Вы тут

На ровары — да цудаў


Нягледзячы на тое, што пасля выхаду ў свет кніга пачынае самастойнае жыццё, пісьменнік усё ж нясе адказнасць за напісанае. І асабліва гэта тычыцца тых твораў, якімі бацькі імкнуцца захапіць сваё дзіця, што не можа не аказаць уплыву — як станоўчага, так і адмоўнага. Гледзячы якая кніга і як да яе ставяцца бацькі.


У ідэале творы для дзяцей адначасова выконваюць і выхаваўчую, і  забаўляльную функцыі. Літаратурна-мастацкае выданне Міхася Слівы «Чарадзейны ровар» (Мінск, «Мінкапрынт», 2019) скіравана менавіта на першае. Нават у анатацыі гаворыцца: усе творы нясуць вясёлы настрой, падзяляюць радасць жыцця, выхоўваюць міласэрнасць, веру ў добрае і светлае. Папярэдне можна зазначыць, што кніга, хоць гэта нідзе не згадваецца, падыдзе выключна для дзяцей дашкольнага ўзросту.

Апавяданні і казкі невялічкія па памеры. Большасць гісторый прысвечана таму, як маленькі і слабы здольны дапамагчы моцнаму, але не толькі. Варта заўважыць: у казках усё ж самастойна пераадолець перашкоды героі не могуць — ім заўсёды дапамагаюць сябры. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў асноўным персанажы  — дзеці, якія не могуць сам-насам вырашаць сур’ёзныя праблемы.

Героі твораў пісьменніка традыцыйныя для дзіцячай літаратуры. У казках гэта кот, мыш, медзведзяня, сарока, пчолка, а  ў   апавяданнях на першым плане  — дзеці і іх маленькія сябры: сабачкі, козачкі і нават вожыкі. І калі ў казках станоўчыя героі заўсёды супрацьстаяць адмоўным, якіх заўсёды трэба прысарамаціць (асноўная рыса зборніка «Чарадзейны ровар»), то ў апавяданнях героі самі становяцца дзеючай сілай, накіраванай на станоўчыя ўчынкі. Так, дзеці (як правіла, жаласлівыя, спагадлівыя, добразычлівыя) дапамагаюць дарослым, даглядаюць жывёл, клапоцяцца аб прыродзе.

Некаторыя апавяданні паўтараюць адно аднаго, напрыклад, «Пра Зорачку і іншых козачак бабулі Надзі» і «Андрэйка і вожык». Сэнсава яны нічым не адрозніваюцца, але ў   цэлым не выбіваюцца з  канцэпцыі зборніка. Асноўная ідэя, якую хоча данесці аўтар: каб нічога дрэннага не здарылася, трэба быць ціхім, разважлівым і заўсёды слухацца бацькоў. Вядома, такія творы знойдуць падтрымку ў бацькоў, але ці дапаможа гэта дзіцяці стаць больш самастойным у будучыні? Канфліктаў ці спрэчных момантаў, над якімі магло б паразважаць дзіця разам з бацькамі, у кнізе няма. Але гэта не супярэчыць павучальнаму характару выдання, таму і мэта аўтара, здаецца, дасягнута.

Сюжэт ключавога твора, які даў назву кнізе, не новы нават для неабазнанага чытача. Гэта гісторыя дзвюх сясцёр — добрай і злоснай (дарэчы, на ілюстрацыі гэта ўсмешлівая бялявая і панурая чарнявая),  — і  абедзве мараць пра ровар, які дастанецца, вядома ж, працавітай і бескарыслівай. У духу народных казак тут зможа дапамагчы толькі магічная сіла, што расставіць усё па сваіх месцах.

Патрэбную атмасферу стварае і стылістыка зборніка: пэўны парадак слоў, структура сказаў, агульныя інтанацыя і  настрой… Як правіла, казкі ўвогуле не вельмі доўгія па памеры, і кожнае слова ў іх надзвычай важнае. Але ўжо па першых старонках «Чарадзейнага ровара» відаць, што тэкст можна скараціць. Напрыклад, суседнічаюць сказы: «Вылечыла ката мышка. Неўзабаве паправіўся ён і сабраўся дадому». А казку «Кнігі Таню выхавалі» ўвогуле можна было змясціць на дзвюх старонках, і яна б нічога не страціла.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.