02 снежня, серада

Вы тут

Якім будзе першы беларускі электрамабіль?


Калі Беларусь складзе канкурэнцыю TESLA, чаму «гібрыды» не вельмі цікавяць пакупнікоў і як зрабіць «разумную» машыну маленькай?

Распрацоўкі беларускага электрамабіля пачаліся ў 2015 годзе. Тады ў краіне давялося літаральна з нуля ствараць новую галіну прамысловасці — а з ёю і навуковую школу. Навукоўцы ведалі падыходы расійскіх, украінскіх калег, валодалі агульнай тэорыяй, але не мелі канкрэтнага досведу праектавання. Так што «бацькі» беларускага электрамабіля — усяго сорак чалавек, супрацоўнікі НДЦ «Электрамеханічныя і гібрыдныя сілавыя ўстаноўкі мабільных машын» Аб'яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Аляк­сандр Бя­ле­віч (зле­ва)  у ла­ба­ра­то­рыі  бар­та­вых ме­хат­рон­ных сіс­тэм  ма­біль­ных ма­шын.

Фактычна сёння ў дзяржструктурах Беларусі цягавымі электрарухавікамі займаюцца толькі ў Цэнтры. А значыць, для многіх прадпрыемстваў менавіта тут вызначаецца перспектыўная прадукцыя. Распрацавалі рухавік — аддалі на Магілёўскі завод «Электрарухавік», зрабілі інвертар ці бартавое зараднае ўстройства — дакументацыя накіроўваецца на завод «Вымяральнік». І гэтая сувязь навукі і вытворчасці непарыўная.

Электрычная дыета

Па трасах нашай краіны адлегласць паміж электразапраўкамі складае каля 90 кіламетраў. У новых электрамабіляў прабег на адной зарадцы можа дасягаць трохсот кіламетраў у залежнасці ад рэжыму іх эксплуатацыі. Рэальны дыяпазон — 200–250 кіламетраў.

«Гэтае пытанне можа быць вырашана, можна зрабіць і пяцьсот кіламетраў, і колькі заўгодна. Але гэта пытанне кошту аўтамабіля. Цана батарэі складае, як правіла, ад 30–50 працэнтаў цаны аўтамабіля, адпаведна, чым большая батарэя, тым даражэйшая будзе машына», — тлумачыць начальнік навукова-даследчага цэнтра Аляксандр БЯЛЕВІЧ.

Тут уступае ў правы ўжо не фізіка, а эканоміка: калі электрамабіль выйдзе на рынак, беларускі вытворца будзе гатовы пад заказ кліента фарміраваць любую ёмістасць акумулятара.

Як паведаміў Аляксандр Бялевіч, тэарэтычна зарадзіць электрамабіль на 60 % можна хвілін за дваццаць, але пры гэтым рэсурс батарэі рэзка скарачаецца.

«Можна чалавека накарміць за хвіліну, упіхнуць буханку хлеба, вобразна кажучы, але тады ён будзе адчуваць сябе некамфортна. Тое самае з батарэяй. Каб яна камфортна зараджалася, патрабуецца не менш за дзве гадзіны. Тады яна забяспечыць рэсурс эксплуатацыі, на які разлічана, — пяць—дзесяць гадоў», — праводзіць аналогію вучоны.

Такім чынам, сапраўды, пакуль што электрамабілі не разлічаныя на падарожжы ў тысячы кіламетраў. Таму на першы план выходзяць акуратнае планаванне маршруту і беражлівае стаўленне да батарэі. Хуткая зарадка — гэта экстранная дапамога.

Бензін + электрычнасць = ?

Кам­па­не­нты сі­ла­вой уста­ноў­кі бе­ла­рус­кай рас­пра­цоў­кі.

Здаецца, выхад якраз у «гібрыдызацыі»: гадзіну ехаць на паліве, гадзіну — на электраэнергіі. І такія аўтамабілі ёсць — з рухавіком унутранага згарання і накапляльнікам. Але, па-першае, такая машына нашмат больш складаная за «чысты» электрамабіль канструктыўна, а па-другое, тыя ж прэферэнцыі, прадугледжаныя Указам Прэзідэнта аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў, на яе не пашыраюцца.

Згодна з указам, уладальнікі электрамабіляў вызваляюцца ад выплаты пошліны за выдачу дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, не выплачваюць ПДВ пры ўвозе электрамабіляў для асабістага карыстання і да 2026 года вызваляюцца ад платы за паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах на камунальных аўтамабільных паркоўках. Указ прадугледжвае права вытворцаў электрамабіляў і электразарадных станцый, арганізацый, якія эксплуатуюць іх, ужываць павышаны інвестыцыйны вылік. Вызвалены ад ПДВ і зарадныя станцыі ў выпадку іх выкарыстання ў Беларусі.

«Ёсць яшчэ мадыфікацыя электрамабіля з так званымі «пашыральнікамі прабегу» — дадатковым модулем, бенза- ці дызель-генератарам. Ён выпрацоўвае падчас руху электраэнергію, але займае пэўны аб'ём багажніка», — разважае Аляксандр Бялевіч.

Больш за тое, першапачаткова на гэту ідэю і быў нацэлены Цэнтр: з шэрагу прычын менавіта «гібрыдны» аўтамабіль цікавы камерцыйнаму сегменту.
А вось у грамадстве ён застаўся незапатрабаваны, бо яўных пераваг патэнцыйныя ўладальнікі не адчуваюць.

Дарагая мая машына

Нават ва ўмовах патаннення нафты Аляксандр Бялевіч прагназуе павелічэнне попыту на электрамабілі для службаў дастаўкі, грузаперавозак, пасажырскага і камунальнага транспарту. З другога боку, наўрад ці ў найбліжэйшы час беларусы без дадатковай стымуляцыі кінуліся б набываць іх ва ўласнасць. Цана...

У свеце машыны на электрычнай цязе выпускаюцца альбо ў класе «люкс», альбо ў надзвычайна эканомным «эканоме». Напрыклад, Zotye прапаноўвала малалітражку за 26 тысяч долараў. Зразумела, што за гэтыя грошы пакупнік аддаў бы перавагу новаму пазадарожніку.

На сусветны ўзровень

«У пачатку года мы падпісалі дарожную карту з кампаніяй Joylong, якая прадугледжвае выхад на зборачную вытворчасць з лакалізацыяй. Стварыць электрамабіль (і ўвогуле любы аўтамабіль) з нуля — вельмі і вельмі дарагое задавальненне, перш за ўсё праз укладанні ў тэхналагічную аснастку», — падкрэслівае Аляксандр Бялевіч.

Таму былі знойдзены партнёры, якія згадзіліся на выкарыстанне беларускім бокам уласнай элементнай базы. І цяпер нашы спецыялісты сканцэнтраваліся менавіта на распрацоўцы кампанентаў сілавой устаноўкі — а гэта вырабы з найбольшай дабаўленай вартасцю. Танней за кітайскія не атрымаецца, але грошы застануцца на радзіме. Плюс магчымасць рабіць розныя мадыфікацыі і ўкараняць тэхналогіі ў традыцыйным для Беларусі сектары машынабудавання.

Беларускі электрычны 7-месны мінівэн масай 3,5 тоны будзе прапаноўвацца ў асноўным для эксплуатацыі ў арганізацыях. Ён можа пастаўляцца як у чыста пасажырскім ці грузавым, так і ў змешаным выкананні. Прадстаўленне аўтамабіля з лакалізаванымі кампанентамі запланавана на сёлета. Цяпер праходзіць паэтапнае замяшчэнне кампанентаў на «донарскім» шасі — у НДЦ распрацаваны рухавік, інвертар, электроніка для акумулятарных батарэй. Калі ўсё будзе добра, ужо ў 2022 годзе навінка можа паступіць у продаж.

А вось чарговы электрамабіль можа быць цалкам беларускі, створаны па каркаснай тэхналогіі. Сёння спецыялісты над ім ужо працуюць.

Яшчэ адна інавацыя ў цэнтры — работа па рэдуктарах, неабходных для сучасных электрамабіляў. Аляксандр Бялевіч лічыць выраб рэдуктараў высокага класа дакладнасці актуальнай праблемай. Гэта электробусу ўсё роўна, колькі важыць яго рухавік, а легкавы аўтамабіль ставіць задачу выкарыстаць усё самае мініяцюрнае, але пры гэтым — таннае. Сапраўды, электрамабіль — квінтэсенцыя тэхналогій грамадства, якое яго стварыла.


Імпульс развіццю электратранспарту ў краіне надаў Прэзідэнт Беларусі на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

«Няпэўнасць з цаной на нафту і, адпаведна, на паліва даказвае, што электратранспарт валодае каласальным патэнцыялам... Усе краіны, такія, як мы, — экспартаарыентаваныя, якія не маюць пад зямлёй велізарных запасаў, — даўно сарыентаваліся на электратранспарт», — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.

Па аператыўных звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі аб паліўна-энергетычных балансах, летась у нашай краіне выраблена 39 844 мільёны кілават-гадзін, а расходавана — 37 506 мільёнаў.

Да таго ж хутка ў Беларусі пачне працаваць атамная электрастанцыя. І пры наяўным лішку электрычнай энергіі ўхіл у бок электратранспарту і ўвогуле большага выкарыстання электраэнергіі як замены вуглевадародаў — самае лагічнае, што толькі можна прыдумаць.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны

Каб паглядзець, што тут рыхтуюць да свята і якімі салодкімі навінкамі збіраюцца здзіўляць беларусаў.

Грамадства

Зберагчы дзяцінства, або як сёння змагаюцца з педафіліяй

Зберагчы дзяцінства, або як сёння змагаюцца з педафіліяй

За дзесяць месяцаў бягучага года супрацоўнікі міліцыі выявілі больш за 600 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх.

Грамадства

Школа — прастора для дыялогу. Чаму на тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых

Школа — прастора для дыялогу. Чаму на тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых

Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі падрыхтаваў для педагогаў рэкамендацыі па вырашэнні канфліктных сітуацый.

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.