Вы тут

У Мінскай вобласці ствараюцца чатыры тэрытарыяльныя цэнтры спецыялізаванай медыцынскай дапамогі


Іх адкрыюць у Барысаве, Салігорску, Маладзечне і Мінскім раёне. Летась у рэгіёне ўжо ўвялі ў эксплуатацыю дзясятак медыцынскіх аб'ектаў. Сёлета працягваецца будаўніцтва новых і пераабсталяванне існуючых медустаноў. Таксама плануецца ўдасканальваць медыцынскую дапамогу ў Рудзенску, Смалявічах і Фаніпалі.


Канцэпцыя ў дзеянні

— У 2018 годзе ў вобласці была распрацавана канцэпцыя развіцця чатырох тэрытарыяльных цэнтраў спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. Канцэпцыю падтрымала Міністэрства аховы здароўя, у тым ліку і з пастаўкамі высокатэхналагічнага абсталявання за кошт рэспубліканскага бюджэту, — расказвае начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама Наталля БАЯРСКАЯ. — Такія цэнтры ствараюцца для паляпшэння даступнасці і якасці лячэння незалежна ад месца пражывання, канцэнтрацыі і эфектыўнага выкарыстання медыцынскіх кадраў і абсталявання. Яны сфарміраваны з улікам транспартнай даступнасці для замацаваных раёнаў: у Барысаве, Мінскім раёне, Маладзечне і Салігорску. Апорныя бальніцы — у Жодзіне і Слуцку.

Новае абсталяванне для МРТ, якое ўжо выкарыстоўваецца ў Барысаве і Маладзечне, дазволіла палепшыць даступнасць абследавання планавых пацыентаў і скараціць тэрмін чакання да 10-14 дзён. На завяршаючым этапе цяпер знаходзіцца ўстаноўка апарата і ў Салігорскай бальніцы. Амаль гатовы да ўводу ў эксплуатацыю ангіяграфічныя комплексы ў Барысаўскай і Маладзечанскай ЦРБ.

Пры гэтым зношанасць матэрыяльна-тэхнічнай базы медустаноў і недахоп кадраў найбольш актуальныя для Мінскага і Барысаўскага раёнаў. Таму менавіта там і будзе прымацца шэраг мер.

У Барысаве ўзводзяцца дзіцячы шматпрофільны корпус на 116 ложкаў, станцыя пералівання крыві, таксама рэканструюецца хірургічны корпус.

Асаблівую заклапочанасць ва ўлад вобласці выклікае Мінскі раён. Паводле слоў Наталлі Баярскай, штогадовы прырост насельніцтва тут складае каля 10 тысяч чалавек. Недахоп інфраструктуры, высокая цякучасць медыцынскіх кадраў (блізка Мінск, побач шмат медыцынскіх устаноў рэспубліканскага значэння) таксама ўскладняюць сітуацыю. Фактычная нагрузка амбулаторна-паліклінічных падраздзяленняў вышэйшая за планавую ў тры разы. Адсюль незадаволенасць насельніцтва чэргамі. Таму развіццё сістэмы аховы здароўя ў прысталічным раёне ўяўляецца важнай справай.

У раёне запланавана будаўніцтва васьмі аб'ектаў, а два ўжо ўведзены ў эксплуатацыю. Гэта тэрапеўтычны корпус на 180 ложкаў і Хацежынская лячэбная амбулаторыя. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва Азярцоўскай паліклінікі на 200 наведванняў у змену і паліклінікі ў Бараўлянах на 800 наведванняў у змену. Іх будаўніцтва мяркуецца пачаць у другой палове бягучага года. Таксама вядзецца праектаванне медыцынскага комплексу ў Заслаўі. Гэта бальніца на 300 ложкаў і паліклініка на 700 наведванняў у змену. Запланавана будаўніцтва паліклінікі ў Копішчы на 1330 наведванняў і амбулаторыі ў Прылуках на 200 наведванняў.

Амаль 12 мільёнаў на медтэхніку

Новым абсталяваннем забяспечваюцца не толькі тэрытарыяльныя цэнтры і апорныя бальніцы, але і бальніцы першага тэхналагічнага ўзроўню.

— Мы прааналізавалі стан матэрыяльна-тэхнічнай базы, сканцэнтравалі фінансавыя сродкі ў абласным бюджэце і цэнтралізавалі заяўкі на закупку абсталявання. І штогод вырашаем праблемы па некалькіх кірунках. У прыватнасці, у 2018 годзе закупілі ўльтрагукавую і дыхальную апаратуру, у 2019 набылі 53 адзінкі эндаскапічнага абсталявання. У выніку сёння любая медустанова першага ўзроўню валодае асноўным спектрам дыягнастычных працэдур. З улікам маючай адбыцца рэарганізацыі хірургічнай службы ў 2020 годзе плануецца закупіць 13 адзінак відэалапараскапічнага абсталявання.

Акрамя таго, для перааснашчэння ўстаноў аховы здароўя летась набыта ліфтавага абсталявання на суму 4,6 мільёна рублёў. На інфарматызацыю выдаткавана 1,25 мільёна рублёў, на пажарную бяспеку — 2,48 мільёна. Усяго на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медустаноў, у тым ліку на будаўніцтва і рэканструкцыю, з бюджэту Мінскай вобласці было накіравана 53,3 мільёна рублёў. З іх на медыцынскае абсталяванне — 11,8 мільёна.

Апраўдала сябе і практыка перасоўных медыцынскіх комплексаў для жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак. Для паляпшэння даступнасці медыцынскай дапамогі сёння яны дзейнічаюць у сямі раёнах Мінскай вобласці. Адпрацаваны маршруты іх руху і кратнасць выездаў. У выніку палепшылася даступнасць дыягнастычнай дапамогі, лекавага забеспячэння, змяншэнне колькасці выклікаў хуткай медыцынскай дапамогі. Такія комплексы даюць магчымасць ажыццяўляць прафілактычныя медыцынскія агляды работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў без адрыву ад вытворчасці. У 2020 годзе запланавана набыць іх яшчэ пяць. Акрамя гэтага, плануецца закупіць 162 аўтамабілі — гэта дазволіць абнавіць парк на траціну.

Новая тэхналогія хатняй кардыятакаграфіі

У рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна 2014—2020» у Мінскай вобласці пачата рэалізацыя двух сумесных праектаў. Адзін з іх прадугледжвае аснашчэнне гібрыдным ангіяграфічным комплексам абласной клінічнай бальніцы. Другі — арганізацыю дыстанцыйнага фертыльнага маніторынгу для цяжарных жанчын у абласным клінічным радзільным доме. Гэта дазволіць на адлегласці ацэньваць стан плода. Тэхналогія так званай хатняй кардыятакаграфіі будзе ўкаранёна ў вобласці ўпершыню ў краіне.

Пэўныя захады робяцца і для прыцягнення перспектыўных медыцынскіх кадраў. У прыватнасці, гэта забеспячэнне дастойнай заработнай платай і жыллём.

Сёння ўзровень сярэдняй заработнай платы медработнікаў у Мінскай вобласці — найвышэйшы ў краіне. Для іх будуецца жыллё. Летась здадзены інтэрнат для супрацоўнікаў дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, у Астрашыцкім Гарадку праведзена рэканструкцыя санаторыя «Кааператар» у інтэрнат для медыцынскіх работнікаў, уведзены ў эксплуатацыю інтэрнат маласямейнага тыпу ў вёсцы Ляскоўка. Патрабуецца будаўніцтва інтэрнатаў у Барысаве, Салігорску і Маладзечне. Гэта павысіць замацаванасць маладых спецыялістаў на першых рабочых месцах.

У 2020 годзе працягнецца стварэнне тэрытарыяльных цэнтраў, будаўніцтва аб'ектаў у Мінскім і Барысаўскім раёне, дзіцячай паліклінікі ў Жодзіне, пачата праектаванне хірургічнага корпуса Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Акрамя таго, 20 мільёнаў рублёў накіраваны сёлета на набыццё высокатэхналагічнага медыцынскага абсталявання для перааснашчэння оталарынгалагічнай і афтальмалагічнай службаў цэнтраў спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. Яшчэ адным прыярытэтным кірункам стане развіццё сістэмы аховы здароўя ў такіх гарадах, як Рудзенск, Смалявічы і Фаніпаль.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.