Вы тут

Як у Папінскім сельсавеце, што на Брэстчыне, падтрымліваюць парадак агульнымі намаганнямі


Ва ўсіх 11 населеных пунктах Папінскага сельсавета Драгічынскага раёна вясна пачалася з навядзення парадку. Не зусім нават вясна — першы суботнік правялі 24 лютага. І ў пачатку сакавіка ўжо таксама тры разы збіраліся талакой на ўборку тэрыторый. А летась старшыня сельвыканкама Святлана ДЫШКО арганізавала 21 суботнік. «Гэта «фішка» новага кіраўніка мясцовай улады — узнімаць грамаду на барацьбу з зарастаннем, засмечваннем, запусценнем», — сказаў пра яе старшыня Драгічынскага раённага Савета Леанід КАРПОВІЧ.


Стар­шы­ня сель­ска­га Са­ве­та Свят­ла­на Дыш­ко (спра­ва)  і гас­па­ды­ня пры­ват­най ся­дзі­бы Свят­ла­на Яр­мо­цык.

Дрэвы і агароджы

— Калі прыбіралі могілкі, па 200 чалавек збіралася, — расказвае Святлана Іванаўна. — У нас восем могілак, і толькі адны з іх — у Новай Папіне — значацца на балансе камунальнікаў. Ды і тыя мы прыбіралі агульнымі намаганнямі. Галоўнай праблемай былі дрэвы — высачэзныя сосны, якія патрабавалася знесці. Старасты збіралі грошы, потым заключалі дагаворы з бярозаўскімі спецыялістамі. Альпіністы зразалі дрэвы, а мы на суботніках прыбіралі рэшткі, ачышчалі ад кустоўя, вывозілі смецце на палігоны.

Цяпер могілкі выглядаюць дагледжанымі. Няма кустоў, якія ўздымаліся дзе-нідзе ў рост чалавека. Работа працягваецца, падтрымліваць у парадку такія аб'екты атрымліваецца, калі праяўляць пастаянны клопат. Вось і ў мінулую нядзелю прайшоў сход у вёсцы Кублік, на якім вырашалі, як патраціць грошы, сабраныя грамадзянамі на замену агароджы. Стараста Васіль Мартынюк паведаміў: сума склала 1800 рублёў. Людзі параіліся і прыйшлі да высновы, што найлепш паставіць шчыкетнік з металапрофілю. Далей вызначыліся, хто будзе купляць матэрыял, як яго транспартаваць, дзе складваць, абазначылі парадак устаноўкі. Гэтак жа вырашаюцца пытанні па кожных могілках.

Ёсць яшчэ адна праблема з добраўпарадкаваннем могілак — і не толькі ў Папінскім сельсавеце, і не толькі ў Драгічынскім раёне. Гэта тоны штучных кветак, якімі кожную вясну завальваюцца адпаведныя пляцоўкі, а потым палігоны бытавых адходаў. Не раз казалі, пісалі, якія шкодныя кампаненты выкарыстоўваюць вытворцы для афарбоўкі, па сутнасці, смецця, якім мы рэгулярна завальваем зямлю. Потым гэтая атрута трапляе ў глебу, у грунтовыя воды з усімі адпаведнымі наступствамі... Дык вось у вёсцы Ляхавічы вырашылі змагацца з навалай агульнымі намаганнямі. Тамтэйшы святар айцец Сергій аб'явіў, што не будзе асвячаць магілы, упрыгожаныя штучнымі кветкамі. Яно і правільна: клопат пра экалогію выглядае вельмі нават богаўгоднай справай. Некаторыя грамадзяне, нязгодныя з такой пастаноўкай пытання, пайшлі ў сельвыканкам шукаць падтрымкі ў мясцовай улады. Але там адказалі, што экалагічную ініцыятыву царквы вітаюць, будуць усяляк падтрымліваць і рэкамендаваць суседзям, каб пераймалі вопыт. Сапраўды, чаму б не завесці «моду» ўпрыгожваць магілы жывымі кветкамі? Цяпер вялікае іх мноства прадаюць у гаршках. Так кветкі прастаяць даўжэй, чым, напрыклад, зрэзаныя, і не ператворацца праз год у атруту для зямлі.

На су­бот­ні­ку.

Прыбраць разам

Цікава, што жыхары вёсак разам выходзяць не толькі на суботнікі па паляпшэнні могілак — яны збіраюцца і наводзяць парадак у ваколіцах. Так было ў Кубліку, у Вялікім Лесе, Папіне, ды і іншых. Землі тут у многіх месцах меліяраваныя, іх перасякаюць каналы. А ў тыя за зіму вецер наносіць шмат рознага пластыкавага смецця — вось і даводзіцца яго прыбіраць разам. Часта для гэтай работы прыцягваюць школьнікаў, але і пенсіянеры не адстаюць. «Крыўдна, што людзі не цэняць намаганняў сваіх жа аднавяскоўцаў па ўтрыманні тэрыторый у парадку, — разважае старшыня сельскага Савета. — Атрымліваецца, што дзеці, унукі тых, хто выходзіць на суботнікі, выкідваюць па ўзбочынах бутэлькі, пакеты, іншыя адходы, калі прыязджаюць наведваць родных. Ды і некаторыя вяскоўцы гэтым грашаць. Не прыязджаюць жа да нас з-за мора ці акіяна з пакетамі смецця». Ужо сёлета жыхары прыбіралі вялікі ўчастак уздоўж каналаў у вёсцы Зарэчка. Той участак, дарэчы, прымыкае да пляца, на якім размешчаны не зусім звычайны для нашых мясцін помнік ахвярам вайны.

Падобныя помнікі спрэс узводзілі ў 60-я гады. Спачатку жыхары Зарэчкі і навакольных вёсак насыпалі курган і ўжо потым усталявалі аграмадны абеліск. Яго штогод падфарбоўваюць, падтрымліваюць у парадку навакольную тэрыторыю. Траву заўсёды своечасова падкошваюць, хмызняк прыбіраюць, і помнік выглядае належным чынам, як, дарэчы, і астатнія тры манументы, што ўвекавечваюць на тэрыторыі сельсавета памяць пра Вялікую Айчынную вайну.

На прыватных участках

Ну і вядома, ніякага парадку не даб'ешся, калі жыхары не будуць падтрымліваць яго на сваіх сядзібах ды побач з імі. Прыкладам тут можа быць падворак Святланы і Аляксандра Ярмоцыкаў з Папіны. У іх, нягледзячы на немаляўнічую пару года, у двары сапраўдная прыгажосць. Пакуль няма кветак, вока радуюць элементы ландшафтнага дызайну, зробленыя рукамі гаспадароў: роўнымі радамі растуць дэкаратыўныя кусты, зелянее газонная траўка. Ва ўсім адчуваецца клапатлівая рука гаспадыні, што падтрымлівае парадак, і гаспадарская рука, якая гэты парадак усталявала. Прыгажосць навялі не толькі ў межах свайго ўчастка, але і ўздоўж яго да самай дарогі. Такіх жыхароў, на шчасце, многа. Іх заахвочваюць не толькі ў дзень вёскі.

Старшыня сельскага Савета часта выкладвае перадавы вопыт асобных грамадзян па вядзенні ўласнай гаспадаркі на сваёй старонцы ў сацсетцы. Сёння ў сельсавецкай групе налічваецца больш за 720 чалавек, што пры двухтысячным насельніцтве вельмі нямала. У інтэрнэце змяшчаюцца звесткі пра кожны суботнік, кожнае мерапрыемства, сход, ушанаванне сталых імяніннікаў і юбіляраў. І вядома, знаходзіцца месца для слоў падзякі актыўным удзельнікам грамадскіх акцый, такім, напрыклад, як Ніна Калпачук з Новай Папіны, Лідзія Кароль з Зарэчкі.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Драгічынскі раён

Загаловак у газеце: Плюс 21 суботнік

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.