Аграрыi паўднёвага рэгiёна Беларусi — Гомельскай вобласцi — традыцыйна задаюць тэмп сяўбы раннiх яравых збожжавых i зернебабовых культур. Засеяна больш чым 90 % адведзеных плошчаў. Пасяўны клiн у рэгiёне сёлета зойме каля 550 тысяч гектараў. Мяркуецца завяршыць яравую сяўбу да 9 мая. Мiж тым усе гаспадаркi Гомельскага раёна пасеялi раннiя яравыя — ячмень i авёс. Пры спрыяльных умовах надвор’я ў найблiжэйшыя днi можна будзе прыступiць да сяўбы пшанiцы.
Разам са старшынёй Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вiкторыяй Ладуцька дабiраемся да пасёлка Цярэнiчы:
— Тут знаходзiцца адно з аддзяленняў сельгаспрадпрыемства «СлаўМол», — уводзiць у курс справы дэпутат. — Сяўбу ячменю завяршаюць ва ўрочышчы Лозы. Першы дзень пасля начных прымаразкаў тэхнiка можа выйсцi ў поле.
Вiкторыя Аляксандраўна замацавана за гаспадаркай. Прыязджае, каб ацанiць аб’ём работы на палях.
— Кiраўнiк аддзялення «Цярэнiчы» Фёдар Прахарэнка — дэпутат Цярэнiцкага сельскага Савета дэпутатаў, — тлумачыць кiраўнiк райсавета. — Больш за 30 гадоў ён на гэтай зямлi, людзей ведае i мясцовасць таксама. Гэта вельмi дапамагае ў рабоце.
Фёдар Прахарэнка сустракае нас разам з вядучым аграномам аддзялення — Юрыем Адзiнцовым. Едзем туды, дзе зараз працуе тэхнiка. У салоне машыны аграрыi вывяраюць справаздачы: лiчбы, планы, працэнты. Асляпляльна-зялёная варсiстая роўнядзь поля за шклом машыны адрывае ад папер.
— Гляньце, як спорна азiмыя ўзышлi, зараз пацяплее — раскусцяцца, нальюцца, — заўважае Фёдар Iосiфавiч.
— Бачыце поле, якое нядаўна засеялi? Роўненька ўсё, вока радуе, для мяне няма нiчога прыгажэйшага. Тут душу ўклалi ў кожны куток зямлi, — падтрымлiвае гаворку аграном.
Мужчыны 40 гадоў працуюць у мясцовай гаспадарцы. Наблiжаемся да ўрочышча Лозы, дзе не так даўно была паша. Потым на гэтым месцы засявалi травы для кармоў, i вось першы год тут ячмень. Зямля прайшла перадпасяўную апрацоўку. Магутны трактар пакiдае свежыя баразёнкi: так пасяўны агрэгат сашнiкамi задае будучыя рады каласкоў.
— Пры добрым надвор’i, калi можна ўсю змену адсеяць, праходжу 40 гектараў, — расказвае механiзатар аддзялення «Цярэнiчы» Андрэй Багдановiч.
Ён цяпер iмкнецца працаваць без прыпынкаў — няма часу даваць iнтэрв’ю. Але ж якраз час праверыць работу насеннеправодаў пасяўнога агрэгата.
— Пасля начных прымаразкаў у поле выходзiм пазней, калi сонца добра прагрэе зямлю. Машына ў мяне добрая, летась атрымалi, першы год яна на пасяўной.
Перапынкi ў механiзатара цяпер толькi на яду — яе прывозяць у поле. Насенне рытмiчна дастаўляюць з гаспадаркi, калi прыходзiць час. У цэлым УСП «СлаўМол» атрымала сёлета самы высокi план сярод гаспадарак Гомельскага раёна па яравой сяўбе. Веснавыя палявыя работы распачалi ў лютым: уносiлi арганiку, тэхнiка «закрывала вiльгаць» i рыхтавала глебу да сяўбы, падкормлiвалi шматгадовыя травы.
Мiж тым начальнiк упраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Гомельскага райвыканкама Мiкалай Лясько адзначае: вельмi важна паспець правесцi пасяўную кампанiю, пакуль у глебе ёсць вiльгаць. Пад сяўбу асноўных збожжавых культур — ячменю i аўса, якiя менш цеплалюбныя, — на тэрыторыi раёна адведзена без малога тры тысячы гектараў.
Гаспадаркi раёна пачалi сяўбу i зернебабовых культур, пад якiя выдзелена 600 гектараў. На чарзе — пшанiца. Гэтая культура будзе пасеяна на 550 гектарах: 400 у УСП «СлаўМол» i 150 у КСУП «Урыцкае». У цэлым план па сяўбе яравых збожавых культур для Гомельскага раёна — 4715 гектараў. На шасцiстах гектарах пасеюць грэчку i проса. Традыцыйна вялiкую частку клiна зойме «царыца палёў»: пад пасеў кукурузы ў раёне адведзена 22 тысячы гектараў. Да работ з гэтай культурай гаспадаркi плануюць перайсцi ў сярэдзiне красавiка.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.