Старшыня Савета Рэспублiкi, кiраўнiк назiральнага савета ААТ «Нафтан» Наталля КАЧАНАВА правяла пасяджэнне назiральнага савета гэтага акцыянернага таварыства, на якiм былi разгледжаны вынiкi работы прадпрыемства за мiнулы год, а таксама рэалiзацыя iнвестпраектаў.
Асаблiвая ўвага на пасяджэннi была звернута на пытаннi будаўнiцтва ўстаноўкi запаволенага каксавання, паведамiлi ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.
Спiкер Савета Рэспублiкi запатрабавала паскорыць работы па гэтым праекце, каб завяршыць яго ў вызначаны кiраўнiком дзяржавы тэрмiн.
— Неабходна завяршыць будаўнiча-мантажныя работы ў маi i выходзiць на зададзеныя параметры ў вераснi бягучага года. Заказчыку i падрадчыку трэба сур'ёзна працаваць, павялiчваць колькасць працуючых на будаўнiчых пляцоўках, аператыўна вырашаць пытанне дааснашчэння абсталяваннем, каб усё выканаць у тэрмiн. Канешне, задача няпростая, таму што падчас рэалiзацыi iнвестыцыйных праектаў заўсёды з'яўляюцца пытаннi, якiя трэба вырашаць неадкладна, — адзначыла яна.
Трэба сказаць, што мадэрнiзацыя прадпрыемства дасць магчымасць павялiчыць глыбiню перапрацоўкi нафтавай сыравiны з 72 % да 90 %, выхад светлых нафтапрадуктаў з 53—55 % да 65 %, а таксама атрымаць новы прадукт — нафтавы кокс. Яго выкарыстоўваюць у якасцi палiва ў цэментнай прамысловасцi, а таксама ў энергетыцы. Акрамя таго, у сумесi з нiзкасярнiстым коксам гэты прадукт знойдзе прымяненне ў металургii.
Прэв'ю: verticalsolutions.gr
На прасторах яе вялікасці кнігі.