Кацярына Масэ
нарадзілася 19 лютага 1997 года ў Мінску.
…і малочная кропля бяздзеі супыняе сусветны патоп
прадчуванне
прадчуванне кусае таропкія губы —
там — пад скурай — узыходзіць азімая кроў,
быццам сповіткі вен на фарфоравай чашы.
а на днечку — ружовы асадак віна,
паспытаўшы якога, уздымаецца дубам
тагасветам спароджаны парастак зноў,
і зямля, малако вечных зім увабраўшы,
адфармоўвае плоць знітаваннем радна.
на іскрыстую гліну цялеснасці груба
кімсьці кінута неба трухлявых шатроў —
скрозь прарэхі прасвечвае тое, што страшна
немагчымасцю быць прадчувальным да дна…
малочная кропля
дзённым россыпам сонечнай солі
не вылечны верад сузнання.
найгаючы бальзам на ранне —
чарнаём сузорнае столі;
ды язмінавы лёд дыхання,
на спакой пакрыёмае права...
у небе спражана золата знання
з гаркатой цемразерневай кавы.
там — у гушчы начы непадзельнай —
не схапіць анічога ўраздроб,
і малочная кропля бяздзеі
супыняе сусветны патоп.
заклён
плынь начы залагоджана зроку цяжкім вяслом.
абсыпаючы саван вальпургіевых павекаў
белым макам прарочых сноў,
варажбіт узыходзіць на ніву, куды з сяйвом
не сягала рука ні Бога, ні чалавека.
кроў зары астывае, мінуўшы палярны круг,
дзе амброзіяй сочыцца вены сусветнай сквар,
дзе вада выціскаецца з мякішу цвёрдых скал
і не мочыць рук.
слова тоіцца ў снезе — гарыць вастрыём заклён.
варажбіт супакойны — яго не турбуе плён.
ён гавее бяссоннем, і завязь святла прарочыць:
неўзабаве зардзее скрозь попельны вакаём
зараніцы чырвоны жомчуг.
лунамлечная панна
стыне ноч. дыяфрагмы гартуецца сталь.
і марознай гравюрай кладзецца дыханне
цьмы на луннае цэдры падгнілы хрусталь.
цень збаўлення лунае ў скудлачанай багне,
па якой праплывае ў шаўковай ладдзі
захінутая ў вопрадзень дымнага пуху
лунамлечная панна — нявеста суддзі —
таго самага, хто шматгалосныя рухі
штоўдарам грымлівага молата чыніць.
і драпежны надрыў тарфянога аргана,
і пушыстых імхоў срэбраносная сырасць
услаўляюць нявесту найвышняга пана.
вадзяная лілея ім смачна туруе —
белакрылы зефір па-над глеістай ваннай,
і ўскрыкваюць духі балот: «алілуя!», —
праваджаючы світу нябеснае панны.
золата
калі высмагаюць лятучыя рэчывы змыслу,
з катла ўваскрасаючы плазменным іменем духа,
праз трэнне напружаных слоў спараджаючы іскры,
я доўга дранцвею над зеллем, спрабуючы слухаць
спіртныя вібрацыі рытму і звонкія сокі,
што жывяць цурчаннем гамункула тайнага тэксту.
так спорыцца праца, й сасуд ужо досыць глыбокі,
каб там зарадзілася чыстае золата зместу.
суцяшэнне
я пазнаю свой голас сярод шматгалосся душы
па празрыстасці звону, што льецца з яе вышынь.
там вятры, спатыкаючы выдых аб выдмы губ,
іх з маўчаннем і гукам засведчаць спрадвечны шлюб.
і званоў курганы адамкне ветравы набат,
страсяне бераг неба ўваскрэслы душы прыбой.
твайго імені літары складваць пачну наўгад —
і ты ўчуеш мяне, бо ужо гаварыў са мной.
морак сну кане ў досвітны водбліск маіх вачэй,
і вада, здавен скутая вусцішам, — пацячэ,
каб здабыць паўнату суцяшэння ў вечна імклівай
непахіснасці часу, нязмушанай волі прыліву...
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.