Вы тут

Разгляд зваротаў грамадзян у крыху іншым фармаце, чым гэта было раней, апрабавалі ў Савеце Рэспублікі


Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ правёў у аўторак, 17 сакавіка, асабісты прыём грамадзян. Да сенатара прыйшлі тры чалавекі, якія агучылі розныя пытанні: ад стасункаў з шумнымі суседзямі да стаўлення мясцовых улад да вырашэння праблем шматдзетнай сям'і.


Вочы ў вочы

Новае, як вядома, гэта добра забытае старое. Таму назваць цяперашнюю гутарку з заяўнікамі нейкім новым фарматам правядзення прыёмаў грамадзян будзе не зусім правільна, бо такая форма работы добра вядомая. Гаворка ідзе аб запрашэнні да разгляду тэм, якія ўздымаюцца, кіраўнікоў і прадстаўнікоў профільных міністэрстваў, ведамстваў, тэрытарыяльных органаў улады, у чыёй кампетэнцыі знаходзіцца разгляд праблемнага пытання. Канешне, яны ў далейшым задзейнічаны ў ланцужку пры падрыхтоўцы пісьмовага адказу заяўніку, але ж фармат «вочы ў вочы» — больш эфектыўны, лічыць сенатар. І вось чаму.

Папярэдні вопыт работы ў кіраўніцтве рэгіянальнай вертыкалі ўлады даказаў, што 70—80 % зваротаў вырашалася ўжо на этапе падрыхтоўкі іх да разгляду ў адведзены дзень: падключаліся кампетэнтныя спецыялісты, і адказ заяўніку быў больш грунтоўны, вывучаны і матываваны. Чытай — больш эфектыўны, бо ўтрымліваў канкрэтныя парады, рашэнні і высновы.

— Гэта дазваляе хутчэй вывучыць пытанне і ўжо, па сутнасці, разам з грамадзянінам разабрацца ў той ці іншай жыццёвай сітуацыі, — кажа старшыня камісіі і падкрэслівае, што такая работа давала вынік: — Калі дасканала разабрацца ў сітуацыі, якая склалася, грамадзянін атрымае адказ на сваё пытанне. І нават калі ён будзе адмоўны, чалавек павінен пераканацца ў тым, што на гэты момант штосьці зрабіць у яго сітуацыі немагчыма.

Непрыемнае суседства і памер пенсіі

Такую практыку Віктар Лісковіч вырашыў працягваць і ў Савеце Рэспублікі: да сённяшняга прыёму грамадзян далучыліся кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Пятруша і начальнік упраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Дронава.

Першы заяўнік — біёлаг і распрацоўшчык лекавых прэпаратаў з Мінска — скардзіўся на шум з суседняй кватэры, маўляў, там займаюцца нейкай вытворчай дзейнасцю і днём, і ноччу — немагчыма нармальна адпачыць. Як высветлілася, гісторыя цягнецца не першы год — з моманту пабудовы дома ў 2013 годзе. Але шматлікія праверкі не пацвердзілі наяўнасці там вытворчасці.

Як растлумачыў кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Дзмітрый Пятруша, заява разглядалася ў 2015 годзе. Вынік той жа — звычайная кватэра, у якой першапачаткова жылі будаўнікі, што рабілі ў ёй рамонт. З таго часу зваротаў не было, але перад сённяшнім разглядам супрацоўнікі адміністрацыі зазірнулі на «шумны» адрас — звычайная кватэра без прыкмет вытворчай дзейнасці. Таксама кіраўнік растлумачыў алгарытм дзеянняў, які існуе ў сталіцы.

— Механізм рэгламентуюць Правілы карыстання жылымі памяшканнямі, згодна з артыкулам 21.16 якіх (а ён датычыцца іх парушэнняў) на шумных суседзяў могуць паўплываць як ЖЭСы, так і РАУСы. Практыка рэагавання з боку адміністрацыі наступная: пасля выкліку міліцыі і складання рапарта на гэты конт інфармуецца адміністрацыя раёна, а далей у дачыненні да парушальніка спакою надыходзіць адміністрацыйная адказнасць, — кажа Дзмітрый Пятруша.

І каб былі падставы прыцягваць да адказнасці суседа, трэба перш-наперш зафіксаваць гэты факт.

Другога заяўніка, які прыехаў з Салігорска, хваляваў памер яго пенсіі, які, з яго пункту гледжання, быў заніжаны. Мужчына ўжо неаднойчы звяртаўся ў розныя інстанцыі, адказ адзін: усё законна. Да сенатара ён прыйшоў з прапановай ставіцца індывідуальна ў выключных выпадках, да якіх ён адносіць і свой.

Як растлумачыла начальнік упраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Дронава, у дачыненні да пажылога чалавека выкарыстаны па максімуме ўсе магчымыя параметры пры налічэнні яму пенсіі: працоўны стаж, работа ў асабліва небяспечных умовах працы, індывідуальны каэфіцыент заробку — у выніку мужчына штомесяц атрымлівае 1075 рублёў. Трэба ўлічваць, што сярэдні памер пенсіі сёння складае 446 рублёў, звярнула яна ўвагу.

— Прымаць індывідуальныя рашэнні ў дачыненні да вас не дазваляе заканадаўства, — адзначыў Віктар Лісковіч. У той жа час ён паабяцаў улічыць агучаныя заяўнікам заўвагі.

На асабісты кантроль

Сваю няпростую жыццёвую сітуацыю паведаміла жыхарка Бабруйска, маці пяці дзяцей: старэйшай дачцэ 16 гадоў, малодшай — толькі тры месяцы. Праблемы фактычна вынікаюць адна з адной: муж некалькі гадоў таму страціў нагу, мае трэцюю рабочую групу інваліднасці, але, зразумела, з-за фізічнай асаблівасці працаваць можа не ўсюды. На мясцовым прадпрыемстве, дзе працуюць інваліды, яго заробак не дасягае і 300 рублёў. Да таго ж ён з'яўляецца абавязанай асобай па Дэкрэце № 18 і з яго ўтрымліваюць большую частку заробку — у кошт пагашэння запазычанасці, якая ўжо складае каля пяці тысяч рублёў. На пытанне, з чаго сям'я жыве, жанчына адказала, што так і жыве: за «дзіцячыя», аліменты ад першага сужэнца, і сама імкнецца падзарабіць, дзе можа. Яна прасіла дапамагчы з працаўладкаваннем мужа на іншую больш прыбытковую работу, а таксама пасадзейнічаць з медыцынскім абследаваннем і вырабам камфортнага пратэза, ды і наогул заклікала мясцовую ўладу больш уважліва ставіцца да праблем шматдзетных сем'яў.

Са свайго боку, старшыня профільнай камісіі паабяцаў падтрымку ў вырашэнні жыццёвых праблем бабруйчанкі, адпаведна, даў даручэнне міністэрствам адукацыі і аховы здароўя, а таксама Магілёўскаму аблвыканкаму разабрацца з агучанымі жанчынай пытаннямі па сваіх кірунках, узяўшы на асабісты кантроль гэты зварот.

Падагульняючы разгляд зваротаў грамадзян, Віктар Лісковіч звярнуў увагу, што ў Савет Рэспублікі людзі прыязджаюць з усіх рэгіёнаў краіны з пытаннямі па рознай тэматыцы. Акрамя такой формы работы, сенатары выкарыстоўваюць прамыя тэлефонныя лініі і практыкуюць выязныя прыёмы грамадзян у рэгіёнах. Напрыклад, на наступным тыдні старшыня Пастаяннай камісіі плануе наведаць Зэльвенскі раён Гродзеншчыны, дзе правядзе прыём грамадзян.

Уся інфармацыя па зваротах абагульняецца і дэталёва аналізуецца. «Мы адсочваем тэндэнцыі. І калі нейкае пытанне мае сістэмны характар, будзем уносіць ініцыятывы па змене таго ці іншага артыкула закона, які рэгулюе адпаведную сферу дзейнасці», — падсумаваў сенатар.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Аператыўна і эфектыўна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».