Шмат кніг напісана Віктарам Гардзеем: і паэтычных, і празаічных, і дзіцячых. Не расчаравала і тая, што выйшла нядаўна: «Калі цвіла ліпа». Арыгінальная ўжо тым, што зялёнае святло дало ёй не якое-небудзь выдавецтва — дзяржаўнае ці прыватнае, а калектыў Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава. Да ўсяго, сам Віктар Канстанцінавіч не здагадваўся, што яна рыхтуецца. Даведаўся, калі асобнік падарыў яму сябра маленства. Таксама Гардзей, але Мікалай Барысавіч, які і стаў укладальнікам зборніка, падабраў празаічныя і паэтычныя творы.
Мікалай Гардзей, як і яго сябра-цёзка па прозвішчы, родам з вёскі Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна. Ён скончыў Мінскі эканамічны тэхнікум, а пасля Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, цяперашні ўніверсітэт. Працаваў інспектарам у фінансавым аддзеле Ганцавіцкага райвыканкама, а з 1973 года некалькі дзесяцігоддзяў выкладаў рускую мову і літаратуру ў вёсцы Раздзялавічы (таксама Ганцаўшчына).
Як прыгадвае ў «Слове пра сябра», «у дзяцінстве з Віктарам Гардзеем мы не проста сябравалі, але і жылі па-суседску. Варта было прабегчыся цераз поплаў, пераскочыць старасвецкі ручай у алешніку, і ты ўжо на сябравым панадворку. Бывала, наведваліся адзін да аднаго па некалькі разоў на дзень, асабліва, калі даспявалі салодкія грушы-папяроўкі і слуцкія бэры». Што грушы смакавалі — не дзіўна, куды цікавей даведацца пра захапленне юнага В. Гардзея. У сябравай хаце была радыёла: «[…] ён вельмі любіў спектакль па п’есе А. Арбузава “Іркуцкая гісторыя”, а ў тыя далёкія шасцідзесятыя гэтая папулярная радыёпастаноўка ўлетку даволі часта гучала ў эфіры».
Хто добра знаёмы з творчасцю Віктара Канстанцінавіча, чытаючы яго празаічныя творы, заўважыў, што ў іх навідавоку аўтабіяграфічныя моманты. У чым гэта выяўляецца, М. Гардзей канкрэтызуе: «[…] наша ўсё ж не сумнае дзяцінства Віктар хораша апісаў у многіх аповесцях і апавяданнях, дзе згадаў усіх сваіх блізкіх сяброў, вучняў Малакруговіцкай пачатковай школы, нашу першую настаўніцу Наталлю Сямёнаўну Данілаву, асобныя вершаваныя творы, у тым ліку і “Каліну”, прысвяціў маёй бабцы Тадорцы, дзеду Міхалу і “цётцы Ганне” — маёй маме». Гэта і падштурхнула М. Гардзея Прыгоды маленства ў засені дрэў «праўдзівыя аповеды […] сабраць разам і выдаць асобнай кніжкай».
Адкрываецца кніга нарысам «Вяртанне франтавіка-героя», жанр якога сам В. Гардзей пазначыў як «самотнае эсэ». Яно друкавалася ў ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе». Пісьменнік расказаў пра бацьку свайго сябра — Барыса Міхайлавіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, кавалера ордэна Чырвонай Зоркі, які, вярнуўшыся дамоў пасля Перамогі, пражыў усяго пяць месяцаў. Пасля цяжкага ранення ў яго паміж сэрцам і лёгкімі засеў асколак. Урачы-вайскоўцы вырашылі яго не чапаць, а ў мірны час, калі становішча стала крытычным, аперацыя не дапамагла. Пражыў усяго 21 год.
Змешчаны пад вокладкай і вершы «Каліна», «Жнівеньскія росы», «Вясковыя вяселлі», урывак з трылогіі «Аселіца ў басейне Чорнага мора» — «Коля Тадорчын і элітны гарох», апавяданне «Калі цвіла ліпа…». Усе яны — пра маленства, што паяднала двух сяброў Віктара і Мікалая. У вершы «Вясковыя вяселлі» згадваецца маці М. Гардзея:
Пачынае свацця, цётка Ганна,
Не змаўкайце — вам я падпяю.
Мне здаецца, што жаніх падманна
Выкраў з песні любую маю.
Асабліва шчымлівае вяртанне ў дзіцячыя гады — у апавяданні «Чарадзейнае слова» з прысвячэннем «Сябру дзяцінства Мікалаю Барысавічу Гардзею», які з’яўляецца прататыпам галоўнага героя твора Колі Тадорчына.
Віктар Гардзей стварыў прывабны вобраз вясковага хлапчука — шчырага, непасрэднага і дапытлівага, які пасля прагляду «славутага фільма пра заморскага бадзягу і яго слязлівых каханак […] пераймаючы індыйскіх спевакоў, пачаў выцінаць нячутую раней мелодыю». Пасля гэтага Колю захацелася і ў Індыі пабываць. Для такога падарожжа, ён быў упэўнены, патрэбен кілім-самалёт. Што з гэтага атрымалася, і можна даведацца з апавядання.
Знаёмства з кніжкай «Калі цвіла ліпа» пакідае прыемнае ўражанне. Умеюць на Ганцаўшчыне пашанотліва ставіцца да сваіх землякоў. В. Гардзея яны ўважылі і раней. Да яго 50-годдзя ў Малых Круговічах вуліцы, дзе жыў Віктар Гардзей, прысвоілі яго імя.
Цімох БЕЛЮКЕВІЧ
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.