Вы тут

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?


Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome. Медыкi фатаграфуюцца з постарамi, дзе напiсана: «Мы застаёмся на рабоце для вас, а вы заставайце дома для нас». Падтрымалi iдэю i айчынныя спецыялiсты. Флэшмоб, як адзначаюць беларускiя медыкi, арыентаваны на пажылых людзей, пацыентаў з хранiчнымi захворваннямi i тых, хто прыбыў з замежжа. Менавiта гэтыя катэгорыi ў першую чаргу павiнны прытрымлiвацца правiл самаiзаляцыi. Але нават некалькi дзён не выходзiць з дому вельмi цяжка, а чымсьцi сябе заняць на два i больш тыднi амаль нерэальна. Карэспандэнты «Звязды» падрыхтавалi свае прапановы для тых, хто вырашыў #застаццадома.


Самаадукавацца

Успамiнайце, колькi ўжо разоў з пачатку года вы абяцалi сабе пачаць вучыць цi падцягваць замежную мову? Эпiдэмiя «выдзелiла» вам час для гэтага. На дапамогу прыйдуць разнастайныя мабiльныя праграмы i сайты ў залежнасцi ад узроўню i патрабаванняў. Маркет мабiльных праграм параiць гульнi, аўдыязапiсы, кнiгi i практыкаваннi для вучняў рознага ўзросту i ўзроўню валодання мовай. Падчас эпiдэмii адкрылi падпiску на бясплатнай аснове замежныя платформы з разнастайнымi лекцыямi i адукацыйнымi курсамi. Шукайце курс па iнтарэсах на пляцоўках Сoursera, Mooc, Arzamas.

Cхадзiць у музей

Дакладней, у яго анлайн-версiю. Свае вiртуальныя дзверы адчыняюць Эрмiтаж, Дзяржаўны рускi музей, парыжскi Луўр, галерэя Уфiцы ў Фларэнцыi, Брытанскi музей, музей Прада ў Мадрыдзе, музеi Ватыкана, Сiксцiнская капэла, «Метраполiтан» у Нью-Ёрку i iншыя.

Глядзець кiно i серыялы...

Да двух першых пунктаў звернуцца тыя, каму надакучыў звыклы адпачынак перад тэлеэкранамi. Iнтэрнэт-супольнасць жартуе, што на эпiдэмii найбольш зарабляюць вытворцы туалетнай паперы, грэчкi i платныя платформы доступу да фiльмаў. Але некаторыя з iх злiтасцiвiлiся i часова дазволiлi бясплатна (або са знiжкай) глядзець папулярныя серыялы i фiльмы. Сярод такiх «Кинопоиск HD», Okko, ivi.

...або оперу цi балет

Сусветна вядомыя пастаноўкi — у анлайн-рэжыме. Бясплатныя стрымы анансавала Метраполiтан опера, зарэгiстраваўшыся, можна пазнаёмiцца з праграмай Венскай оперы. Вялiкi тэатр Расii таксама падключыўся да акцыi i будзе бясплатна паказваць свае балеты да 19 красавiка.

Два сябры, праграмiст i дызайнер, стварылi карту ядома.бел. Яна паказвае, хто застаўся дома на самаiзаляцыi. Дадаць сябе на карту магчыма з дапамогай «Тэлеграма». Адзначылi сябе ўжо больш за 3000 чалавек.

Прыбрацца да Вялiкадня

Абавязковы рытуал у падрыхтоўцы да галоўнага свята ўсiх вернiкаў — навядзенне парадку не толькi ў душы, але i ў кватэры. Па традыцыi, многiя робяць гэта ў Чысты чацвер, якi па царкоўных канонах з прыборкай нiчога агульнага не мае. Але за адзiн дзень генеральную прыборку зрабiць амаль немагчыма. Таму раiм скарыстацца вольным часам цяпер. Мае сэнс скласцi асабiсты план, дзе пазначыць усе неабходныя пункты. Пачынаюць прыбiраць са столi, заканчваюць падлогай. А калi ўзяцца за кухню, разбор i перагляд адзення, то тут i каранцiну не хопiць, каб усё прывесцi ў iдэальны парадак!

Вырасцiць расаду

Дачнiкам раiм падчас самаiзаляцыi паклапацiцца пра будучы ўраджай. Магчыма, многiя высеялi таматы, перцы, баклажаны яшчэ ў лютым. Самаiзаляцыя — час для тых, хто гэтага яшчэ не зрабiў. Пасадзiце на расаду i кветкi, перагледзьце цыбулiны раслiн i кустоў. Адрамантуйце дачны iнструмент. Больш, безумоўна, пашчасцiла тым, хто жыве ва ўласных сядзiбных дамах: усталявалася сапраўды веснавое надвор'е, таму можна пачаць добраўпарадкаванне сваiх участкаў.

Не забываем пра спартыўныя практыкаваннi (youtube ў дапамогу), цiкавыя смачныя навiнкi ў меню, сайты знаёмстваў, скайп-размовы з сябрамi. I, канешне, чытайце «Звязду», бо i мы застаёмся на рабоце для вас.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».