Вы тут

Агульная справа


У сталічным выдавецтве «Янушкевіч» пабачыў свет чарговы выпуск беларуска-ўкраінскага альманаха «Справа». Гэта ўжо шостае выданне літаратурнамастацкага і ў нейкім сэнсе адукацыйнага праекта, падрыхтаванага Таварыствам украінскай літаратуры. Гісторыя яго вядзецца ад 2015 года, калі пісьменніца Наталка Бабіна выказала ідэю стварэння актуальнага культурнага праекта. Сімвалічна, што шосты выпуск выдання прэзентаваўся амаль адначасова з кнігай аўтаркі «Бодай, будка» — першым раманам, напісаным у Беларусі па-ўкраінску.


Новы выпуск альманаха «Справа» прысвечаны маладым чытачам. «Гэты выпуск для вас і пра вас. Мы сабралі ўсяго патрохі: нешта — для чытання пад коўдрай, нешта — перахапіць у дарозе, нешта — каб пагартаць між заняткамі. Штосьці зможаце паказаць малодшым, а штосьці — абмеркаваць са старэйшымі: сувязь паміж пакаленнямі — гэта суперважна», — патлумачылі стваральнікі выдання. Рэдакцыйную раду альманаха ўзначальваюць Наталка Бабіна, Сцяпан Давыдзюк, Валер Каліноўскі, Віктар Кахновіч, Пётр Кулік, Ліда Наліўка, Вячаслаў Рагойша, Паўліна Скурко. Не менш прадстаўнічым выглядае і кола аўтараў «Справы».

Валеры Гапееў прэзентуе беларуска-ўкраінскую аповесць «Юзік і Олэся», дзе цэнтральнымі персанажамі выступаюць беларускі хлопец і ўкраінская дзяўчына з іх першымі сур’ёзнымі перажываннямі ў сям’і і  грамадстве. А тут і праблемы падзелу сучаснага свету, мовы, самавызначэння…

Антон Рудак у публіцыстычным артыкуле разважае пра свае ўкраінскія карані і генетычную памяць. Паэт заўважае: «Жывучы ў нашым рэгіёне, немагчыма не сачыць за падзеямі, якія разгортваюцца за паўднёвай мяжой. Прынамсі, тое, што робіцца сёння з украінскай мовай, культурай і самасвядомасцю, выклікае захапленне і нават лёгкую зайздрасць. Мне прыемна, што маю ва Украіне сяброў і магу наведваць гэтую краіну ці не найчасцей. Украінская тэматыка часам знаходзіць увасабленне і ў маіх вершах. Спадзяюся, мае вершы і пераклады дапамогуць знайсці новых сяброў  — беларусаў і ўкраінцаў — па абодва бакі беларуска-ўкраінскай мяжы».

А вось з-пад пяра Юльяны Пятрэнкі гэтым разам выйшла абаяльная казка «Час ляцягаў» пра тое, як важна падтрымаць таго, каго любіш, і паверыць у яго мару.

Украінская літаратурная частка прадстаўлена фрагментам рамана-фэнтэзі Арэсты Асійчук «Айхо, або Подорож до початку», вершамі Сяргея Жадана, кароткімі гісторыямі-жудзікамі Антося Дацкевіча. Чытачоў чакае цікавае падарожжа па прыродных цудах Украіны, знаёмства з блізкай і захапляльнай украінскай гісторыяй, сучаснай украінскай музыкай. Пад вокладкай «Справы»  — коміксы, парады псіхолага, ідэі хімічных эксперыментаў дома ды шмат чаго незвычайнага і карыснага…

Важна, што на першай старонцы — асноўныя правілы чытання па-ўкраінску. Магчыма, для многіх яны стануць тым самым чароўным ключыкам, які адкрые неабсяжны свет украінскай літаратуры і культуры. Каб чытаць, марыць, рабіць агульную справу!

Юлія АЛЕЙЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».