Вы тут

Што можна прапісаць у шлюбным дагаворы?


Правы на дзяцей, маёмасць, жывёл, бізнес і інтэлектуальныя здабыткі муж і жонка, а таксама жаніх і нявеста могуць прапісаць у шлюбным дагаворы.


У дакуменце можна падзяліць абавязкі па доме, зарплату, рэчы, якія набылі сужэнцы, і нават тыя, якія яны яшчэ толькі збіраюцца набыць.

Шлюбны дагавор можна заключыць да шлюбу, падчас яго і ў тым ліку непасрэдна перад разводам. Ва ўсіх варыянтах добраахвотная дамоўленасць бакоў спрыяе бяспецы іх капіталаў, зберагае нервы, грошы і час пры скасаванні шлюбу і здымае пытанні па атрыманні спадчыны.

— Шлюбны дагавор — спосаб добраахвотна, без прыцягнення суда і сведак, вырашыць маёмасныя і немаёмасныя пытанні, а таксама дэталёва вызначыць моманты, якія датычацца ўтрымання непаўналетніх дзяцей і сямейных абавязкаў, — сцвярджае Вольга ФЯДУЦІК, кансультант упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі. — Да таго ж вырашэнне маёмасных пытанняў пры заключаным шлюбным дагаворы значна таннейшае, чым праз суд.

У нейкіх выпадках шлюбны дакумент — гэта «план» на перспектыву.

— Напрыклад, у нявесты ёсць зямельны надзел, дзе з часам мяркуюць збудаваць дом. Каб вызначыць, чыя гэта будзе маёмасць, лепш скласці дагавор, інакш дом будзе сумесна нажытай маёмасцю, — тлумачыць прадстаўніца Мінюсту.

Калі дагавор складаюць да таго, як створаць сям'ю, то ён пачынае дзейнічаць толькі пасля рэгістрацыі шлюбу. Калі ж дакумент робяць ужо муж і жонка, яны могуць абазначыць тэрмін, калі дагавор павінен уступіць у сілу: з моманту натарыяльнага засведчання або ў нейкі абазначаны мужам і жонкай час, у тым ліку і перад скасаваннем шлюбу, расказала Галіна КАВАЛЬЧУК, натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі:

— У шлюбны дагавор з цягам часу можна дадаць змены ў выглядзе дадатковых пагадненняў, а таксама скасаваць дакумент. Пасля разводу дзеянне дагавора спыняецца, і дадаць у яго ўжо нічога немагчыма. Праўда, ёсць выключэнні — калі сужэнцы ўстанаўліваюць адносіны да нейкіх абавязкаў, як правіла, па ўтрыманні адно аднаго пасля разводу ці матэрыяльным забеспячэнні дзяцей.

Бывае, муж і жонка прапісваюць умовы выплаты крэдыту, выдадзенага на куплю кватэры. Вызначаюць, хто будзе плаціць грошы, калі маёмасць пяройдзе ва ўласнасць аднаго з сужэнцаў пасля разводу.

— Паступова беларусы пазбаўляюцца ад стэрэатыпу, што шлюбны дагавор — гэта недавер да партнёра. Колькасць дагавораў з году ў год павялічваецца, і ўсё больш людзей разумеюць перавагі гэтага дакумента, калі справа даходзіць да вырашэння маёмасных пытанняў ці аліментаў. Летась у Беларусі было заключана 4112 дагавораў, а за тры месяцы 2020-га — ужо 1075, — паведаміў Артур СТРЭХ, памочнік старшыні Беларускай натарыяльнай палаты.

Шлюбны дагавор перш за ўсё і рэгулюе правы на ўласнасць, якая была прыдбаная падчас сямейнага жыцця. І ў мужа, і ў жонкі роўныя правы на ўсю сумесна набытую ўласнасць, у тым ліку і на інтэлектуальную, згодна з артыкулам 23 Кодэкса аб шлюбе і сям'і, падкрэсліла натарыус.

— Калі адзін падчас шлюбу быў заняты вядзеннем хатняй гаспадаркі і доглядам дзяцей і не меў уласнага заробку, а другі ў гэты час пісаў вершы і карціны, то апошняе лічыцца агульным і дзеліцца папалам. Аднак у шлюбным дагаворы можна абазначыць, што творы мастацтва будуць належаць толькі іх аўтару. З іншага боку, Кодэксам аб шлюбе і сям'і забараняюцца здзелкі паміж сужэнцамі адносна маёмасці, набытай у шлюбе, — яе нельга ні падарыць, ні прадаць адно аднаму. Калі муж і жонка хочуць, напрыклад, перааформіць кватэру, набытую ў шлюбе, з аднаго на другога, то амаль што адзіны магчымы варыянт — шлюбны дагавор, у якім абазначаецца пераход права ўласнасці. Важна памятаць, што калі прадмет шлюбнага дагавора — нерухомая маёмасць, то дакумент уступіць у сілу толькі з моманту яго рэгістрацыі ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

Шмат розных умоў муж і жонка прапісваюць у шлюбным дагаворы адносна дзяцей. Гэта вызначэнне месца пражывання малога, выезды за мяжу, іх утрыманне (без уліку аліментаў), месца знаходжання падчас канікул, наведванне секцый і гурткоў.

— У адным з дагавораў бацькі, што набывалі для непаўналетняга дзіцяці кватэру, вызначаліся да дробязяў, які там павінен быць рамонт і нават мэбля, — расказала натарыус. — А аднойчы бацькі хацелі прапісаць веравызнанне малога. Такое зрабіць мы, вядома, не маглі, бо гэта закранае інтарэсы трэціх асоб. У дадзеным выпадку — дзіцяці, якое само павінна вызначыцца пасля паўналецця.

Існуюць і іншыя моманты, якія нельга адлюстраваць у шлюбным дагаворы. Напрыклад, нельга адмовіцца ад выплаты аліментаў, нават калі другая палова атрымала вялікую спадчыну.

— У шлюбным дагаворы можна таксама акрэсліць умовы выплат агульных даўгоў мужа і жонкі і права патрабавання па абавязках, якія ўзніклі ў інтарэсах сям'і. Уключыць у дакумент можна і долю ў фондах прадпрыемства, акцыі і іншыя актывы, калі гаворка ідзе пра людзей, якія працуюць у сферы бізнесу. Аднак гэта датычыцца толькі арганізацый, зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі, — падкрэсліла Галіна Кавальчук. — Тое ж самае і з замежнай маёмасцю — праваўладанне ёю нельга вызначыць беларускім заканадаўствам, трэба звяртацца да законаў краіны яе прыналежнасці.

Ірына СІДАРОК

Прэв'ю: Depositphotos.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.