Вы тут

Выплаты ветэранам да свята пачнуцца з 1 красавіка


На жаль, тых, хто абараняў і вызваляў Радзіму, становіцца ўсё менш. Таму аднаразовая матэрыяльная дапамога да 75-годдзя Вялікай Перамогі ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама тым, хто пацярпеў ад яе наступстваў, будзе па-максімуму выплачана ў першыя дні красавіка. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.


На 1 сакавіка ў Беларусі засталося менш за пяць тысяч ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 2947 непасрэдных удзельнікаў ваенных дзеянняў. Колькасць тых, хто пацярпеў ад наступстваў вайны, складае каля 14 тысяч чалавек.

Дзяржава памятае пра сваіх ветэранаў. Яны маюць розныя льготы, выплаты і павышэнні да пенсій. Так, паводле слоў Аляксандра Румака, памеры пенсій ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны складаюць ад 596 да 800 рублёў. А юбілейныя даты заўсёды суправаджаюцца матэрыяльнымі выплатамі. Сёлета яны прадугледжаны Указам Прэзідэнта № 491. І, як паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны, пастаўлена задача, каб большасць гэтых выплат ажыццявіць у першыя дні красавіка.

Акрамя таго, штогод да Дня Перамогі прымаюцца і дадатковыя меры падтрымкі, у прыватнасці, абследуюцца ўмовы пражывання ветэранаў. Сацыяльнае абслугоўванне таксама накіравана на тое, каб аказаць дапамогу пажылым людзям: сёння больш за дзве тысячы ветэранаў і пацярпелых ад наступстваў вайны альбо атрымліваюць паслугі дома, альбо жывуць у інтэрнатах.

Што да сталіцы, то ў Мінску цяпер пражываюць 1444 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку два Героі Савецкага Саюза — Васіль Мічурын і Іван Кустаў. Усім ім, акрамя мер падтрымкі, прынятых на рэспубліканскім узроўні, аказваецца дадатковая падтрымка са сродкаў мясцовага бюджэту. Так, па словах намесніка старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірыны Дудка, гэта штомесячныя даплаты да пенсій, 16-дзённы курс бясплатнага аздараўлення ў рэабілітацыйным цэнтры. Таксама са сродкаў мясцовага бюджэту кампенсуецца рамонт жылля для ветэранаў.

Першы намеснік старшыні Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Юрый Луцык паведаміў, сёлета кожны ветэран атрымае медаль да Дня Перамогі, прычым асноўная частка ўзнагарод будзе ўручана ва ўрачыстай абстаноўцы. Таксама ён выказаў надзею, што нягледзячы ні на што будзе праведзены парад у Мінску, гасцямі якога стануць таксама ветэраны і ўдзельнікі вайны.

Самі ж ветэраны кажуць пра тое, што хочуць браць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Ім важна адчуваць падтрымку, клопат і ўвагу, ведаць, што пра іх памятаюць. У прыватнасці, пра гэта заявіў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Анатоль Адоньеў, падкрэсліўшы, што акрамя матэрыяльнай дапамогі вельмі важныя сумесныя акцыі і мерапрыемствы, а таксама ўдзел ветэранаў у патрыятычным выхаванні моладзі.

Святлана Бусько


Дарэчы

Самае бяспечнае месца — свой дом

Усё больш пажылых людзей і людзей з інваліднасцю звяртаюцца ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) з просьбай даставіць ім на дом прадукты харчавання і лекі.

Як заявіў Аляксандр Румак, гэта звязана з актыўнай тлумачальнай работай, скіраванай на тое, каб пажылыя людзі зразумелі, што для іх цяпер у сувязі з эпідэміяй каранавіруса бяспечней за ўсё знаходзіцца дома і лішні раз не выходзіць на вуліцу.

Пры гэтым сацыяльныя службы прапануюць ім сваю дапамогу. Яе каардынатарамі з'яўляюцца ТЦСАН, якія цяпер аб'ядноўваюць намаганні Чырвонага Крыжа, БРСМ, а таксама ўсіх неабыякавых людзей, што гатовыя стаць валанцёрамі.

Званкі прымаюцца ад усіх пажылых людзей — і адзінокіх, і тых, якія пражываюць адны. Пры гэтым, як адзначыў Аляксандр Румак, мы павінны перагарадзіць шлях ашуканцам, якія могуць скарыстацца даверлівасцю старых. Таму сацслужбы імкнуцца максімальна паведамляць, хто і калі прыйдзе ў якасці памочніка, а сацработнік абавязкова павінен паказаць сваё пасведчанне. Што датычыцца Чырвонага Крыжа, то ён робіць для сваіх валанцёраў бэйджы.

Таксама, каб пазбегнуць лішняга выхаду на вуліцу, паштовыя аддзяленні цяпер па жаданні чалавека займаюцца дастаўкай пенсій на дом.

Загаловак у газеце: Памятаем пра ветэранаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».