Вы тут

Нясвіжскія літаратурныя маршруты


З Міра да Нясвіжа выпраўляемся ў чарговую літаратурна- краязнаўчую вандроўку. Там зусім блізка: кіламетраў 30. У каго пасля знаёмства з палацавым комплексам “Мірскі замак” будзе часу — завітайце і ў Нясвіж. А можна й па цэлым дні правесці ў абодвух знакавых месцах, калі ўсё аглядаць няспешна.


Міхал Бжастоўскі. WIKIPEDIA.ORG

Ужо самі вуліцы Нясвіжа гавораць пра “літаратурны характар” старадаўняга месца. Мяркуйце самі: гарадская тапаніміка звязана тут з імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа (да вуліц дадаюцца й завулкі, названыя ў гонар народных песняроў Беларусі), Францыска Скарыны й Мікалая Някрасава, Адама Міцкевіча ды Уладзіміра Маякоўскага, Максіма Горкага й Андрэя Макаёнка, Міхаіла Лермантава й Фёдара Дастаеўскага, Максіма Багдановіча. Шкада, праўда, што няма ў горадзе пакуль вуліц Адольфа Янушкевіча й Канстанціна Паўстоўскага. Першы з іх нарадзіўся ў Нясвіжы, а рускі празаік лячыўся ў ваенным шпіталі ў Нясвіжы ў Першую сусветную вайну. Літаратурная тапаніміка Нясвіжа так ці іначай, але ж сведчыць, што горад важны для краязнаўства ў звязку як з беларускай, так і з рускай, польскай літаратурамі.

З ураджэнцаў Нясвіжа — польскі літаратар, а таксама польскі ды расійскі чыноўнік Адам Ржэвускі (1760–1825). Нарадзіўся Адам Станіслававіч у замку як родавым маёнтку свайго дзеда (па маці) Міхала Рыбанькі. Ужо ў 27 гадоў быў амбасадарам у Даніі! Пакінуў пасля сябе творы палітычнага характару. Вядомасць мае яго “Запіска пра цараванне караля Станіслава-Аўгуста”, а таксама “Размовы пра царства мёртвых”, “Заўвагі на польскія законы”. Адам Ржэвускі — аўтар і лірычных вершаў, ён перакладаў элегіі, трагедыі старажытнарымскага пісьменніка Альбія Цібула. Увогуле сям’я Адама — партрэт і часу, і двух стагоддзяў у розных праявах расійска-польскіх дачыненняў. Кацярына Радзівіл, унучка палітыка й пісьменніка, стала вядомай для свайго часу літаратаркай. Гэта пра яе як пра пісьменніцу й вялікую авантурыстку расказаў Валянцін Пікуль у гістарычнай мініяцюры “Дама з Гоцкага альманаха”. Адна дачка Адама Ржэвускага, Эвяліна Канстанцыя Вікторыя, некаторы час была жонкай Анарэ дэ Бальзака. (Першым яе мужам быў Вацлаў Ганскі, таму і ў гісторыю жанчына ўвайшла як Эвяліна Га́нская, народжаная графіня Ржэвуская (па-польску Ewelіna Constancja Vіktorіa Hanska, 1801–1882), польская памешчыца й руская падданая. 14 сакавіка 1850 года Бальзак абвянчаўся з Эвялінай у касцёле св. Барбары ў Бярдзічаве, за 5 месяцаў да свайго скону, і ў той жа дзень Анарэ напісаў блізкаму сябру мадам Карро: “Толькі Вы павінны даведацца ад мяне пра шчаслівую развязку вялікай і дзівоснай драмы сэрца, якая доўжылася шаснаццаць гадоў. Тры дні таму я ажаніўся з адзінай жанчынай, якую кахаў, якую кахаю яшчэ больш, чым раней, і буду кахаць да самай смерці. — Рэд.)

Равеснік Адама Ржэвускага — польскі драматург Міхал Іеранім Бжастоўскі, які нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1760 годзе. Маршалак Завілейскага павета (1795), у 1801–1805 гадах ён быў на чале шляхты Віленскай губерні. Удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Аўтар некалькіх драматычных твораў. Найболей вядомая п’еса — “Рыцары Лебедзя — рыцарская драма ў пяці актах, напісаная арыгінальнымі вершамі”. За дзяржаўную, палітычную дзейнасць адзначаны Мальтыйскім ордэнам, кавалер ордэна Белага Арла.

Уладзіслаў Сыракомля. WIKIPEDIA.ORG

У Нясвіжы ў дамініканскай школе з 1833 па 1836 год вучыўся пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля. Заканчваў вучобу таксама ў дамініканскай школе ўжо ў Наваградку: у 1837‑м. Пра тагачасную адукацыю захавалася цікавае дакументальнае сведчанне творцы: “...Нашых дзядоў сцябалі езуіты, нашых бацькоў хвасталі айцы піяры, і мы паспыталі базыльянскай розгі або дамініканскай дысцыпліны. Але няхай за тыя розгі ўшануюць іх нябёсы! Так, здорава яны лупцавалі, калі было за што, але й любілі яны дзяцей сардэчна й шчыра, старанна іх настаўлялі ў навуцы й веры ды строга сачылі за маральнасцю — шмат каго дала нашаму краю іх уважлівая апека”.

Расказваючы пра польскія літаратурныя адрасы ў Нясвіжы, згадаем імя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага: “пружанскі Дзюма” напісаў больш за 600 тамоў раманаў, аповесцяў, гістарычных нарысаў! Крашэўскі спалучаны з горадам, бо напісаў раман “Кароль у Нясвіжы”, прысвечаны, як вядома, канкрэтнаму гістарычнаму эпізоду.

Канешне, калі будзе напісана ёмістая, і не фрагментарная літаратурна-краязнаўчая гісторыя Нясвіжа, то ў тым летапісе будуць згаданы імёны можа сотняў паэтаў, празаікаў, драматургаў. І, пэўна ж, бальшыня старонак аповеду будзе спалучана з Нясвіжскім палацава-замкавым комплексам. У сценах замка ўжо ў XX стагоддзі працаваў савецкі санаторый, у які адпачываць прыязджалі многія пісьменнікі. У часе адпачынку ў санаторыі пайшоў на вечны спачын народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. У Нясвіжы працаваў доўгі час — з 1945 па 1978 год — настаўнікам беларускай мовы й літаратуры паэт Паўлюк Прануза. Яго імя носіць сёння Нясвіжская цэнтралізаваная раённая бібліятэка. У мясцовым райкаме камсамола працаваў першым сакратаром напрыканцы 60‑х гадоў пісьменнік Уладзімір Ліпскі. Відаць, першая кніга яго нарысаў — “Райкомаўскія будні” — якраз была з “нясвіжскімі адрасамі”.

Ужо ў блізкім да нас часе шмат зрабіла для развіцця нясвіжскага гістарычнага, літаратурнага краязнаўства Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая (1935–2005) — настаўніца беларускай мовы й літаратуры, краязнаўца. Многія ведаюць яе кнігі “Музы Нясвіжа”, “Паданні Нясвіжа”, “Скарбы Нясвіжа”, “Нясвіж і Радзівілы”, “Чорная дама Нясвіжскага замку”.

Нясвіжскі дзяржаўны каледж носіць імя Якуба Коласа: з 2008 года. Калі ж адкручваць гісторыю назад, то з 1984‑га ў горадзе было Нясвіжскае педвучылішча, раней (1944–1956) — педвучылішча імя Якуба Коласа. У 1956‑м тую ўстанову скарацілі, а навучэнцаў накіравалі ў Пінскае педвучылішча. А ў 1875‑м працу распачала Нясвіжская настаўніцкая семінарыя. Сярод яе выпускнікоў — этнограф, бацька Максіма Багдановіча Адам Ягоравіч Багдановіч, Якуб Колас, Кузьма Чорны…

Адольф Янушкевіч.

Шкада, што ў Нясвіжы няма пакуль вуліцы Адольфа Янушкевіча: паэт, этнограф, рэвалюцыйны дзяяч нарадзіўся ў 1803 годзе. Дарэчы, наш зямляк — прататып Адольфа ў ІІІ частцы паэмы “Дзяды” Адама Міцкевіча, сябра паэта. Нарадзіўся Адольф Янушкевіч у самім замку, у сям’і небагатай шляхты, якая жыла пры двары Радзівілаў. Хлопчык быў хрышчоны Міхалам-Іеранімам Радзівілам. Адольф Янушкевіч вучыўся ў дамініканскай школе ў Нясвіжы. У 1821–23 гадах быў студэнтам літаратурнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Уваходзіў у тайнае таварыства філарэтаў. Першай публікацыяй Адольфа была сентыментальная паэма “Мелітон і Эвеліна”. Ён прымаў удзел у паўстанні ў лістападзе 1830 года. У часе бою быў паранены, трапіў у палон. Асудзілі паўстанца да смяротнага пакарання, якое замянілі вечнай высылкай. Патрапіў наш зямляк у Табольск, затым у Ішым (поўнач Казахстана). Пасля астрога быў на вольным пасяленні. Выпісаў з родных мясцін уласную бібліятэку. Пасябраваў з Густавам Зялінскім, рускім паэтам і дзекабрыстам А. Адаеўскім. У жніўні 1841 года пераехаў у Омск. Вывучыў казахскую мову. Шмат падарожнічаў па казахскіх (тады яны называліся кіргізкія) стэпах, запісваў казахскі фальклор. У часе экспедыцыі 1846 года склаў “Дзённік паездкі ў Сібір”. Матэрыялы Адольфа Янушкевіча, прысвечаныя Казахстану й казахам, выйшлі асобнымі кнігамі на польскай, рускай ды іншых мовах. Цяпер у гарадах Казахстана — Нур-Султане, Алматы, Усць-Каменагорску — ёсць вуліцы, якія носяць імя нясвіжчаніна. То варта б назваць імем Адольфа Янушкевіча па адной з вуліц у Нясвіжы, Дзяржынску (ён пахаваны на могілках пры вёсцы Дзягільна Дзяржынскага раёна), ды і ў Мінску.

Яшчэ адно літаратурнае імя згадваецца ў звязку з Нясвіжам: у 1881 годзе ў горадзе нарадзіўся Іосіф Бекер. Ён закончыў Сімферопальскую гімназію, быў вольным слухачом Пецярбургскага ўніверсітэта. Працаваў у газетах “Новая жизнь” і “Ленинградская правда”. Друкаваўся ў розных пецярбургскіх, ленінградскіх перыядычных выданнях. Напісаў некалькі кніг — “Вялікая расійская рэвалюцыя” (Вільня, 1920), “Барацьбіты рэвалюцыйнага друку” (Масква, 1929), “Акадэмія Мастацтваў: Гістарычны нарыс” (Ленінград, 1940; у суаўтарстве з І. Бродскім, С. Ісакавым), “Міцкевіч у Пецярбурзе” (Ленінград, 1955).

Графіня Эвяліна Ганская (у дзяцінстве Ржэвуская). Карціна Фердынанда Георга Вальдмюлера, 1835 г. WIKIPEDIA.ORG

Літаратурны Нясвіж — гэта імёны, лёсы й шмат каго з яўрэйскіх пісьменнікаў. У 1876 годзе нарадзіўся празаік, перакладчык, драматург Фальк Гальперын. Працаваў настаўнікам у Мінску, Вільні, Варшаве. Напісаў шмат кніг для дзяцей. Уражвае такі факт: Фальк Гальперын выдаў каля 100 (!) кніг на іўрыце ды ідзіш. Нахем Ліпоўскі, які нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1874 годзе, заснаваў у Вільні яўрэйскі народны тэатр, напісаў некалькі п’ес. Родам з Нясвіжа таксама яўрэйскія літаратары Макс Рэйзін і Нісан Тураў.

Алесь Карлюкевіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.