Вы тут

Наступны прыпынак — Магілёў. Аплату транспарту па QR запусцілі ў абласным цэнтры


Пакуль навінка апрабоўваецца на аўтобусных маршрутах 8 і 1, а таксама тралейбусным 2. Убачыць машыну можна здалёк: на яе баку знаходзіцца адмысловы значок з надпісам «Аплаці», а ў салоне на вокнах размешчаны налепкі з QR-кодам.


Магілёў стаў чарговым горадам пасля Барысава, Віцебска і Гомеля, які пачаў пераходзіць на смарт-білеты. Нагадаем, што ініцыятарам прасоўвання сучаснай тэхналогіі, як той казаў, бліжэй да народа стала праўленне ААТ «Белінвестбанк». А распрацавала мабільную праграму «Аплаці» беларуская кампанія LWO. Яна даступная ўсім, хто спампаваў яе ў інтэрнэт-магазіне Play Market. Разлікі адбываюцца з дапамогай QR-кода — навёў тэлефон на налепку, і прыстасаванне яго счытала.

— Тэхналогія аплаты праезду па QR-кодзе не толькі адчувальна спросціць жыццё гараджан, але і дазволіць сэканоміць значныя рэсурсы транспартным арганізацыям горада, — адзначыў падчас прэс-канферэнцыі намеснік старшыні праўлення ААТ «Белінвестбанк» Андрэй САКІРКА. — Няма патрэбы ў дарагім абсталяванні — для набыцця білета дастаткова налепкі з QR-кодам у транспарце і смартфона ў пасажыра.

Гэта сапраўды вельмі зручна і проста. Не трэба даставаць кашалёк, ціснуцца да кандуктара. Можна нават разлічыцца з крэсла: тэлефон счытвае карысную інфармацыю на адлегласці да двух метраў. З праверкай таксама ніякіх праблем — праз прыкладанне пасажыр сканіруе QR-код, які знаходзіцца на бэйджы кандуктара або кантралёра, і на экране мабільніка высвечваецца інфармацыя, што білет ужо набыты.

Як адзначыў генеральны дырэктар «Магілёўаблаўтатранса» Дзмітрый ЗУБРЫНОВІЧ, навінка будзе ў хуткім часе пашырана і на іншы гарадскі транспарт. Усяго ў Магілёве курсіруе 155 аўтобусаў і 70 тралейбусаў.

— Гэта ў першую чаргу дае нам магчымасць палепшыць якасць абслугоўвання пасажыраў, — канстатаваў кіраўнік прадпрыемства. — Мы імкнёмся да таго, каб усё перадавое было ў нас на ўзбраенні. Разам з тым аплаціць праезд можна будзе і звычайнымі папяровымі білетамі.

— На сёння ў нас у штаце працуе 300 кандуктараў, 20 з іх ужо прайшлі навучанне, — паведаміў намеснік дырэктара Магілёўскага філіяла аўтобуснага парка № 1 па пасажырскіх перавозках Рыгор БАРАНОЎСКІ. — Гэта тыя, хто будзе працаваць на маршрутах. Іх задача — праверыць аплату з дапамогай QR-кода.

Распрацоўшчыкі сэрвісу запэўніваюць, што карысная праграмка спатрэбіцца спажыўцам не толькі для таго, каб разлічвацца за праезд.

— Акрамя таго, што чалавек з нашым сэрвісам зможа карыстацца любым транспартным сродкам у краіне, мы яшчэ далі яму магчымасць аплачваць з дапамогай тавары ў арганізацыях гандлю і нават камунальныя паслугі, — паведаміў намеснік дырэктара кампаніі LWO Кірыл ТАЛЕЙКА.

Распрацоўшчыкі звярнулі ўвагу на тое, што праграма «Аплаці» з'яўляецца часткай ЭкаСістэмы Белінвестбанка, работа якой будуецца на прынцыпах экалагічнай і сацыя-льнай палітыкі. Асаблівасць сэрвісу ў тым, што ён не мае прывязкі да банкаўскай карткі і скарыстацца ім можа кліент любога банка.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: У Магілёве з'явіўся грамадскі транспарт, у якім за праезд можна плаціць па смартфоне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?