Вы тут

Распрацоўка навукоўцаў БДУІР RFІD-комплекс  пакіне крамы без чэргаў, касіраў і прадаўцоў


Апошняя распрацоўка навукоўцаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі — RFІD-комплекс — пакіне крамы без чэргаў, касіраў і прадаўцоў. Комплекс забяспечвае патрэбныя параметры «разумнага кошыка» — камфорт-сэрвісу, які падкажа назву і кошт тавару, «назаве» дакладную суму для аплаты і разлічыць пакупніка. Прысутнасць прадаўца пры гэтым не патрабуецца.


У аснове распрацоўкі — тэхналогія радыёчастотнай ідэнтыфікацыі (RFІD). Яна лічыцца базавай тэхналогіяй у канцэпцыі «інтэрнэту рэчаў». Кожны аб'ект, у тым ліку тавар на паліцы ў краме або ў складскім памяшканні, маркіруецца лічбавым кодам — радыёчастотнай пазнакай. У кожнай з іх — антэна з убудаваным мініяцюрным чыпам. У яго памяць можна запісаць не толькі інфармацыю пра тавар, але і даныя са знешніх датчыкаў. Гэта дазваляе адсачыць ланцужок паставак, а таксама асноўныя параметры асяроддзя, у якім знаходзіўся прадукт, і ўстанавіць, дзе і чаму пагоршылася яго якасць.

— Асноўная складанасць заключаецца не ў тым, каб устанавіць пазнаку, — тлумачыць дацэнт кафедры інфармацыйных радыётэхналогій БДУІР Валерый КІРЫЛЬЧУК. — Для эфектыўнага счытвання даных яна павінна падысці да канкрэтнага тавару ў канкрэтных умовах. Значыць, яе трэба правільна выбраць і ўсталяваць з улікам параметраў маркіраваных тавараў і навакольнага асяроддзя.

RFІD-комплекс — абсталяванне для даследавання асноўных параметраў пазнак і прылад счытвання. Распрацоўка павышае эфектыўнасць іх работы ў складаных умовах навакольнага асяроддзя.

— Незалежна ад таго, дзе знаходзіцца пазнака, — у партманеце ў вашай кішэні ці ў галоўцы спакаванага сыру ў кошыку — пры неабходнасці яна павінна быць беспамылкова прачытана, а ў астатні час надзейна схавана і абаронена, — падкрэслівае вядучы інжынер кафедры інфармацыйных радыётэхналогій БДУІР Ігар КІЖЛАЙ.

У планах навукоўцаў універсітэта — адкрыць сертыфікаваную лабараторыю для даследавання і выпрабавання не толькі прылад RFІD-сістэм, але і кампанентаў бесправадных сэнсарных сетак.

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв'ю: inbusiness.kz

Загаловак у газеце: У магазін — «з разумным кошыкам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».