў адказ. Падняла вочы і ўбачыла маму.
— Вось ты дзе, — заклапочана сказала жанчына. — А я ўжо не ведала, дзе цябе шукаць. Да ахоўнікаў хацела звярнуцца, каб дапамаглі.
Маша забылася пра цукеркі і газіроўку. Пра ўсё, што хацела папрасіць купіць ёй. Яна думала толькі пра адно: каб не адстаць ад мамы і зноў не згубіцца. Таму моцна схапіла яе за руку.
— Пойдзем, — усміхнулася мама. — Толькі на касе разлічымся.
Маша не ведала, што любімыя цукеркі мама ўзяла і без яе напаміну. А замест газіроўкі ў кошыку ляжаў мультыфруктовы сок.
Прэв'ю: pikabu.ru
Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.