Вы тут

Ці сябруюць мядзведзіцы Васіліса, Маша і сабачка Анфіса?


Часта здараецца, што не ладзяць паміж сабой людзі — карацей, жывуць як кот з сабакам. А вось мядзведзіца Васіліса і сабака Анфіса ў заапарку Цэнтра экалагічнага турызму «Станькава», што ў Дзяржынскім раёне, сталі сапраўднымі сяброўкамі. Пра цудоўнае выратаванне касалапага малога калісьці пісала наша газета. Але нагадаем яшчэ раз гісторыю са шчаслівым канцом.


Партрэт Васілісы і Анфісы на вальеры.

Медзведзяня злавілі непадалёк ад Бярэзінскага запаведніка ў Барысаўскім раёне мясцовыя хлопцы. Звярок бег па ўскрайку лесу. Хлопцы ўпэўніліся, што побач няма маці-мядзведзіцы — магчыма, яна загінула, — і забралі касалапага з сабой.

— Мы даведаліся пра гэты выпадак і вырашылі даць яму месца «прапіскі», — згадвае загадчык заапарка Міхаіл Турыгін. — Жывёліна была вельмі баязлівая, забілася ў куток будкі і не выходзіла. Незадоўга да гэтага сабака нашай работніцы прынёс шчанюкоў. І аднаго з іх падсялілі да Васілісы ў клетку, каб «сябар чалавека» дапамог ёй сацыялізавацца, адаптаваў да новага асяроддзя, навучыў не баяцца людзей. Вясёлы няўрымслівы шчанюк радасна сустракаў наведвальнікаў, віляючы хвастом. Гледзячы на яго, паступова пачала выходзіць са свайго сховішча і Васіліса. Пазней для новай жыхаркі пабудавалі прасторную вальеру з дрэвам пасярэдзіне, басейнам. Сюды перасялілася і Анфіса. Неяк Анфісу выпусцілі на волю, але яна крыху пабегала і вярнулася назад. Яны настолькі пасябравалі, што не ўяўляюць асобнага існавання: разам гуляюць, спяць, ядуць.

Васілісе 23 лютага споўнілася сем гадоў, пра што сведчыць таблічка на ўваходзе ў вальеру з партрэтамі дзвюх сябровак. Калі мядзведзіца пачала падрастаць, набірацца сілы, спецыялісты баяліся, што ў яе можа з'явіцца агрэсія ў адносінах да сваёй «кватаранткі», назіралі за яе паводзінамі. Але іх заклапочанасць аказалася беспадстаўнай. Васілісу і Анфісу не разліць вадой.

— Ці цягае Васіліса па-ранейшаму сабачку за карак на дрэва? — пацікавілася ў Міхаіла Турыгіна.

— Ды не. Цяпер яна стала весці сябе больш паважна. Хіба што крыху можа пацерабіць Анфісу. Але калі той надакучваюць прыставанні, то яна брэша і становіцца на заднія лапы, маўляў, не чапай мяне, — смяецца Міхаіл Пятровіч.

А летась у Станькаве з'явілася яшчэ адно медзведзяня — паўтарамесячная Маша. Яе знайшлі ў Лагойскім раёне. Адзінокае малое заўважылі каля вёскі Жасцінае. Немаўля два дні блукала па наваколлі, згаладалася і, магчыма, у пошуках ежы, выйшла да людзей. Адбілася ад маці або маці загінула, так і засталося загадкай.

Такая была Маша, калі яе знайшлі.

Маша жыве ў вялікай вальеры. Асабістага басейна пакуль не мае. Але ў будучым яго плануюць уладкаваць, каб усеагульная любіміца прымала водныя працэдуры. Машу не знаёмілі са старэйшымі каляжанкамі — невядома, як яны ўспрымуць незнаёмку. А вось з янотам Соняй, якая жыве ў суседняй вальеры, не канфліктуюць, з цікавасцю назіраюць адна за адной.

У Машы характар іншы, чым у Васілісы, — непаседлівая, непаслухмяная і крыху баязлівая. У яе збалансаваны рацыён — хлеб, каша з вараным мясам, агародніна, фрукты, мёд. Падчас сезона малой даюць ягады, кабачкі, гарбузы. «Словам, наша гадаванка ўсяедная, — жартуе Міхаіл Турыгін. — Аднак больш за ўсё любіць салодкае. Да нас на конеферму прыязджае дзяўчына, якая шмат часу бавіць са сваёй любіміцай. Яна вельмі песціць мядзведзіцу — частуе глазураванымі сыркамі, булачкамі, пірожнымі».

Вядома, адпускаць Машу ў жывую прыроду ніхто не збіраецца. Там яна проста не выжыве, не зможа здабыць сабе ежу. Дарэчы, як і іншыя сіроты, якіх прытуліў заапарк. Каля чатырох гадоў таму сюды прывезлі маленькую казулю, якую знайшлі ў Ждановічах. Міхаіл Турыгін на той час быў у адпачынку, але прыехаў асабіста, каб сустрэць навасёла.

Усяго ж у заапарку жыве больш дзвюх тысяч звяроў і птушак. З кожным годам іх становіцца больш.

— Ці цяжка спраўляцца з такой велізарнай гаспадаркай? — запыталася ў суразмоўніка.

— Цяжка, калі не ведаеш, што рабіць. А ў нас сістэма наладжана, як канвеер.

Жыхароў заапарка добра даглядаюць, кормяць, ствараюць для іх умовы, найбольш набліжаныя да прыродных.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Мядзведзіцы Васіліса, Маша і сабачка Анфіса. Ці сябруюць яны?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».