Вы тут

Студэнт Дзмiтрый Беразоўскі — і выступоўца, i вядучы, i аўтар...гiмна


I выступоўца, i вядучы, i аўтар... гiмна. Яго актыўнасцi можна толькi пазайздросцiць. Знаёмцеся: Дзмiтрый БЕРАЗОЎСКI, студэнт трэцяга курса ўлiкова-фiнансавага факультэта Беларускага дзяржаўнага эканамiчнага ўнiверсiтэта спажывецкай кааперацыi. Сёлета хлопец стаў фiналiстам рэспублiканскага конкурсу «Студэнт года». I гэта далёка не ўсе кейсы нашага героя.


— Мае звычайныя днi праходзяць у рэжыме нон-стоп: рэпетыцыi да мерапрыемстваў, канцэрты, якiя часам адбываюцца ў розных гарадах, — усмiхаючыся, кажа дваццацiгадовы Дзмiтрый.

Суразмоўнiк актыўнiчае як у рамках грамадскай дзейнасцi ўнiверсiтэта, так i ў навуковай сферы. На першым курсе Дзiма перамог у конкурсах «Мiстар унiверсiтэт» і «Найлепшы вядучы», праз некаторы час стаў намеснiкам старшынi пярвiчнай прафсаюзнай арганiзацыi студэнтаў, членам БРСМ i байцом маладзёжнага атрада аховы правапарадку ўнiверсiтэта. Акрамя таго, летась герой стаў стыпендыятам Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi.

— Адчуваць жыццё па максiмуме — гэта ж крута, цiкава i весела. Вольнага часу ў мяне практычна няма, але я такi актыўны з дзяцiнства. Лiчыў, што сядзець за камп'ютарам гадзiнамi запар нецiкава, хацелася задзейнiчаць сябе ў нечым карысным. Таму з трэцяга класа пачаў займацца спевамi i танцамi ў музычнай школе. Да таго ж працаваў у Беларускiм таварыстве Чырвонага Крыжа, i цяпер у рамках унiверсiтэцкага руху разам з iншымi студэнтамi езджу ў прытулкi для жывёл, дзiцячыя дамы, удзельнiчаю ў розных дабрачынных мерапрыемствах. Думаю, схiльнасцi да творчасцi ў мяне ад мамы, якая ў свой час скончыла музычную школу, пасля атрымала некалькi вышэйшых адукацый i цяпер працуе ў той сферы, якая ёй падабаецца, — дзелiцца герой.

Заканчваючы школу, Дзiма быў упэўнены: яго чакае Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт культуры i мастацтваў. Але з-за пэўных абставiн са здароўем хлопец туды не паступiў.

— Таму вырашыў год папрацаваць у родным Гродне, прыслухацца да сябе: у якiм кiрунку хачу развiвацца. Рашэнне аб тым, што буду бухгалтарам, прымалася спантанна. Але не пашкадаваў, гэтыя веды дакладна спатрэбяцца ў жыццi. Хоць адчуваю, што манатонная праца не па мне. Памятаю, калi на першым курсе ў студэнтаў пыталiся, якiя ў нас ёсць здольнасцi, каб вызначыць кiрунак далейшай дзейнасцi ва ўнiверсiтэце, я быў гатовы рабiць што заўгодна, толькi б не сядзець на адным месцы.

Пытаюся, цi паспявае Дзiма з такiм загружаным графiкам наведваць пары...

— Часам прапускаю, з-за чаго вельмi хвалюецца мама. Але я хутка засвойваю патрэбную iнфармацыю i досыць кемлiвы. Магу, напрыклад, падрыхтавацца да экзамена за дзень да яго i адказаць «на выдатна». Такая здольнасць дапамагае i ў творчасцi. Бывае, што да выхаду на сцэну застаецца хвiлiна, а мне даюць у рукi новы сцэнарый мерапрыемства i кажуць: ты зможаш. Для артыста гэта нармальная сiтуацыя. Мы павiнны быць гатовыя да ўсяго. Калi прапанавалi стварыць гiмн для конкурсу «100 iдэй для Беларусi», я без роздумаў пагадзiўся, i атрымалася даволi хутка — за тыдзень пастаўленую задачу выканаў. Дарэчы, хтосьцi са знаёмых перакананы, што я хвалько, але гэта не так. Я проста ўпэўнены ў сабе i лiчу, што гэта добра. Мне цяжка ўявiць таго, хто ўсюды выступае i пры гэтым сцiплы, — адказвае суразмоўнiк.

— Ты пiшаш тэксты, захапляешся музыкай. Калi выбiраць памiж тым, стаць самому зоркай або зрабiць ёй кагосьцi iншага...

— Схiляюся да другога. Мне падабаецца прадзюсарская гiсторыя, калi знаходзiшся ў цяні i прасоўваеш свайго пратэжэ. Але i iдэi наконт прасоўвання сябе самога таксама ёсць. Зараз маю некалькi варыянтаў развiцця маёй будучынi, але кiм буду праз некалькi гадоў, сказаць пакуль цяжка. На сённяшні дзень ёсць магчымасцi выбiраць — i ў гэтым перавага майго ўзросту.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзена героем

Загаловак у газеце: Адчуваць жыццё на максiмуме

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.