Вы тут

«Корпус», Ок16 ці галерэя «Ў» — культурным пляцоўкам патрэбна дапамога


Культурныя арганізацыі і праекты, што праз распаўсюджанне каранавіруса страцілі наведвальнікаў, але не страцілі рахункі, якія трэба аплочваць, звярнуліся па дапамогу да звычайных людзей. Паколькі праца ў штатным рэжыме цяпер для іх немагчымая, на фандрайзінгавай платформе Molamola адкрылася кампанія па зборы сродкаў #АртПраязны, праз якую любы чалавек можа фінансава падтрымаць канкрэтныя культурныя цэнтр ці праект. І хоць падобная практыка ёсць у іншых еўрапейскіх краінах, у нашым выпадку гаворка часам ідзе не толькі пра падтрыманне арт-пляцовак у час, калі яны не могуць зарабляць грошы сваёй непасрэднай дзейнасцю, але і выратаванне іх ад закрыцця.


Вядомаму культурнаму цэнтру «Корпус», каб аплаціць месячную арэнду памяшкання на вуліцы Машэрава, камунальныя і экплуатацыйныя рахункі, неабходна сабраць 10 тысяч рублёў (ад сумы трэба адняць працэнт, які адлічваецца фандрайзінгавай платформе). «Гэтая сума не ўключае ў сябе заробкі альбо падтрымку памяшкання ў чысціні — яна патрэбная проста для таго, каб цэнтр не адключылі ад камунікацый і не забралі за нявыплату», — кажа заснавальнік і арт-дырэктар «Корпуса» Аляксандр Багданаў.

«Корпус» перанёс каля сарака запланаваных мерапрыемстваў: яшчэ да таго, як COVID-19 стаў распаўсюджвацца, графік культурнага цэнтра быў распісаны да канца чэрвеня. Цяпер усе супрацоўнікі, апроч трох кіраўнікоў, адпушчаны ў неаплатныя адпачынкі. Між тым пляцоўка рыхтуе відэа-шоу, тэсціруе відэа-трансляцыі вечарын «Нядзеля» і плануе перавесці лекцыі «Корпус гаворыць» у анлайн-фармат, да таго ж складае графік мерапрыемстваў на лета і восень — у яго таксама ўвойдуць канцэрты культавага клуба «Брюгге», які вымушаны быў закрыцца якраз праз немагчымасць выканаць арэндныя абавязкі з-за страты наведвальнікаў.

Фінансавыя абавязкі сталі складанасцю і для галерэі сучаснага мастацтва «Ў», якой таксама патрабуецца сабраць 10 тысяч рублёў. «Гэта той мінімум, з якім мы зможам хоць неяк застацца на плаву і не дазволіць нашай прасторы растварыцца ў прасторы. Гэтыя грошы дазволяць нам несці расходы па падтрыманні галерэі і закрыццю фінансавых абавязкаў, не пазбавіцца натхнення і аптымізму і пасля заканчэння гэтага нялёгкага перыяду сустрэцца з вамі ўсімі на выставах, лекцыях і дыскусіях, — гаворыцца ў звароце каманды да патэнцыйных данатараў.

Прастора «Другі паверх» знаходзіцца ў тым жа будынку, што і «Корпус». На яе патрэбы — усё тыя ж арэндныя, камунальныя і эксплуатацыйныя плацяжы — у рамках акцыі #АртПраязны трэба сабраць 3 тысячы рублёў, а найбуйнейшая частка гэтай сумы мусіць пайсці за арэнду да 5 красавіка.

«Мы не чакаем, што сабярэм поўную суму, але нават яе частка нам дапаможа, — кажа сузаснавальніца і арт-мэнэджэр „Другога паверха“ Дар’я Скараходкіна. — Магчыма, мы запусцім відэасалон для аднаго ці для сям’і — тыя, хто ўжо стаміўся сядзець дома, а масавых мерапрыемстваў папросту няма, зможа прыйсці да нас і паглядзець фільм на вялікім экране і ў добрай якасці. Альбо папрацаваць — такі каворкінг на аднаго. Паспрабуем прасунуць гэтыя ідэі і паглядзім, якая будзе рэакцыя».

Каманда прасторы складае два чалавекі і ўсе надзённыя пытанні пакуль вырашае ў анлайн-рэжыме. «Апошнім часам з нашай аўдыторыяй мы камунікуем анлайн і неяк нават не чакалі, што з яе боку атрымаем такую падтрымку — людзі не толькі пералічваюць грошы на нашу кампанію на Molamola, але і шмат пішуць нам».

Каманда культурнага хаба Ок16, што на вуліцы Кастрычніцкай, у гэтыя дні на 90 працэнтаў працуе дыстанцыйна, але ў тым жа рэжыме. «Цяпер мы займаемся пытаннямі, на якія раней не было часу — у нас з’явілася магчымасць вывучыць рынак і досвед калег і прыдумаць, як гэта прымяніць у далейшым, — кажа арт-дырэктар Ок16 Марыя Калеснікава. — Як раз такія складаныя перыяды стымулююць адкрываць новыя гарызонты і даведвацца пра нешта новае».

Праз удзел у акцыі #АртПраязны культурны хаб канцэнтруецца на адраснай падтрымцы калег — мастакоў, музыкантаў, акцёраў, з якімі супрацоўнічае ўвесь час. На платформе Molamola ён разлічвае сабраць 1550 рублёў, а тым часам шукае новыя спосабы займацца мастацтвам.

«Мы адкрылі Youtube-канал, які будзе запаўняцца працамі нашых артыстаў — інтэрв’ю, запісамі пастановак, перформансаў і канцэртаў, і актыўна развіваем свой Telegram-канал. У такіх умовах апроч вось такіх кампаній, як #АртПраязны, дзе мы атрымліваем грошы праз тое, што гараджане разумеюць каштоўнасць нашай працы і падтрымліваюць яе, другой магчымасцю зарабіць можа быць манетызацыя Youtube- і Telegram-канала, але, канешне, гэта няблізкая перспектыва, — дзеліцца Марыя.

У акцыі #АртПраязны апроч згаданых удзельнічаюць пляцоўка Арт Cядзiба, праекты ARTONIST, VEHA, ZNYATA ды іншыя. Падтрымаць іх можна на фандрайзінгавй платформе molamola.by, дзе ўсе кампаніі сабраныя ў асобную ўкладку. Апроч гэтага ў «Instagram» дзейнічае падобная акцыя #АртНаКарантине, дзе апублікавана больш за васемсот работ, якія можна набыць па зніжаным кошце.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Прэв'ю: tripadvisor.ru

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.