Вы тут

Уладзімір Каранік: У нас іншы, чым у Італіі, сцэнарый


Спецыялісты расказалі пра імавернасць каранціну, запас прэпаратаў і сцэнарыі развіцця эпідэміі COVID-19.


Сацыяльныя службы Лепельшчыны дастаўляюць адзінокім пажылым людзям і інвалідам прадукты і лекі на дом. Сацыяльны работнік Вольга КРАЎЧАНКА  перадае прадукты пенсіянерцы з вёсцы Бароўка Маргарыце ВАСІЛЕНКА. Фота БелТА.

У сераду міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік адказаў на пытанні студэнтаў аб сітуацыі з COVID-19 у Беларусі падчас анлайн-трансляцыі. Яму дапамагалі начальнік галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч і намеснік галоўнага ўрача інфекцыйнай бальніцы Мінска Алег Скрыпко. Маладых людзей цікавілі самыя розныя пытанні: ад увядзення каранціну ў навучальных установах да запасу лекавых прэпаратаў і ложкавага фонду, а таксама магчымасці развіцця сітуацыі з каранавірусам у Беларусі па італьянскім сцэнарыі. 

Спачатку Уладзімір Каранік акрэсліў агульную сітуацыю з каранавірусам. Зараз у Беларусі зафіксавана 86 выпадкаў заражэння. У 29 пацыентаў пасля назірання і лячэння ад аднаго да трох тэстаў далі адмоўныя вынікі, у залежнасці ад гэтага яны або выпісаны, або рыхтуюцца да выпіскі. Медыцынскі кантроль і лячэнне 59 пацыентаў працягваецца. З моманту першага выпадку каранавіруса ў Беларусі выяўлена 1200 кантактаў першага ўзроўню, якія таксама былі шпіталізаваны.

Частка з іх выпісана, частка працягвае медыцынскае назіранне. 

— Каранавірусы вядомыя медыцыне з пачатку 60-х гадоў, сярод людзей яны цыркулююць даўно, і большасць з іх выклікаюць лёгкую прастуду. Былі ўспышкі каранавірусаў SARS і MERS, апошні быў асабліва небяспечны і выклікаў да 30 % смяротнасці. У выніку SARS зайшоў у эпідэмічны тупік і больш не рэгіструецца, а MERS выклікае адзінкавыя ўспышкі, — пачаў знаёміць з сітуацыяй Уладзімір Каранік. — COVID-19 можа працякаць у лёгкай форме — ад 81 да 85 % інфіцыраваных пераносяць яго на нагах і не маюць патрэбы ў медыцынскай дапамозе, 10–14 % патрабуецца медыцынская дапамога, 5–6 % маюць патрэбу ў інтэнсіўнай тэрапіі, у тым ліку ў рэспіраторнай падтрымцы. Заўсёды палохае штосьці невядомае, тым больш што гэта першая эпідэмія ва ўмовах інфармацыйнай адкрытасці і вялікай колькасці людзей з жаданнем хайпануць. 

Кожная краіна выбірае сваю стратэгію. Мы выпрацавалі просты падыход: не дапусціць росту пацыентаў, калі іх колькасць перавысіць магчымасці нашай сістэмы аховы здароўя. Мы праводзім мерапрыемствы па перыметры нашай краіны: вымярэнне тэмпературы цела ў тых, хто прыбывае з-за мяжы. Гэта робіцца ў плыні стацыянарным цеплавізарам, больш падобным да відэакамеры. Больш за 250 чалавек выяўлена такім чынам з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі. Пры выяўленні станоўчага тэсту на каранавірус мы вызначаем кантакты першага ўзроўню: хто працуе ў адным кабінеце, ехаў у адной машыне. І таксама іх ізалюем. Гэта дазваляе стрымліваць распаўсюджванне COVID-19. Прывяду прыклад: дзяўчына вярнулася з-за мяжы, вырашыла наведаць начны клуб, мы потым разам з супрацоўнікамі міліцыі праглядзелі запісы камер відэаназірання, каб высветліць усе яе кантакты. 

Альтэрнатыва тым мерапрыемствам, якія праводзім мы, і яна выкарыстоўваецца ў краінах, дзе няма санітарна-эпідэміялагічнай службы, — меры раз’яднання насельніцтва, а менавіта каранцін. Але для поўнай эфектыўнасці ён павінен дзейнічаць 12–13 тыдняў. Якая краіна гэта вытрымае? ЗША і Бразілія ўжо пайшлі на аслабленне гэтых мерапрыемстваў.

У нас у краіне больш за 70 тысяч ложкаў. І 86 хворых і 1200 кантактаў першага ўзроўню не могуць стварыць перагрузкі сістэмы аховы здароўя. Хочацца застацца на такім узроўні. 

— Ці будзе каранцін ва ўніверсітэтах? — такім было першае пытанне са студэнцкага асяроддзя.

С.К. — Пытанне ўвядзення каранціну Міністэрства адукацыі лічыць немэтазгодным. Увесь комплекс прафілактычных мер, у прыватнасці адмена і перанос масавых мерапрыемстваў, карэкціроўка графіка вучэбных заняткаў, праведзены. 

У.К. — У нас быў не зусім пазітыўны вопыт пераводу на дыстанцыйнае навучанне студэнтаў БНТУ, якіх мы прасілі не пакідаць Мінск. У той жа дзень каля 600 чалавек паехалі па гарадах і вёсках. Больш за 100 былі шпіталізаваны ў розныя медыцынскія ўстановы па ўсёй краіне з прыкметамі вострых рэспіраторных інфекцый і мы ўсіх правяралі на COVID-19, праўда, ні ў каго ён не пацвердзіўся. Потым пісалі нам гнеўныя лісты, чаму вынікаў тэсту другі дзень няма. Таму што лабараторыі знаходзяцца ў Мінску, і тэст трэба туды адвезці... 

— Чаму пры выяўленні новых выпадкаў каранавіруса вы не называеце гарады, у якіх гэта адбылося? Магчыма, гэта трэба рабіць, каб іх жыхары былі больш асцярожнымі.

У.К. — Спрабавалі спачатку называць, але блогеры і журналісты пачыналі ўмешвацца ў жыццё гэтых грамадзян. Высвятляць, як функцыянуюць прадпрыемствы, дзе працавалі гэтыя пацыенты. У выніку людзі сталі пазней звяртацца па медыцынскую дапамогу, расказваць не пра ўсе кантакты. Больш асцярожнымі трэба быць усім, тым больш што мы знаходзімся на піку сезоннага пад’ёму захваральнасці. 

— Ці бяспечна цяпер наведваць студэнцкую сталоўку, бібліятэку?

А.С. — Калі ўсе паверхні апрацоўваюцца, што зараз і робіцца, то рызыкі няма. У бібліятэцы, калі вы гартаеце кнігу, слінявячы пальцы, імавернасць ёсць. Правіла адно: пры кантакце з любымі паверхнямі мыць рукі.

У.К. — З ЗША дайшоў ролік, дзе медыцынскім работнікам расказваюць пра меры бяспекі — нашэнне масак і іншыя, дзе выступоўца слінявіць пальцы, перагортваючы старонкі. Гэта выклікала вялікі сарказм у медыцынскім асяроддзі. 

— Ці можа абараніць марлевая павязка?

А.С. — Марлевая павязка з прычыны сваёй структуры не абароніць ад віруса. У ёй вялікага сэнсу няма. Ёсць сэнс у захоўванні адлегласці ў 1–1,5 метра ад іншых людзей і асабістай гігіене. 

— Ці дастаткова ў нас супрацьвірусных прэпаратаў і ці хопіць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх?

У.К. — Этыатропнага лячэння ад каранавіруса няма. Асельтамівір мы ўключаем у схему лячэння, калі бачым, што, акрамя каранавіруса, у пацыента ёсць грып. Антырэтравірусная тэрапія для лячэння ВІЧ, якая таксама выкарыстоўваецца, маецца з вялікім запасам і ў нашай краіне вырабляецца. Рэзервы сродкаў для лячэння пнеўманіі таксама створаны, мы іх не толькі вырабляем, але і экспартуем. Мы робім усё магчымае, каб апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх не спатрэбіліся ў максімальнай колькасці. Ёсць лічбы, што ў ЗША на 100 тысяч насельніцтва прыпадае 12,9 апарата, у Італіі 8,8. У нас, калі лічыць усю наркозна-дыхальную апаратуру — 38, толькі апаратаў штучнай вентыляцыі — больш за 25. 

— Ці праўда, што каранавірус гіне пры высокай тэмпературы?

А.С. — Любыя вірусы гінуць пры высокай тэмпературы. Але ці знікне ўспышка з надыходам цяпла, пакуль мы не ведаем. Спадзяемся, што сезонныя асаблівасці каранавіруса будуць падобнымі да грыпу.

— Чым скончыцца ўспышка каранавіруса?

У.К. — Чым сканчваюцца ўсе ўспышкі? Тым, што вірус губляе вірулентнасць (агрэсіўнасць да арганізму гаспадара, — «Зв») і мяняецца. Застаецца той, што пераносіцца ў лёгкай форме. Утвараецца вялікая праслойка тых, хто або няўспрымальны да яго, або тых, хто перанёс і мае імунітэт. Хутчэй за ўсё ён стане менш вірулентным, будзе цыркуляваць разам з грыпам, ператварыўшыся ў сезонную хваробу. У структуры рэспіраторных інфекцый каранавірусы займаюць 14 %, магчыма, COVID-19 стане адным з іх. 

— Самы пік захваральнасці ў Беларусі чакаецца ў сярэдзіне красавіка?

У.К. — Называлася шмат розных дат, апошняя — у мінулую пятніцу. Спадзяемся, што ўспышкі не адбудзецца. 

— Жанчына з Жыткавіч сапраўды хворая на каранавірус?
У.К. — Ёсць тры віды тэст-сістэм, якімі мы правяраем пацыентаў. Калі адна з іх дае станоўчы вынік, мы пачынаем супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, і паралельна тэсціруем іншымі тэст-сістэмамі. І толькі пасля гэтага кажам: так. Што датычыць жыхаркі Жыткавіч, ёсць розначытанні па тэстах. У двух з іх дыягназ удакладняецца. 

— Ці плануецца рассяляць студэнцкія інтэрнаты?

У.К. — У межах супрацьэпідэмічных мерапрыемтсваў пакуль не. А вось падтрымліваць там парадак і прытрымлівацца правілаў трэба. Ведаеце, калі ў нас было выяўлена больш за ўсё кантактаў? Пасля вечарынкі ў студэнцкім інтэрнаце. Добра, што ўсе яны адмоўныя. 

— Ёсць лёгкая і цяжкая разнавіднасць COVID-19 ці гэта розныя людзі яго па-рознаму пераносяць?

А.С. — Чым менш узрост, тым лягчэй вы пераносіце хваробу. Людзі прыкладна да 50 гадоў пераносяць яго лёгка. У пацыентаў за 50 больш значныя праявы, пнеўманія. Самаму ўзроставаму нашаму пацыенту 79 гадоў, ён з’ездзіў у Маскву на сустрэчу з сябрамі, зараз праходзіць лячэнне. 

— Чаму не закрываюцца рэлігійныя ўстановы?

У.К. — У нас царква аддзелена ад дзяржавы. Я падпісаў пісьмо ў адрас духавенства, дзе ёсць рэкамендацыі пазбягаць цалавання ікон, крыжоў. І атрымаў адказ ад кіраўніцтва і каталіцкай, і праваслаўнай царквы, што інфармацыю распаўсюдзілі, у тым ліку і парады ўстрымацца на велікодныя святы ад цалавання святынь, захоўваць дыстанцыю паміж людзьмі, праверыць вентыляцыю і інш. 

— Сістэме аховы здароўя чагосьці не хапае, што быў адкрыты дабрачынны рахунак?

У.К. — Нас тыдзень бамбілі: адкрыйце рахунак, хочам дапамагчы. Калі ёсць такі запыт адчуць прыналежнасць — калі ласка. Гэта элемент кансалідацыі грамадства, бізнесу. Фінансаванне адбываецца ў поўным аб’ёме, мы атрымліваем усё, што неабходна. Не хапае іншага — дзесьці кансалідацыі грамадства, адказных паводзін і адэкватнай рэакцыі. 

— Ці можна паўторна заразіцца COVID-19? Пісалі пра выпадак кітайскага студэнта, які двойчы захварэў і памёр...

У.К. — Паводле меркавання медыцынскай супольнасці, у Кітаі спачатку было шмат ілжывастаноўчых тэстаў. Ёсць верагоднасць, што першы раз у яго быў не каранавірус. Паводле меркавання экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, імунітэт пры COVID-19 фарміруецца, яго стойкасць вызначаецца месяцамі. 

— Колькі займае тэрмін лячэння маладых людзей ад COVID-19?

А.С. — Калі няма «клінікі», а толькі два дні павышаная тэмпература, то на трэці дзень такі пацыент здаровы. Але мы не можам яго выпісаць. У яго павінна быць назіранне цягам 14 дзён, і два адмоўныя мазкі цягам сутак. Толькі пры выкананні гэтых двух крытэрыяў мы выпісваем. 

— У распаўсюджанні каранавірусу мы ідзем па італьянскім сцэнарыі?

У.К. — У нас іншы сцэнарый. У Еўропе няма санітарна-эпідэміялагічнай службы, інфекцыйных бальніц. У Італіі першае заражэнне адбылося ў пажылога, але вельмі актыўнага пацыента. Ён трапіў у звычайную бальніцу, дзе толькі на 6-ты ці 9-ты дзень яго тыпіравалі на COVID-19. За гэты час заразіліся і медперсанал, і іншыя пацыенты. У нас прадугледжана перапрафіляванне бальніц і раздзяленне плыняў пацыентаў. 

— Ці дапускаецца магчымасць каранціну, калі сітуацыя выйдзе з-пад кантролю?

У.К. — Каранцін — гэта часовая мера, каб даць перадышку сістэме аховы здароўя. Мы робім усё, каб колькасць пацыентаў істотна не расла і сітуацыя не развівалася па негатыўным сцэнарыі. У адваротным выпадку, паверце, мы ведаем, што рабіць і якія меры прымаць — нас гэтаму вучылі ў медінстытутах. 

Алена КРАВЕЦ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».