Вы тут

Тэатральныя ўражанні першакурснікаў журфака — 2020


І ўсё ж такі заўтра ёсць

Спектакль «А калі заўтра няма…» (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі)

Да пятніцы 13 я ніколі не была ў тэатры. І вось сяджу ў сінім утульным крэсле ў 5-м радзе і мару пра тое, каб тэатр захапіў мяне так, як і гераінь маіх любімых кніг.

Трэці званок. Дзяўчына ў 5-м радзе адключае тэлефон і з цікавасцю ўглядаецца ў простыя дэкарацыі. Мужчына гадоў сарака з мятлой выходзіць на сцэну і аб’яўляе: «Дзень першы…» Дзяўчына ў 5-м радзе здзіўляецца. Яна ніколі не думала, што героі могуць агучваць словы аўтара. Пантофлі звальваюцца аднекуль зверху проста на дворніка Васіля, а перад гледачом з’яўляецца яшчэ адзін персанаж — сямнаццацігадовы Антон, які хацеў скочыць з балкона.

Васіль і Антон сварацца, зала адказвае смехам. Першая слязінка пакацілася па шчацэ дзяўчыны ў 5-м радзе. Яна смяецца скрозь слёзы і плача скрозь смех. Антона не разумеюць бацькі, яны з’ехалі за мяжу і пакінулі падлетка-сына з паралізаваным дзедам, да таго ж хлопца не заўважае дзяўчынка, якая яму падабаецца. Звычайныя падлеткавыя праблемы. Хлапчук, які сядзіць поруч з глядачкай з 5-га рада, усё мацней сціскае падлакотнікі крэсла. Васіль выратоўвае Антона — ад душэўнай пустэчы, але заўчасна гіне сам.

…Я не веру, што спектакль (кніга, фільм) здольныя перавярнуць свядомасць, неяк змяніць чалавека. Але цяпер ведаю, што пад уплывам прыгожага чалавек можа захацець змяніцца сам.

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ


«Гульня на катурнах…» Гэта я пра гульню акцёраў у гэтым спектаклі. Калі б я быў Станіслаўскім, то, не задумваючыся б, сказаў: «Веру». Смех і слёзы гледачоў былі вельмі шчырымі. Артысты выходзілі на паклон 5 разоў!

Для сябе я вынес важны ўрок: нельга марнаваць час на глупства, шкадаваць сябе і жыць у бясконцым смутку. Так, усе мы, здараецца, апускаем рукі і страчваем сэнс жыцця. Але трэба рухацца наперад, глядзець проста ў вочы сваім страхам, атрымліваць асалоду ад жыцця, нават калі яно да нас ставіцца несправядліва. Свет не заўсёды справядлівы, але побач з намі шмат добрых людзей, родных, сяброў, незнаёмцаў, якія могуць дапамагчы. Трэба заўсёды працягваць «жыць гэтае жыццё», і заўтра — будзе!

Іван ЗАЛАТАРОЎ


Для шчасця патрэбна няшмат

Спектакль «Час сэканд хэнд» (Мінскі абласны драмтэатр, г. Маладзечна)

Мяне ўразіла, што многія героі спектакля зусім не скардзіліся на нешчаслівае жыццё. Яны разумеюць, што часы былі не лепшыя. Жылі проста, шмат чаго не хапала, але людзі цанілі тое, што мелі. Дзелячыся сваімі ўспамінамі, героі жывуць ужо ў наш час. Атрымліваецца, што ў спектаклі параўноўваюцца два пакаленні. Некаторыя героі асуджаюць сучаснага чалавека, ад якога толькі і можна пачуць словы: «Хачу! Хачу! Хачу!». Чым больш атрымліваеш, тым больш пачынаеш прасіць. Але ці правільна гэта? Спектакль прымусіў паглыбіцца ў роздум: ці шмат чалавеку патрэбна для шчасця? І мой адказ: няшмат. Бо нават у самых цяжкіх выпрабаваннях людзі заставаліся людзьмі — з надзеяй на лепшае і гатовыя тварыць. Іх выратоўвала любоў.

Асабліва мне запомнілася сцэна, калі акцёры пачалі спускацца ў глядзельную залу, прамаўляючы адзінае слова: «Мама». Калі шчыра, я ўжо не помню пра што была тая гісторыя. У маёй памяці засталіся толькі слёзы і вобраз маёй мамы перад вачыма. Мая ж мама таксама жыла ў той час. Я памятаю яе расповед пра тое, што з усяго адзення ў яе былі толькі школьная форма і спартыўны касцюм.

Не заўсёды разумееш, што ў цябе ёсць усё. Спектакль навучыў мяне цаніць жыццё.

Дар’я БАЛЬШАКОВА


Мы слухаем успаміны людзей на працягу усяго спектакля. Хтосьці гаворыць ціха, расцягвае словы і з тугою глядзіць удалячынь. Хтосьці крычыць, быццам заўзята спрачаецца, бо не меў магчымасці сказаць пра гэта раней. Хтосьці шэпча з болем, зрэдку кідаючы погляд на гледачоў, а іншы скандзіруе з неверагодным энтузіязмам. Быццам усе гэтыя героі спрабуюць зрабіць, каб кожны з нас, гледачоў, пачуў іх і зразумеў. Паміж трагічнымі і ашаламляльнымі гісторыямі — цёплыя, утульныя аповеды. А яшчэ — песні. Музыка можа прымусіць нас адчуць многае. Савецкія песні, якія ўсхвалявана выконвалі акцёры, песні, у якіх тыя часы выглядалі як нешта цудоўнае, падабаліся мне і прымушалі таксама бачыць у іх прыгожае. Яны натхнялі на подзвігі дзеля краіны, у якой я нават не жыла. Магчыма, гэта быў эфект ад акцёрскай гульні, а, магчыма, тэксты савецкіх паэтаў такія таленавітыя.

Настасся МІХЛЮК


У спектакля дзве мэтавыя аўдыторыі: старэйшае пакаленне і моладзь. Я мала цікавілася раней савецкім часам, але праз спектакль даведалася пра многае. А вось бабулі і дзядулі, якія сядзелі побач з намі, плакалі.

Спачатку я была здзіўлена тым, што на сцэне выкарыстоўвалі мінімум дэкарацый і  рэквізіту, а акцёры былі апрануты ў штодзённае. Потым зразумела: гледачы не павінны зацыклівацца на знешнім. Яшчэ спадабалася гульня са святлом: твары акцёраў высвечваліся асобна — так можна было заўважыць усе эмоцыі.

Гульня акцёраў выклікала давер. Асабліва запомніўся Дзяніс Шаўчэнка. Ён прамаўляў свой маналог так упэўнена і эмацыянальна, што мне здавалася: я поўнасцю з ім згодна.

 Ірына БАДЗІЛОЎСКАЯ


У СССР я не жыла. Але і ў мяне ёсць свае ўспаміны. З фільмаў, кніг, аповедаў родных. Пра чырвоныя гальштукі, сяброўства паміж суседзямі, самы смачны пламбір і дзіцячыя гульні ў двары, а не ў тэлефоне. Мне не расказвалі пра дрэннае: «Так, чэргі па каўбасу былі доўгія…»

Я плакала, калі актрыса прамаўляла маналог дзяўчыны, якая нарадзілася ў Абхазіі і перажыла вайну. Яна так перадала эмоцыі гераіні, што валасы сталі дыбам. Мне пра такое не расказвалі — ні да пламбіру, ні пасля.

Спектакль цалкам складаецца з экспрэсіі і болю. А фотаздымкі з савецкага жыцця на заднім плане дадаюць гісторыям дакументальнасці. Гэтыя людзі не хочуць, каб іх радзіму называлі «саўком». Многія хочуць памятаць толькі добрае. Мы з вамі — толькі слухачы. І я не буду пярэчыць свайму дзядулю, калі ён чарговы раз пачне гаварыць пра сваё ранейшае жыццё. Я буду слухаць яго і марыць пра савецкі пламбір, утульныя канцэрты-кватэрнікі і пра свет, у якім грошы важылі так няшмат.

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ


Пра каханне без слоў

Спектакль «Бетон» (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі)

Футурыстычны спектакль «Бетон» па матывах антычнага міфа зусім не пра легкадумнага Арфея і няшчасную Эўрыдыку. Гэта пастаноўка пра нас, што загразлі ў холадзе і адзіноце сучаснасці, пра нас, абмежаваных абставінамі і ўмоўнасцямі, пра нас, закаваных у бетон цывілізацыі.

Рэжысёр Яўген Карняг вызначае жанр спектакля як візуальная паэзія. На працягу ўсяго дзеяння глядач бачыць бесперапынны, здаецца, стахастычны рух людскіх целаў, але не, кожны жэст вымераны і даведзены да аўтаматызму. Асаблівае ўздзеянне на гледача аказвае музыка. Кампазітар Мікіта Залатар стварыў напружаную музычную дарожку, якая пульсуе, цісне і здольна балюча закрануць душэўныя струны.

 Гледачам не паказваюць шчаслівай сустрэчы закаханых. І гэта вельмі сімвалічна для нас, людзей ХХІ стагоддзя. Мы маем практычна ўсё, што можна пажадаць, аднак як мала сярод нас тых, хто можа назваць сябе шчаслівым. Некаторыя з нас, паддаўшыся жарсцям, падобна Арфею, страцілі тое, дзеля чаго варта жыць.

«Бетон» — спектакль на мяжы нервовага зрыву. Гэта крык-заклік да разбурэння бетоннай сцяны, што нас раздзяляе.

Вера ВАСІЛЕЎСКАЯ


«Бетон» — мой першы «нямы» спектакль. Мае ўражанні «падзяліліся» на два лагеры. Глядзельная зала тэатра беларускай драматургіі здзівіла атмасферай. Гэтае пачуццё мне дакладна спадабалася. А вось у другім «лагеры» — розныя схаваныя сэнсы і сімвалы. Часам спектакль успрымаць было цяжка, таму што баяўся выпусціць з-пад увагі нейкі важны момант, не зразумець рух акцёра ці «не пачуць» рэжысёра, што цалкам зразумела: словы ж адсутнічалі! Але адно магу сказаць дакладна: ад дзеяння на сцэне адарвацца не мог.

У спектаклі шмат дэталяў, да якіх трэба ставіцца з выключнай уважлівасцю: «бягучы» радок, вада, што цячэ… Не ведаў раней, што музыка, карцінка могуць так уплываць на гледачоў, але ў сцэнографа Таццяны Нерсісян і кампазітара Мікіты Залатара гэта атрымалася. Магчыма, мне не ўдалося да канца разгадаць усе задумкі аўтараў спектакля, але я змог адчуць горыч безвыходнасці, магутнасць кахання, страх адзіноты, цвёрдасць вернасці і, на жаль, тое, да якой галечы дайшлі гэтыя пачуцці ў сучасным свеце.

А яшчэ я зараз дакладна ведаю, што часам словы могуць быць лішнія, калі пачуцці глыбокія і шчырыя.

Цімафей ІВАНЧЫКАЎ


Уменне акцёраў так валодаць сваім целам уразіла мяне… Юнакі з шарамі танчылі з трапяткой акуратнасцю. Быццам у іх руках было жыццё. Іх асабістае жыццё.

Спектакль увогуле быў незвычайны. Танчылі дзяўчаты ў рознакаляровых сукенках, мужчыны ў зялёным. Жанчына ў чырвоным пастаянна прасіла Арфея ці то зашпіліць, ці то зняць з яе сукенку. Як для мяне, не ўсё было разумна і не заўсёды прыгожа.

Акцёры выварочвалі голую праўду свайго цела. Гэта была сумесь пластыкі, эстэтыкі, абсурднасці, небыцця. Сумесь, якая зачароўвала і ашаламляла адначасова.

На працягу спектакля я адчувала і страх, і хваляванне. Напрыклад, калі Арфей увайшоў у царства Аіда. Чыстая квінтэсэнцыя кахання была паказана на сцэне. Арфей з нецярплівасцю чакаў, калі ўбачыць сваю Эўрыдыку ў дзённым святле. А мы, гледачы, са страхам чакалі, калі ён абернецца, калі канчаткова страціць яе жывую.

У гэты самы час уверсе пад столлю бег камп’ютарны радок. На ім — аб’явы з сучаснага сайта знаёмстваў. Вульгарныя, цынічныя, спажывецкія.

Настасся МІХЛЮК


Белае на чырвоным

Спектакль «Сіндром Медэі» (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі)

Пагражальная песня напачатку, хор, які трымае цябе ў напружанні, дзеці, што выглядзе белых скульптурак падаюць з вышыні, чырвоныя палаючыя кветкі, рукі, што набіраюць чарговае SMS у тэлефоне — гэтыя знаходкі рэжысёра расстаўляюць у п’есе патрэбныя акцэнты. З работай Кацярыны Аверкавай я пазнаёмілася яшчэ калі глядзела «Дзядзечкаў сон» у Магілёўскім драмтэатры. І зараз знайшла тое, што аб’ядноўвае спектаклі па Дастаеўскім і Еўрыпіду — адчай і безвыходнасць, з якімі прапісаны абедзве гісторыі.

Прыма РТБД Людміла Сідаркевіч прымусіла мяне суперажываць гераіні, якую, здаецца, шкадаваць нельга. І быццам бы яна, Марына-Медэя, — галоўны злачынца, а ўсе, хто навокал, на самай справе крывадушнікі, якія цікуюць здалёк і нясуць толькі разбурэнне.

З тэатра выйшла з цяжарам на сэрцы: сямейныя праблемы даводзіцца перажываць кожнаму, але заўважаем мы пакуты іншых людзей, калі становіцца занадта позна. Затое ўмеем асуджаць.

Валерыя ГАЎРУКОВІЧ


Фестывальны адрыў

Спектакль «Адысея» (Тэатр «Талія», г. Гамбург)

Іду на спектакль са знаёмаю і адназначнаю назваю. А бачу — не, не класіку — сінопсіс Анту Рамера Нуньеса, яго ўнікальны антунім. Чыстая імправізацыя двух акцёраў на неіснуючай мове, якой валодаюць ва ўсім белым свеце толькі гэтыя двое. Томас Ніхаус і Паўль Шрэдар сыгралі зводных братоў Тэлемаха і Тэлегона, чыім бацькам аказаўся супергерой антычнага свету Адысей. Браты ўпершыню сустракаюцца ў капліцы, дзе ў чаканні звестак пра бацьку расказваюць адзін аднаму сваю і бацькаву гісторыю.

Гэта быў спектакль не з тых, калі на тваё плячо нечакана падае галава суседа, які заснуў. Шмат хто з маіх аднакурснікаў быў збянтэжаны: што гэта было? Так, не пакідала адчуванне, што акцёры «пайшлі ў адрыў», забыўшыся пра гледачоў. Сур’ёзная гаворка праз хвіліну змянялася гамерычным рогатам, потым — скокамі і ігрой на музычных інструментах (як сапраўдных, так і ўяўных). А яшчэ — спецэфекты, фокусы, гульня свету і ценяў. І шакіраваць нас не забыліся, калі акцёры з працуючымі бензапіламі пайшлі ў глядзельную залу.

І ўсё ж такі: што б акцёры ні рабілі, ад іх цяжка было адарваць погляд. Мабыць, і такая версія класічнай «Адысеі» мае права на жыццё?

Маргарыта ВІЦЕБСКАЯ


Спектакль нямецкага тэатра стаўся прычынай пажару ў маёй галаве.

Акцёры ігралі па-сапраўднаму: яны не баяліся выглядаць смешна, дзіўна, непрыгожа, недарэчна і нават брыдка. Яны не шкадавалі рэквізіту: магутным струменем лілося «віно», дзіўная гліняная сумесь пэцкала твары і адзенне, бензапілы выкарыстоўваліся па прамым прызначэнні — трушчылі ўсё навокал. Раз-пораз сцэну залівалі рознакаляровае святло і клубы дыму. Гукавое суправаджэнне садзейнічала таму, што ў душы пасяляліся то незразумелы страх, то шчырая весялосць. Я насамрэч нібы была на сцэне побач з Тэлемахам і Тэлегонам.

Ангеліна ГАНЧАРОВА


Не магу сказаць, што я ва ўсім разабралася.

Не магу сказаць, што ўсё спадабалася і падалося правільным. Не. Усё пачалося з непаразумення — гэтым і скончылася.

Больш за гадзіну галоўныя героі размаўлялі адзін з адным на незразумелай мове: жартавалі, сварыліся, спявалі, смяяліся, вар’яцелі. Зразумець сутнасць гаворкі да канца не ўдавалася, але я знайшла ў ёй тое, што павінна было прысутнічаць у размове двух братоў, якія ніколі не бачыліся: баязлівасць, радасць, цікаўнасць, абурэнне, нязгода, аднадушша. Рухі і інтанацыі акцёраў з ювелірнай дакладнасцю перадавалі перамены ў настроі герояў і не хавалі ніякіх дэталяў.

Фінал спрэчны, як і сама пастаноўка, але я дакладна хацела б убачыць яшчэ адзін са спектакляў Анту Рамера Нуньеса.

Валерыя ГАЎРУКОВІЧ


Птушкі ў сетцы

Спектакль «Птушкі» (Рэспубліканскі тэатр лялек)

Спектакль «Птушкі» разбіў ушчэнт маё наіўнае ўяўленне пра лялечны тэатр. Гэта самае яскравае і неардынарнае прадстаўленне, што мне давялося ўбачыць. Я нават крыху засмуцілася, калі яно скончылася. Шок, смех, сорам, цікавасць, захапленне, непаразуменне, асалода — вось кароткі спіс пачуццяў, якія віравалі ў маёй душы, калі я выходзіла з тэатра.

Акцёрам удалося стаць адзіным цэлым з лялькамі. Захапіла іх майстэрства іграць голасам, надаючы рэплікам патрэбны тэмбр: з кожнага слова цара Удода хацелася смяяцца. Ад іншых птушак — хавацца, каб толькі не раззлаваць іх. Здзівіла, як хутка акцёры змянялі ролі. Дзякуючы прафесіяналізму ўсяго сямі артыстаў — А. Казакова, В. Зяленскага, У. Грамовіча, Д. Рачкоўскага, Д. Чуйкова, І. Сотнікава і Ц. Муратава — мы ўбачылі вялікае мноства птушак, а яшчэ грэчаскіх багоў і людзей. Захапіла і вынаходніцтва мастака. З асаблівай цікавасцю я назірала, як два афіняніны, ствараючы горад птушак, дарылі ўсім жадаючым крылы: яны ўтыкалі рознакаляровае пер’е ў мяшэчкі з лялечнымі галовамі і адпраўлялі іх у палёт — за кулісу.

 Ёсць мастацтва, якое гладзіць па валасах. Гэты ж спектакль — якраз наадварот.

Я лічу гэта карысным.

Ангеліна ГАНЧАРОВА


Галоўныя героі гэтай антычнай п’есы, пастаўленай на сучаснай сцэне, больш падобныя не на мужных афінскіх мужчын, якіх мы ўяўляем як антычныя статуі, а на «нашанскіх» мужыкоў, якія любяць пасля працы пасядзець за келіхам піва і паскардзіцца на дрэннае начальства: «Вось я б на іх месцы!..» У спектаклі «Птушкі» яны на гэтым месцы і аказаліся.

Двое мужчын са шматзначнымі імёнамі Мазгакрутаў і Легкавераў, якія збеглі з Афінаў, спыніліся ва ўладаннях цара Удода і прапанавалі пабудаваць горад паміж небам і зямлёй, дзе правіць будуць птушкі, а ўсе жыхары стануць свабоднымі і шчаслівымі. Горад абнесены высокай металічнай сеткаю. Людзям, якія вырашылі жыць у Нефелакокігіі, выдалі пер’е. Усіх, хто не згодны з уладай, праганяюць, як і багоў (яны ўвогуле — хто без рук, а хто і без галавы).

Спектакль смешны, напоўнены жартамі, аксюмаронамі і дзівацтвамі. А яшчэ жахлівы. Мазгакрутаў проста на сцэне патрашыць курыную тушку (няма чаго птушкам бунтаваць!). І ці гэта правільна, калі чалавек птушыныя яйкі выседжвае, а ўладар птушак смажыць яечню? І праз дзве з паловай тысячы гадоў страшна…

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ

Матэрыялы падрыхтавала Таццяна ПРАНОВІЧ

Фота з сайтаў rtbd.by і teart.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.