Вы тут

«Пачула, што калі табе 75 гадоў — то трэба з дому не выходзіць, каб не заразіцца»


Мінчанцы Лідзіі Пятроўне 75 гадоў. Яна ведае, што ўваходзіць у групу рызыкі пры заражэнні каранавірусам, таму вырашыла паслухаць параду Прэзідэнта і ў бліжэйшы час нікуды не выходзіць з дому, нават у краму. Тым больш што Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, размешчаны непадалёк ад яе, прапанаваў дадатковыя паслугі пажылым людзям па дастаўцы ежы і лекаў.


«Я цяпер нікуды не выходжу, толькі Фільку, свайго сабаку, на шпацыр выводжу раніцай і ўвечары, — расказвае пенсіянерка. — У нас тут побач зялёная зона, пройдземся з ім там крыху — і дадому».

Нягледзячы на свой узрост, Лідзія Пятроўна не знаходзіцца на сацыяльным абслугоўванні ў мясцовым ТЦСАН. Кажа, што, пакуль не з'явіўся каранавірус, усё рабіла сама, для самаабслугоўвання сіл цалкам хапала. Але цяпер яна баіцца нават хадзіць у краму: як бы не падхапіць хваробу. Тлумачыць: «У мяне і цукровы дыябет, і гіпертанія цяжкая. Я тыдзень таму толькі выпісалася з бальніцы».

Пра тое, што можна рабіць заказы, нават не знаходзячыся на сацабслугоўванні, Лідзія Пятроўна даведалася з тэлевізара. «Я ўвесь час гляджу навіны — гэта для мяне абавязкова, — кажа яна. — І вось пачула, што калі табе 75 гадоў — то трэба дома сядзець, каб не заразіцца. У навінах сказалі, што можна патэлефанаваць у мясцовы тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання, і сацработнік па тваёй замове ўсе прынясе дадому, што табе трэба. І я вырашыла пераседзець гэты час дома. Нікуды хадзіць не буду. Вось цяпер сацработніца прынесла прадуктаў — мне іх на тры дні хопіць».

Між тым сацыяльны работнік Таццяна Кірпічова, якая, дарэчы, працуе ў ТЦСАН Партызанскага раёна сталіцы на працягу 21 года, ужо выгружае з сумкі прадукты: «Вось крупы, малако, а 5-працэнтнага тварагу, як вы хацелі, не было, купіла вам 9-працэнтны...» Таццяна ў аднаразовай масцы — гэтага патрабуюць правілы бяспекі. Сацработнік ніяк не павінен стаць крыніцай заражэння для пажылых людзей. Кажа, што сёння раніцай на пачатку рабочага дня ёй вымералі тэмпературу, каб быць упэўненымі, што дапамагаць прыйдзе здаровы чалавек.

А каб пенсіянер, які чакае сацработніка з прадуктамі, ведаў, што перад ім не які-небудзь махляр (на жаль, у нашым жыцці сустракаюцца людзі, для якіх няма нічога святога і якія гатовыя нажыцца на безабаронных старых), сацработнік яшчэ калі тэлефанавала ў дамафон, назвала сваё імя і прозвішча (у ТЦСАН Лідзію Іванаўну папярэдзілі, хто менавіта да яе прыйдзе), а перад уваходнымі дзвярамі паказала пажылой жанчыне свой дакумент.

*  *  *

Заўважаю на століку на кухні лісточкі са спісамі лекаў і самі лекі. «Адчуваю цяпер сябе не вельмі, — перахоплівае мой позірк Лідзія Пятроўна. — Ціск дае пра сябе знаць. Вось, цэлы спіс таблетак п'ю. У мяне ўсё распісана, калі якую прымаць, колькі разоў. Усё на паперцы, каб нічога не забылася».

Яе перапыняе звонкі сабачы брэх. «Філя, не перажывай, ніхто тваю костачку не забярэ!» — супакойвае гаспадыня сабаку. І, звяртаючыся да нас: «Я жыву адна. Філя — мая самая вялікая радасць у жыцці». І тут жа з некаторым здзіўленнем дадае: «Штосьці ён не рыкае сёння. Звычайна, калі прыходзяць з ЖЭСа, то ён рыкае на іх...»

— Чым будзеце цэлымі днямі займацца, нікуды не выходзячы з дому? — цікаўлюся я.

— У мяне шмат заняткаў, — смяецца гаспадыня. — Сёння вось ложак пераслала, памыла бялізну. А кватэру пакуль прыбярэш! У мяне ўсё-ткі тры пакоі. І пакаёвыя кветкі трэба перасадзіць, зараз для гэтага самая пара. І тэлевізар паглядзець... А пацяплее — паеду на дачу. Ужо цяпер рыхтуюся, вось, на сталах расада, — і вядзе нас у іншы пакой. — Глядзіце, тут і кветкі, і памідоры, і перцы — мой агарод!

Так што планаў на найбліжэйшую будучыню ў Лідзіі Пятроўны — мноства. Галоўнае — было б здароўе.

Ужо складзены графік дзяжурстваў

Дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Партызанскага раёна Мінска Таццяна Кухарчык:

— Ужо пайшлі першыя заяўкі на дапамогу. Як толькі мы паведамілі нумар, на які можна патэлефанаваць і замовіць прадукты, тут жа ў нядзелю нам пазваніла адзінокая пажылая жанчына 1937 года нараджэння і пакінула свой заказ. Мы паслалі сацработніка, і заказ быў тут жа выкананы.

У нас ужо складзены графік дзяжурстваў. Спецыялісты ў нашым ТЦСАН па суботах і так дзяжурылі, а цяпер мы ўвялі яшчэ адзін дадатковы дзень — нядзелю. І сацыяльныя работнікі таксама будуць дапамагаць. Пакуль па адным, потым, калі спатрэбіцца, будзем дабаўляць яшчэ людзей.

Акрамя таго, у нас ёсць база адзінокіх грамадзян, і мы цяпер ім актыўна тэлефануем і інфармуем, што нашы работнікі могуць дастаўляць ім прадукты харчавання, лекі і прадметы першай неабходнасці на працягу ўсяго тыдня. Таксама размясцілі інфармацыю пра гэта на сайце нашай раённай адміністрацыі і на нашым сайце з усімі кантактнымі тэлефонамі.

Святлана БУСЬКО

Фота Ганны Занкавіч

Загаловак у газеце: Пераседзець вірус

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.