Вы тут

Трэнер па плаванні Вольга Ясяновіч: Яны самі не ўяўляюць, як хутка могуць плаваць


Пра трэнерскую работу і сваю вядомую выхаванку Настассю Шкурдай расказвае адзін з самых паспяховых маладых настаўнікаў краіны

Вольга Ясяновіч нарадзілася ў Барысаве, займалася плаваннем у адзіным басейне горада, а потым пераехала ў Мінск. Але ў 18 гадоў, калі яе спартыўныя дасягненні спыніліся, дзяўчына перайшла ў падводнае плаванне, дзе заваёўвала медалі этапаў Кубка свету і іншых міжнародных турніраў. Каб зарабляць на жыццё ў сталіцы, Вольга пачала трэніраваць дзяцей, а потым пераехала ў Брэст, дзе будаваўся вялікі цэнтр водных відаў спорту. Напачатку ёй даводзілася жыць проста на рабоце, але затое са сваёй першай жа групы малады трэнер выгадавала чатырох майстроў спорту, а яе выхаванка Настасся Шкурдай стала самым маладым у гісторыі беларускага плавання майстрам спорту міжнароднага класа. Да сваіх 16 гадоў Настасся пад кіраўніцтвам Вольгі ўстанавіла некалькі рэкордаў краіны, стала чэмпіёнкай Еўропы сярод юніёраў і дарослых, а сёння яны разам ужо рыхтуюцца да Алімпіяды ў Токіа. Пра тое, як трэніраваць не толькі дзяцей, але і іх бацькоў, пастаянна самаўдасканальвацца і знаходзіць агульную мову з дзецьмі на працягу дзевяці гадоў работы, Вольга расказала ў сваім інтэрв'ю.


«Ва ўніверсітэце нас шмат чаму вучаць, шмат чаму мы самі не вучымся»

— Вольга, раскажыце пра сваю работу цяпер. На кім сканцэнтравана ваша ўвага?

— На цяперашні момант у мяне толькі адна група — вышэйшага спартыўнага майстэрства. Мне хацелася б працаваць і з іншымі дзецьмі, і я дапамагаю сваёй калежанцы, калі знаходжуся ў Брэсце. Але праз тое, што адна з маіх выхаванак, Настасся Шкурдай, паказвае такія высокія вынікі, я вельмі часта знаходжуся з ёй на зборах. Каб адпавядаць узроўню, Насці трэба спрабаваць плаваць у такіх жа ўмовах і з такімі ж моцнымі спартсменамі. А працаваць з дзецьмі, калі ты ўвесь час з'язджаеш, вельмі складана, таму ад іншых груп я адмовілася.

— Цяперашняя група — гэта ваш першы самастойны набор дзяцей?

— Я пачала трэніраваць іх, калі сама яшчэ займалася спортам, таму што трэба было неяк зарабляць у Мінску. Мне тады было 19—20 гадоў. Вельмі падабалася гэтая работа, вялікі дзякуй маім трэнерам, бо яны сваім станоўчым прыкладам паказвалі, што праца трэнера — гэта вельмі нядрэнная работа. Хоць сёння я здзіўляюся людзям, якія ў гэтай прафесіі ўсё жыццё, — мне здаецца, што сілы заканчваюцца ўжо цяпер (усміхаецца). Ва ўніверсітэце нас шмат чаму вучаць, шмат чаму мы самі не вучымся, але, улічваючы сённяшнюю канкурэнцыю ў сусветным спорце, трэнер павінен быць вельмі адукаваным чалавекам. А лепш, калі са спартсменам працуе не адзін спецыяліст, бо атлет мае патрэбу і ў псіхолагу, і ў трэнеру па фізічнай падрыхтоўцы. На пачатковым узроўні тваіх ведаў хапае, але далей вельмі многае трэба мяняць у сабе і вельмі шмат чаму вучыцца.

Группа, з якой я працую цяпер, — гэта сапраўды мой першы набор дзяцей у Брэсце. Я вяду іх ужо 8—9 гадоў, яны прыйшлі да мяне, наогул не ўмеючы плаваць, пускалі бурбалкі і вучыліся проста ляжаць на вадзе, а дараслі да ўзроўню майстроў спорту.

— Прыемна назіраць за такім іх станаўленнем?

— Дзеці прыходзяць, не ўмеючы рабіць нічога, але першыя 2-3 гады ў іх усё атрымліваецца, прагрэс вялікі і пастаянны. Тут ён не ўмеў ляжаць на вадзе, а тут ужо паплыў, навучыўся плаваць двума спосабамі, чатырма. Гэта цяжкая праца, таму што ўсе дзеці розныя, але за прагрэсам заўсёды вельмі прыемна назіраць. Цяпер ім якраз па 16 гадоў, пераходны ўзрост, яны ўжо дайшлі да пэўнага ўзроўню, і вынік паляпшаць значна складаней. Тут ужо пачынаецца зусім іншая праца, таму што ты не бачыш такога хуткага прагрэсу. З часам трэнер сутыкаецца з цяжкімі рэаліямі. Калі ў дзяцей перастае штосьці атрымлівацца, большасць здаецца на паўдарозе, таму надыходзяць такія перыяды, калі трэба пацярпець, перачакаць. А цярпець заўсёды вельмі складана і мне, і ім.

— Як вы шукаеце для іх матывацыю?

— Мы з вамі раслі ў іншы час. Калі я займалася плаваннем, мне ніхто не шукаў матывацыю, проста хацелася плаваць, да таго ж усе ведаюць, што гэта карысна для здароўя. Я родам з Барысава, дзе быў адзін маленькі басейн на ўвесь горад, і ўмовы там вымушалі жадаць толькі лепшага — дарэчы, цяпер яны не надта змяніліся. Каб дасягнуць выніку, трэба было перабірацца ў Мінск. У цяперашніх дзяцей усё зусім інакш — у Брэсце створаны вельмі добрыя ўмовы, нават нацыянальная каманда праводзіць свае зборы тут. Для дзяцей ствараюцца льготы для паступлення ў навучальныя ўстановы па спартыўным кірунку, арганізаваны іх адвоз у вучылішча, іх кормяць, ім дадзены нерэальныя залы з кваліфікаванымі спецыялістамі. Толькі займайся! А займаючыся добра, ты можаш выйграваць спаборніцтвы, і гэта будзе прыносіць фінансавы прыбытак. Цяпер праводзіцца сусветная ліга плавання, дзе спартсмены зарабляюць вельмі добрыя прызавыя, дзякуючы гэтай лізе фінансавае заахвочванне з'явілася і на чэмпіянаце свету. Гэта значыць, плаванне становіцца і хобі, і работай, а калі за любімую справу ты яшчэ і грошы атрымліваеш, па-мойму, гэта вельмі добрая матывацыя.

Самы складаны момант з матывацыяй, на мой погляд, надыходзіць, калі дзеці вучацца ў 5 класе. Яны і іх бацькі стаяць перад выбарам: пайсці ў гімназію або ў спартыўны клас. Таму што калі вучышся ў звычайнай школе, вельмі складана дасягнуць высокага выніку ў спорце. У нас у краіне чамусьці існуе такі стэрэатып, што спорт — гэта для не вельмі высокаразвітых дзяцей, хоць рэальна гістарычна ў свеце плаванне — гэта від спорту для арыстакратаў, дазволіць яго сабе маглі толькі вельмі забяспечаныя, адукаваныя людзі. Ну і ў прынцыпе, маючы магчымасць бачыць спартсменаў высокага ўзроўню, магу сказаць, што дурных людзей там няма, ёсць атлеты і не з адной вышэйшай адукацыяй. Гэта яшчэ вялікае пытанне, што больш дае дзіцяці: школьная адукацыя або той жа спорт, калі ў 15 гадоў ты маеш магчымасць ездзіць за мяжу, глядзець свет і пераймаць вопыт. У ЗША, напрыклад, спорт — гэта, наадварот, рэальная магчымасць атрымаць бясплатную адукацыю, таму бацькі самі тлумачаць дзецям, чаму ім трэба займацца. У нас жа трэнеру часта даводзіцца працаваць не толькі з дзецьмі, але і з бацькамі — скажу шчыра, у маёй дзейнасці гэта самая нелюбімая справа.

«За любым спартсменам стаяць моцныя бацькі»

— Наколькі вялікую ролю іграюць бацькі ў станаўленні спартсмена?

— Вельмі вялікую. Раней я часта збірала бацькоў і заўсёды іх прасіла знайсці час і прачытаць кнігу пра біяграфію якога-небудзь вядомага спартсмена, звярнуць увагу на тое, што за любым спартсменам стаяць бацькі. Можа быць, бабуля ці дзядуля, але хтосьці вельмі моцны. Напрыклад, Насці вельмі пашанцавала з бацькамі ў гэтым плане, яны ніколі не прымушалі яе выбіраць толькі вучобу і абмяжоўваць сябе ў басейне. Даможацца дзіця выніку ці не, шмат у чым залежыць менавіта ад бацькоў, хоць часам здаецца — лепш бы яны не бралі такога актыўнага ўдзелу, моцна ўмешваючыся ў трэніравальны працэс. Але дапамога бацькоў і іх разуменне юным спартсменам вельмі патрэбныя.

— Вы чакалі, што са сваім першым жа наборам у такім маладым узросце для трэнера (Вользе ўсяго 32. — Аўт.) даможацеся такога высокага выніку?

— Гэта была мая мэта. Я заканчвала сваю спартыўную кар'еру, назапасіўшы пэўны вопыт, разумела, чаго мне не хапіла для большага поспеху і таму прыблізна ведала, як рэалізаваць гэта ў дзецях. Прыехаўшы ў Брэст, я атрымала магчымасць бясплатна набіраць дзяцей і працаваць без абмежаванняў: вады далі колькі трэба, залы — якія трэба. Было складана, таму што нейкі час я жыла ў басейне, але затое было вельмі шмат часу на самаўдасканаленне. Я прыкладала максімум намаганняў, чытала замежную літаратуру, інтэрнэт, пастаянна з кімсьці мела зносіны, потым з'явілася магчымасць выязджаць за мяжу. Самае распаўсюджанае пытанне ад журналістаў: ці бачыла я па дзецях, што з іх атрымаецца нешта талковае? Не, не было нічога відаць, былі дзеці значна больш сімпатычныя ў плане перспектывы спартыўнага выніку, чым тая ж Насця, больш гнуткія, больш хуткія, але ў розныя перыяды часу не знайшлося кантакту з бацькамі, хтосьці не захацеў рана раніцай прыходзіць на трэніроўкі, камусьці не хапіла характару, імкнення, жадання.

— Вы строгі трэнер?

— Дзеці адказалі б — так. Гэта вялікая праблема цяпер, мне б вельмі хацелася змяніць стыль работы з аўтарытарнага на больш дэмакратычны, але чамусьці, калі ты прыходзіш і ўключаеш сяброўскую размову, дэмакратыю, у дзяцей знікае самадысцыпліна, яны пачынаюць не вельмі якасна працаваць. А з-за гэтага могуць адбыцца непатрэбныя траўмы, праблемы. Мая строгасць у першую чаргу накіравана на тое, каб на трэніроўцы была дысцыпліна. Часам даводзіцца павысіць голас, толькі пасля гэтага ўключаецца адэкватнасць, але, спадзяюся, па меры сталення дзяцей, мы знойдзем з імі кампраміс, і мне менш давядзецца ўключаць аўтарытарнае кіраванне.

— Выхаванцы могуць прыйсці да вас па параду па-за спортам?

— Шчыра кажучы, у гэтым ёсць складанасць. Бацькам я адразу кажу: я не тата і не мама для дзяцей, у іх ёсць вы, і вы павінны выконваць сваю ролю. Я магу даць параду сама, калі бачу, што ў ёй ёсць неабходнасць. Напрыклад, мы можам пагаварыць пра паступленне ў ВНУ, а вось абмяркоўваць асабістыя пытанні пакуль няма неабходнасці, хоць я заўсёды адкрытая для зносін.

— Што складаней перажываць з вучнямі, іх перамогу ці паражэнне?

— Вядома, цяжэй перажыць поспех. Калі ёсць нейкая няўдача, ёсць шмат пытанняў для разваг пра тое, што ты зрабіў не так. Тут усё даволі проста, ты ставіш мэту, робіш работу над памылкамі і ідзеш далей. Заўсёды кажу, што любы старт — гэта толькі рэалізацыя працы, якую ты зрабіў. Але калі здараюцца вялікія перамогі — гэта заўсёды вельмі складана, таму што ў большасці пачынаецца расслабленне, а сабрацца зноў заўсёды вельмі складана. Камусьці потым складана паставіць новую мэту, і тут ізноў жа даводзіцца ўключаць строгасць, тлумачыць, але, падумаўшы, дзеці згаджаюцца са мной і працягваюць працаваць.

«Насця — не проста таленавітая дзяўчынка з вялікім памерам ступні»

— Настасся Шкурдай ужо выступае за нацыянальную зборную, але вы па-ранейшаму застаяцеся яе асабістым трэнерам?

— Так, Насця прыйшла да мяне ў сем гадоў, у яе дзве выдатныя бабулі, цяпер ёй вельмі дапамагае тата. Мы трэніруемся заўсёды разам і на спаборніцтвы ездзім таксама разам, каб не дапусціць ператрэніроўкі ў такім юным узросце, зрыву адаптацыі арганізма. Пакуль яшчэ ёсць вельмі шмат пытанняў, якія трэба кантраляваць, таму мы прынялі рашэнне, што будзем працаваць так.

— Яна досыць рана пачала паказваць высокія вынікі.

— Не раней, чым хтосьці іншы. У прынцыпе калі дзіця ў 12 гадоў не паказвае пэўнага ўзроўню рэзультатаў, то гэта не вельмі добра. Я не кажу пра тое, што трэба выйграць чэмпіянат Еўропы ці яшчэ штосьці, але паказваць пэўны час за кошт узроўню тэхнікі плавання трэба. Мы чулі шмат каментарыяў: маўляў, фарсіруем падрыхтоўку, або рана пачне — рана скончыць. Часцяком дзеці самі не разумеюць, які велізарны ў іх патэнцыял, з Насцяй тое ж самае. У яе ёсць вельмі добрая здольнасць вытрымліваць працу, а многія дзеткі вельмі любяць сябе шкадаваць. У Насці ёсць сіла волі, характар, яна можа прыкласці пэўныя намаганні, а потым перанесці іх у вынік, хоць часам яна сама не ўяўляе, як хутка можа плаваць.

— Збоку яна здаецца вельмі замкнёным чалавекам, дае мала інтэрв'ю. Якая Насця на самай справе?

— Так здаецца толькі з боку, Насця вельмі таварыская дзяўчынка, для свайго ўзросту вельмі разумная, у яе вельмі шмат правільных думак. Яна чытае добрыя кнігі, таму добра падкаваная, эрудзіраваная. Адзіная праблема, на мой погляд, — гэта тое, што яна не вельмі імкнецца вучыць англійскую мову. Хоць у Насці вельмі шмат сяброў за мяжой. Прыязджае на спаборніцтвы — і ёй размінацца няма калі, таму што ўсе хочуць з ёй пагаварыць. Часам даводзіцца ўключаць злога трэнера і стаяць над ёй. А гэтая закрытасць — проста браня, асабліва цяпер: чым большы ў яе вынік, тым больш людзей пачынае збірацца вакол, не столькі жадаючы дабра, колькі атрымаць якую-небудзь выгаду. Такія паводзіны ад таго, што Насця хоча абараніць сябе ад непатрэбных людзей і трымаць дыстанцыю. Яна вельмі добры чалавек, і ў пачатку ёй гэта давалася няпроста, яна баялася кагосьці пакрыўдзіць, адмовіць, пакуль не зразумела, што тым самым ушчамляе сябе ў асабістай прасторы, адпачынку і не клапоціцца пра сваё здароўе.

— Алімпійскія гульні ў Токіа могуць стаць для Насці першымі ў кар'еры, калі адбудуцца...

— Мы працуем у сваім рэжыме — не будзе гэтай Алімпіяды, будуць іншыя спаборніцтвы. Для кагосьці гэтыя Гульні стануць апошнімі, бо спартсмены рыхтуюцца не чатыры гады, а ўсе восем і дванаццаць. Але гэта паказвае нам тое, што нельга засяроджвацца толькі на чымсьці адным, трэба заўсёды мець запасны план. У прынцыпе цяпер у плаванні ідзе такая тэндэнцыя, што спартсменам трэба хутка плыць не раз на чатыры гады, таму што ёсць і этапы Кубка свету, і чэмпіянаты свету, ёсць спаборніцтвы, якія прыносяць прыбытак, таму сёння ў нашым відзе спорту цалкам змяняюцца сістэмы падрыхтоўкі, трэніроўкі, патрабаванні да сябе, павышаюцца ўзровень канкурэнцыі, патрабаванні да фізічнай гатоўнасці.

— Якія задачы вы ставіце перад Насцяй на Алімпійскія гульні?

— Задача заўсёды адна: паказаць пэўны час, а не выйграць медаль. Ёсць раскладка, трэба праплысці па такім і такім выніку. Гэта ўсё — лічбы, тэмп, хуткасць, грабкі — распісана ў дзённіку кожнага спартсмена. Мы хацелі б выплыць з часу 57 секундаў — цяпер яе найлепшы вынік 57,3 секунды. Вынік Насці — гэта не цуд, гэта праца велізарнай каманды. Яна не проста таленавітая дзяўчынка з вельмі вялікім памерам ступні або рукі, проста даныя — гэта мала, трэба навучыць дзіця імі карыстацца.

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

г. Брэст

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у магiлёўскiх хлопчыкаў i дзяўчынак фармiруюць асновы крэатыўнага мыслення

Як у магiлёўскiх хлопчыкаў i дзяўчынак фармiруюць асновы крэатыўнага мыслення

Школа «Альфа+» iснуе ў Магiлёве ўсяго год, але ў яе ўжо ёсць пастаянныя наведвальнiкi.

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.