Вы тут

Саўлюс Варнас: Мы ўсе — маленькiя багi гэтага свету


Яшчэ адзiн варыянт п'есы Эжэна Iанеска «Смага i голад» — рэжысёр Саўлюс Варнас чарговы раз узяўся за твор франка-румынскага драматурга i ў мiнскiм Маладзёжным тэатры прадставiў спектакль «Дом пасярод вясны». Аўтара, якога беларускi глядач ведае па рабоце галоўным рэжысёрам Магiлёўскага драматычнага тэатра, заўсёды вылучалi асаблiвае бачанне i стыль — яго работы былi адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэмiяй i прадстаўлялi беларускi тэатр на мiжнародных фестывалях, а п'еса Iанеска была асновай для майстар-класаў Варнаса ў розных краiнах свету.


Фота: mdrama.by

— Чым вас так вабiць Iанеска, што вы гатовы бясконца ставiць адну i тую ж яго п'есу?

— «Смага i голад» — адна з найлепшых п'ес ХХ стагоддзя, яна ўзнiмае пытаннi, на якiя чалавек шукае адказы на кожным этапе свайго развiцця. Да таго ж яна настолькi змястоўная i тэатральная, што раскрыццё сэнсаў i пошук сцэнiчнай мовы можа быць бясконцае. Яе ўвогуле можна вывучаць усё жыццё i ўсё роўна не вычарпаць да канца. Эжэн Iанеска — гэта асобны свет, у яго асаблiвае разуменне тэатра i погляд на рэчаiснасць, у яго драматургii шмат гульнявой прасторы, ён дае магчымасць выйсцi за межы сюжэта i раскрыць тое, што знаходзiцца памiж радкамi. Гэтая няпростая матэматыка патрабуе ад кожнага, хто адважыўся пусцiцца ў плаванне, задзейнiчаць асабiсты досвед — кожны раз, выходзячы на сцэну, акцёрам даводзiцца спальваць сябе на гэтым вогнiшчы. З майго пункту гледжання гэта самая прыгожая i гуманiстычная п'еса, якая дазваляе аб'яднацца ў размове аб тым, што такое жыццё, шчасце i барацьба за iдэалы. Па адказы мы звычайна iдзём у храмы альбо звяртаемся да мастацтва — адным словам, прыходзiм да тых, хто апелюе да вышэйшай свядомасцi. А Карл Ясперс пiсаў, што калi вы прыходзiце да нейкiх адказаў, перакрэслiце iх i пачнiце шукаць наноў. Гэты рух — i ёсць задача, дзеля якой варта акунуцца ў свет мары, фантазii, iлюзiй, сноў, надзей гэтай п'есы.

— Ваша трактоўка ў Маладзёжным тэатры можа збянтэжыць рознастылёвасцю i мудрагелiстымi вобразамi, якiя з'явiлiся ўжо па-за тэкстам.

— Эжэн Iанеска казаў, што iсцiна ў нашых марах i нашым уяўленнi. Яго спроба паказаць, як свет фармiраваўся на працягу тысячагоддзяў, прымушае задумацца, навошта мы ў гэты свет увогуле прыйшлi. Гэта нiбы падарожжа Адысея або пошукi Фаўста. Кожны з герояў Iанеска жадае знайсцi свой рай, таму п'еса ўмяшчае розныя архетыпы i погляды на свет. Галоўны герой Жан, напрыклад, адчувае патрэбу кiнуць паўсядзённае сямейнае жыццё, дзе носяцца з усiмi яго капрызамi, i сыходзiць па сваю мару. Ёсць шмат фiласофскiх школ, якiя быццам прыадкрываюць таямнiцы свету, але многiя адказы можна знайсцi, сустрэўшыся з жыццём сам-насам. Поль Валеры пiсаў: «Пакуль чалавек не захацеў стаць Богам, ён яшчэ не Чалавек». Стаць Богам — значыць адчуць у сабе радасць ад таго, што ты робiш альбо ствараеш i прыўносiш у свет тое, чаго ў iм не было раней альбо чаго было недастаткова. Мы ўсе — маленькiя багi гэтага свету. Я назiраў у дзяцiнстве, як бацька робiць чарцяжы i стварае па iх мэблю, якой захаплялiся i майстры, i тыя, для каго яна выраблялася, — я бачыў, у якой цiшынi нараджаюцца думкi, як бацька паглыбляецца ў справу i на нейкi час нiбыта знiкае, бо для яго быў важны толькi працэс стварэння. Тады я зразумеў, што думка нараджаецца ў цiшынi i як важна любiць тое, што робiш. Пры гэтым трэба, каб нашы памкненнi былi чыстыя, каб намi рухала любоў да справы i да навакольнага свету.

«Дом пасярод вясны». Фота дадзена Маладзёжным тэатрам.

— Сёння тэатр мяняецца, прыстасоўваючыся пад патрэбы чалавека. А вы ствараеце складаныя спектаклi, дзе шмат постмадэрнiсцкiх адсылак, аллегорый, рэмiнiсцэнцый. Верыце ў здольнасць тэатра прымусiць чалавека пераасэнсаваць жыццё?

— Ёсць будысцкая прытча. У аднаго прасветленага спыталi: «А што вы рабiлi да таго, як сталi прасветленым?» Той адказаў: «Насiў ваду i калоў дровы». — «А што вы робiце пасля таго, як сталi прасветленым?» — «Нашу ваду i калю дровы». — «Дык што тады змянiлася?» — «Змянiлася ўсё». Змянiўся яго погляд на свет — i сам свет для яго змянiўся. Усё ў нашым розуме: на любую рэч мы можам глядзець як станоўча, так i адмоўна, часта гэта залежыць ад нашага настрою. Чалавек можа ныць на працягу ўсяго жыцця — нарадзiўся не там, не ў той сям'i, не ў той час — i з адчуваннем уласнага няшчасця пакiнуць гэты свет, так i не пачаўшы жыць. А можа ствараць свет, прыўносiць тое, чаго яму не хапае. Скандынавы шмат гадоў вялi даследаваннi, каб знайсцi адказ на пытанне, што можа змянiць абывацельскае мысленне перанасычанага спажывецкага свету, i прыйшлi да высновы, што толькi мастацтва. Думаю, у першую чаргу тэатральнае: жывое хутчэй паўплывае на жывых. Але трэба змянiцца i самому тэатру: адысцi ад плоскiх камедый, перастаць размаўляць з гледачамi на гарызантальным узроўнi. На жаль, за рэдкiм выключэннем рашэннi ў творчых калектывах прымаюць адмiнiстратары — менеджары, якiя не асаблiва думаюць пра мастацтва.

— Што б вы пажадалi гледачам?

— Адкрытасцi i ўнутранай цiшынi. Iдучы ў тэатр, трэба быць разняволеным i гатовым сустрэцца з iншасветам з яго камедыйнасцю, гратэскам, абсурдам. Трэба разумець, што асаблiвую ролю адыгрываюць колер, святло, тэхнiчныя эфекты, а ў першую чаргу акцёры са сваiмi целам, голасам, пластыкай. А рэжысёру трэба прыкласцi ўсе намаганнi, каб стварыць свет, якi мяняў бы свет гледачоў, а ў вынiку наш агульны. Веру, што спектакль «Дом пасярод вясны» не пакiне гледачоў абыякавымi. Рэакцыi могуць быць розныя, але абыякавымi людзi не застануцца.

Ларыса ЦIМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.