Эканомiя бюджэтных сродкаў, якую дае продаж старых кiнутых дамоў, мадэрнiзацыя вулiчнага асвятлення ў вёсках, iншы досвед Жлобiнскага раёна па развiццi i добраўпарадкаваннi населеных пунктаў ацанiлi падчас выязнога семiнара кiраўнiкi Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню Гомельскай вобласцi.
Прадстаўнiкi мясцовых улад рэгiёна на чале з кiраўнiком абласнога Савета дэпутатаў Кацярынай Зенкевiч сабралiся ў аграгарадку Бабоўка Кiраўскага сельсавета. У цэнтры населенага пункта — нядаўна адрамантаваны будынак Дома культуры. Побач пошта, дзiцячы садок, школа. Але позiркi гасцей прыцягвае мiнiпарк — новы сацыяльна значны аб'ект. Брукаваныя дарожкi, альтанка, дзiцячая пляцоўка, лавы — усё ў адпаведнасцi з ланшафтным праектам. Побач закладзены сямейны сквер.
— Пра стварэнне гэтай зоны адпачынку думалi даўно. Цяпер тут любiмае месца нашых жыхароў, — кажа дырэктар ААТ «Бабоўскi» Алi Ахмедаў.
Жыхары аграгарадка на жыццё не скардзяцца: сярэдняя зарплата на прадпрыемстве каля 800 рублёў. Акрамя гэтага, выдаткоўваюцца прадукты харчавання, але пры ўмове, што работнiк не парушае працоўную дысцыплiну. Не забываюць i пенсiянераў, якiх у Бабоўцы 225. Кожнаму на падворак бясплатна прывозяць угнаеннi, сена, салому для жывёлы. Да свят заўсёды робяць падарункi. Калi спатрэбiцца, дапамогуць i агароджу паставiць, i газавы кацёл адрамантаваць.
«Бабоўскi» падтрымлiвае таксама мясцовую школу i дзiцячы садок. Сярод школьнiкаў вядзецца прафарыентацыя, iм прапаноўваюць мэтавае накiраванне для паступлення ў сельскагаспадарчыя ВНУ i каледжы, стыпендыю на час вучобы. Дарэчы, выдатнiкi мясцовай школы таксама атрымлiваюць стыпендыю ад гаспадаркi. А 12 маладых спецыялiстаў, якiя цяпер працягваюць адукацыю, маюць прыбаўку да заработнай платы. За сродкi гаспадаркi для дзiцячага садка адрамантавалi агароднiнасховiшча, зрабiлi водапанiжэнне тэрыторыi, навесы для летняга адпачынку малых.
— Дарэчы, аграгарадок Бабоўка разглядаюць як прыклад «вёскi будучынi», — з гонарам дадае старшыня Кiраўскага сельвыканкама Канстанцiн Сцепанцоў. — Тут усё робiцца для камфортнага жыцця людзей. Нядаўна мы правялi маштабную работу па добраўпарадкаваннi тэрыторыi. Дапамагалi дарожныя i камунальныя службы раёна, мясцовыя жыхары працавалi на суботнiках.
З тым, як вырашаюцца праблемы па добраўпарадкаваннi тэрыторыi ў iншых сельскiх населеных пунктах, удзельнiкi семiнара пазнаёмiлiся, у прыватнасцi, на прыкладзе Майскага сельсавета.
— Тут ёсць праблемы з пакiнутымi домаўладаннямi. Але ж да кожнай сiтуацыi — iндывiдуальны падыход. Вось прыклад. Дом на цэнтральнай вулiцы, пакуль гаспадар адбываў пакаранне, прыйшоў у заняпад. Звязвалiся з гаспадаром, прапанавалi, каб вызначыўся: пакiне за сабой сядзiбу цi дае згоду на знос. Ён катэгарычна адмовiўся ад апошняй прапановы. Вырашылi пачакаць. Не так даўно чалавек вярнуўся з месца пазбаўлення волi, уладкаваўся механiзатарам i рыхтуецца да рамонту дома, — кажа старшыня сельскага Савета Аляксандр Iсаенка.
Калi старыя хаты зусiм абвалiлiся, а гаспадары не знаходзяцца i не адгукаюцца, прымаецца рашэнне аб зносе будынка, а зямля перадаецца ў сельгасабарот. Некаторыя кiнутыя дамы выстаўляюцца на продаж праз аўкцыён. Атрымалася зарабiць такiм чынам чатыры тысячы рублёў — гэта iстотны фiнансавы дадатак.
Аляксандр Iсаенка расказаў i аб вырашэннi праблемы збору смецця ў вёсках. Там усталявалi стацыянарныя кантэйнеры, зрабiлi пляцоўкi для iх размяшчэння ў адпаведнасцi з неабходнымi санiтарнымi нормамi. Вываз смецця адбываецца раз на тыдзень. У невялiкiх вёсках наладжаны паасобны вываз смецця ад дамоў гаспадароў. Людзi могуць звярнуцца i з заяўкай на бязвыплатны вываз буйнагабарытнага смецця спецтэхнiкай. Яшчэ Майскi сельвыканкам актыўна вырашае праблемы вулiчнага асвятлення. Значную эканомiю дае ўкараненне энергазберагальных святлодыёдных лямпаў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».