Вы тут

Як засцерагчыся ад пажару, выкліканага недакуркамі


Як засцерагчыся ад пажару «з дастаўкай»?

З прыходам цяпла кожны з нас стараецца пусціць у сваё жыллё цёплае веснавое паветра. Але разам з расчыненымі вокнамі на балконах і лоджыях з'яўляецца ўсё больш курцоў. Істотныя праблемы могуць пачацца, калі ваш сусед не пакіне загашаны недапалак у попельніцы ці бляшанцы з вадой, а пусціць яго на волю лёсу і ветру. Палаючы недакурак — гэта не проста смецце. Цыгарэта тлее пры тэмпературы трыста градусаў. Гэтага цалкам дастаткова, каб падпаліць паперу, дрэва ці тканіну. У што пажар можа перарасці — пытанне адкрытае.


— Летась колькасць балконаў, якія гарэлі, перавысіла дзясятак яшчэ ў маі, — расказвае афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Вольга Мельчанка. — Паказальны выпадак адбыўся 8 мая ў адным са шматпавярховікаў на праспекце Пушкіна. Удзень ратавальнікам паступіла паведамленне пра тое, што на чацвёртым паверсе дванаццаціпавярховага дома палае балкон. На шчасце, гаспадыня кватэры паспела выбегчы і чакала падраздзяленні МНС на вуліцы. Усяго адзін непагашаны акурак — а ў выніку моцны пажар, які з балкона перакінуўся ў жылы пакой, дзе папсаваў маёмасць на плошчы дзесяць квадратных метраў. Дасталося і кватэры вышэй, куды таксама паспела перакінуцца полымя. Там, праўда, усё абышлося пашкоджанай рамай і закураным балконам. І ўсё гэта нарабіў усяго адзін недакурак, які аднекуль прыляцеў!

А літаральна праз паўтара дня вогненная драма паўтарылася на процілеглым канцы горада — у Чыжоўцы. Толькі там усё магло скончыцца горш. Тут пажар адбыўся глыбокай ноччу, калі на гадзінніку было 3.36. На балконе гарэла маёмасць. З-за агню закурэла кватэра і была пашкоджана драўляная абшыўка балкона паверхам вышэй. Тут прычынай пажару таксама стаў недапалак, але ён не прыляцеў аднекуль звонку, а проста быў не патушаны гаспадаром самой кватэры. Як бачым, простая чалавечая неахайнасць абышлася яму вельмі дорага.

Асаблівасць такіх узгаранняў у тым, што іх заўважаюць, як правіла, мінакі на вуліцах або жыхары суседніх дамоў. Уначы ж імавернасць таго, што хтосьці ўбачыць полымя і дым, з натуральных прычын рэзка падае. Як вынік, і часу на тое, каб выратаваць жыццё і маёмасць, становіцца рэзка меней. Могуць быць і іншыя варыянты. Напрыклад, леташнім маем палаючы недакурак падпаліў кватэру на сёмым паверсе ў адным з дамоў па вуліцы Кальварыйскай. А гаспадыні дома не было — яна з'ехала на дачу. Пажар заўважылі адносна своечасова толькі дзякуючы таму, што вокны кватэры выходзяць на вельмі ажыўленую вуліцу. І тое агонь прарваўся з балкона ў кухню, дзе нарабіў бяды.

Але ці можна сказаць, што ў кватэр на апошнім паверсе менш шанцаў «падхапіць» палаючы недакурак?

— Не. Справа ў тым, што каля дамоў аэрадынаміка непрадказальная, — каментуе сітуацыю Вольга Мельчанка. — Былі выпадкі, калі выкінутыя цыгарэты ўзляталі, напрыклад, з трэцяга паверха на дзявяты. Ці ўвогуле планіраваць у акно, размешчанае ў суседнім пад'ездзе. Больш за тое, і бетонны парапет не заўжды можа ўратаваць ад агню. На хуткасць яго распаўсюджвання ўплывае мноства фактараў — гэта і хуткасць ветру, і матэрыял, з якога зроблены балконныя рамы. І нават каля самога дома вецер можа дзьмуць з рознай хуткасцю. Напрыклад, у арках ці паміж двума высокімі дамамі, якія стаяць блізка адзін ад аднаго, яна прыкметна павялічваецца.

А вось маскітная сетка можа саслужыць добрую службу. Яна стане своеасаблівым «экранам», недакурак ад яе адрыкашэціць на адліў. Паколькі той, як правіла, зроблены з металу, то і шкоды нечаканы сюрпрыз не прынясе.

— Сітуацыі бываюць розныя, ды і ў летнюю спёку спаць з зачыненымі вокнамі — далёка не самае лепшае выйсце. Таму адзінае, што можна зрабіць, — гэта падрыхтавацца да падобнага развіцця падзей, — раіць суразмоўніца. — Гэта значыць, максімальна разгрузіць балкон ад усяго, што можа гарэць, — старой непатрэбнай мэблі, макулатуры, нейкіх побытавых рэчаў. Тым болей пад прамымі сонечнымі прамянямі яны высушваюцца і загараюцца проста вокамгненна. Таксама не раз мы адзначалі, што пажар пачынаўся са звычайнага дыванка, які сцелецца на бетонную падлогу для таго, каб па ёй было прыемней хадзіць. Яго таксама трэба на цёплы час года прыбраць як мага далей. Цікава, што большасць балконаў і лоджый, якія гараць, — зашклёныя. Тут справа ў псіхалагічным моманце. Калі на балконе рама не ўстаноўлена — там гаспадар не будзе трымаць таго, што можа быць лёгка пашкоджана ападкамі ці ветрам. Наяўнасць балконнай рамы крыху расслабляе і можа сыграць пры нешчаслівым збегу абставін дрэнны жарт. Таксама пажадана ў такім пакоі ўсталяваць аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Ён спатрэбіцца ў тым выпадку, калі вам неабходна будзе раптоўна адлучыцца з пакоя і вы не зможаце кантраляваць, як ён праветрываецца.

Нядаўна ў нас здарыўся пажар у кватэры, дзе жывуць людзі, якія любяць злоўжываць алкаголем. Нехта з іх пакурыў перад сном і заснуў, не патушыўшы цыгарэту. Пачаўся пажар. На гук апавяшчальніка адгукнуліся суседзі. А пажар быў істотны — закурэла не толькі кватэра, але і лесвічная клетка.'

А што з гэтай нагоды кажа закон?

— Сам факт выкідвання недакурка, нават патушанага, — гэта адміністрацыйнае правапарушэнне. Калі ж за акно адправілася палаючае смецце, то штраф будзе спаганяцца не толькі за раскідванне смецця, але і за неасцярожнае абыходжанне з агнём. Сёння ён складае ад 30 да 50 базавых велічынь. Калі дайшло да пажару, то справа можа быць перакваліфікавана ў крымінальную — у залежнасці ад нанесенага ўрону. Само сабой, давядзецца кампенсаваць прычыненую шкоду.

У кітайцаў ёсць так званая «сістэма пяці пастулатаў». Яна прадугледжвае, што калі вы сыходзіце з дома, то заўжды праверце пяць рэчаў — ваду, электрычнасць, газ, вокны і дзверы.

Ды і курцам карыстацца попельніцай будзе танней.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота дадзена Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях

Загаловак у газеце: Хроніка пікіруючага недакурка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.