Вы тут

Дзе пралягае мяжа цярпення?


Неяк адразу зачапiлi гэтыя дзве гiсторыi. Можа, таму, што адбылiся прыблiзна ў адным месцы i ў адзiн час. Дакладней, сямейныя драмы здарылiся ў адным раёне з iнтэрвалам недзе тры месяцы. А вось прысуд па першай справе амаль супаў па часе са здзяйсненнем другога злачынства. Кожную з гiсторый аб'ядноўвае шматгадовы гвалт у дачыненнi да жанчыны з боку мужа, цяжкiя наступствы i... пытанне, якое не просiцца, а гучна крычыць: «Навошта цярпела? Дзе тая мяжа цярпення, пасля якой трэба было сысцi, ды аказалася позна?»


Гiсторыя першая

Таццяна, назавём яе так, жыла з былым мужам пад адным дахам. Мабыць, у пачатку iх сямейнага жыцця ўсё было добра, але дакладна нядоўга. Васiль прызвычаiўся да гарэлкi паступова, а потым п'янка выцеснiла ўвесь астатнi змест жыцця. I чым больш заўзятым алкаголiкам станавiўся, тым больш агрэсiўна сябе паводзiў. У нейкi момант яна не вытрымала i падала на развод. Але пасля разводу нiчога не змянiлася. Тады Таццяна прапанавала былому пераехаць у вясковы дом з печкай i без зручнасцяў. Ён спачатку падтрымаў iдэю, але ж там нiхто не прынясе паесцi i не дасць выпiць задарма. Хутка вярнуўся на законныя квадратныя метры ў горадзе, дзе зноў адчуў сябе гаспадаром.

Для яе пачаўся новы этап хаджэння па пакутах. Фармальна былы муж ёй — сусед, але патрабаваў, каб на стале быў гарачы абед, амаль сiлком забiраў грошы на выпiўку i распускаў рукi, як толькi нешта не задавальняла. Чалавек даўно нiдзе не працаваў, ды i наогул чалавечае аблiчча страцiў. Яна некалькi разоў выклiкала мiлiцыю, яго забiралi, складалi пратакол, а калi праспiцца, выпускалi. Тры гады таму, праўда, дайшло да суда. Яму вынеслi прысуд на абмежаванне волі без накiравання ў папраўчую ўстанову. Гэта значыць, ён вярнуўся дадому, каб пiць i буянiць далей.

Бяда здарылася ў канцы восенi мiнулага года. Ён прыйшоў дадому п'яны, адчынiў халадзiльнiк i пачаў наразаць каўбасу. Яна ўвайшла ў кухню i, мабыць, зрабiла заўвагу, а можа, проста паглядзела з пагардай або нянавiсцю. I ён кiнуўся з нажом на яе. Удар прыйшоўся ў нагу, лязо нажа перарэзала артэрыю. Кроў хлынула фантанам, яна спрабавала перавязаць сябе, спынiць кроў, прасiла, каб выклiкаў хуткую дапамогу. Але ён адабраў яе мабiльны, выдраў з разеткi стацыянарны тэлефон, забраў ключы ад уваходных дзвярэй, зачыніў яе i пайшоў.

Жанчына, трацячы апошнiя сiлы, перацiснула нагу поясам ад халата, дацягнулася да разеткi, уключыла тэлефон i пазванiла на «103», потым адчынiла акно i страціла прытомнасць. Добра, што жыве ў прыватным доме на першым паверсе. Медыкi з брыгады «хуткай» залазiлi да яе праз вакно. Знайшлi без пульсу на падлозе, залiтай крывёю. Завезлi ў рэанiмацыю, выклiкалi з Брэста сасудзiстага хiрурга, правялi аперацыю. Нажом былi пашкоджаны не толькi мышцы i артэрыя, але i нервовыя канчаткi. Шанцаў выжыць было не так i шмат. Выратавала, што брыгада прыбыла вельмi хутка, што першую рэанiмацыю правялi на месцы, што ўрачы наогул здзейснiлi цуд.

Ён асаблiва не раскайваўся, не падаў у ногi перад былой жонкай. Знаходзячыся ў СIЗА, пiсаў запiскi з патрабаваннем перадач, а да суддзяў звярнуўся з прапановай прызначыць яму «хiмiю». Ён быў упэўнены, што волi пазбаўляць не будуць, раней ужо выносiлi прысуд аб абмежаваннi волi. А яна нават адмовiлася ад iску аб кампенсацыях, толькi ўздыхнула свабодна. Ён атрымаў шэсць гадоў калонii ўзмоцненага рэжыму.

Гiсторыя другая

Бяда, што здарылася ў невялiкiм гарадку раённага падпарадкавання, ускалыхнула гэтае па сутнасцi мястэчка. Учарашнi школьнiк, 17-гадовы навучэнец прафесiйнага каледжа, ударыў бацьку сякерай па галаве. Мужчына аказаўся ў рэанiмацыi. А сям'ю раней лiчылi ледзь не ўзорнай. I толькi вельмi блiзкiя людзi ведалi, што гадамi i дзесяцiгоддзямi там адбываўся не вельмi гучны кашмар.

Мацi гэтага сямейства, спакойная i памяркоўная жанчына, працуе ў краме, яе муж працаваў на будоўлi ў Брэсце. Сын добра вучыўся, яму толькi крыху не хапiла для паступлення на бюджэт ва ўнiверсiтэце. I хлопец, каб не губляць год, пайшоў у прафесiйны каледж. Настаўнiкi ды суседзi характарызуюць юнака як вельмi добрага, выхаванага маладога чалавека. I толькi пра бацьку яго ў гарадку цяпер расказваюць, што часта пiў i тэрарызаваў сям'ю. Яго i першая жонка праз гэта кiнула. А цяперашняя свае праблемы старалася хаваць ад навакольных — баялася, што можа быць яшчэ горш. Бо яна грамадзянка Украiны, мае толькi пасведчанне на права жыхарства, сваякоў у Беларусi няма. Лiчыла, што iсцi i прасiць абароны бессэнсоўна, таму трэба цярпець. Дацярпелася: сын, якi марыў атрымаць адукацыю i будаваць сваё шчаслiвае жыццё, цяпер адправiцца на зону.

Кажуць, што ў крамах iх маленькага гарадка з'явiлiся скарбонкi для ахвяраванняў на адваката для хлопца. Людзi ў гэтай сiтуацыi спачуваюць не ахвяры злачынства, а таму, хто яго здзейснiў...

Шмат гадоў таму мне давялося быць у зале суда, дзе людзi плакалi, бо спачувалi таму, хто быў на лаве падсудных. Тады зусiм малады хлопец у Ляхавiцкiм раёне забiў нажом зводнага брата, якi вярнуўся з турмы i здзекаваўся з мацi. Тое хлапчанё, як высветлiлася, цягнула на сабе няхiтрую дамашнюю гаспадарку i малодшую сястру. Ходзячы ў тэхнiкум, ён гатаваў ежу, мыў бялiзну, адпраўляў сястру ў школу. Мацi тым часам жыла ў вёсцы. Гора, а не мацi — злоўжывала спiртным, дзяцей амаль не глядзела. Але тады былi 90-я гады. Мiлiцыя магла не прыехаць на выклiк з прычыны «адсутнасцi бензiну». Ды i жанчына-выпiвоха наўрад цi ўсведамляла, што ў сямейнай трагедыi цалкам яе вiна. Яна ж праз дзень тэлефанавала i скардзiлася малодшаму, што старэйшы яе б'е... Адвакаты вучылi хлопца, як трэба гаварыць на судзе, але ён не паслухаў. Сказаў, што зрабiў усё правiльна, бо брат усё роўна забiў бы маму, ды i яго ў прыдачу. Падлетку далi тады дзевяць гадоў.

Не назапашваць пакуты

У сённяшнiх маiх гераiнь iншая сiтуацыя. Першая з iх мае вышэйшую адукацыю, добрую работу, павагу з боку навакольных. I калi пабывала на валасок ад смерцi, мабыць, разумее, што не варта было цярпець столькi гадоў. Можна было на кожны скандал выклiкаць мiлiцыю i дабiвацца высялення дэбашыра. Варта было iсцi на кансультацыi да юрыстаў i шукаць нейкага паратунку, а не назапашваць пакуты, «кожны дзень гледзячы на п'яную морду», як скажа пазней у судзе.

Ахвяры гвалту заўсёды знаходзяць апраўданнi. Як i ў другой гiсторыi. Не мела грамадзянства, баялася, што пры разводзе суд можа пакiнуць сына з бацькам, якi мае большую зарплату i на якога запiсаная кватэра. Але цi варта было трымацца за тую кватэру i за капеечную работу ў краме? Даяркi на ферме, што знаходзiцца за нейкiх 8—10 кiламетраў ад iх горада, атрымлiваюць да 1500 рублёў зарплаты. Магчыма, на той ферме ўсе вакансii занятыя, але можна было пашукаць iншую, няхай сабе размешчаную далей i з меншай зарплатай, але там маглi б даць i дамок. I калi сын сядзеў з ёй у магазiне да канца рабочага дня, каб толькi не заставацца дома з бацькам, думаю, ахвотна паехаў бы ў вёску. А сёння, магчыма, была б ударнiцай сельскагаспадарчай працы, паважанай мацi-адзiночкай, а не замужняя мацi сына, якога будуць судзiць за цяжкае злачынства i якi, хутчэй за ўсё, адправiцца ў турму.

Выдаткi выхавання

Добра разважаць, седзячы за камп'ютарам, калi табе нiчога не пагражае — скажа нехта з тых, хто кожны дзень жыве ў страху. Не так даўно выпадкова сустрэлася з даўняй знаёмай Наталляй, якая пасля дваццацi гадоў шлюбу адважылася на развод. Калi гэтая прыгожая, з дзвюма адукацыямi, з iнтэлiгентнай сям'i жанчына расказала сваю гiсторыю, я не стрымалася: «Ты што, вар'ятка, як магла такое цярпець?!» А яна нават трохi пакрыўдзiлася, сказала, што яе выхоўвалi ва ўсведамленнi, што сям'я — гэта святое, што рушыць яе нельга нi ў якiм разе, што развядзёнка — гэта сорам, а дачцэ патрэбны бацька. I толькi калi дачка вырасла i паступiла ў ВНУ, яна адважылася. А пасля разводу перажыла дэпрэсiю, не дапамагалi нават таблеткi, але паступова неяк акрыяла i цяпер выбудоўвае новае жыццё.

...Здаецца, у Каране напiсана, што цярпенне прыгожае. Яно i можа быць прыгожым да пэўнай ступенi ў асяродку нармальных людзей. Але цярпенне ў дачыненнi да агрэсара надта часта прыводзiць да бяды. Ад агрэсара трэба шукаць паратунку, тут ужо не да сораму, не да боязi за тое, што людзi скажуць. Вось толькi адна лiчба з мiлiцэйскай статыстыкi. За тры месяцы мiнулага года ў органы ўнутраных спраў Брэстчыны паступiла больш за 2400 паведамленняў аб гвалце ў сям'i. Некаторыя з iх выпадковыя, «аднаразовыя», у некаторых, як той казаў, абое рабое, бо разам пiлi, а потым высвятлялi адносiны, а назаўтра памiрылiся. I ўсё ж гэта вельмi вялiкая лiчба. Так быць не павiнна.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: Дзе пралягае мяжа цярпення?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.