Вы тут

Тэхналогiю ўпрыгожвання вярбiнак адрадзiлi чатыры сястры-майстрыхi з Гродна


Тэхналогiю ўпрыгожвання вярбiнак, якiмi ў былыя часы славiўся заходнi край, адрадзiлi чатыры сястры-майстрыхi з Гродна. Яны робяць букеты, якiя атрымалi назву «гродзенскiх вербаў». Нам удалося сустрэцца з адной з сёстраў — Дамiнiкай Кавалёнак, якая за сваю ўнiкальную творчасць атрымала званне народнага майстра Беларусi.


— Гродзенскую вярбу можна адразу пазнаць: яна яркая, як вясёлка, мае плоскую форму i ўпрыгожана толькi раслiнамi — сухiмi кветкамi, каласкамi. Але ў такiм выглядзе велiкодныя букеты пачалi з'яўляцца не так даўно. Сама майстрыха Дамiнiка Кавалёнак успамiнае, што раней у храм насiлi асвячаць немудрагелiстыя «букеты» — галiнкi вярбы з каляровымi нiткамi альбо папяровымi стужкамi. Але была на Гродзеншчыне i iншая традыцыя. Гадоў сто таму тут рабiлi ўнiкальныя «пальмы». Такая традыцыя захавалася i ў сям'i Дамiнiкi Кавалёнак. I ўжо ў сталым узросце яна з сёстрамi вырашыла распаўсюдзiць забытую тэхналогiю. Яркiя вербы сясцёр атрымалi шырокi попыт. А каб старажытная традыцыя не згасла, тэхналогiю iх складвання ўнеслi ў спiс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусi.

Увогуле тэхналогiя сама па сабе не такая i складаная. Бяруцца галiнкi вярбы (3, 5, 7 цi больш) i паступова ўпрыгожваюцца выключна раслiнамi, нарыхтоўка якiх вядзецца з вясны да восенi. У галiнкi вярбы, якiя Дамiнiка Кавалёнак зрабiла сёлета, уплецены лясны катоўнiк, кукуруза, мох, заечы хвост, цiмафееўка i многае iншае. Некаторыя кветкi яна вырошчвае на дачы, некаторыя збiрае ў полi цi на лузе.

Адна з асаблiвасцяў гродзенскай вярбы — гэта абавязковыя каласкi. Пшанiца, авёс, жыта, ячмень... Добра падыходзiць i лён. Некаторыя каласкi фарбуюцца. Раслiннае напаўненне кладзецца ярусамi, i на кожным з iх — каласкi. Яны могуць быць i каляровыя, i звычайныя, без афарбоўкi.

— Я працую не для бiзнесу, а для душы, у мяне няма канвеера, — кажа Дамiнiка Кавалёнак.

Яно i зразумела. З гэтымi вербамi вернiкi iдуць у храмы ў Вербную нядзелю, за тыдзень да свята Пасхi. Тым самым людзі ўслаўляюць уваход Гасподнi ў Iерусалiм. Захоўвалi вярбу дома да наступнага года, а часам, i даўжэй — гэта ж своеасаблiвы твор мастацтва!

Майстрыха расказала, што пачала рабiць вербы напачатку 80-х гадоў, «калi скончыўся атэiзм». Шчыравала тады толькi для сябе i сваёй сям'i, але з цягам часу пашырыла межы, i цяпер ў даволi сталым узросце не пакiдае свайго занятку, шукае новыя формы, матэрыялы, колеры. Нядаўна прыдумала эксклюзiўную вербачку з новым фiласофскiм падтэкстам.

— Аснова букета — вярба — гэта шлях да Бога, — кажа жынчына. — Вось такiя кветкi — кружочкi трох колераў — гэта наш жыццёвы святлафор. З iм мы iдзём па дарозе шукаць сэнс жыцця. А зверху — каласкi сямi колераў вясёлкi. Гэта тое, што ёсць у прыродзе. Але чалавеку важна знайсцi i духоўны сэнс. А ён просты — трэба рабiць больш дабрыні, тады i на душы лягчэй стане, бо злосць наўрад цi прынясе задавальненне. А вось праз любоў мы можам знайсцi гэты самы шлях.

У Дамiнiкi Кавалёнак нямала задумак. Цяпер, напрыклад, жанчына занялася вырабам фларыстычных карцiн з выявай усiх пораў года. Ужо зрабiла зiму i вясну, на чарзе — лета. За далейшы лёс гродзенскiх вербачак яна спакойная. Бо тое, што ўдалося адрадзiць, стала нацыянальнай спадчынай. Падобнай тэхнiкай авалодваюць iншыя народныя майстры i нават самi праводзяць майстар-класы. Не застаецца ўбаку i сама Дамiнiка Дамiнiкаўна. Яна разам з сёстрамi па-ранейшаму «круцiць» пасхальныя вербы, якiя не толькi зачароўваюць сваiмi колерамi, але i дыхаюць цеплынёй.

Маргарыта Ушкевiч, фота аўтара

Загаловак у газеце: Велiкодныя вербы Дамiнiкi Кавалёнак

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.