Вы тут

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны


75 гадоў мы жывём са словамі «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Запісаны тысячы ўспамінаў, вучоныя не спыняюць даследаванні і друкуюць працы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, выдадзена 146 тамоў кнігі «Памяць», настаўнікі заахвочваюць дзяцей да даследчыцкай работы, архівы друкуюць зборнікі з дакументамі, аблічбаваныя копіі выстаўляюцца ў інтэрнэт (толькі ў электроннай базе «Партызаны Беларусі» ў найбліжэйшыя гады плануецца выкласці сотні тысяч адсканіраваных дакументаў). І тым не менш гісторыя апошняй вайны ўсё яшчэ не вывучана цалкам, не ўсе ўдзельнікі згаданы, з ростам колькасці кніг не расце цікавасць моладзі да мінулага, і ўсё часцей узнімаецца пытанне пра тое, што цяпер трэба ўжо абараняць наша права на Перамогу.

«Сёння савецкі салдат на Захадзе падаецца як гвалтаўнік, варвар, усё менш кажуць, што гэта вызваліцель, разбураюцца помнікі нашым бацькам і дзядам. 34 мільёны маладых здаровых мужчын было прызвана на фронт. Хто прымушаў іх ісці на таран, закрываць сваім целам дзоты? Гэта быў іх выбар. І сёння мы хочам узняць грамадскасць на высакародную справу: успомніць усіх», — тлумачыць сутнасць ідэі гісторыкаў акадэмік, сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі Беларусі Аляксандр Каваленя.


У Інстытут гісторыі Акадэміі навук пастаянна звяртаюцца людзі са сваімі гісторыямі, просьбамі і прапановамі наконт далейшай работы над ваеннымі тэмамі. У беларускіх сем'ях захоўваецца багата дакументаў, фотаздымкаў, але гэтыя звесткі неабходна сабраць, сістэматызаваць і выкарыстаць для трансляцыі памяці наступным пакаленням. Нацыянальная акадэмія навук выступіла ініцыятарам Усебеларускай акцыі па стварэнні праекта «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!» Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны. Матэрыялы можна дасылаць у Інстытут гісторыі НАН Беларусі, дзе будуць здзяйсняцца збор інфармацыі і навуковая апрацоўка атрыманых звестак, падрыхтоўка на іх аснове адпаведных выданняў, а таксама стварэнне электроннай базы даных.

«Рэспубліка-партызанка — гэта не штамп, а брэнд»

Падчас круглага стала вядучыя ваенныя гісторыкі, выкладчыкі ВНУ, архівісты, музейшчыкі абмеркавалі, што трэба яшчэ зрабіць для захавання гістарычнай памяці і як прыцягнуць да гэтай справы моладзь.

«Важна абагульніць, даць ацэнку таму, што ёсць у нашай краіне для захавання гістарычнай памяці», — заў-
важыў загадчык аддзела ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Аляксей ЛІТВІН. Ён звярнуў увагу на новыя пагрозы: калі раней фальсіфікацыя гісторыі была звязана з аповедамі ўдзельнікаў вайны, якія расказвалі пра падзеі з выгаднага для іх боку, то сёння яна адбываецца на вельмі высокім узроўні, з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Падрастаюць новыя пакаленні, якія па-іншаму ўспрымаюць інфармацыю, таму трэба мяняць тактыку, каб дайсці да іх сэрцаў, стварыць устойлівы механізм захавання памяці. І тут вельмі важная работа на месцах. Так, яшчэ трэба шмат зрабіць для ўдакладнення таго, што напісана ў кнігах «Памяці», — у раёнах было сабрана значна больш інфармацыі, чым увайшло ў хроніку, да таго ж у многіх кнігах ёсць памылкі. У будучым плануецца гэтыя працы ўдасканаліць, дапоўніць і выкласці ў інтэрнэце.

Але толькі даследчыцкай работай сёння не абысціся. Выкладчыкі ВНУ, якія ўдзельнічалі ў круглым стале, адзначылі, што выкрываюць вялікія прабелы ў веданні гісторыі ў сваіх студэнтаў. «Ці змогуць сёння нашы дзеці расказаць, што адбывалася на іх зямлі? — пытаецца Аляксей Літвін. — Рэспубліка-партызанка — гэта не штамп, а брэнд. І важна, каб кожны малады чалавек мог расказаць пра гэта. Важна, каб установы адукацыі і культуры падавалі больш інфармацыі пра сваё, паказвалі маладым, што яны могуць ганарыцца гісторыяй сваёй сям'і, вёскі, горада».

Сёння ў многіх школах распрацоўваюць сямейныя гісторыі. Шкада, калі яны застаюцца ўнутры школы. «На адну з краязнаўчых канферэнцый шасцікласнік прыйшоў з дзённікам свайго прадзеда, які ваяваў на тэрыторыі Полацка-Лепельскай зоны. Дзённік вёўся з 1942 года. Такія пісьмовыя крыніцы важныя для навукоўцаў яшчэ і таму, што ў іх перададзены ў тым ліку і эмоцыі, чалавечыя адносіны таго жахлівага часу, — расказвае Алеся КОРСАК, загадчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — Неабходна стварыць электронны рэсурс, платформу, дзе будуць выкладзеныя фотаздымкі, успаміны, дзённікі і іншыя рэчы, якія маюць дачыненне да гэтай тэмы. Кожны раён, школа робяць шмат і захоўваюць тое, што было сабрана яшчэ ў 70—80-я гады. Існуюць анкеты, лісты ўдзельнікаў вызвалення Беларусі, якія ўтрымліваюць важную інфармацыю, запісаны ўспаміны. Мы заўсёды звяртаем увагу на помнікі і значныя мемарыялы, але дзесьці забываемся пра маленькія вёсачкі, якіх ужо не існуе, а там ёсць помнікі, пастаўленыя ў канцы 40-х. Яны дагледжаныя, але пра іх мала хто ведае. Важна, каб іх фатаграфіі таксама былі ў інтэрнэце, каб усе бачылі, як шмат месцаў нацыянальнай памяці — што гэта не толькі Хатынь, але і, напрыклад, маленькі помнічак 12 дзецям, расстраляных немцамі».

Неабходна вывучыць матэрыял, які маюць школьныя музеі. На жаль, калі колькасць школ памяншаецца, могуць быць страчаны і сабраныя імі лакальныя, а таму асабліва важныя звесткі.

Станоўчым вопытам па захаванні памяці могуць пахваліцца ў сталіцы. Успаміны, якія збіраюць мінскія школьнікі, апрацоўваюцца і друкуюцца ў асобных кнігах па кожным раёне.

9 мая ў сталіцы адкрыецца музей, куды можна будзе прыйсці, каб ушанаваць усіх салдат, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай. У крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх святых змяшчаецца зямля ў капсулах з месцаў пахаванняў нашых суайчыннікаў. У межах акцыі «У славу агульнай Перамогі» збіраюць зямлю з усіх воінскіх пахаванняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Удзел у акцыі ўзялі ўсе 118 раёнаў (па звестках Міністэрства абароны, там знаходзіцца каля васьмі тысяч пахаванняў!). За кожным з гэтых месцаў стаіць свая гісторыя, і наведвальнікі музея змогуць даведацца, з якім боем яна звязана, хто ў ім удзельнічаў, пацікавіцца месцам пахавання сваіх блізкіх. Як паведаміў дырэктар дзяржаўнай установы «Беларускі культурны цэнтр Адраджэнне» Аляксандр Госцеў, у музеі будзе знаходзіцца інтэрактыўны электронны архіў са спісамі ахвяр з тых мясцін, зямля якіх змешчана ў крыпце Храма-помніка.

Ад агульнага да прыватнага

Раней гісторыя была агульная. Мы ведалі пра заслугі Чырвонай Арміі, унёсак Савецкага Саюза ў Перамогу. А дзе нашы героі? І вось упершыню выйшла кніга, прысвечаная подзвігам суайчыннікаў «Сузор'е герояў зямлі беларускай». Каб сабраць і ўдакладніць звесткі, звязаныя з біяграфіяй і гераічнымі ўчынкамі ўраджэнцаў Беларусі, аднаму з яе аўтараў Барысу Даўгатовічу давялося са сваёй пенсіі набыць тысячы канвертаў і рассылаць лісты па ўсіх ваенкаматах былога Савецкага Саюза. За кожную лічбу трэба было змагацца, бо ў папярэдніх выданнях, дзе проста падаваліся ў алфавітным парадку звесткі пра герояў Чырвонай Арміі, аказалася многа памылак: інфармацыя перадрукоўвалася без зверкі дат, фактаў, лічбаў, без прывязкі да мясцовасці і нацыянальнасці. Новая кніга вяртае Беларусі 494 імёны герояў. Гэта гонар нацыі! На падобным грунце можна весці патрыятычную работу з моладдзю.

Мала ўвагі мы ўдзяляем тым, хто загінуў па-за межамі Беларусі. Дацэнт кафедры крыніцазнаўства БДУ Кузьма Козак прывёў прыклад Аўшвіца — 15 тысяч ваеннапалонных, якія там пахаваныя, так і застаюцца «савецкімі», але па іх прозвішчах можна аднавіць, з якіх гарадоў Беларусі гэтыя людзі. Тое ж і з іншымі мемарыяламі: на іх не сустрэнеш інфармацыі пра тое, што гэта ўраджэнцы Беларусі. І сёння гэтую праблему важна ўздымаць на ўзроўні Міністэрства замежных спраў.

Свет да гэтага часу не ведае, якая трагічная была Другая сусветная вайна для нашай краіны, еўрапейскія гісторыкі часта заніжаюць лічбы ахвяр. У нас кажуць пра 206 тысяч ахвяр Трасцянца, у Еўропе — пра 50–60. Колькасць ахвяр Азарыч сучасныя замежныя гісторыкі звялі да шасці тысяч (а праз канцлагер прайшло 50 тысяч чалавек, 20 тысяч з іх загінула). І мы павінны адстойваць гэтыя лічбы. Нават калі гаворым аб праблеме Халакосту, трэба ўзгадваць пра маштаб гэтай трагедыі для Беларусі. «Паглядзіце, якія лічбы называюць Ізраіль, Польшча (у апошняй бяруць на сябе частку ахвяр з заходняй тэрыторыі Беларусі). Наша памяць падзелена», — заўважае Кузьма Іванавіч.

Пра каго мы не згадалі?

Сёння гісторыкі вызначаюць новыя кірункі, праблемы, якія трэба даследаваць. Так, недастаткова звярталася ўвага на дзяцей вайны, а ўспаміны гэтых сведкаў яшчэ можна запісаць. Пра асобных удзельнікаў тых падзей наогул не ўзгадваюць. Па звестках Нацархіва, 9,5 мільёна адзінак выбуховых снарадаў было на нашай зямлі (гэта больш, чым колькасць пасляваеннага насельніцтва рэспублікі), а што мы ведаем пра тых людзей, якія займаліся размініраваннем? Сярод іх былі ў тым ліку хлопчыкі 14—16 гадоў, якія праходзілі кароткатэрміновыя курсы. Многія з іх з мінных палёў вярнуліся інвалідамі. З 34 мільёнаў салдат, прызваных у войска, 17 мільё-
наў прайшлі праз шпіталі, але ў нас не было прынята гаварыць пра тое, якую шкоду здароўю нанесла вайна. Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Анатоль Вялікі згадаў, што на тэрыторыі Беларусі ў 1945 годзе было размешчана 34 шпіталі, праз якія прайшло 35 тысяч чалавек. І толькі ў Магілёве на адным са шпіталяў ёсць шыльда. У Брэсце шпіталяў было 12. У Расіі такія месцы сталі аб'ектамі памяці, а што перашкаджае нам сабраць больш інфармацыі і размясціць яе на мемарыяльных дошках?

Сёння загаварылі пра штрафныя батальёны, але мы не гаворым пра штрафныя роты. Толькі на лініі Другога беларускага фронту іх дзейнічала каля 15. Мы павінны вярнуць гэтыя імёны. Людзі, якія траплялі туды, не былі злачынцамі, часта гэта было пакаранне проста за парушэнне дысцыпліны.

Варта ўспомніць пра партызан, якія пасля вызвалення Беларусі папоўнілі шэрагі Чырвонай Арміі. Толькі з Лошыцы каля 150 тысяч чалавек было накіравана на фронт. Хіба такая інфармацыя не вартая таго, каб яе адзначылі на спецыяльнай шыльдзе?

Перамогу набліжалі і людзі, якія не з'яўляліся ўдзельнікамі баявых дзеянняў. Падчас акупацыі беларусы збіралі грошы на эскадрылью «За Савецкую Беларусь», на танкавую калону. «Мы забываем, што ў 1945 годзе быў зацверджаны медаль «За самаадданую працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны». У нас ёсць спісы ўзнагароджаных па Мінскай, Гомельскай і іншых абласцях. У той час улада разумела, наколькі гэта важна, і сёння гэтыя людзі вартыя таго, каб іх згадалі», — заўважае Анатоль Вялікі. Таксама ён прапанаваў стварыць спецыяльны інтэрнэт-рэсурс «Архівы школе», на якім дакументы будуць выкладацца з каментарыямі прафесіяналаў і які настаўнікі змогуць выкарыстоўць на ўроках.

«Успомніць усіх — гэта высакародны парыў душы і сэрца, — адзначыў Аляксандр Каваленя. — Але гэта не проста прыгожая заява. Мы бачым велізарны пласт навуковай работы. І мы зможам зрабіць вельмі многа, калі да акцыі падключацца шырокія слаі насельніцтва».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв'ю: history.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?