Вы тут

Сустрэча з эпохай. Нататкі з украінскага горада Нежына, у якім з 1865 года вучыўся ў ліцэі Францішак Багушэвіч


Вось ён які: Нежын!.. Здзіўляе, зачароўвае мноствам цэркваў, сонечнага святла, зеляніны ў цёплую пару года. Вуліцы з атрыбутамі сучаснасці й даўняе заможнасці… Са скульптурай Дворніка ў цэнтры: эстэтычным напамінкам не смяціць.


Пісьменніца Святлана Новік і паэт Аляксандр Гадзінскі ля бюста графа Ільі Безбародзькі. Фота Мікалая Новіка

Тыя вулачкі нібыта выводзяць нас у мінулае.

Я пад’ехала ў Нежыне да рэліктавага парку, за якім хавалася велічнасць старадаўняга будынка, — і нібы сустрэлася з іншай эпохай. Мясціна мудрасці. Тут адчуваеш няўмольную хаду часу. 12 беласнежных грандыёзных калон, “12 лебедзяў” скіраваныя ўверх, што вельмі сімвалічна: 12 муз, 12 апосталаў ахоўваюць уваход у святыні. Будынак узведзены ў строгім стылі класіцызму. Спраектаваў яго Луіджы Руска, увасабляўся праект у жыццё пад кіраўніцтвам архітэктара Івана дэ Лукіні. (Луіджы Руска (італ. Luіgі Rusca) (1762–1822) — архітэктар швейцарскага паходжання, працаваў пераважна ў стылістыцы класіцызму. З 1783 по 1818 год — у Расійскай імперыі: як Алаізій Іванавіч Руска. Іван дэ Лукіні (1784–1853) — архітэктар з Санкт-Пецярбурга, італьянскага паходжання Іван Францавіч (Джавані) Лукіні (італ.: Gіovannі Luchіnі). — Рэд.) “Яно не будзе баяцца часу на працягу многіх стагоддзяў!” — з гонарам казаў архітэктар пра сваё каменнае дзецішча. Цар Аляксандр І падарыў таленавітаму дойліду брыльянтавы пярсцёнак, коштам у 1000 рублёў: па тых часах невымоўная шчодрасць!

Але ж хто фундаваў велічнае будаўніцтва? На франтоне старога корпуса ёсць і цяпер своеасаблівая падказка — надпіс на лаціне: LABORE ET ZELO. Гэта дэвіз, аказваецца, з фамільнага герба Аляксандра Безбародзькі: “Працай ды ўпартасцю”. А святлейшы князь Аляксандр Андрэевіч Безбародзька (1747–1799) быў чалавекам вялікім: канцлерам расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. Палац у Нежыне — гэта матэрыялізацыя княжацкай мары. Ад самага пачатку, з 1805‑га, Нежынская гімназія вышэйшых навук (пазней — юрыдычны ліцэй, гістарычна-філалагічны інстытут, цяпер — Нежынскі дзяржуніверсітэт імя М. В. Гогаля) насіла імя князя. Ён жа нямала прыклаў намаганняў і сродкаў, каб у левабярэжнай Украіне з’явілася першая вышэйшая навучальная ўстанова. Каб дух асветы крануў шматлікіх юнакоў, а веды іх спрыялі росквіту радзімы. Паэт Гаўрыла Дзяржавін так пісаў пра князя: “…и не народный шум, не погребальный блеск, не звук ему хвала — дела…”. Вядомы гісторык Мікалай Карамзін пакінуў нам такое сваё важкае меркаванне: “Вижу в нём ум государственный”.

У Нежыне адшумелі звонкімі ліўнямі гады юнацтва й станаўлення Мікалая Гогаля-Яноўскага (па руску: Николай Гоголь-Яновский). Калі з рускамоўнага шэрагу выбіраеш адны літары “о”, то бачыш сэнс яго першага псеўданіма: “ОООО”. З часам жа пісьменнік пакінуў сабе толькі прозвішча казацкага атамана Гогаля.

Студзеньскі дзень, калі я наведвала Нежын, выдаўся на радасць сонечным, утульным і яркім. Нават у жоўта-сініх сваіх камізэльках сінічкі не сварыліся паміж сабой, а нібыта гулялі ў хованкі з праменьчыкамі. Ваверчаняты гарэзавалі сярод галінак волатаўскіх соснаў. І подых даўніны…

У Графскім парку сустрэў мяне, як і дамаўляліся, украінскі паэт Аляксандр Гадзінскі: ён кіруе Літаратурнай студыяй Нежынскага дзяржуніверсітэта. (У нэце мы знайшлі тэкст пра тое, што ў абласным цэнтры, у Чарнігаве, пабывалі сябры літаб’яднання “Гоголевка”, што прадстаўляе Нежынскую школу паэзіі. Нежынцы прэзентавалі ў кнігарні “Интермеццо” праграму Літаратурна-мастацкага фестывалю “Гоголевка”, які праходзіў у траўні 2019‑га. То Аляксандр Гадзінскі — таксама і ў той літсуполцы. — Рэд.) Аляксандр падарыў мне зборнік сваіх вершаў. Ён жа й пераклаў на ўкраінскую мову паэтычны зборнік “Дудка беларуская” Францішка Багушэвіча.  

Сваяцтва моў, калі чытаеш тыя вершы па-ўкраінску, бачна, як кажуць, няўзброеным вокам, і словы зліваюцца ў адзіную палітру вобразнага мыслення. Каму цікава — гляньце арыгінал https://www.lіtres.ru/bagushev-ch-franc-shak/dudka-belaruskaya/chіtat-onlayn/ ды параўнайце з тым, як хораша перастварыў радкі беларускага класіка паэт з Нежына: “Га! Чому не граєш?/ Ти хіба нє знаєшь/ Пра мою погубу?/ Бо як тая риба,/ Що аб кригу б’ється,/ Так і я, здається,/ Сорок років б’юся/ І хоч ні здаюся,/ Ніяк ні потраплю/ Хоч єдіну краплю/Та знайти водіци/ З такої криніци,/ Що, хто п’є ту воду,/ Здобува свободу./ Грай, бадьоро грай,/ Або ж долю дай!” Вось, пэўна, лепш і не сказаць пра адзінства паэта з воляй-марамі народа!

Мемарыяльная дошка

З пастамента бачыць гасцей парка бюст графа Ільі Безбародзькі (1756 -1815)— гэта быў старэйшы брат князя Аляксандра. Таксама сабе славу заслужыў. Ён аддаў частку сваіх сродкаў і падарыў землі, свой раскошны сад пад будаўніцтва гімназіі, а потым і давёў да ўвасаблення мару свайго брата. Пазней унук Ільі Андрэевіча, Аляксандр Кушалёў-Безбародзька, прызначаны імператарам Аляксандрам І апекуном навучальнай установы ў 15‑гадовым яшчэ ўзросце, у 1820‑м перадаў Гімназіі вышэйшых навук выдатную бібліятэку: 2500 тамоў. Граф у скульптурнай выяве падобны да рымскага патрыцыя — магчыма, гэта даніна стылю той эпохі. Кучаравая чупрына, ганарлівая пасадка галавы, жывапісныя зморшчыны свабоднага крою адзення. Моц шыі ды шырока разгорнутых на гледача плячэй. Улоўліваецца ў паглядзе, усім вобразе мужнасць і скіраванасць у будучыню. І вуліца там, дарэчы, называецца Графскаю: даніна павагі ад нашчадкаў графу за яго справы. Ды так было не заўсёды… І не красавацца б вобразу графа перад яго жаданым стварэннем, калі б не ўпартасць Фёдара Сцяпанавіча Арвата: той быў рэктарам гістарычна-філалагічнага інстытута з 1978 па 1995 год. Савецкі рэктар даведаўся, што Бог ведае як, але ж апынуўся гэты надмагільны бюст (а граф быў пахаваны ў Санкт-Пецярбурзе), на задворках Кіеўскага музея. На бюсце-галаве графа… выгіналі цвікі для розных патрэбаў ці яшчэ іншыя дробныя дэталі распроствалі. Ну ці ж не цудам была такая знаходка! Часам, бывае, гісторыя ў вачах нашчадкаў спрабуе калі не выправіцца, то хоць бы апраўдацца. І бюст графа перавандраваў з “цёмнага пакою невядомасці”, па выразе Мікалая Гогаля, зноў у неўміручасць. Зноў нібыта вярнуўся сам граф на сваю зямлю, у свой любімы сад: цяпер на яго месцы шуміць Графскі парк, а замест жывапіснага круглага возера пастаўлены помнік нежынцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі ж парка — і помнік Мікалаю Гогалю, а таксама Настаўніцы: як даніна павагі мудрай носьбітцы дабрыні й святла. Помнік Настаўніцы, дарэчы, самы першы ва Украіне — гэта ўвасабленне мары Фёдара Арвата. Аддадзім яшчэ належнае выдумцы нежынцаў: мала дзе ў свеце пабачыш помнік Агурку ці Дворніку — а ў Нежыне яны ёсць. (З 2007 года помнік Агурку ёсць і ў беларускім горадзе Шклове. — Рэд.)

Кожны горад, кожны дом, гай ці лес маюць сваю асаблівую аўру. Калі ўвайшлі мы ў будынак, то харызму месца я адчула неяк адразу. Гэта была дзівосная прастора, насычаная высокімі думкамі, духам пошукаў, памкненняў у нязведаную будучыню. Здавалася, лунаюць у паветры шматлікія азарэнні, абрыўкі дыялогаў, запальны азарт спрэчак… Бываюць намоленыя месцы, а тут — шчодра намысленае арыгінальнымі розумамі. Высокія арачныя столі, арачныя ж вокны з вітражамі, прасторныя пераходы… Уражвае, безумоўна, і мятровая таўшчыня сцен. А на тых сценах унутры будынка бачым партрэты, твары былых выпускнікоў: мовазнаўцаў, навукоўцаў, пісьменнікаў. Вось у гэтай частцы крыла, падказвае Аляксандр Гадзінскі, жыў калісьці гімназіст Мікалай Гогаль. (У нэце знаходзім: увесну 1821‑га 11‑гадовага Мікалая адвезлі ў Нежын, і 1 траўня пасля ўступнага экзамену ён быў прыняты ў Нежынскую гімназію вышэйшых навук князя Безбародзькі. — Рэд.) Можа, думаю, сядзеў часам на гэтым шырокім падваконні, глядзеў у далёкую будучыню… А таксама й на вуліцу, якую назавуць яго імем, ды яшчэ й помнік тут паставяць. Адкрываў Мікалай Васілевіч свой вялікі сшытак з назвай “Книга всякой всячины” ды запісваў туды ўсе слоўцы, прымаўкі, што пачуў на кірмашы. Пасмейваўся, жмурыўся — і зноў пісаў.

Так выглядаў вядомы будынак раней

Пазней, больш чым праз 40 гадоў, прыехаў сюды й Францішак Багушэвіч: значна старэйшым, чым Гогаль у свой час. (У інтэрнэце ёсць звесткі, што “Нежын быў абраны Багушэвічам невыпадкова: пад час яго вучобы там працаваў старшым лектарам яго дзядзька, родны брат маці Аляксандр Галаўня. — Рэд.) Тады ўжо навучальная ўстанова называлася: Юрыдычны ліцэй. Вось ён ідзе гулкімі калідорамі, ня змешваючыся з вясёлай грамадой, што бяжыць у сад. Травеньскае сонца, свежая зеляніна, і прыляцелі на возера шустрыя качкі — усё так і цягне ліцэістаў туды! А Францішку ўжо 25 гадоў! Ён змучаны неймаверна шуканнямі праўды й сябе, зжурбаваны невядомасцю лёсу брата свайго, Уладзіслава. Блізкія сядзяць у турме ў Вільні: бацька, і сястра Ганна, і яшчэ адзін брат… “Ой, гора ж маё…” Пасля крывавага падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага брата Уладзіслава (у некаторых крыніцах: Уладзіміра, і гэта той жа самы чалавек. — Рэд.) саслалі ў Сібір. Ці жывы ён, ці здаровы? Ці ня зламаўся характар пад кайданамі? Францішак, нагадаю, сам жа быў актыўным удзельнікам паўстання, ваяваў у атрадзе Людвіка Нарбута. Дзеля вызвалення народа пакінуў настаўніцтва, быў гатовы ў імя высокіх ідэй рызыкаваць жыццём…

Мне бачыцца, як Францішак прысеў адзінока на лаўцы ў парку. Душа яго ў жалобе, аж разрываецца ад тае роспачы, што наваліліся. “Ой, гора ж маё…” — стукае рэфрэнам у галаве. Пазней у яго з’явіўся й верш “Гора” з такім 8‑разовым радком-паўторам. Застаецца ўнутры горкі металічны прысмак, які нагадвае яд. Ды й рана былая, у баі атрыманая, мучыць яго штораз у непагадзь. А за болем выпаўзаюць горкія, балючыя ўспаміны. Ён закончыў Віленскую гімназію, вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце на матэматычным факультэце, а Кастусь Каліноўскі, старэйшы на два гады, — на юрыдычным… Францішак разумеў, што яго доля — навукі, што без іх ён сляпы й глухі. А давялося ж рабіць выбар. Як ні любіў навукі, а далучыўся да тых апантаных людзей, якія змагаліся за волю і права народа. Напісаў заяву ва ўніверсітэце, што стан здароўя не дазваляе яму пакуль вучыцца. Пакінуў, не мог не пакінуць шчылінку для далейшага навучання. А цяпер вось ён — у Нежыне, і абарваны практычна ўсе сувязі з сям’ёй, роднымі, сябрамі. Ён жа не проста вучыцца прыехаў — хаваецца ад рэпрэсій. (Трохі грошай на дарогу ў Нежын і на першы час яму дала маці Яна Карловіча — паўстанца, які быў “правай рукой” Кастуся Каліноўскага. — Рэд.) Там, на Бацькаўшчыне, столькі болю! Пакаралі смерцю тысячы паўстанцаў, павешаны на плошчы ў Вільні разам з паплечнікамі гарачы праўдалюбец Кастусь. У 26 гадоў! І там жа, кажуць, пад шыбеніцай іх закапалі ды знаку не пакінулі, месца зраўнялі.

Меў Францішак Багушэвіч тыя перапісаныя Кастусёвы “Лісты з‑пад шыбеніцы”, што патаемна хадзілі па руках. “Нямаш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку”. Такі пакінуў сябра запавет наступнікам. Як і вершы Тараса Шаўчэнкі, зашыў былы паўстанец “Лісты…” у старую сваю шапку: бо нядрэмнае ж вока царскай ахранкі паўсюль. (У інтэрнэце ёсць “Список участников восстания 1863–1864 гг., сосланных в Западную Сибирь” — http://kdkv.narod.ru/1864/Ssіlka-ZapSіb.html#02 — Рэд.) “Ой, гора ж маё…” — нібы сама душа выплюхнулася ў крыку, а потым і ў радках. Няма даты ні пад адным вершам, а гэта значыць, што піша ён спантанна, зноў і зноў вяртаючыся ў думкі, у зачыны вершаў. Піша ўрыўкамі…

А заява ў прыёмную камісію ліцэя захавалася з датай — у гарадскім архіве Нежына.

Уваход у Нежынскі дзяржуніверсітэт імя М.В. Гогаля. Фота Мікалая Новіка

“Его Превосходительству Господину Директору

Нежинскому графу Кушелёву-Безбородько и

Действительному Статскому Советнику и Кавалеру

Егору Павловичу Стеблин-Каменскому

Дворянина Франца Казимировича Богушевича

Прошение.

Желая ревностно заняться приспособлением себя к Государственной службе по гражданской части, честь имею покорнейше просить его Превосходительство дозволить поступить в число студентов лицея Кушелёва-Безбородько, вверенного Вашему Превосходительству.

Присем честь имею представить:

а) Свидетельство Санкт-Петербургского университета;

б) Копию Указа о дворянстве;

в) Метрическое свидетельство.

г. Нежин 1865, Мая 7‑ого дня”.

29 траўня залічылі яго ў ліцэй. Зняў пакой у доме мяшчанкі Мукіной. Хоць бацькі мелі зямлю (паводле адных крыніц — 300 дзесяцін (гектараў), па іншых — 200), ды не мог папрасіць грошай ад маці: яна памерла 20 мая 1863‑га. Стыпендыі Францішак ня меў, а за кватэру, стол, навучанне плаціць трэба было ў тэрмін. Дзе выйсце? Рэпетытарства! Захаваўся ліст ад 26 жніўня 1865 года, высланы ім з Нежына маці Яна Карловіча, польскага этнографа: “Толька нядаўна я атрымаў рэпетытарства на вельмі цяжкіх для мяне ўмовах, але для Нежына яно даволі добра аплочваецца — за 8 руб. у месяц (бяруць тут студэнты ліцэя і па 3 руб.), чаго ўжо хапае на стол і на кватэру, і я задаволены, што не буду ў цяжар людзям, якім і без мяне шмат турбот…”

…Францішак ішоў пад дажджом праз увесь грэцкі квартал да дзяцей заможнага нежынскага купца. (У Нежыне раней было немалое пасяленне грэкаў. Пра тое ёсць згадка далей у тэксце. — Рэд.) У любую непагадзь вуліца здавалася яму доўгай. Пад стаптанымі ботамі чвакала гразёта: чва-чва… Эх, хоць бы не разваліліся. У сенцах яму прыйшлося пераабуцца ў капцы (дамашнія лапці), а боты як прыселі ў брудную лужынку. Там пахла сытасцю, спецыямі ды вішнёвым варэннем. Настаўнік стаў да печкі, прыхінуўся да яе спіной. Дзеці раскрылі сшыткі. Урок матэматыкі пачаўся.

У тым доме яго заўсёды запрашалі да стала, на гэты ж раз неяк забыліся: перадвелікодная мітусня… А ў яго язык не павярнуўся прасіць жалаванне наперад. Што ж, затое ў яго ёсць свечкі — а гэта цэлы скарб! І не трэба падсаджвацца з кнігамі да стала гаспадыні, калі тая цыруе дзіцячае адзенне. Можна пісаць у сваім пакоі. А думак жа колькі — аж галаву зносіць! Альбо чытаць Тараса. Грозна, каларытна, магутна! Кожны радок — баец!

Але яму ж трэба яшчэ на ўрокі. Дождж проста ашалеў і хвастаў апантана, бы за нешта помсьціў. Абмінуўшы двор грэцкай Міхайлаўскай царквы, выйшаў да Мікалаеўскага сабора, і адтуль — ужо рукой падаць! Ва ўдавы ў вітальні было чыста й халаднавата. Калі здымаў боты, з горыччу зразумеў, што чакаюць выдаткі. Адзін быў мацнейшы, крактаў, як і шавец Мітрыч, які рэстаўраваў іх, але ж трымаўся. А другі бот прасіў кашы, як кажуць. І Мітрыч тады нічога з яго не ўзяў, толькі папрасіў: “Пачытай яшчэ Тараса. Эх! За душу хапае…” Гарачы чай з парэчак і ліпавага квету, абаранкі да чаю — ой, як тое было дарэчы! А пасля двух урокаў працягнула ўдава яму скрутак: прымерце, пане настаўнік. І нічога больш не сказала. Жыццё навучыла яе гаварыць толькі тое, што лепш за маўчанне.

Цемрадзь ізноў цямнюткая, ледзь даплёўся дадому, намацаў клямку, адчыніў дзверы. З замілаваннем глядзеў на свае амаль новыя боты! Беражліва сцёр з іх бруд. Старыя можна аддаць Мітрычу на латкі. Сагрэў рукі, пачаў пісаць прашэнне на імя дырэктара ліцэя Ягора Гудзімы з просьбай выдзеліць яму стыпендыю.

Адказу й чакаць доўга не прыйшлося: адмовілі. Шмат у ліцэі маламаёмных, і казённых коштаў на ўсіх не хапае. Сябры параілі Багушэвічу звярнуцца да Якава Почака, што ачольваў Нежынскае дваранства. І ліцэіст піша: “Не имея никаких средств для жизни, я не имею возможности продолжать обучение за собственный кошт: моя бедность заставляет меня просить начальство о назначении стипендии…” Да заявы таксама былі прыкладзеныя тры сведчанні — як доказ таго, што ліцэіст не можа далей аплаціць навучанне, знаходзіцца ў крайняй патрэбе. За яго паручыўся штабс-ротмістр Мікалай Міларадавіч, паручнік коннай артылерыі Міхаіл Фалькоўскі ды адстаўны паручнік Кіеўскага гусарскага палка Канстанцін (прозвішча неразборліва). Пэўна, Францішак не быў замкнёны, меў знаёмых і сярод месцічаў. Але — зноў адмова. І давялося перасяліцца яму на ўскраіну, у дом Вакуленкі: пакой здымаць танней.

Нежын яму палюбіўся. Чаго вартая рэчка Асцёр, парослая дзіва-травамі. Не паспеў прысесці на беражок, як налятаюць радкі вершаў. А якія песні разносяцца вятрамі: бываюць і зычныя, бадзёрыя, але часцей спавядальныя плачы-галашэнні.

Гандлёвае жыццё ў горадзе кіпела. Грэцкія купцы, колісь Багданам Хмяльніцкім запрошаныя, аселі тут грунтоўна, будавалі цэрквы ды школы. 25 храмаў розных канфесій было, у розных архітэктурных стылях: класіцызму, украінскага, старажытнарускага ды візантыйскага барока. Вабіла мова народа — жывая скарбніца мудрасці. Крыніца сілы й акрылення. І як жа мовы падобныя ў нечым галоўным! Багушэвіч піша вершы па-ўкраінску, перакладае на беларускую, потым — на польскую. Чытае ўслых, прыкмячае ўдалыя сугуччы. Знаходзіць свежыя нюансы гучання. Вышуквае ў паліфаніі фальклору сваю Музу — дудку беларускую. Музу весялосці й тугі.

На факультэце яго навучалася 36 ліцэістаў. Яны былі з дваран, мяшчан, купцоў і духавенства, але ўсіх паядноўвала цяга да навук, мастацтва, літаратурных заняткаў. Аляксандр Кушалёў-Безбародзька да 25-годдзя ліцэя падарыў яму 176 карцін у пазалочаных рамах — рускіх і еўрапейскіх мастакоў. Гэта каб ліцэісты развіваліся эстэтычна. Проста дух захоплівае ад пераліку найвядомых імёнаў: Анібале Карачы, Джавані Т’епала, і яшчэ Тыцыян, Рафаэль, Мікеланджэла, Перуджына, Вазары, Рубенс… З рускіх — Апалон Макрыцкі ды вядома ж, Карл Брулоў. Ва ўніверсітэце ёсць і цяпер карцінная галерэя, на творы з якой неаднаразова замахваліся злодзеі.

А ў парку пры ліцэі было нешта накшталт Афінскай школы: вяліся навуковыя дыспуты, азартныя спрэчкі, пошукі новых формаў выказвання думак. “Школа” ж у перакладзе з грэцкае мовы — гэта вольны час, забаўка, адпачынак. Гэта ў нашым часе перакруцілі яе сутнасць, ператварылі школу ў казарму, падпарадкаванне, муштру. А ў тагачасным Нежыне чуюцца мне цытаты з французкай, нямецкай, італьянскай. І, вядома ж, латынь! Адзін з выпускнікоў тых гадоў піша: сад быў нашай акадэміяй. Другі скажа так: веяла там добрым, здаровым духам, моладзь вучылася, развіваючыся.

Ф. Багушэвіч з сям’ёй і Ганнай Галяеўскай. З фондаў БДАМЛМ

Пры паступленні Францішка Багушэвіча ліцэй узначальваў Ягор Сцеблін-Камінскі, ён меў славу ў трох іпастасях: як прыстойны чалавек, вучоны, умелы адміністратар. У бібліятэцы налічвалі 12 450 тамоў. Былі абсталяваныя кабінеты фізікі, хіміі, гісторыі. Ажно 4600 экспанатаў мінералаў, мноства пудзілаў жывёл і птушак, а найкаштоўнай была калекцыя старадаўніх манет: 441 адзінка. Францішак Багушэвіч, я ўпэўнена, быў у вучобе старанны, руплівы, і калі напісаў заяву паўторна 11 снежня 1867‑га, то стыпендыю яму налічылі, і ён уздыхнуў з палёгкай. Цяпер можна тварыць! Ён, дарэчы, строга да сябе ставіўся, і многія вершы знішчыў: яны, лічыў, не вартыя былі таго, каб іх чыталі.

З 36 выпускнікоў ліцэя 26 атрымалі чыны 12 класа. У архівах захавалася ведамасць на імя выпускніка Ф. К. Багушэвіча. У ліцэі была тады 4‑бальная сістэма адзнак. Давайце прыгледзімся, паразважаем.

Богословие — католик

Энциклопедия законоведения: 3,5

Государственные законы: 3

Законы про финансы: 4

Гражданские законы: 3

Криминальные законы: 3,5

Полицейские законы: 3

Российская история: 3,5

Статистика: 3,5

Российская словесность: 3,5

Практическая часть рос. словесности: 3,5

Немецкия язык: 4

Годовое сочинение: 4

Сумма баллов — 45,5, средний — 3,5

Поведение: отличное.

Па заканчэнні ліцэя Багушэвіч у Чарнігаве працаваў у палаце крымінальнага й грамадзянскага права. Жыў на здымнай кватэры ў доме нейкага Мухі. Той дом не ацалеў, а вуліца Багушэвіча ў Чарнігаве — ёсць! І кожны дапытлівы чарнігавец ведае, што там у другой палове ХІХ стагоддзя жыў, тварыў і працаваў будучы класік беларускай літаратуры.

Потым па справах службы яго накіравалі ў Канатоп: судовым следчым. Скарб у Францішка малы, перавозіў у асноўным кнігі ў дарожным куфры, а сярод іх — спісаныя старонкі вершаў і прозы. На ўкраінскай, беларускай і польскай мовах. Увесь асноўны скарб жа — у галаве ды ў сэрцы. Мясцовы фурман, пераносячы рэчы ў пралётку, касавурыцца на прыезджага: па адзенні як пан, а па звычках — і зусім не пан. Гарадок сустрэў яго сонна й абыякава. Вулачкі разбягаліся там ад цэнтра крыва і наўскос. Ніхто й ня чуў аб праектах планавання. Двароў — 2177, каля 9 тысяч жыхароў. Два заводы, чыгуначныя майстэрні. Канатоп — цэнтр хлебнага гандлю, таму лавак, дробных крамак было шмат: аж 80. Харчэўняў –11, заезных двароў толькі тры. 2 вучылішчы, бальніца на 25 ложка-месцаў. Пра тое ён справіўся загадзя. Здавалася, нішто там не пераменіць размеранае жыццё-ківач: ноч-дзень-ноч. Але ж як гарадок зменьваўся ў часе сямідзённых кірмашоў! Ён скідаў соннасць, расцвітаў, сыпаў музыкай, дасціпным словам. Колькі дабра звозілі ў Канатоп! Глядзець — не пераглядзець. І гандлявацца ўмелі: цэлы спектакль разыгрывалі! Стаіць сабе Францішак недзе там ды ўбірае ў сябе і гул, і гоман, і слоўцы, анекдоты, песні. Жывыя плыні народнай гаворкі. Шэпча сам сабе слова Гогаля: так, дакладна ўсё “язык животворящий, обновляющийся… и что ни слово — то жемчуг или золото!”.

У прадмове да кнігі “Дудка беларуская” чытаем выпакутаванае: “Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя “мужыцкай” завуць, а завецца яна “беларускай”. Я сам калісь думаў, што мова наша — “мужыцкая” мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французкая, альбо нямецкая, альбо іншая якая…”

Працаваў Багушэвіч, жывучы ў Канатопе, і над складаннем беларускага слоўніка. Працу судовага следчага выконваў старанна, і асабліва ў зямельных цяжбах часцей за ўсё абараняў мужыкоў. Там жа сустрэў і свой лёс: мінчанку Габрыэлу Міхайлаўну Шкленнік, сціплую, выхаваную, са збяднелае шляхты. Увайшло ў ягоны лёс асабістае шчасце, раскрыла дзверы новая Муза сямейнасці. Так, ужо не малады: 34 гады, пры пасадзе. У 1874‑м і пажаніліся. Праз год у сям’і нарадзілася Канстанцыя, а ў 1881‑м сыночак-дубочак Тамаш. Па начах сніцца Францішку Бацькаўшчына, яе лясы-пералескі, дзе ўсе лісточкі “гамоняць беларускаю мовай”, і рачулкі таксама. “Божа ж ты мой! Як там прывольна дыхаць сярод асілкаў-дубоў!” Цень маці стаіць каля галавы ды пра нешта моліцца.

За прыкладную службу меў ён званне кавалера ордэна св. Станіслава 3‑й ступені. А ў 1876‑м быў узнагароджаны ордэнам Анны 3‑й ступені, запісаны ў прыдворныя дарадцы. Ды што яму ўзнагароды? Сям’я марыць пераехаць у родныя мясціны. Усе размовы пра тое — і за гарбатай, і пасля, і бяссоннымі начамі. А яшчэ ёсць задумка: выдаць кнігу беларускіх вершаў.

І вось нарэшце настаў той дзень: расійскі цар Аляксандр ІІІ у 1883 годзе каранаваўся, і падзея суправаджалася актам міласэрнасці. Новы цар прабачае ўсіх апальных, былых паўстанцаў. Для іх нават адмысловы тэрмін знайшлі: інсургенты. Гэта каб адрозніваць звычайных бунтаўнікоў ад палітычных. (Слова інсургент паходзіць ад лац. іnsurgent — паўстанец. Раней інсургентамі называлі ўзброеныя атрады грамадзянскага насельніцтва, якія супрацьстаяць уладам. — Рэд.) Сям’я Багушэвічаў збіраецца ў дарогу. Амаль на дваццаць гадоў прытуліла Францішка ўкраінская зямля, багатая на песні, легенды й казачы дух вольнасці. Пакланіўся ёй ў пояс, дзякуючы за прытулак, былы інсургент. Дарэчы, і ў Канатопе ёсць сёння вуліца імя Францішка Багушэвіча.

Сакавіцкім днём ў 1884 годзе стаялі яны на бруку Вільні: там, дзе адшапацелі гімназічныя гады паэта. У тым горадзе цьмяна й неўсвядомлена прабліскваў яшчэ даўні цярністы шлях яго, дзе крылатая трывога ўвасаблялася ў крэда жыцця. Туга моцная горла сціскала, да сэрца падкрадвалася: тут быў павешаны Кастусь. Яны аглядаліся, ледзь дыхаючы (бо шчасце й туга разам грудзі перапаўнялі), ды ледзь верылі, што вярнуліся. І можна пускаць карані, уладкоўваць родавое гняздо ў Кушлянах. Марыў Францішак павазіцца з грыбніцай ды гадаваць баравікі на градках. У тым ён быў спец! І яшчэ выдаць свае беларускія вершы.

З родных Кушлян Францішак піша Адаму Карповічу: “Жонка табе кланяецца й просіць падрабязны рэцэпт калдуноў”. Ніводная ж беларуская сям’я не абыходзілася без гэтай стравы! І ў кожным доме быў адметны рэцэпт іх гатавання. Клянуся сабе, што згатую калдуны па рэцэпце сваёй бабулі Марыі Старасоцкай.

Гэта я ўжо стаю сярод іншай эпохі ды спасцігаю ісціну: ці кожны класік вось такі Чалавек? І колькі павінна быць Чалавека ў класіку, каб так, як Францішак Багушэвіч, любіць мужыка, яго мужыцкую выдумку ды ягонае Богам дадзенае права гаварыць на мове сваіх продкаў. Бачу я найперш Чалавека з вялікім сэрцам, а потым ужо — класіка.

Графскі парк прымоўк і затужыў: настае развітання пара. А развітаемся мы ненадоўга. Сюды хочацца вярнуцца, каб сустрэцца зноў з паэтам, і можа падбадзёрыць яго. Зрэшты, ці мае ён у тым патрэбу?

На дзядзінцы пры царкве стаіць жабрак і кожнаму, хто паклаў яму грошыкі, жадае царства нябеснага. Звычайна ж тым, хто жывы, жадаюць здароўя. Але, магчыма, жабрак мае рацыю… Нам сапраўды ж ёсць сэнс думаць і пра тое, што пасля сябе пакінем, і за якія такія справы патрапім туды — альбо не.

Святлана Новік, Чарнігаў – Нежын – Чарнігаў

Аўтарка сардэчна ўдзячная за натхненне Рыгору Васілевічу Самойленку ды Аляксандру Яўгенавічу Гадзінскаму

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.