Вы тут

Iмянныя лаўкi i народныя дарожкi. Цiкавы праект па добраўпарадкаваннi рэалiзуецца ў Брэсце


Гарадскi сад у Брэсце — гэта стары новы парк, якi з'явiўся ў абласным цэнтры да яго тысячагоддзя. Стары таму, што ён ужо быў у горадзе на мяжы ХIХ i ХХ стагоддзяў. А новы таму, што той, старадаўнi, даўно зарос бур'яном i прыйшоў у заняпад. Сад аднавiлi цалкам за апошнiя некалькi гадоў. Добраўпарадкаванне цiкавага аб'екта гарадскога асяроддзя працягваецца.


Га­рад­скi вал.

Цяпер пачалася ўкладка новай тратуарнай сцежкi. Яна працягнецца ад цэнтральнай часткi саду да набярэжнай Мухаўца. А вось «праект» пешаходнай часткi стварылi самi наведвальнiкi, прычым уласнымi нагамi. Паводле слоў намеснiка генеральнага дырэктара КУМВП «Брэсцкае гарадское ЖКГ» Сяргея ЖУКАВА, камунальнiкi кладуць плiтку на месцы сцежак, якiя пратапталi адпачывальнiкi. Такiм чынам, усё робiцца для максiмальнай зручнасцi людзей.

А вось уздоўж дарожкi неўзабаве з'явяцца новыя лаўкi. Іх зробяць у адным стылi на спецпрадпрыемстве. I будуць, мяркуецца, яны iмяннымi. Усе ахвотныя — як юрыдычныя асобы, так i фiзiчныя — змогуць праспансiраваць лаўкi з адмысловымi таблiчкамi. На iх укажуць назву прадпрыемства цi ўстановы альбо прозвiшча i iмя чалавека, якi прафiнансаваў праект. Такiм чынам у кожнага з'явiцца магчымасць упiсаць сваё iмя ў гiсторыю горада. Гэта не брэсцкая выдумка — такiя акцыi даўно праводзяцца ў розных краiнах свету. У нас любяць згадваць Цэнтральны парк Нью-Ёрка, дзе ўстаноўлена каля 2000 iмянных лавак.

Новую iнiцыятыву падтрымалi ўжо больш чым два дзясяткi прадпрыемстваў i пяць грамадзян. Пра жаданне займець сваю лаўку ў гарадскiм садзе заявiў народны артыст Беларусi кампазiтар Эдуард Ханок. У Брэсце прайшло дзяцiнства музыканта, тут ён хадзiў у школу. Сям'я жыла ў цэнтры горада, недалёка ад цяперашняга саду. Вось i вырашыў Эдуард Сямёнавiч у свой юбiлей (сёлета яму спаўняецца 80 гадоў) зрабiць падарунак гораду дзяцiнства. Згадзiцеся, добры прыклад для землякоў.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота Валерыя Караля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.