Вы тут

У Даўгаўпілсе Вясну гукалі


Для школьнікаў з латвійскага горада мясцовыя беларусы зладзілі адукацыйна-гульнявы занятак і майстар-клас “Гуканне Вясны”


Святочная імпрэза “Гуканне Вясны” ў Беларускім доме Даўгаўпілса

У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры 10 сакавіка мы віталі вучняў трэцяга класа 3‑й сярэдняй школы. Расказалі юным гасцям, што Гуканне-закліканне вясны — адно з самых жыццярадасных і аптымістычных беларускіх абрадавых святаў. Хоць у яго вельмі глыбокія, з язычніцкіх часоў карані, але ж і сёння яно — сучаснае: бо спалучана з пераходнай часінай года. Рытмы прыродныя застаюцца ранейшымі. Заканчваецца доўгая Зіма, на змену ёй ідзе прыгажуня-Вясна. Продкі нашы былі земляробамі, таму жыццё іх, само выжыванне шмат у чым залежала ад надвор’я, будучага ўраджаю. Пасля доўгай і снежнай зімы трэба было рыхтавацца да сяўбы, выгану жывёлы на луг. Вясна, якую продкі лічылі адной з багіняў, магла быць і ранняй, і позняй. Позняя ж прыносіла голад. Каб паскорыць яе прыход, звычайна з сярэдзіны сакавіка — пачатку красавіка і ладзілася народнае свята Гуканне Вясны.

Мы ў суполцы “Уздым”, у Беларускім доме (ЦБК) шмат робім, каб зберагаць, пашыраць абрадавыя святы нашых продкаў. Штогод у плыні адукацыйнай праграмы з навучэнцамі беларусы Даўгаўпілса традыцыйна гукаюць Вясну са школьнікамі й студэнтамі, да таго ж праводзім яркае, вясёлае свята — як у Даўгаўпілскім краі, так і ў іншых месцах Латгаліі.

І вось у нас у гасцях — трэцякласнікі. Пасля азнаямленчай экскурсіі па Цэнтры беларускай культуры іх чакала шмат новага й цікавага. Яны даведаліся, навошта і як нашы продкі заклікалі Вясну, што за ролю мелі выпечаныя з цеста птушачкі, для чаго дрэвы ўпрыгожваліся яркімі стужкамі ды многае іншае.

Дзетвару цікавіла ўсё: прадметы працы, побыту беларускіх сялян пачатку ХХ стагоддзя, выстава рукадзелля й лялек, фотавыстава, наша “народная бібліятэка”… Школьнікі не толькі пазнаёміліся з многімі атрыбутамі свята, яго абрадамі, але й з вялікім запалам і захапленнем выконвалі іх самі. Рабілі выцінанку: сваімі рукамі выразалі ды клеілі птушачак-вяснянак на палачках, прывязвалі на галінкі дрэўца яркія каляровыя стужачкі й папяровыя птушачкі. А потым пад меладычны посвіст глінянай свістулькі вадзілі карагод і, падымаючы высока сваіх птушачак, гукалі Вясну: “Г‑у‑у‑у, Вясна! Г‑у‑у‑у, красна!/ Жавароначкі, прыляціце!/ Вясну красную прынясіце!”

А калі выйшла да гасцей Вясна ды праспявала песню пра жаўрукоў, дзеці вельмі ўзрадаваліся: з задавальненнем падпявалі й пляскалі ў далоні, а потым дружным гуртам, разам з супрацоўнікамі Цэнтра і сваімі настаўнікамі, гулялі ў вясёлую гульню “Явар, Явар, Яваровы людзі”. Ну й, вядома ж, з радасцю прынялі з рук прыгажуні-Вясны смачную й прыгожую птушачку-пернік.

Непрыкметна праляцела гадзіна заняткаў, у часе якіх школьнікі адкрылі для сябе шмат новага, вывучылі некалькі беларускіх слоў, пазаймаліся, павадзілі карагоды. Бо, як вядома, галоўнае ў гэтым абрадзе — весяліцца, спяваць, жыць у адным рытме з Прыродай ды радавацца жыццю. Так што цяпер мы ўпэўненыя, што Вясна ўжо сапраўды хутка ўступіць у свае правы.

Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.