Вы тут

Акадэмік жывапісу. Мікалай Селяшчук ва ўспамінах блізкіх і калег


У 1980—1990-х яго называлі самым прагрэсіўным мастаком Мінска, а таксама аўтарам-наватарам, стваральнікам новага стылю жывапісу. Надоечы ў Мінску блізкія і калегі ўспаміналі мастака Мікалая Селешчука. Гэта яго ілюстрацыі трапілі ў апошнія савецкія выданні Коласа, Барадуліна і Янішчыц. А два дзясяткі работ майстра жывапісу і кніжнай графікі паказвалі апошнія два тыдні ў Нацыянальным гістарычным музеі. Ён быў лаўрэатам Дзяржпрэміі Беларусі і не аднойчы «Чалавекам года ў мастацтве». Сёння вялікая частка карцін аўтара знаходзіцца ў дарагіх прыватных калекцыях. Работы Селешчука ёсць і ў Траццякоўскай галерэі, Галерэі Кастакі ў Афінах і Музеі сучаснага мастацтва ў Нью-Джэрсі.


Выдатны жывапісец, майстар кніжнай і станковай графікі, Мікалай Селяшчук адным з першых у беларускім мастацтве звярнуўся да стылістыкі сюррэалізму. Ён здолеў распрацаваць уласную візуальную мову, стварыць унікальны свет фантастычных вобразаў і сімвалаў. І, што важна, прыёмы сюррэалізму ён спалучаў з беларускай гісторыяй, этнаграфіяй, народным эпасам. На палотнах Селешчука — непаўторныя беларускія храмы, калядныя зоркі і вясковыя кабеты з птушынымі крыламі, русалкі, ведзьмакі. Адметныя і ілюстрацыі да кніг. Мастак аформіў зборнік казак «Бацькаў дар», кнігу вершаў Рыгора Барадуліна «Індыкала-Кудыкала», паэму Якуба Коласа «Сымон-музыка», паэтычныя зборнікі Раісы Баравіковай, Янкі Сіпакова, іншыя выданні.

Першыя фарбы

Мікалай Селяшчук нарадзіўся ў 1947 годзе ў вёсцы Велікарыта Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава і службы ў войску паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне графікі. Яго выкладчыкамі былі Пётр Любамудраў, Васіль Шаранговіч. У 1977 годзе прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. За серыю графічных работ «Святы» ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Маляваць Мікалай Міхайлавіч стаў яшчэ ў дзяцінстве на родным хутары. Успамінаў, што першай яго фарбай была фарба для падлогі.

— Мікалай расказваў, што бацька быў супраць яго захаплення, — успамінае сяброўка мастака Святлана Гарбачова, — выкідваў яго карцінкі ў печку, а мама іх ратавала. Ужо калі вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце, прыязджаў дадому, бацька абавязкова правяраў, ці можа Коля рашыць задачку па матэматыцы са школьнай праграмы. І бываў вельмі расчараваны, калі сын не мог з ёй справіцца.

Ікона стылю

Мікалай Селяшчук вылучаўся сярод аднагодкаў яшчэ са студэнцкіх гадоў. Вясковы хлопец стаў, як цяпер кажуць, іконай стылю. Любіў і ўмеў апрануцца з  густам, нават раскошна, як успаміналі калегі. У юнацтве гэта былі аранжавыя шкарпэткі і самаробныя джынсы з таўшчэзнага брызенту, пазней — доўгія плашчы і паліто, яркія пінжакі, шалікі і шапкі. Яго называлі франтам.

Ён пачынаў як графік, трэба сказаць, вельмі таленавіты. Гэтым зарабляў на жыццё. Адначасова займаўся жывапісам, бо ў той час менавіта жывапісцы былі найбольш запатрабаваныя, а графікі знаходзіліся на другім плане.

— Коля не мог заставацца на другім плане, ён хацеў быць першым заўсёды і ва ўсім. У яго было звычайнае жаданне чалавека, які прыехаў з глыбокай правінцыі ў вялікі свет, знайсці сябе і зацвердзіцца, — распавядае адзін з самых блізкіх сяброў мастака Аляксандр Цярэшчанка. — Галоўная рыса Селешчука — неверагодная мэтанакіраванасць. Хоць ён і быў вольным мастаком, прыходзіў у майстэрню а дзясятай раніцы і ў дзесяць вечара выходзіў. Такі быў Коля — працаўнік, сістэмны, дапытлівы. Менавіта таму ён стаў знакаміты.

Экстравагантнасць выяўлялася ва ўсім. У яго першага з’явіўся аўтамабіль. Спачатку — «Запарожац», распісаны пад багоўку, потым — белыя «Жыгулі», а потым — і «Волга». На прагляды фільмаў у кватэры Мікалая Міхайлавіча збіраліся дзясяткі гасцей. Майстэрню над «Акіянам» па вуліцы Казлова Мікалай Селяшчук, Уладзімір Савіч і Уладзімір Тоўсцік атрымалі ў канцы 1970-х. Яна сімвалічна размяшчалася насупраць Палаца мастацтва.

— Вокны нашай майстэрні выходзілі на Палац мастацтва, — расказаў мастак Уладзімір Тоўсцік. — А залы графікі мелі шкляныя сцены. І Коля купіў падзорную трубу. Мы любілі назіраць, каля якой работы даўжэй стаяць і як абмяркоўваюць. Назіралі за тым, як працуюць выстаўкі, хто і чые работы здымае. Нашу майстэрню за наватарскі дух называлі маленькім Манмартрам.

Машэраўцы

Напэўна, з такіх назіранняў і нарадзілася ідэя зрабіць сваю выстаўку, работы на якую не праходзілі б ніякай цэнзуры. Гэта быў 1985 год, самы пачатак перабудовы. Сем маладых мастакоў — Віктар Альшэўскі, Фелікс Янушкевіч, Уладзімір Савіч, Уладзімір Тоўсцік, Мікалай Селяшчук, Валерый Славук і Аляксандр Ксяндзоў — выставіліся на двух паверхах у выставачнай зале на праспекце Машэрава. Менавіта з тых часоў іх сталі называць машэраўцамі. Выстаўка атрымалася скандальная, паглядзець яе імкнуўся ўвесь горад. Сто асобнікаў чорна-белага каталога — адразу разышліся па руках, а яшчэ сто былі пушчаны пад нож. Менавіта пасля гэтай выстаўкі Селяшчук заявіў пра сябе як жывапісец. Праект «Жывапіс. Графіка. 1985 год» атрымаў неверагодны рэзананс. На мастакоў пасыпаліся самыя розныя абвінавачванні. У выніку паглядзець экспазіцыю прыехаў тагачасны кіраўнік кампартыі Беларусі Мікалай Слюнькоў. Пасля трэцяй такой выстаўкі мастакі зарэгістравалі свой саюз пад назвай «Акадэмія». А на магіле Селешчука сёння так і напісана: «Акадэмік жывапісу».

Дзяцінства ў кішэні

Пра Беларусь ён пісаў з добрай іскрынкай гумару, гульні і фантазіі. Калекцыянер Валерый Жыльцоў, успамінаючы першыя ўражанні ад карцін мастака, не можа стрымліваць эмоцый:

— Гэтае адчуванне не паддаецца лагічнаму тлумачэнню, яно з пачуццёвых успрыманняў, калі ты нутром адчуваеш ідэальна гарманічнае спалучэнне колеру і формы, гэта адчуванне шчасця першаадкрыцця, дагэтуль невядомага.

Адны параўноўвалі яго з Сальвадорам Далі за сюррэалістычнасць сюжэтаў і дэкаратыўную манеру. Іншыя бачылі ў яго карцінах інтэлектуальную, філасофскую глыбіню, парадаксальнае спалучэнне прымітывізму з  дасканаласцю, урбанізмам і народнасцю. Яго прылічалі то да канцэптуалістаў, то да постмадэрністаў, а то, бывала, ганьбілі за канфармізм. Але як бы там ні было, фантасмагорыя на палотнах Селешчука мала каго пакідала абыякавым; любая выстаўка яго работ збірала натоўпы гледачоў: на піку яго дзейнасці, у эпоху сацрэалізму, на вяршыні кар’еры ў постперабудовачныя часы і сёння, праз шмат гадоў пасля смерці мастака. Яго карціны застаюцца па-за часам. Мастак імкнуўся перадаць дух няпростага часу, у якім жыў.

Творам Мікалая Селешчука ўласцівы складанасць сюжэтнага і прасторава-часавага рашэння, дакументальная дакладнасць у спалучэнні з алегорыяй, метафарай, сімвалам. Сяброўка мастака Элеанора Язерская ў сваіх успамінах пісала, што ён ствараў неверагодны, карнавальны, казачны свет, у якім шмат дарог і дзіцячых сноў. Яна казала, што Мікалай Міхайлавіч быў з тых мастакоў, хто заўсёды насіў у кішэні дзяцінства.

Мікалай Селяшчук ведаў цану сабе і сваім творам. Кажуць, аднойчы адмовіўся прадаць карціну Міністэрству культуры — не пагадзіўся з прапанаванай цаной.

— Чыноўнікі куплялі творы Селешчука. А вось мастакі, у тым ліку Міхаіл Савіцкі, творчыя пошукі Мікалая не заўсёды прымалі. У Колі для таго часу было занадта нестандартнае мысленне, — успамінае Аляксандр Цярэшчанка. — Сябры ў яго былі такія ж. Асноўны касцяк — Селяшчук, Славук, Зянкевіч, Савіч і дызайнер Ігар Ганяеў. Такія ж працаголікі. Штудзіравалі ўсе часопісы, прысвечаныя выяўленчаму мастацтву, што тады можна было дастаць: чэшскія, маскоўскія, польскія, нават венгерскія. Ездзілі на ўсе выстаўкі ад Вільні да Таліна на цягніку «Чайка», у Маскву, Ленінград.

Містыка і прадчуванне

Творчасць Мікалая Селешчука, прасякнутая сімвалізмам, выявілася і ў яго сыходзе — у недапісаных ім работах. Загнаны ў ваду чортам анёл, мужчынская фігура на бальнічнай каталцы на фоне свінцовага мора, па меркаванні сяброў, з’яўляліся містычным прадчуваннем мастака, які захаваў на палотнах фатальныя абставіны сваёй смерці.

Праз дзесяць гадоў пасля гібелі сябры і калегі мастака падзяліліся ўспамінамі пра яго ў кнізе «Мiкола Селяшчук. Гучанне музыкi нябёсаў». Вялікі альбом, выпушчаны выдавецтвам «Мастацкая лiтаратура», аб’яднаў успаміны вядомых беларускіх мастакоў, журналістаў, пісьменнікаў, настаўнікаў і вучняў мэтра ў адзіны партрэт. І ў шматлікіх галасах адчуваецца агульны матыў гэтага загадкавага, амаль містычнага ўспрымання рэчаіснасці, якое выявілася калейдаскопам алюзій у яго карцінах.

Чалавек парадоксаў

Вытокі містыцызму, дваістасці быцця і творчасці нібы прыадчыняюць акно ў тагасветную рэальнасць, знаходзяцца дзесьці ў яго далёкім дзяцінстве, на адарваным ад бурлівай цывілізацыі хутары, дзе Мікалай Селяшчук правёў першыя некалькі гадоў жыцця. Адасобленасць, адзінота, адсутнасць звычайных шумных дзіцячых гульняў і забаў, марудлівы і мерны рытм жыцця ў лесе, на прыродзе — усё гэта давала выдатную магчымасць акунуцца ў свет сваіх фантазій і мрояў. Унутраная засяроджанасць на сабе, сваім светаадчуванні зацвердзілася ў мастаку на ўсё жыццё і не магла не праявіцца пазней у яго творчасці.

Такая дваістасць выклікала часам супярэчлівыя пачуцці. Не паддацца абаянню мастака, яго шчырасці было амаль немагчыма. Жыццелюбівы і гасцінны, ён зараджаў творчай энергіяй усіх. Прыродная дабрыня разам з іранічнай элегантнасцю стваралі вобраз багемнага, свецкага мастака і эстэта. Хоць ён і славіўся як франт, ярка і незвычайна апранаўся, любіў прыгожых жанчын, прыгожыя аўтамабілі, з задавальненнем праводзіў час у шумных кампаніях, але ўнутраны свет яго быў схаваны ад цікаўных вачэй. Любому, хто трапляў у зону прыцягнення, адкрываўся свой Селяшчук: хтосьці бачыў у ім казачніка, хтосьці — касмапаліта і чалавека эпохі Адраджэння, іншы знаходзіў трапяткую, хваравітую і ўразлівую душу. Яго часта называлі чалавекам па-за часам, чалавекам парадоксаў.

Апошні дзень

Жыццё знакамітага мастака абарвалася дваццаць два гады таму. Яго раптоўная смерць здаецца тым і трагічнай, што здарылася яна на ўзлёце яго кар’еры, падчас паездкі па Італіі, адной з самых сонечных і жыццесцвярджальных краін. Заставалася менш за год да пяцідзесяцігоддзя, планавалася яго першая персанальная выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. У кампаніі беларускіх мастакоў і рэжысёраў, якія вандравалі па неапалітанскай Рыўеры, вяліся бясконцыя размовы пра мастацтва, пра вечнасць, пра ролю мастака ў бурлівых патоках часу — і немагчыма было дапусціць думкі, што праз некалькі гадзін прыліўная хваля Тырэнскага мора стане фатальнай і спыніць плынь часу назаўжды.

Яго недарэчная смерць стала шокам для ўсіх. Толькі мама мастака, калі ёй сказалі пра смерць сына, адразу спытала: «Што, утапіўся?» Значыць, нешта прадчувала. Зрэшты, як і сам Мікалай Селяшчук.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.