Вы тут

"Жаночы" рак


Рак жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы часта ўспрымаецца пацыенткамі як прысуд. Асабліва калі хвароба запушчаная. У параўнанні з іншымі анкалагічнымі захворваннямі, «жаночы» рак мае свае асаблівасці цячэння. Ён можа працякаць з пэўнай сімптаматыкай альбо, як у выпадку з ракам яечнікаў, практычна бессімптомна. Важна быць інфармаванай аб праявах тыповых жаночых пухлін на пачатковым іх этапе. Якія ж гэта праявы і як займацца прафілактыкай злаякасных новаўтварэнняў? Пра гэта чытачкам «Алесі» расказвае кандыдат медыцынскіх навук, доктар-­гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Алена ГЕРАСІМОВІЧ.


Эпігенетыка – што гэта такое?

У спісе захворванняў на рак жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы сумнае лідарства па-ранейшаму трымае рак малочнай залозы. Гэтая тэндэнцыя існуе ў нашай краіне і ва ўсім свеце. Адначасова паказчык 5-гадовай выжывальнасці пры дадзеным захворванні мае тэндэнцыю да паляпшэння. Гэта сведчыць аб узмацненні ўвагі дзяржавы да гэтай праблемы і насцярожанасці саміх жанчын, а таксама аб паляпшэнні дыягнастычнага алгарытму – напрыклад, з’явілася магчымасць генетычнага тэставання на схільнасць да раку. Часта пытаюцца, што з’яўляецца пускавым механізмам ва ўзнікненні «жаночага» раку. Адназначна адказаць пакуль немагчыма. На адным з медыцынскіх кангрэсаў вядомы анколаг сказаў, што ўсе людзі павінны памерці ад раку, але не кожны дажывае да свайго. На развіццё захворвання ўплывае генетыка, але ў цяперашні час у медыцыне ўсё часцей гавораць аб эпігенетыцы. А гэта ўсё, што нас акаляе: экалогія, лад жыцця, харчаванне, схільнасць да стрэсу, рэпрадукцыя.

Фактары рызыкі:

Сярод фактараў рызыкі развіцця злаякасных пухлін у жанчын найбольш часта называюць наступныя: ранні пачатак палавога жыцця; частая змена палавых партнёраў; доўгае эстрагенавае акно: ранні пачатак менструацый (да 11 гадоў) і позняе іх заканчэнне (пасля 50 гадоў); абцяжараная спадчыннасць (рак у мамы, цёткі, сястры); частыя аборты; узрост, старэйшы за 40 гадоў; генетычная схільнасць у жанчын – носьбіт мутацый генаў BRC.

Важна не спазніцца!

Пачатковыя праявы жаночых пухлін могуць быць розныя. Пры раку малочнай залозы гэта выдзяленні з малочных залозаў, змяненне формы і арэола, уцягненне смочкі. Нарэшце, наяўнасць утварэння, якое прамацваецца, у малочнай залозе. Калі жанчына самастойна вызначае ў сябе новаўтварэнне, гэта ўжо, як правіла, рак 2 або 3 стадыі. Вядома, яно можа выявіцца і дабраякасным – напрыклад, фібраадэнома. Трэба памятаць, што інструментальнае абследаванне важнейшае за мануальную дыягностыку, якую робіць сама жанчына. Пры раку шыйкі маткі – кантактныя выдзяленні з палавых шляхоў, раку эндаметрыя – міжменструальныя крывацёкі. Рак яечнікаў практычна ніяк не праяўляе сябе напачатку. Насцярожыць жанчыну павінны ўсе названыя скаргі, а таксама зніжэнне вагі або, наадварот, яе набор, іншыя змены ва ўласным самаадчуванні. Нават парушэнне сну можа сігналізаваць аб праблеме.

Усе мы ведаем, што большасць выпадкаў анкалогіі на ранняй стадыі паспяхова паддаюцца лячэнню. У кожнага раку ёсць свой перадрак. Аднак, на жаль, жанчыны часта надаюць недастаткова ўвагі прафілактыцы, звяртаюцца да лекара, калі бывае ўжо занадта позна.

«Ціхі забойца» – рак яечнікаў

На долю раку яечнікаў выпадае вельмі шмат смяротных зыходаў, таму яго яшчэ называюць «ціхім забойцам». Часам жанчыны задаюць пытанне: няўжо захворванне ніяк не сігналізуе пра сябе? Уся справа ў тым, што да аперацыі дыягназ «рак яечнікаў» паставіць немагчыма. Вызначэнне ўзроўню маркераў (СА-125 і НЕ) носіць азнаямленчы характар. Паказчыкі пэўных маркераў могуць быць у норме пры наяўнасці раку і павышаныя, напрыклад, пры такіх захворваннях, як эндаметрыёз і запаленчыя працэсы ў прыдатках маткі. У маёй практыцы быў выпадак, калі пацыентка мела паказчык анкамаркера, які перавышаў норму ў 200 разоў, і пры гэтым – дабраякаснае новаўтварэнне малога таза. І тут жа ўспамінаецца мая маладая пацыентка з памежным паказчыкам і, на жаль, злаякасным утварэннем яечніка. Усе пухлінныя новаўтварэнні, якія маюць у структуры папілярныя разрастанні, грубы кампанент, павінны разглядацца як патэнцыйна злаякасныя.

Як часта і што абследаваць?

Прафілактычная рэвізія стану свайго здароўя павінна праводзіцца жанчынай мінімум 1 раз у год. Каб вызначыць спосабы абследавання, лекар улічвае скаргі пацыенткі і спадчынную абцяжаранасць па раку. Вельмі важным тут з’яўляецца рэгулярнае наведванне гінеколага з абавязковым абследаваннем: цыталогія, УГД органаў малога таза, пальцавае даследаванне прамой кішкі з 40 гадоў, УГД малочных залоз або мамаграфія па ўзросце, аналіз кала на прыхаваную кроў. Аб прафілактычнай карысці штогадовых аглядаў можна казаць бясконца, але на практыцы далёка не ўсе жанчыны выконваюць гэтае правіла. Праблема ў тым, што простая пальпацыя праз пярэднюю брушную сценку недастаткова інфарматыўная для спецыяліста па розных прычынах. У першую чаргу, папросту перашкаджае тлушчавая клятчатка. Пры яе лішку магчымая пальпацыя толькі зводаў похвы, а маткі і яе прыдаткаў – абцяжараная. Пры паталогіі слізістай абалонкі ўнутры маткі ўбачыць яе, выканаць неабходныя вымярэнні можна толькі пры УГД. Зрабіце УГД органаў малога таза, нават калі лекар не прызначыў яго – у выпадку выяўлення раку гэта дапаможа выйграць каштоўны час.

Скрынінг у прафілактыцы раку ў жанчын набывае ўсё большае значэнне. Калі мы гаворым пра рак шыйкі маткі, то гэта – выкананне анкацыталогіі. У цяперашні час з’явілася магчымасць выканання адмысловага даследавання – вадкаснай цыталогіі. Яно здольнае аддзяліць мікрафлору, якая часам дае ілжэадмоўны альбо ілжэстаноўчы вынік. З’яўленне такога даследавання ў Рэспубліцы Беларусь – значны крок наперад у дыягностыцы раку шыйкі маткі. Таксама зараз у нашай краіне з’явілася магчымасць выконваць жанчынам ПАП тэст. Радуе, што дыягностыка раку малочнай залозы зрабіла крок далёка ў рэгіёны. Цяпер мамаграфія ёсць не толькі ў сталічных і абласных установах аховы здароўя. Гэта дае адчувальны вынік у дыягностыцы незапушчаных форм раку. Дадзенае рэнтгеналагічнае абследаванне, калі выконваць яго 1 раз на 2 гады, дазваляе значна палепшыць прагнозы пры выяўленні РМЖ.

Дарагія жанчыны, адсутнасць часу для сябе – не апраўданне. Любіце сябе, знаходзьце час для прафілактыкі, а таксама не забывайце пра аздараўленне, фізічную культуру і спорт, правільнае харчаванне і здаровы сон. Здароўе – найвялікшая каштоўнасць.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.