Вы тут

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...


З Леанiдам Левiным, славутым нашым архiтэктарам, мяне пазнаёмiў Генадзь Бураўкiн — яго даўнi, харошы сябра. Мы прыйшлi на кватэру да Леанiда Мендэлевiча перад самым Новым годам i, натуральна, апынулiся за гасцiнным сталом. I таму замест пятнаццацi-дваццацi хвiлiн, як меркавалi, прагаварылi больш за дзве гадзiны. Але, па праўдзе кажучы, i не заўважылi, як прабег гэты час.


Ле­а­нiд Ле­вiн на ад­крыц­цi ме­ма­ры­я­ла ў Чыр­во­ным Бе­ра­зе. 2007 год. Фота БЕЛТА

Пасля ў мяне з Левiным было яшчэ некалькi сустрэч, ужо не гасцявых, а чыста рабочых. Дзевяць гадзiн запiсу на маiм дыктафоне — таму яскравае сведчанне.

Уражанне ад тых сустрэч засталося надзвычай прыемнае. Сям'я сапраўдных iнтэлiгентаў, таленавiтых людзей. Галоўны ў сям'i, яе эпiцэнтр — канешне ж, Леанiд Мендэлевiч. I не толькi таму, што мае безлiч званняў i ўзнагарод, але i з прычыны свайго шматграннага таленту. Тое, што ён напiсаў дзве выдатныя кнiгi — «Хатынь» i «Война и любовь», — я ведаў. I, зразумела, уважлiва iх прачытаў. А вось што ён пiша яшчэ i вершы, дазнаўся выпадкова. Ужо заканчваючы нашу гутарку, я пацiкавiўся: «Пра што я ў вас яшчэ не папытаўся? Пра што вам хацелася б расказаць?» I Леанiд Мендэлевiч, саромеючыся, бянтэжачыся, прызнаўся, што хацеў бы паказаць свае хоку, цi, як ён iх называе, хайкi — паэтычныя двух- i трохрадкоўi, якiх у яго сабралася ўжо, мусiць, больш за тысячу — два аб'ёмiстыя сшыткi. Сталi чытаць — сярод звычайных, прахадных радкоў ёсць i па-сапраўднаму таленавiтыя, з цiкавымi вобразамi, нечаканымi метафарамi, з паэтычным бачаннем свету.

— Дык гэта ж гатовая кнiга паэзii! — мiжволi ўсклiкнуў я.

— Ну што вы... — зноў збянтэжыўся Леанiд Мендэлевiч. — Якi з мяне паэт. Так, балаўство...

— А ты пакажы сваю кнiгу «1, 2, 3, 4...», — прапанавала раптам жонка, Наталля Мiкалаеўна, якая падчас гэтай размовы была якраз побач.

— Дык гэта ж трэба яшчэ шукаць.

— Я зараз знайду сама... Вось, калi ласка. Пачытайце хоць бы «Вясну ў Бад-Аэнхаўзене».

— А можна я пачытаю ўголас?

— Ну, калi ласка... — Леанiду Мендэлевiчу, адчувалася, было няёмка, што яго паэтычным спробам надаецца гэтулькi ўвагi. Але адначасова, вiдаць, i хацелася, каб я ўсё ж пачытаў, сказаў сваё слова.

Пасля чытання колькi хвiлiн мы ўсе трое, усхваляваныя, маўчым. Я чую, як гулка б'ецца ў грудзях маё сэрца. Боль, трагедыю яўрэйскага народа, якiя так глыбока, пранiкнёна-эмацыянальна былi выказаны ў толькi што прачытаных радках, яно ўспрыняло як свае ўласныя.

Яшчэ болей узрушаны Леанiд Мендэлевiч. Падчас чытання краем вока я бачыў, як твар ягоны то напружана хмурнеў, то свяцiўся кранальнай пяшчотаю, то зноў пакутлiва наструньваўся. Ён як бы занава перажываў той настрой, што валодаў iм пры напiсаннi гэтых журботна-трапяткiх, прачулых радкоў. У рэшце рэшт Леанiд Мендэлевiч не вытрымаў — перасеў ад стала ў крэсла, якое стаяла непадалёку, i там, самотна-прыцiхлы, аддаўся сваiм гаротна-збалелым пачуццям...

Я запытальна паглядзеў на Наталлю Мiкалаеўну: можа, Леанiду Мендэлевiчу кепска? Ён жа нядаўна перанёс iнсульт i яшчэ не зусiм ачуняў ад цяжкай хваробы. Яму нельга хвалявацца... Але Наталля Мiкалаеўна кiўком галавы супакоiла мяне: усё нармальна, хай муж пабудзе трохi ва ўладзе сваiх думак — i далiкатна перавяла гаворку на iншае.

Дарэчы, не магу не сказаць колькi слоў пра саму Наталлю Мiкалаеўну. Яна — таксама архiтэктар. Таленавiты архiтэктар. У сталiцы пабудавана некалькi адметных будынкаў па яе праектах. Апошнiм часам працавала ў калектыве, якi ствараў новую канцэпцыю генеральнага плана Мiнска пад кiраўнiцтвам Юрыя Пурэцкага. Калектыў за цiкавую i арыгiнальную распрацоўку першай чаргi будаўнiцтва атрымаў прэмiю Савета Мiнiстраў СССР. У лiку ўзнагароджаных была i яна, Наталля Мiкалаеўна.

А яшчэ Наталля Мiкалаеўна i Леанiд Мендэлевiч — заядлыя калекцыянеры. Кватэра Левiных нагадвае своеасаблiвы музей. Усе тры пакоi i нават кухня ад падлогi да столi ў розных палiцах, палiчках, падстаўках, на якiх размешчаны сотнi i сотнi — не хочацца казаць экспанатаў — прадметаў мастацтва. Так, кожны з iх — выдатны ўзор майстэрства i высокага мастацтва. А ўсе разам яны, гэтыя застылыя iмгненнi свайго часу, ствараюць адзiную хвалюючую полiфанiчную музыку Вечнасцi.

— Я люблю ўсё гэта... — крыху няёмячыся, прызнаецца Леанiд Мендэлевiч, калi мы застаёмся ўдвух. — Люблю сваю кватэру. Свой кабiнет. Гэту ўтульнасць, сямейны спакой. Хоць, на вялiкi жаль, бываю дома даволi рэдка. Асаблiва раней. Здаралася, суткамi не выходзiў з майстэрнi. Жонка аднойчы напаўжартам, напаўсур'ёз паскардзiлася ў маёй прысутнасцi свайму бацьку, што рэдка мяне бачыць дома. Але мой мудры цесць толькi ўсмiхнуўся i сказаў:

— Трэба было выходзiць замуж за бухгалтара. Пасля шасцi ён заўсёды быў бы дома...

— А ўвогуле, — кажа Леанiд Мендэлевiч, — мне пашанцавала з жонкай. Яна — мой надзейны тыл. Многiм, вельмi многiм у сваiх творчых поспехах я абавязаны менавiта ёй — майму сябру, майму аднадумцу, майму анёлу-ахоўнiку.

Кажа i прыкметна бянтэжыцца:

— Прабачце за пафас. Я не люблю высокiх, гучных слоў. Але гэта — чыстая праўда.

Я ўжо чацвёрты раз у кватэры Левiных, правёў з iмi добры дзясятак гадзiн i магу пацвердзiць справядлiвасць такой ацэнкi. Тая атмасфера, тая аўра ўтульнасцi, цеплынi, добразычлiвасцi, якая ахутвае госця лiтаральна з першых хвiлiн, зыходзiць найперш ад яе, Наталлi Мiкалаеўны — мiлай, абаяльнай, гасцiннай гаспадынi. Свае лiтаратурныя творы Леанiд Мендэлевiч расцэньвае як аматарства, як своеасаблiвае хобi i прызнаецца, што ў гэтай сферы адчувае сябе не зусiм упэўнена. Таму калi яго кнiгi хваляць (а хваляць вядомыя пiсьменнiкi!), ён няёмiцца i лiчыць, што ягоныя здольнасцi ў гэтым перабольшваюць.

Iншая справа — архiтэктура. Тут Леанiд Мендэлевiч дакладна ведае цану i сваiм уласным работам, i работам сваiх калег. Права на строгую, бескампрамiсную ацэнку даюць яму не толькi высокiя ўзнагароды (званнi заслужанага архiтэктара рэспублiкi, лаўрэата Ленiнскай прэмii i Дзяржаўных прэмiй Беларусi, акадэмiка архiтэктуры), але i высокая планка зробленага.

I кожны з гэтых аб'ектаў прапушчаны Майстрам праз сэрца, амаль кожны пакiнуў на iм свой рубец. I гэта не журналiсцкi штамп, не банальная метафара. Гэта — суровая рэальнасць. Леанiд Мендэлевiч перажыў чатыры iнфаркты, перанёс дзве цяжкiя кардыялагiчныя аперацыi. А колькi гадоў таму здарылася яшчэ адна бяда — iнсульт, ачуняць ад якога канчаткова яму так i не ўдалося.

Але пра гэта Леанiд Мендэлевiч гаварыць не любiў. I нават самому сабе не дазваляў думаць пра нейкiя там балячкi. Кожны дзень, як i раней, — увесь у клопатах, у творчых пошуках, у вiры грамадскай дзейнасцi.

А тут яшчэ я са сваiмi бясконцымi пытаннямi, уедлiвымi роспытамi. Але нi разу, нi на iмгненне я не адчуў з боку Леанiда Мендэлевiча нейкай адчужанасцi, абыякавасцi, стомленасцi, не мiльганула на твары i ценю якога-небудзь раздражнення, нецярплiвасцi. На працягу ўсiх нашых сустрэч i размоў — пастаянная ўвага, нязменная добразычлiвасць, ветлiвасць, поўная адкрытасць i шчырасць.

Жывая вада творчасцi

У 2011 годзе Леанiд Левiн стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэмii Беларусi за мемарыял «Дзецям — ахвярам Вялiкай Айчыннай вайны». Я папрасiў расказаць, чыя была iдэя гэтага мемарыяла? Як ён ствараўся?

— Iдэя была мая. Я сам яе прыдумаў i сам увасабляў у жыццё. Гучыць трохi пафасна, прабачце. Словам, было так. Дзяцiнства маё прыйшлося на вайну, i яе болi, яе трывогi не абышлi i мяне. Я даўно марыў нейкiм чынам увекавечыць памяць дзяцей, да якiх вайна дакранулася сваiм крывавым крылом. Iдэю кiраўнiцтва краiны ўхвалiла.

Сталi шукаць месца для будаўнiцтва. Чамусьцi рашылi, што яно павiнна быць пад Мiнскам. Таму першую пляцоўку выбралi непадалёк ад кальцавой, па дарозе на Хатынь. Цяпер там катэджны пасёлак.

Я выязджаў туды i раз, i другi, глядзеў, глядзеў, але выбранае месца душа чамусьцi не прымала. Па-першае, занадта блiзка ад горада, з двух бакоў ажыўленая, шумная траса, а мемарыял патрабаваў засяроджанай, удумлiвай цiшынi. Па-другое, i гэта самае галоўнае, нi тут, нi дзе паблiзу ў гады вайны не было нiякага канцлагера. У мяне ж была задума стварыць менавiта мемарыял.

Я тады пайшоў у музей Вялiкай Айчыннай вайны, i яго супрацоўнiкi далi мне спiс усiх дзiцячых канцлагераў, якiя арганiзавалi фашысты на тэрыторыi Беларусi. I я праехаў, агледзеў усе адзiнаццаць. I спынiўся на Чырвоным Беразе, што пад Жлобiнам. Месца гэтае кранула мяне сваёй хвалюючай цiшынёй, сваiм тужлiвым хараством.

Але што значыць — я спынiўся? Патрэбна ж яшчэ рашэнне мясцовых улад. Партыйных органаў ужо не было. Пайшоў я да старшынi Жлобiнскага райвыканкама. Прозвiшча яго, прабачце, ужо забылася, але добра памятаю, што мне вельмi лёгка ўдалося ўгаварыць гэтага iнтэлiгентнага чалавека не толькi будаваць мемарыял, але i размясцiць яго не каля самай дарогi, а ў вялiкiм яблыневым садзе.

Агульнымi намаганнямi мемарыял давялi да ладу. Экспертная камiсiя Мiнiстэрства культуры ацанiла яго надзвычай высока. А мы са скульптарам Аляксандрам Фiнскiм, якi выканаў фiгуру дзяўчынкi, атрымалi Дзяржаўную прэмiю Беларусi.

...Леанiдам Левiным было створана яшчэ некалькi работ, прысвечаных падзеям мiнулай вайны. Так, у Маладзечне ёсць мемарыял «Шталаг-342», прысвечаны памяцi савецкiх ваеннапалонных, закатаваных фашыстамi. У Докшыцкiм раёне, на месцы спаленай карнiкамi вёскi Шунеўка, у суаўтарстве са скульптарам Анатолем Анiкейчыкам зроблены помнiк «Пракляцце фашызму».

У шэрагу гэтых работ адна з самых значных, на мой погляд, — «Прарыў». Першы помнiк гераiзму беларускiх партызанаў. Створаны ён пад Ушачамi, што на Вiцебшчыне. Менавiта там, сярод балот i лясоў, у гады мiнулай вайны дзейнiчала шаснаццаць партызанскiх брыгад. Вясной 1944 года яны аказалiся ў нямецкай блакадзе. Супраць народных мсцiўцаў фашысты кiдаюць групоўку ў шэсцьдзясят тысяч чалавек. Iх наступ падтрымлiваюць гарматы, танкi, самалёты. Партызаны iдуць на прарыў. Несучы цяжкiя страты, праяўляючы масавы гераiзм, выходзяць з акружэння. Вось гэты драматычны момант прарыву, велiчны акт мужнасцi i гераiзму Левiн з Анiкейчыкам i адлюстравалi сродкамi манументальнага мастацтва.

Жалоба i смутак, мужнасць i вера

Створанае Леанiдам Левiным не можа не ўражваць. Дзясяткi, калi не сотнi выдатных архiтэктурных праектаў... Усе яны, безумоўна, былi дарагiя i блiзкiя Творцу — як любiмыя дзецi. Аднак падчас адной з сустрэч я асмелiўся выказаць меркаванне, што сярод гэтых работ ёсць адна, якая ў яго душы i ў ягонай памяцi стаiць асобна. Гэта — мемарыяльны комплекс «Хатынь».

— Так, гэта праўда, — пагадзiўся Леанiд Мендэлевiч. — Але не толькi таму, што мы, маладыя тады архiтэктары — Юрый Градаў, Валянцiн Занковiч i я, — атрымалi за наш праект самую высокую, самую прэстыжную ў краiне ўзнагароду — Ленiнскую прэмiю. Найперш «Хатынь» помнiцца высокiм душэўным гарэннем, апантаным пошукам новых iдэй i рашэнняў, надзвычайнай радасцю творчых знаходак. Гэта была ўнiкальная, маштабная, сапраўды ўсенародная будоўля, на якую працавала дваццаць пяць заводаў рэспублiкi. Нiколi пазней я не адчуваў такой значнасцi i такой адказнасцi сваёй працы.

— Адкрыццё мемарыяла было шматлюдным, урачыстым?

— Не тое слова. Ведаеце, язык не паварочваецца назваць гэта мерапрыемствам. Гэта была падзея, з'ява ў жыццi рэспублiкi.

Пра «Хатынь» загаварылi. Загаварылi як пра з'яву ў мастацтве. З'явiлiся шматлiкiя публiкацыi. Былi ўзнёслыя водгукi прафесiяналаў. У мемарыял пацягнулiся экскурсii. З усiх куткоў Беларусi. З усiх рэспублiк Савецкага Саюза. З-за мяжы.

«Хатынь» зажыла сваiм, самастойным жыццём. Як сiмвал жалобы i смутку, як помнiк мужнасцi i веры народнай.

*  * *

...I вось ужо шэсць гадоў, як Леанiд Левiн пайшоў у лепшы свет. Днямi я наведаў Наталлю Мiкалаеўну. Цяжкая страта, канешне ж, не прыбавiла ёй здароўя. Аднак яна па-ранейшаму прыветлiвая, клапатлiвая гаспадыня.

— У нашай кватэры, — кажа Наталля Мiкалаеўна, — усё як было пры мужу. Мой цяперашнi клопат — захоўваць памяць пра Леанiда Мендэлевiча. Ён пайшоў, каб застацца.

Зiновiй ПРЫГОДЗIЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.