Вы тут

Мiхась Пазнякоў. Вяртанне з фронту


У творах Мiхася Пазнякова, нават адрасаваных дарослым, галоўнымi героямi вельмi часта з'яўляюцца дзецi. Сапраўды, тэма дзяцiнства — адна з самых блiзкiх яму, пра што сведчаць яго шматлiкiя зборнiкi паэзii i прозы, адрасаваныя юным чытачам. Сярод якiх, не сумняваемся, i блiзкiя родзiчы Мiхася Паўлавiча — а гэта, мiж iншым, трынаццаць унукаў пiсьменнiка! Дарэчы, i сам ён нарадзiўся ў вялiкай сям'i — у яго было пяць братоў i пяць сясцёр.

Кажуць, у чалавека, якi любiць дзяцей, светлая душа. Можа, таму i ўся творчасць Мiхася Пазнякова напоўнена святлом i прыгажосцю.

Алесь Бадак.

Валька правяла бабулю Параску толькi да веснiчак, тая далей не дазволiла: дзьмуў халаднаваты вераснёўскi вецер, церусiў дожджык.

— Вяртайся, унучачка, у хату i зашчапiся. Глядзi брацiка i сястрычку, я ўпраўлюся дома i прыйду да вас начаваць, — сказала на развiтанне бабуля.

— Не забудзь хлебца нам, — расплакалася малая.

— Прынясу, прынясу! I хлебца, i сальца... Дзед Кузьма хутка павiнен вярнуцца з Быхава, нешта ж прынясе... Бульбачкi навару... Iдзi мая сiрацiначка, у хату...

Валька яшчэ пастаяла крыху, глядзела, як бабуля тэпае па гразкай вулiцы, выбiраючы лепшую дарогу. Затым малая, адчуўшы холад, ад якога не ўратаваў татаў стары пiнжак, пахлюпала басанож па лужынках на ганак. Выцерла брудныя ногi сухой анучай, намацала клямку, з цяжкасцю адчынiла дзверы i амаль ускокнула ў хату. Зняла вялiкi мокры пiнжак i зацягнула яго на печ, чарэнь якой прыемна дыхала цяплом. Меншыя Петрык i Галька яшчэ не спалi, але ляжалi на ложку каля печы, накрытыя коўдрай, мабыць, напалоханыя бабуляй Параскай, што iх ухопiць злы воўк, калi яны раптам надумаюцца выслiзнуць на двор. Валька прылегла худымi плечукамi на цвёрдую, але яшчэ даволi цёплую чарэнь печы. З ложка пачуўся Петрыкаў плач:

— Хачу есцi... — скардзiўся ён праз слёзы.

— I я хачу есцi, — далучыла свой пiсклявы, слабы i заплаканы галасок Галька.

— Перастаньце выць, — адазвалася Валька, — бабуля Параска пайшла вячэру гатаваць, паляжыце трошкi, пачакайце. Дзядуля скора вернецца з базару.

— Хачу на печ, тут холадна, — закапрызiў Петрык.

— I я хачу на печ, — заплакала мацней Галька.

— Добра. Падымайцеся да мяне, — пагадзiлася Валька. — Падайце падушачкi i коўдру сюды, — яна ўсцягнула на печ пададзеныя рэчы, расклала iх i дапамагла малым падняцца.

Дзецi ляжалi ўтрох i плакалi. Галька — моцна, з усхлiпамi, Петрык — крыху цiшэй, час ад часу пераходзячы на гучныя ўсхлiпы, а Валька — амаль моўчкi. Але горкiя, балючыя слёзы душылi яе, i яна ледзь стрымлiвалася, каб не загаласiць. Ёй было ўсяго толькi восем годзiкаў, калi моцна захварэла на тыф мацi, якая праз некалькi месяцаў памерла. Петрыку хутка споўнiцца шэсць, а Гальцы ўсяго толькi чатыры гады. Тата iх ваюе на фронце. Вось ужо трэцi месяц яны жывуць з бабуляй. Але сягоння яна чамусьцi прывяла iх ранiцай у бацькоўскую хату, выпалiла ў печы перад гэтым. Вiдаць, таму, што пахварэлi цёткi Надзея, Маня i Зiна — дочкi бабы Параскi. I, каб уберагчы ўнукаў, тая вырашыла адсялiцца з iмi ў пустую хату. Ды, напэўна, была i яшчэ нейкая, вельмi важкая прычына. Валька ўспомнiла пiсьмо ад таткi. Ён пiсаў са шпiталя, куды трапiў пасля ранення. Яе не было ў хаце, калi бабуля ўголас чытала пiсьмо, таму дакладна не ведае, што напiсаў тата. А сама чытаць яшчэ не ўмее, школа даўно закрыта. Вайна... Ды бабуля з дзедам крыху павесялелi пасля татавага пiсьма. «Не выключана, што дэмабiлiзуюць...» — паўтарала часта бабуля Параска словы з татавага пiсьма. А што яны азначаюць, Валька не ведае.

«Трэба пацiкавiцца ў бабулi, што гэта такое — «дэмабiлiзуюць»? Можа, дамоў прывязуць далечвацца? А няхай бы! Я цалавала б, гладзiла татку, чай на зёлках яму гатавала б...»

— Мне горача! — загаласiў раптам Петрык.

— I мне! — далучылася да яго Галька. — А дзе мамка? Мама! Ма-а-а-ма-а! — зацягнула яна, як гэта з ёю было вельмi часта, невыносна балючым плачам.

Валька не ведала, як суцешыць яе. Потым, успомнiўшы, як гэта звычайна рабiла бабуля, заплакала сама, залямантавала, выцiраючы слёзы:

— А сiрацiначкi мае!.. А даражэнькiя мае!.. А вашай мамачкi няма на белым свеце!.. А ваша мамачка на небе, на вас адтуль глядзiць i хоча, каб вы не плакалi, не галасiлi... А то ж ёй балюча стане, i яна можа звалiцца, свае ручачкi-ножачкi паламаць!.. Ой, не плачце, мае вы родненькiя!..

— Чула! Не плач, сцiхнi, — стаў супакойваць Гальку i Петрык.

Валька дапамагла малым злезцi з печы, забрала падушачкi i коўдру, загадала брату i сястрычцы прылегчы на ложку, старанна накрыла iх.

— Цiшэй! Паляжыце крыху, я вам казку раскажу пра залатую яблыньку. Яе мне наш татка расказваў.

— А дзе наш татка? — зноў расплакалася Галька. — Якi ён?..

— Ён... Я i не помню, якi ён, — прызналася Валька. — Але — дужы, добры...

— Не плач, — адазваўся Петрык. — Наш татка ваюе. Ён спачатку на адной вайне злых людаедаў прагнаў, потым на другой. А цяпер фашыстаў у Берлiн яму трэба загнаць i там iх усiх у турму пасадзiць, каб яны не стралялi i не палiлi нашу хату...

Валька адшукала ў шуфлядзе старую кнiжку без вокладкi, якую ёй некалi чытаў тата. I, пазiраючы ў яе, пачала расказваць дзiвосную гiсторыю пра залатую яблыньку. Нават не заўважыла, як малыя заснулi... Адклала кнiжку ўбок, нацягнула коўдру. Але заснуць так i не змагла.

Раптам хтосьцi пагрукаў у дзверы, на ганку пачулiся чыесьцi цяжкiя крокi.

«Хто гэта? — спалохалася дзяўчынка. — Бабуля Параска так не грукае i голас падае».

— Адчынiце! Я — свой! — пачуўся незнаёмы мужчынскi голас.

У Валькi моцна забiлася сэрца, перасмяглi вусны. Яна затаiла дыханне...

— Адчынiце, дзеткi! — зноў данёсся патрабавальны, але добры голас. I Вальцы падалося, што яна некалi чула ўжо яго. Нешта ў iм было знаёмае, магiчна-прыцягальнае.

Неяк няўцямна яна пасунулася да дзвярэй i адкрыла iх. Праз парог пераступiў высокi, стройны i прыгожы вайсковец. Быў ён у доўгiм шынялi, высокiх ботах. За плячыма вiсеў вялiкi рэчавы мяшок, а на галаве надзета сапраўдная пiлотка з вялiкай чырвонай зоркай.

Магутная, цёплая, прыемная хваля, здавалася, поўнасцю ахiнула, запоўнiла разгублена-шчаслiвую Вальку.

— Дзядзечка, а хто ты? — слабым, непаслухмяным голасам запыталася яна, пазiраючы на таго здзiўленымi вачыма ў прадчуваннi сапраўднага цуду. А з ложка на дзiвоснага незнаёмца пазiралi яшчэ дзве пары неверагодна ўражаных вачанят.

Салдат быццам знерухомеў i страцiў мову. Ён стаяў пасярод хаты i моўчкi плакаў. З яго вачэй кацiлiся, лiлiся па нябрытых шчоках буйныя слёзы. Рукi салдата, працягнутыя наперад, застылi без руху. Яго вусны дрыжэлi, i ён нiчога не мог вымавiць. Нарэшце цiха, а Вальцы падалося, што гучна, прамовiў:

— Дзеткi, я ваш тата...

Валька кiнулася да салдата, адчуваючы ў iм самага дарагога, доўгачаканага чалавека.

— Татачка! — выгукнула яна ўпершыню ў сваiм жыццi так невымоўна хвалююча гэта роднае слова i моцна абшчаперыла ногi неспадзяванага, але самага жаданага госця сваiмi худымi ручкамi.

А з ложка ўжо ляцелi да iх Петрык i Галька. Тата абняў iх траiх разам i доўга цалаваў, аблiваючы слязьмi.

— Дзетачкi мае, — шаптаў ён, — не плачце. Мяне назаўсёды адпусцiлi да вас.

Ён зняў рэчавы мяшок i пачаў даставаць з яго хлеб, кансервы, драбковы цукар i яшчэ нешта загорнутае ў паперу.

— Ты прагнаў фашыстаў у Берлiн? — горда спытаў Петрык.

— А ты раскажаш нам казку пра залатую яблыньку? — уздыхнула Галька, не зводзячы вачэй з таты.

— Прагнаў, сынок!.. Раскажу, дачушка, — усмiхнуўся праз слёзы шчаслiвы бацька.

— А назаўсёды прагнаў? — не адставаў Петрык.

— Назаўсёды, сынок! Назаўсёды, мае дзетачкi...

З вулiцы даляцеў голас бабулi Параскi, якая спяшалася ў хату, каб абняць свайго сына.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».