Вы тут

Алімпіяду-2020 могуць адмяніць. Ці здаралася падобнае раней?


Як адмянялі і пераносілі падобныя турніры ў іншыя часы

Ужо некалькі месяцаў усе сусветныя навіны не могуць абысціся без тэмы каранавіруса. Пандэмія з'явілася прычынай адмены шматлікіх палітычных, культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў. Але Міжнародны алімпійскі камітэт пакуль не збіраецца адмяняць або пераносіць галоўную спартыўную падзею гэтага года і заклікае ўсіх спартсменаў працягваць рыхтавацца да Токіа-2020. У сувязі з гэтым сёння ўспомнім самыя нечаканыя падзеі ў гісторыі чалавецтва, звязаныя з Алімпійскімі гульнямі.


Адмены было дзве

Адмяняць Алімпійскія гульні даводзілася толькі двойчы ў гісторыі, гэта было звязана з сусветнымі войнамі. Алімпіяда ў Старажытнай Грэцыі была асаблівым святам. Падчас яе правядзення грэкі аб'яўлялі экехірыю — перамір'е. На тэрыторыі ўсёй Грэцыі забараняліся ваенныя дзеянні, а ўсе наймацнейшыя эліны з'язджаліся ў Алімпію для ўдзелу ў спаборніцтвах. Але ў ХХ стагоддзі Алімпійскія гульні ўжо не мелі такога магутнага ўплыву на дзяржаву, як гэта было ў старажытныя часы.

У тэму

Алімпіяда — адно з самых дарагіх мерапрыемстваў нашай цывілізацыі. На падрыхтоўку да Токіа-2020 Японія ўжо выдаткавала 12 мільярдаў долараў. Пабудаваны стадыёны, трасы і фан-зоны, заключаны камерцыйныя і рэкламныя кантракты, прададзены мільёны білетаў, забраніраваны мільёны нумароў у атэлях. Лічыцца, што ў выпадку беззваротнай адмены Алімпіяды Японія страціць каля 75 мільярдаў долараў, а яе ВУП скароціцца на 1,4 працэнта.

VІ летнія Алімпійскія гульні па рашэнні МАК, прынятым 27 мая 1912 года, павінны былі адбыцца ў 1916 годзе. Права іх правядзення выйграў Берлін, перамогшы іншых прэтэндэнтаў: Александрыю, Амстэрдам, Брусель, Будапешт і Кліўленд. Нямецкі ўрад выдзеліў для іх правядзення 300 тысяч марак. У 1913 годзе немцы завяршылі будаўніцтва Алімпійскага стадыёна (DeutschesStadіon). Але ўсё змянілася ў канцы ліпеня 1914 года. 28 чэрвеня ў Сараеве сербскі тэрарыст забіў нашчадка аўстра-венгерскага трона эрцгерцага Франца-Фердынанда і гэтым паклаў пачатак працэсу, які прывёў да краху не толькі берлінскай Алімпіяды, але і чатырох імперый. На працягу 1914 і 1915 гадоў 33 краіны свету былі ўцягнутыя ў Першую сусветную вайну.

МАК аказаўся ў неверагодна цяжкай сітуацыі. Большасць яго членаў таго часу было грамадзянамі краін, якія знаходзіліся ў стане вайны. Германія, нягледзячы ні на што, працягвала падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў і, відавочна, не збіралася камусьці аддаваць права на іх правядзенне. Некаторыя члены МАК прапаноўвалі перанесці Алімпіяду ў іншы горад, у якасці аднаго з прэтэндэнтаў разглядаўся Нью-Ёрк. Але ў рэшце рэшт было вырашана: падчас вайны Алімпійскія гульні праводзіцца не павінны.

XІІ летнія Алімпійскія гульні павінны былі праходзіць з 21 верасня да 6 кастрычніка 1940 года, таксама, дарэчы, у сталіцы Японіі. Аднак у сувязі з пачаткам у 1937 годзе Другой япона-кітайскай вайны Японія адмовілася ад гэтага гонару. 16 ліпеня 1938 года МАК прыняў рашэнне аддаць Алімпіяду сталіцы Фінляндыі Хельсінкі, дзе яе правядзенне было запланавана з 20 ліпеня да 4 жніўня. Але ў верасні 1939 года ваенныя дзеянні разгарнуліся на тэрыторыі амаль усёй Еўропы, пасля чаго МАК вымушаны быў прызнаць, што гульні дванаццатай летняй Алімпіяды не адбудуцца. Спаборніцтвы былі адсунутыя на нявызначаны тэрмін. Нягледзячы на адмену Гульняў, ім, як і не здзейсненым у 1916 годзе VІ летнім Алімпійскім гульням, быў прысвоены свой парадкавы нумар.

Калі Італія была ў агні

Міжнародны алімпійскі камітэт у 1904 годзе абраў італьянскі Рым месцам правядзення Алімпіяды-1908 — гэтую ідэю падтрымаў і сам Папа Рымскі Пій Х, цудатворац і будучы святы. Кіраўнікі Рыма таксама былі «за», прадчуваючы прыток інвестыцый, але іншыя італьянскія рэгіёны заявілі, што ў маладой на той момант краіны ёсць важнейшыя праблемы. Аднак у спрэчкі палітыкаў умяшалася прырода, а менавіта вядомы вулкан Везувій, вывяржэнне якога пачалося ў 1906 годзе. Гіганцкія валуны попелу і каменю зносілі дамы і цэрквы. Для аднаўлення спаленых наваколляў Неапаля запатрабаваліся велізарныя выдаткі. Італія афіцыйна і на добрапрыстойнай падставе адмовілася ад Алімпіяды за паўтара года да яе старту. Турнір з гатоўнасцю прыняў Лондан.

Народ супраць

XІІ зімовыя Алімпійскія гульні ўвайшлі ў гісторыю як самы буйны арганізацыйны скандал. Амерыканскі горад Дэнвер, які заваяваў права прыняць у сябе Алімпіяду 1976 года, ужо атрымаўшы яго, адмовіўся ад правядзення Гульняў. Віной усяму была ініцыятыва дэпутата мясцовага штата Каларада Дзіка Лам. Ён выступіў за правядзенне рэферэндуму аб адмене Гульняў у сувязі з павелічэннем падатковай нагрузкі на мясцовы бізнес і насельніцтва штата. У выніку большасць выбаршчыкаў прагаласавала супраць дадатковага фінансавання Гульняў з мясцовага бюджэту. У Міжнароднага алімпійскага камітэта лішніх сродкаў не тое каб не аказалася, ён іх проста і шукаць не стаў. Замест гэтага пачаліся хуткія пошукі іншага месца для правядзення Алімпіяды. Паступілі тры заяўкі — ад Інсбрука, французскага Шамані і амерыканскага Лэйк-Плэсіда. Перамаглі аўстрыйцы: інфраструктура гарналыжнага курорта і наваколля Інсбрука — адна з найлепшых у свеце, і да таго ж гэты горад ужо прымаў Гульні за 12 гадоў да таго — у 1964 годзе.

Каранцін для коней

Летнюю Алімпіяду 1956 года цалкам пераносіць не давялося, але ўзнікла праблема з самым арыстакратычным відам — конным спортам. У Аўстраліі ўнікальная экасістэма, і там заўсёды вельмі клапаціліся пра тое, каб яе захаваць. Жорсткія каранцінныя меры таго часу патрабавалі трымаць на працяглым каранціне (да шасці месяцаў) жывёлу, што ўвозіцца на аўстралійскую тэрыторыю. У тым ліку спартыўных коней. Але ўсім вядома, што гэтым «атлетам» патрэбен штодзённы асаблівы догляд, і нават простая транспарціроўка на вялікую адлегласць выклікала вялізныя праблемы. Адпраўляць улюбёнцаў на каранцін наезнікі не сталі. Замест гэтага турнір па конным спорце перанеслі ў іншую краіну. Пацешна, што МАК не знайшоў іншага месца, акрамя Стакгольма, што зусім не блізка ад Аўстраліі. Дарэчы, тады шведскія коннікі заваявалі тры «золаты» з шасці магчымых.

Дар’я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Каранавірус пагражае Гульням у Токіа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?